Рыгор Барадулін. Біяграфія

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Ноября 2012 в 10:48, биография

Описание

Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі.
У графе “прафесія” ён звычайна ставіць “літаратар”. А хай сабе віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі б яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён – паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура.

Работа состоит из  1 файл

Рыгор Барадулін.docx

— 24.00 Кб (Скачать документ)

Рыгор Барадулін. Біяграфія.

 

Ты прыйшоў  з вайны і гора,

Ты – з  малітвы,

Ты з разгневанага бору,

Ты смалісты.

Сто паэтаў цягнуць  хорам,

Ты салістам.

Ты нібы святло ў лесе

Ад каліны,

Ты ад самай  добрай песні –

Ад Куліны.

Пімен Панчанка, “Паходжанне майго друга Рыгора Б.”

 

Рыгор Барадулін  – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго  імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У графе “прафесія” ён звычайна ставіць “літаратар”. А хай сабе віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі б яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён – паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура.

 

Ён тэмпераментна  дарыць жыццё слову, таму, што падуладна  толькі таленту. Ад “сонца” у крыві, ад улюбёнасці ў родную зямлю і родную мову, ад яснага ўсведамлення свайго дачынення да натуры, стыхіі, быцця. Ён не ўмее не жыць вершам, не ўбачыць паэтычны вобраз у любым выяўленні сутнага. Лёс Барадуліна , як і лёс кожнага паэта, абумоўлены сацыяльнымі карэннямі, часам, яго асабістай біяграфіяй. Тым часам, у якім жыве паэт, і тым, што існуе ў гістарычнай памяці народа. І яшчэ ў тым трэцім вымярэнні, у прасторы і часе душы, дзе адыходзіць на другі план падзейнае, фактаграфічнае, а ўзбуйняецца ў паэтычным усведамленні спрадвечнае.

 

Рыгор Барадулін  закаханы ў мову, прыкуты да слова. Яго палонны і яго ўладар. Ведае  – гэта заўсёды набытак, шчасце, дараванае жыццём, гісторыяй. Скарб, які можна памнажаць і выдаткоўваць, захапляцца ім, дзяліцца ім з усімі. Нарадзіўся паэт на хутары Верасоўка  Ушацкага раёна ў сям’і рабочага ў 1935 годзе. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце пачынае публікавацца; пасля заканчэння БДУ працаваў у  рэдакцыях газеты “Советская Белоруссия”, часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”. З 1972 г. працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Выступае ў друку з 1953 года. Выдаў зборнікі паэзіі “Маладзік над стэпам” у 1959 пасля паездкі разам з аднакурснікамі на збор ураджаю ў Кустанайскую вобласць, “Рунець, красаваць, налівацца” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш”(1966), “Адам і Ева” (1968), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” (1995), творы сатыры і гумару і інш.

 

Барадулінская паэзія запомнілася адразу многім жывімі імгненнямі, адкрытасцю эмоцый, і да таго ж насцярожыла многіх. Тым  больш, што пачынаў ён у канцы 50 – пачатку 60 – х гадоў, калі такі грамадскі рэзананс мела паэзія адкрытага дыскусійна-публіцыстычнага  ўхілу, найбольш ярка і выразна прадстаўленая, можа, у вершах Еўтушэнкі. А тут  усё больш пялёсткі, плёсы, матылькі, сонца, ветры, птушкі.

 

У Рыгора Барадуліна ёсць тэмы і рпаблемы, якія сталі  хваляваць яго толькі апошнія  гады, ёсць такія, што былі яму асабліва блізкія нейкі час, ёсць і такія, што хвалююць яго ўвесь час, прасякаюць усю яго творчасць. Радзіма, мова, маці – ад “Маладзіка над стэпам”, першага яго зборніка, да “Евангелля ад мамы”, апошняга па часе напісання, - абавязкова прысутнічаюць у творчай памяці паэта. Як непадзельнае трыадзінства ўяўляе гэтыя самыя дарагія для яго паняцці Рыгор Барадулін.

 

Яго першы  зборнік “Маладзік над стэпам” выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Яшчэ у першых вершах гэтага зборніка аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя. Элементы рацыянальнасці ў мастацкай сістэме Барадуліна зведзены да мінімуму. Барадулін, калі сказаць словамі Блока, - лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далека не кожнаму. Паэтычны вобраз яго – амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.

 

З імем Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, - пры ўсей неадналінейнасці развіцця - з’яўляецца падцвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў “Вечар над Таболам” (якая ўвайшла ў першы зборнік) – маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым “цалінным цыкле”.

 

Перачытваючы  яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні  паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае “я” аўтара “раствараецца ў масе”, у калектыве  студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматтзначнае “я” ў непаўторнасці індывідуальнага быцця.

 

Некаторым крытыкам падалося, што пасля “Маладзіка над стэпам” малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра  відаць, што і другі зборнік  “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961) быў  крокам наперад. У гэтым пераконвалі  вершы “Трэба дома бываць часцей”, “Палата мінёраў”, той жа “Вятрак” і інш.

