Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Мая 2012 в 00:10, реферат
Сімяон Полацкі (сапр. Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч, у манастве Сімяон; 1629-25.8.1680) – беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даслелчыкі, з купецкага саслоўя. У архіўных "роспісах двароў-палачан" род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку.
Літаратурная, багаслоўская і навуковаасветніцкая спадчына Сімяона Полацкага шматгранная і не перастае здзіўляць даследчыкаў сваёй энцыклапедычнасцю. Сам пісьменнік паспеў надрукаваць толькі некаторыя свае творы. Два вялікія зборнікі вершаў – "Рыфмалагіён", або "Вершаслоў" і "Вертаград мнагацветны", падрыхтаваны ім да друку. Энцыклапедычныя зборнікі яго царкоўнахрысціянскіх "слоў" і "казанняў" ("Абед душэўны" і "Вячэра душэўная") пасля смерці пісьменніка выдаў у 1681 і 1683 яго паслядоўнік і сакратар С.Мядзведзеў (1641-91). У 18-19 ст. зрэдку друкаваліся асобныя творы ў розных навуковых зборніках, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, як і зборнікі і хрэстаматыі, дзе былі змешчаны асобныя творы паэта. У 1990 "Мастацкая літаратура" ўпершыню апублікавала большасць вершаў паэта беларускага перыяду і частку твораў маскоўскага перыяду, якія былі вядомы толькі па рукапісных зборах.
Літаратурная спадчына Сімяона Полацкага была ля вытокаў беларускага і рускага барока – асноўнай плыні ў эстэтыцы і мастацкай культуры 2-й паловы 17 – 1-й паловы 18 ст. ва ўсходнеславянскім рэгіёне (у заходнееўрапейскім мастацтве барочны стыль выявіўся ў канцы 16 ст.). Тэарэтыкам барока ў Польшчы, Літве і на Беларусі ў яго заходнееўрапейскім, адносна закончаным, варыянце быў Сарбеўскі. У творчасці ж Сімяона Полацкага і яго паслядоўнікаў сфарміраваўся нацыянальны самабытны ўсходнеславянскі тып барочнай культуры, які грунтаваўся на двайным сінтэзе: спалучэнні сярэдневяковых і рэнесансавых ідэалагічных арыентацый і духоўных каштоўнасцей, з аднаго боку, і кампрамісе паміж праваслаўна-візантыйскім традыцыяналізмам і лаціна-еўрапейскім навуковым рацыяналізмам, з другога.
На Беларусі Сімяон Полацкі працягваў традыцыі незакончанай эпохі Адраджэння, а ў Расіі ён мог абаперціся толькі на традыцыі старажытнарускай сярэдневяковай культуры і на пэўныя мясцовыя традыцыі сілабічнай паэзіі. На станаўленне яго як паэта значны ўплыў зрабіла і польская літаратурная традыцыя. Яго творчасць адлюстравала познабеларускі рэнесансавы гуманізм, усходнеславянскі тып барочнай мастацкай культуры і станаўленне рускага класіцызму ў 1670-я гады. Сімяон Полацкі – класічны паэт-сілабіст ва ўсходнеславянскай паэзіі 17 ст. У дыдактычных вершах, прызначаных для папулярызацыі навукі, паэт займаў кампрамісную пазіцыю паміж навукай і багаслоўскай схаластыкай. Ён грунтоўна ведаў антычную і сярэдневяковую натурфіласофію.
Сімяон
Полацкі быў адным з
У 2-й палове 17 ст. ў Расіі ўзмацніліся ганенні на скамарохаў, народныя абрады карнавалы, інш. святочныя "пацехі" - песні, карагоды, варажбу і "чарадзейства", выдаваліся строгія царскія ўказы супраць "язычніцкай нялепіцы". Улады праследавалі народных музыкантаў і артыстаў, адбіралі і палілі музычныя інструменты, разам з "прымхамі" адкідалі народную карнавальную культуру, якая заўсёды была "генератарам" фальклору. Як асветнік і гуманіст Сімяон Полацкі не спачуваў гвалтам, выступаў за мірнае, асветнае ўздзеянне на "цёмныя" масы. Але не заступаўся за пакрыўджаных, бо не бачыў карысці ад народных "гульбішчаў", адносіў іх да "забабонаў". Выкрываючы чарадзеяў і знахараў, ён падтрымліваў лекарскае майстэрства, прафесію ўрача. Асуджаючы знахароў, ён паважаў традыцыйную народную медыцыну.
