Автор работы: Пользователь скрыл имя, 02 Декабря 2011 в 17:37, статья
Палессе, Мазырская зямля заўсёды была ў полі зроку айчынных і замежных даследчыкаў: вучоных-гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, якія нярэдка бліскуча спалучалі свой талент пісьменнікаў, яркіх публіцыстаў. Дастаткова прыгадаць такія знакамітыя імёны, як М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі, М. Косіч, А. Кіркор, Е. Раманаў, З. Радчанка, Ч.Пяткевіч, М. Федароўскі і інш.
Бервячонак
А.У. (Сівак) (Мазыр,
Беларусь)
Інтэрпрэтацыя
П. Шпілеўскім некаторых
гістарычных аспектаў
у нарысе “Мазыршчына”,
іх асэнсаванне праз
прызму сучаснасці
Палессе, Мазырская зямля заўсёды была ў полі зроку айчынных і замежных даследчыкаў: вучоных-гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, якія нярэдка бліскуча спалучалі свой талент пісьменнікаў, яркіх публіцыстаў. Дастаткова прыгадаць такія знакамітыя імёны, як М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі, М. Косіч, А. Кіркор, Е. Раманаў, З. Радчанка, Ч.Пяткевіч, М. Федароўскі і інш.
Сярод гэтай кагорты знакамітых вучоных 19ст. пачэснае месца належыць П. Шпілеўскаму, чалавеку энцыклапедычнага складу розуму, які ў свой час атрымаў выдатнае выхаванне, трывалую адукацыю праз духоўную семінарыю і духоўную акадэмію, пазней стаў супрацоўнічаць з многімі шырокавядомымі пецярбургскімі перыядычнымі выданнямі, актыўна пачаў публікавацца ў “Современнике”, “Москвитянине”, “Пантеоне” і інш., выступаў у якасці тэатральнага крытыка. Яшчэ ў дзяцінстве, слухаючы казкі, розныя паданні, павер’і, пакінулі ў яго душы глыбокі след. З ранніх юнацкіх гадоў П. Шпілеўскі захапляўся вывучэннем народнага побыту, вывучаў і збіраў народныя звычаі, абрады, павер’і, гісторыю беларускага краю. Праявілася ў яго бязмежная любоў да беларускага слова [1,с.247-251].
Сярод рознатэматычных твораў этнагарафічнага, фальклорнага і іншага зместу, дарожных нататак важнае месца займае і нарыс “Мазыршчына”, апублікаваны ў пецярбургскім часопісе "Архив исторических и практических сведений, относящихся до России” у 1859г.
Аўтар даволі падрабязна і займальна знаёміць са старажытнымі помнікамі матэрыяльнай і духоўнай культуры Мазырскага краю, з народнымі павер'ямі, знахарамі, якія добра ведаюць таямніцы прыроды і цудадзейную звышнатуральную сілу травы, кветак, карэнняў. Вядзьмарства і чары, паводле меркавання этнографа, складаюць аснову народных павер’яў [1,с.213].
Значнае месца ў нарысе адводзіцца апісанню знахараў-ваўкалакаў. Гэта павер'е вельмі старажытнае, мае свае вытокі яшчэ з часоў паганства. Розныя павер'і і розныя забабоны, на думку Шпілеўскага, сведчаць пра адсталасць, забітасць простага народа, яго нізкую ступень развіцця, так, напрыклад, аўтар гаворыць, што "для того, чтобы узнать на какой степени умственного неразвития и темноты находятся мозырские простолюдины …, необходимо заглянуть в их бедные хаты, большею частью курные, построенные без всяких удобств и необходимых хозяйственных принадлежностей…” [1,с.216].
Аўтар пры апісанні селяніна-мужыка заўважае, што яго можна прыняць за дзікаабраза, сустрэўшы ў лесе. Таксама не прываблівае Шпілеўскага выгляд жанчыны: лыкавыя лапці, скрутка, павязка на галаве з доўгіх, вузкіх палотнаў, вядомых пад імем “намётак”. Разам з тым П. Шпілеўскі сцвярджае, што гэта добры, сумленны, рэлігійны народ, які любіць сваю радзіму [1,с.217].
З хваляваннем і болем апісвае аўтар прыроду Мазыршчыны, якая гібне ад рук чалавека: “Что касается лесов мозырских, то они представляют большую поживу для опустошителей...” [1,с.217]. Багаццем мазырскага краю пісьменнік называе дзікіх звяроў, якія насяляюць непраходныя гушчары: “…дикие кабаны, медведи, волки, рыси, куницы, выдры, серны, выхухолі, барсуки, лисицы в большом количестве плодятся в мозырских пущах…” [1,с.218].
Цяжкія ўражанні пакідаюць запушчаныя, зарослыя хмызнякамі палі. Не ў лепшым стане, на думку даследчыка, знаходзяцца азёры і рэкі мазырскай зямлі, якія ўваходзяць у Прыпяцкі водны басейн [1,с.218-219].
Прыпяць завецца царыцаю ў воднай сістэме Мазыршчыны, згадваюцца і іншыя значныя рэкі: Гарынь, Лань, Смерць, Вешчуна, Лугавая, Убарць, Ствіга і інш [1,с.219].
Некаторыя з гэтых рэк славяцца гаючымі водамі, прыгожымі каштоўнымі камянямі, каляровым пяском, здараецца, знаходзіць у іх жамчужынкі. Шпілеўскі згадвае і мазырскія азёры: Грычына, Белае і Князь-возера, вядомае ў народзе пад імем Жыд-возера. Гэтыя азёры былі некалі шырокія і глыбокія, багатыя рыбай, разнастайнай расліннасцю [1, с.219-220].
Ён таленавіта апісвае Мазыр, даследуе шматлікія геаграфічныя аб'екты, тлумачыць значэнне слова "Мазыр", звяртае увагу на паходжанне назваў вёсак, звязаных з характарыстычнымі асаблівасцямі: Заречье, Гайдамаки, Бояровка, Князевье, Рубель, Хаврутки, Заболотье і інш. [1,с.213]. Шмат цікавага і павучальнага знаходзім у нарысе пра Мазыр, дзе аўтар распавядае легенду пра яго паходжанне, першых заснавальнікаў горада, таксама даведваемся пра жаночы манастыр Цыстэрсак, Спаскую (Замкавую) гару, Смяротную даліну, якая завецца Святая, Чортавая (Шайтан) гара, пазнаём падрабязную храналогію Мазыра з 12 стагоддзя да нашага часу.
П. Шпілеўскі як сапраўдны мастак, патрыёт сваёй зямлі, увесь час захапляецца ўбачаным, з дакументальнай дакладнасцю, тонкасцю і займальнасцю перадае свае ўражанні пра Мазыр з яго крутасцю гор, садамі, грушамі і слівамі, якія славяцца на ўсю губерню, хаткамі і будынкамі, купаламі цэркваў, чыстым паветрам, раскошнай расліннасцю [1,с.220-221].
Для Шпілеўскага, які нарадзіўся ў Беларусі, Мазыр – маляўнічы, фантастычны горад, поўны жыцця: «Мозырь принадлежит к числу самых красивых и опрятных городков западно-русского края» [1,с.226]. Параўноўваючы з Мазыром, Пецярбург для аўтара з'яўляецца халодным і паважным
Мазыр ў этнаграфічным нарысе аўтара паказваецца як адзін з найпрыгажэйшых мястэчкаў заходнерускага краю. Горад вядомы сваімі ярмаркамі, куды з'язджаецца дваранства і купецтва з суседніх паветаў і нават губерняў, нярэдка наведваюць замежнікі. Замежныя купцы набываюць лён, пяньку, сала, воўну, вэнджаную рыбу, рыбін тлушч, скуру і інш. Галоўную ролю на ярмарках адыгрываюць яўрэі, якія выступаюць у якасці пасрэднікаў пры куплі-продажу [1,с.227].
Шпілеўскі з гонарам гаворыць аб Мазырскім гарадскім прэзідэнце Франкоўскім, пра мясцовага паэта Неслухоўскага, які напісаў паэму "Прыпеіда". Характэрна, што жыццё народа, яго побыт, культуру, у гэтым пазнейшым нарысе, даследчык палескага краю малюе не светлымі фарбамі: абшарнікі кінулі сялян на волю лёсу, але іх рабуюць аканомы, карчмары [1,с.227-228].
Пісьменнік каларытна апісвае драўляныя забудовы горада гатычна-візантыйчкага стылю, з вялікімі садамі, але аўтар заўважае, што ёсць і каменныя будынкі – гэта Бернардзінскі манастыр, які быў заснаваны ў 1654г. У нарысе адзначаецца яшчэ некалькі культавых аб’ектаў: Пятніцкая царква, Спаская і касцёл-фара. П. Шпілеўскі падкрэслівае своеасаблівасць і арыгінальнасць будынкаў, выкананых ў розных стылях [1,с.232-233].
На старонках нарыса можна сустрэць звесткі пра Замак, які існаваў да 18ст. Даследчык характарызуе адміністрацыйнае палажэнне і палітычнае становішча горада [1,с.233-234].
Шпілеўскі адважна ўводзіць у твор фальклорна-этнаграфічны матэрыял, падкрэсліваючы жыццестойкасць і самабытнасць народа. Па-майстэрску ўжыты асобныя эпітэты, нечаканыя параўнанні, словы-паўторы, аўтарскія неалагізмы, што робяць тэкст высокамастацкім, эстэтычным і інфармацыйна значным, эмацыйна ўражлівым: быстрые, волнистые струи Припяти, в которых отражаются бесчисленные огни; обрывистая долина; крутизна хребтов и пригорков; кустарники диких деревец; роскошная растительность; темнота страшная между простонародьем; глубокие времена; как хорош, красив город.
Аўтар у сваім нарысе, па меры неабходнасці, выкарыстоўвае мясцовыя, дыялектныя словы (тыпу намётка, греча, аршины, андарак, свитка, водовик, жупян і інш.), прастамоўныя выразы (плут, плутоватый, умственное неразвитие, отупение, единоплеменная Россия, простонародье, поселянин і інш.), фразеалагічныя спалучэнні (“не сегодня, так завтра огнём пойдёт оно”; “не стало камня на камне”; “вороны в павлиных перьях”, “носят на себе отпечаток старины” і інш.), часам звяртаецца аўтар да гіпербалізацыі асобных фактаў: "На самой верхушке … мрачной и уединённой горы разрослись необъятной толщины и непомерной высоты вечнозелёные сосны …", “встретив мужика в лесу, можно принять его за дикообраза в огромной мохнатой шапке”, “мещанки представляют из себя ворон в павлиньих перьях”.
Нарыс каштоўны сваім мастацка-гістарычным, пазнавальным зместам пра старажытныя помнікі, народныя паданні, павер'і, знахараў, ведзьмакоў, пярэваратней, пра жыццё і побыт простых сялян, пра розныя геаграфічныя аб'екты (рэкі, азёры, горы, культавыя будынкі, гандлёвыя адносіны, ваенныя баталіі).
Аўтар засяроджвае ўвагу на падрабязным апісанні, аналізе гістарычнага факта, падзеях і паказвае ўсё гэта жыва, займальна праз мастацкую прызму асабістага ўспрымання, не скажаючы пры гэтым гістарычнай праўды.
"Маляўнічы, фантастычны Мазыр", яго прырода, гарады, мястэчкі, жыццё і паўсядзённыя клопаты яго жыхароў, убачаныя і зафіксаваныя паўтара стагоддзя таму назад П. Шпілеўскім – этнографам, навукоўцам, пісьменнікам, паўстаюць перад намі жыва, праўдзіва, з дакументальна-мастацкай і гістарычнай дакладнасцю.
Заслуга П. Шпілеўскага перш за ўсё ў тым, што ён быў першаадкрывальнікам беларускага краю, беларусаў як нацыі з багатай самабытнай культурай, гісторыяй, традыцыямі, даў падставу меркаваць, што мы не горшыя ў параўнанні з іншымі народамі, а ў нечым нават лепшыя, унікальныя ў міжнародным культурным свеце. Прарочыя словы П. Шпілеўскага яшчэ з большай сілай спраўджваюцца і ў наш час.
Сучасны Мазыр у параўнанні з яго мінулым, апісаным П.Шпілеўскім, – буйнейшы транспартны, прамысловы і культурны раённы цэнтр Палесся, праслаўлены гістарычнымі мясцінамі, архітэктурнымі збудаваннямі, развітай інфраструктурай, спартыўнымі комплексамі, выдатнымі людзьмі, якія памнажалі яго багацце і пракладвалі шлях у будучыню. У горадзе дзейнічаюць прадпрыемствы нафтапераапрацоўчай, хімічнай і нафтахімічнай галін, а таксама машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці.
Знешні воблік горада значна змяніўся: забудова Мазыра да 19ст. была драўляная, зараз яна практычна не захавалася, культурна-адукацыйныя, прамысловыя аб’екты, дамы – каменныя, толькі дзе-нідзе можна сустрэць гістарычныя будынкі, якія ўяўляюць культурна-гістарычную каштоўнасць для дзяржавы (дамы па вул. Гогаля, Ленінскай, будынак былой лякарні, будынак драмтэатра, корпус дзіцячай школы-інтэрната, бровар). Таксама да нашага часу захаваліся некаторыя культавыя гістарычныя аб’екты: царква св. Міхаіла Архангела (1760-1778гг.), манастыр бернардзінцаў (1645г.), касцёл св. Міхаіла Архангела (1743-1745гг.), манастыр цыстэрцыанак (1743-1745гг.), царква св. Мікалая (1 пал. 20ст.). Важным гісторыка-культурным аб’ектам эпохі ранняга феадалізму 12 ст. лічыцца адноўлены замак на гары Камунараў (былая назва Спаская, Замкавая), які з’яўляецца копіей былога старажытнага пасялення [2].
Унікальнай асаблівасцю цэнтральных вуліц горада (пл. Леніна, вул. Ленінскай, зав. Фрунзе, вул. Калініна, Савецкай, Гогаля) з’яўляецца захаванне гістарычнай планіровачнай структуры: ландшафт, размяшчэнне жылых дамоў і будынкаў, узгоркі, парэзаныя ярамі – усё гэта дае магчымасць апынуцца ў гістарычным мінулым і пазнаёміцца з выглядам старажытнага горада, апісаным П.Шпілеўскім [2].
Незвычайны ландшафт горада, ахарактарызаваны П.Шпілеўскім, захаваўся да нашых дзён: высокія ўзгоркі, “абрывістыя” даліны, глыбокія яры, ператвараючыся ў вуліцы, абрамляюць і зараз наш горад. Каб зберагчы першародны воблік прыроднага комлексу Мазыршчыны ў 1986г. быў створаны Дзяржаўны ландшафтны заказнік “Мазырскія яры”. Сваёй флорай, фаунай, незвычайным рэльефам яны прывабліваюць многіх турыстаў, якія могуць пазнаёміцца з рэдкімі відамі раслін, занесенымі ў Чырвоную кнігу, насякомымі, птушкамі і рознымі відамі дрэў, кустарнікаў. Мазыр – буйны індустрыяльны цэнтр з развітай інфраструктурай. На тэрыторыі сучаснага горада размешчана шмат культурна-гістарычных помнікаў прыроды, архітэктуры, скульптуры, якія з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю горада.
Горад,
яго размяшчэнне, ландшафт, прырода, жыхары,
культурна-гістарычныя аб’екты, будынкі
з’яўляюцца важнымі і перспектыўнымі
для развіцця турызму. Сваёй прыгажосцю,
унікальнасцю, гісторыяй Мазыр прыцягвае
многіх турыстаў. Але, каб развівалася
турыстычная індустрыя, патрэбна захоўваць
і памнажаць багацце, неабходна берагчы
прыроду, аднаўляць і развіваць культурна-духоўныя
каштоўнасці, якія дасталіся ў спадчыну
горада, пра які з любоўю, павагай і гонарам
пісаў выдатны беларускі вучоны, этнограф,
фалькларыст П. Шпілеўскі, асоба якога
была вядома далёка за межамі тагачаснай
беларускай зямлі.
Спіс
выкарыстанай літаратуры
P.S. артыкул (на кафедру беларускай літаратуры Мазырскага універсітэта) для ўдзелу ў другой міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння І.П. Шамякіна.