 

Развіццё  паэта – ад кнігі да кнігі – ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім. Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма, якія з’явіліся ў першым зборніку, цягнуцца тонкай ніткай праз усю творчасць паэта.

 

 

Тэма Радзімы  гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца шдэйна і душэўна. На грунце свайго, асабшстага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні. Верш паэта ўсё больш і больш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.

 

Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне – “Нагбом”. І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Барадуліна тлумачыў: ““Нагбом” – гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце”. Нагбом – метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першанароднасцю фарбаў.

 

Паэзія Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх  форм,. здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе “Нагбом” узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: “Я – сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці”. Барадулінская паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека – узнікае вобраз маці. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў “Трыпціх”, у якім аўтар расказаў пра родную зямлю і яе працавітых гераічных людзей. “Трыпціх” – гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.

 

Ад бацькі свайго

ў радню

Я атрымаў

з дзяцінства

Шырокую даланю –

Тапарышча

любое

сцісну!

 

Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвымвопыце вельмш спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.

 

Адна за другой выходзяць кнігі : “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968), “Лінія перамены дат” (1969), “Вяртанне ў першы снег” (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.

 

Плённа развіваецца  інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай  пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча паказвае, што пачуццё  кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці. Інтымная лірыка пашырае сваю “зямную” аснову, эстэтэзуе не толькі высокі духоўны  пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.

 

Пашыраецца  сацыяльны аспект яго творчасці. Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць – вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права  на індывідуальнасць, самастойнасць  выбару і рашэнняў.

 

У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прадстае перад чытачом – у кнігах “Лінія перамены дат”, “Вяртанне ў першы снег” і іншых – рэальнай, нявыдуманнай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і высакароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. Для яго паэзіі становіцца характэрным матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны – бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.

 

Шырокі рэзананс набывае паэма “Блакада” (1968), прысвечаная  светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча, якая была напісана ў родным горадзе – ва Ушачах. Удалай аказалася паэма “Вяртанне ў першы снег” (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Але гэтай паэме ўжо бракуе той эпічна йгрунтоўнасці, што была ўласціва знакамітай “Блакаддзе”… Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980) – пацвяржае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго паэтычную канцэпцыю. У яго паэзііпа-ранейшаму шмат непасрэднасці, жыццёвых “ліўняў”, матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі – умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя “абсягі” рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш мастацкі ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ў думлівасці і развагі.

 

Зборнік “Рум”  разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі “Блакітны звон Гранады” ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы. Новыя  рысы набывае паэтыка . У кнізе “Абсяг” пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё. Паэтычнае перажыванне набывае новы а’ём і глыбіню. Якраз у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў бачыца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасоўскую сутнасць.

 

Жыццёвы і  і дэйны мастацкі вопыт паэта  адлюстраваўся ў “Баладзе Брэсцкай крэпасці” (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта – паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў  Брэсцкай цытадэліз вышыні сучаснасці. Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае  багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. “Дзён  сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае”.

 

Вершы Барадуліна адкрываюць нам нешта надзвычай  істотнае, важнае ў маральным абліччы  самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго  жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе “так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!”. З гэтым пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Барадуліна матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: “Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго ягукаў і шукаў?”. Паэта ўсё больш пачынае займаць тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.

 

Словатворчасць  – асобная тэма ў дачыненні  да яго паэзіі.Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову. Словатворчасць для Р.Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавека-земляня – гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славянніца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая…Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч, і ўсе карыстаецца крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадонна, прыплодна, ліхвярна, борна, азёрна і г.д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.

 

Яго паэзія развіваецца  ў бок шматмернага, аб’ёмнага  паказу жыцця. Яе рост непарыўна звязаны  з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. “Вечалле”  – так назваў сваю кнігу Барадулін, зачапіўшы цэлае “гняздоўе” слоў: вечалле – веча – вечар –  вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне  ўсеабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.

 

Думка і пластыка – два крылы верша. Барадулін  ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай  дакладныя, ёмістыя па сэнсу.

 

Здзіўляе  паэтычнае майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма  змястоўная, пластычна-аб’ёмная. Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго  разнастайнымі асацыяцыямі: кульмінацыя  – кулямі нацыя, няшчадна – нашчадкам  і г.д.

 

Р. Барадулін  вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна  вырастаць да сімволікі. Жывапіс  і пластыка паэта больш і больш  насычаюцца філасоўска-інтэлектуальным зместам. Разам з тым паглыбляюцца гістарычныя далягляды.

 

Сучасныя  вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да прешаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў  і каранёў – істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны  працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку  і індывідуаьны вопыт класікаў. Каб  паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбай звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор – удзячная тэма спецыяльнага даследвання. Гэта сувязь існуе на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які накіраваны паэту і які патрабуе вернасці. Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (напрыклад, у вершы “Дробненькі дожджык дый накрапае..”), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі.

Информация о работе Рыгор Барадулін. Біяграфія