Гістарычнае значэнне літаратурнай і філасофска-асветніцкай спадчыны Сімяона Полацкага ў духоўным развіцці ўсходнеславянскіх народаў тлумачыцца геапалітычным станам яго радзімы ў 14-17 ст., а таксама асаблівасцямі яго таленту як пісьменніка і мысліцеля. Беларусь у тагачаснай Еўропе была месцам сустрэчы двух тыпаў хрысціянскай цывілізацыі – заходняй, рымска-каталіцкай, і ўсходняй, славяна-расійскай, візантыйскаправаслаўнай. Суадносіны паміж імі не былі адназначныя і вагаліся ад канструктыўных кантактаў да сутыкнення і ўзаемнага адмаўлення. Ідэолагам рэлігійна-культурнага кампрамісу паміж гэтымі разнавіднасцямі хрысціянскай цывілізацыі быў Пётр Магіла, прафесары і вучні створанай ім Кіева-Магілянскай калегіі, дзе сфарміраваўся Сіямон Полацкі як самабытны пісьменнік і асветнік трэцяй, кампраміснай арыентацыі. Займаючы ў Маскве ключавую пазіцыю ў справе пашырэння заходнееўрапейскай культуры, папярэднік ідэолагаў асветнага абсалютызму эпохі Пятра 1 Сіямон Полацкі здолеў пераканаць кансерватараў-традыцыяналістаў пры двары Аляксея Міхайлавіча ў неабходнасці народнай адукацыі паводле еўрапейскага, школьна-універсітэцкага метаду, далучэння прыдворных да свецкай літаратуры, музыкі, тэатра. Рэлігійная паэзія Сімяона Полацкага з яе біблейскім алегарызмам і рэнесансавай эрудыцыяй, шматлікімі вобразамі і алюзіямі з антычнай міфалогіі і літаратуры сведчаць пра яго артадаксальныя пазіцыі ў хрысціянскай тэалогіі, асабліва ў дачыненні да дагматаў і фундаментальных праблем суадносін Бога і Чалавека, веры і пазнання, духа і матэрыі. Аднак наяўнасць у яго спадчыне шматлікіх фрагментаў антычнай культуры і натурфіласофскіх ведаў, лагічная і культурна-гістарычная аргументацыя асветных ідэй і канцэпцый збліжаюць беларускага пісьменніка з дзеячамі еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння і барочнага Асветніцтва 17 ст. У праекце 1-га расійскага універсітэта ён звяртаў увагу на неабходнасць выкладання "натуральнай філасофіі", г.зн. асноў прыродазнаўства. Філасофію як навуку Сімяон Полацкі падзяляў на "разуміцельную" (логіку), "натуральную", або "фізіку" (прыродазнаўства), і маральную (этыку). У сваіх дыдактычных і асветніцкіх вершах ён даволі часта карыстаўся псіхалагічнымі аргументамі. Цыкл вершаў прыродазнаўчага зместу ён уключыў у энцыклапедычны зборнік "Вертаград мнагацветны". Пісьменнік часта выкарыстоўваў разнастайныя з'явы прыроды ў якасці хрысціянскіх сімвалаў, спасылаўся на прыродазнаўчыя кнігі антычных вучоных Арыстоцеля і Плінія Старэйшага. У астраноміі ён прытрымліваўся геацэнтрычнай сістэмы Арыстоцеля і Пталамея, хоць быў знаёмы з тэорыяй М.Каперніка.
Крыніцамі эстэтычных поглядаў Сіямона Полацкага былі раннехрысціянская літаратура, антычная культура, фальклор. 3 рэнесансавымі гуманістамі яго збліжае гомацэнтрычны светапогляд, паводле якога чалавек ёсць "мост" паміж матэрыяй і духам, прыродай і Богам. Існаванне чыста духоўных "тварей" (істот) даказваў спасылкамі на антычных філосафаў, платонікаў і лагічнымі довадамі.
Крыніцай духоўнай і пачуццёвай прыгажосці, сцвярджаў пісьменнік, з'яўляецца стваральнік свету Бог. На гэтым тэзісе будаваў ён іерархічную сістэму прыгожага, паводле якой кожны больш высокі ўзровень быцця змяшчае ў сабе ўсе атрыбуты ніжэйшых узроўняў існавання. Адрозніваў ён вонкавую матэрыяльную красу (сіметрыя, бляск, яркасць колераў, прыемная форма, мера) і духоўную прыгажосць. Суадносіны паміж імі неадназначныя. Яны могуць быць нейтральным як рэчы рознага парадку. Пачуццёвая прыгажосць бывае вонкавым выяўленнем духоўнай. Але ў пагоні за прыгажосцю рэчаў людзі часта трацяць прыгажосць духоўную.
У шматжанравай літаратурнай спадчыне Сімяона Полацкага ёсць нямала твораў і фрагментаў з іх, дзе разглядаюцца ідэйна-філасофскія і эстэтычныя праблемы мастацкай творчасці - літаратуры, музыкі, жывапісу. Красамоўна абгрунтоўваў ён думку пра духоўна-эстэтычную каштоўнасць музыкі, даказваў неабходнасць для царквы шматгалосых спеваў і "согласия органного", г.зн. гармоніі галасоў. Антычную міфалогію Сімяон Полацкагі называў мастацкай выдумкай, аднак прызнаваў яе дыдактычную і мастацкую каштоўнасць. Паводле сярэдневяковай традыцыі ён карыстаўся паняццем мастацтва для абазначэння ўсякага прафесійнага ўмення і майстэрства, у т.л. рамяства. Аднак услед за рэнесансавымі гуманістамі адрозніваў "механічныя" віды "мастацтва" ад духоўнай творчасці, да якіх адносіў паэзію, музыку і іканапіс ("вобразатворства"). Першым "вобразатворцам", на яго думку, быў Бог, калі стварыў дасканалы "твор" з нічога – увесь сусвет, адлюстраваў свой уласны вобраз у душах і на сэрцах людскіх.
Прасадычная структура сілабічнай паэтыкі, якая грунтавалася на ненаціскным вакалізме (пявучае вымаўленне складоў, слабая акцэнтацыя на націсканых галосных) перайшла ў "паэтычны сад" Сімяона Полацкага з традыцыйнай антычнай, фальклорнай і літургічна-хрысціянскай песенна-паэтычнай культуры. На яе грунце паэт імкнуўся прывіць беларускай і расійскай літаратуры свецкі паэтычны прафесіяналізм. Сваёй дзейнасьцю Сімяон Полацкі аказаў значны ўплыў на культурнае развіццё Маскоўскай дзяржавы.
Спіс выкарыстаных крыніц: