Автор работы: Пользователь скрыл имя, 16 Марта 2012 в 22:33, доклад
У 40-я гады XVIII ст. Нясвіж быў цэнтрам усіх радзівілаўскіх латыфундый. Цэхі горада аб'ядноўвалі 69 прафесій, сярод якіх былі краўцы «французскай i нямецкай моды», каруначніцы, майстры па вырабу шаўковых i залататканых паясоў i габеленаў, кафельшчыкі, ткачы, а таксама скрыпачы, цымбалісты, габаісты, арфісты, бандурысты, капельмайстры, лірнікі, валтарністы, важатыя мядзведзяў.
Шматлікія кантракты з акцёрамі прыпадаюць на 1756—1758 гг. Верагодна, у гэты перыяд на сцэне ішлі ўсе віды паказаў. У дагаворы 1756 г. з акцёрам І. Пуцам гаворыцца, што ён павінен «...прафесію сваю выконваць выдатна, без усякіх выкрутак, у час камедый, опер і балетаў, а таксама ва ўсіх выпадках, калі будзе загадана». Разам з Пуцам працавала яго жонка.
У 1756 г. у Слуцк прыбыла новая партыя акцёраў, якіх наняў Шылінг у Гданьску і Вене. Каб суправаджаць іх у свае ўладанні, Геранім Радзівіл выслаў конны эскорт на чале з генералам Я. Вольскім, які на вазах вёз трупу ў Слуцк разам са звярынцам, рабамі-неграмі і нейкімі «цэсарскімі галовамі», закупленымі ў Вене. А. Сайкоўскі прыводзіць каларытны дакумент — ліст Я. Вольскага ад 9 красавіка 1756 г., у якім характарызуецца трупа такім чынам: «Даводжу да ведама, што прыняў цэлую кампанію камедыянтаў: гэта значыць самога майстра з жонкай і другога з той жа групы, а таксама адну дзяўчыну камедыянтку, якая павінна выйсці за другога камедыянта... Штогадовая плата камедыянта з жонкай — 70 дукатаў, а другога і яго каханкі — 48 з усім на ўвесь год». Сярод тых, што прыехалі, былі і «чатыры выдатныя камедыянты, якія былі акцёрамі і ў каралеўскім тэатры». Мяркуючы па «Дыярыушу» Рыбанькі за 1755 г., з 22 па 28 чэрвеня ў слуцкім тэатры было пастаўлена пяць спектакляў, з якіх — тры нямецкія камедыі, адна — італьянская опера і адна «камедыя Марынэта». Тая ж карціна назіралася ў 1756 і 1757 гт.
У 1758 г. у Слуцку быў закладзены трэці «камедыхаўз», які канчаткова завершаны і абсталяваны быў куліснымі машынамі ў верасні 1759 г. Тэатр меў партэр з пакрытымі сукном лаўкамі, абкружаны ложамі. Зала, упрыгожаная люстэркамі, мела неглыбокую сцэну з заслонамі і маляўнічымі, магчыма, тэларыйнымі дэкарацыямі, нацягнутымі на рамы (мастакамі тэатра ў той час былі дэкаратары Тыц і Тышкевіч). Перад сцэнай было адведзена спецыяльнае месца для аркестра. Абапал тэатра знаходзіліся флігелі, дзе жылі музыканты, спевакі, а таксама размяшчалася балетная школа, якая стварыла першую балетную трупу ў гісторыі Беларусі. Звесткі аб з’яўленні ў Слуцку першага «танцмайстра» адносяцца да 1753 года. Ці ставіліся да гэтага часу балеты, невядома, але венскі запіс у «Дыярыушы» князя Гераніма ад 11 сакавіка 1756 г. сведчыць, што ён запрашае людзей, якія маглі б сур’ёзна арганізаваць балетную справу ў Слуцку: «Я прыняў балетмайстра Пуціні для ўрокаў дамашняга танца, — пісаў князь, — абяцаў яму за гэта 30 дукатаў. Просіцца да мяне яшчэ адзін балетмайстар, але яшчэ не вырашыў прыняць яго, бо мне здалося, што ён не зусім сталы». А калі лічыць, што кантрактамі шэраг драматычных акцёраў і спевакоў быў абавязаны выступаць у балетах, то 1756 г. з'яўляецца годам стварэння прафесійнага балета ў Слуцку.
У гэтым жа годзе па запрашэнні прыехаў з Вены Антоні Пуціні, а, магчыма, і з ім разам у Слуцк прыехаў выдатны французскі танцор і балетмайстар Луі Максіміліян Дзюпрэ, саліст парыжскай Оперы, адзін з пачынальнікаў мужчынскага класічнага танца, настаўнік вядомага Ж. Ж. Навера. Да прыезду ў Слуцк Дзюпрэ меў ужо трыццацігадовы вопыт танцоўшчыка, балетмайстра і лібрэтыста.
Да 1758 г. А. Пуціні і Л. М. Дзюпрэ працавалі разам. Геранім Фларыян даручыў ім у кароткі тэрмін стварыць трупу. Але гэта сутыкнулася з аб’ектыўнымі цяжкасцямі - не было неабходнай колькасці падрыхтаваных выканаўцаў, а без сур'ёзнай падрыхтоўкі трупы нельга было думаць не толькі пра стварэнне дывертысментаў і танцавальных інтэрмедый, але і пра больш складаныя формы, бо ў 60-я гады XVIII ст. балет ужо вылучыўся ў самастойны жанр са сваёй уласнай музычнай драматургіяй і шматактовым дзеяннем.
Л. М. Дзюпрэ і А. Пуціні ў балетную школу набіралі 8—10-гадовых дзяцей з сем’яў слуцкіх мяшчан — падданых князя. Выбіраючы дзяцей, балетмайстры глядзелі, «ці прамыя ў іх ногі і ці далікатная фігура». Балетнай школе выдзелілі памяшканне для заняткаў і пад дартуары ў адным з флігеляў каля тэатра. Для дзяцей пачаўся цяжкі, знясільваючы час вучобы. Іх вучылі то ў Слуцку, то ў Белай, а потым і ў Нясвіжы. Сярод выбраных былі і будучыя зоркі радзівілаўскага балета танцоўшчыцы Ражавічаўна, К.Міхневічаўна, танцоры Дыклер і Жукоўскі. Упамінаецца і Антон Лойка — танцор і першы беларускі балетмайстар. Асабліва таленавітай лічылася Кася Міхневічаўна. За ёй асобна наглядаў А. Пуціні. У балетнай школе пачалі навучаць і негрыцянят, дзяцей нявольнікаў, якіх закупіў у Вене князь. Дзяўчынкі не выказвалі прыкметных здольнасцей да танцаў, а два негры — у хрышчэнні Губерт і Войцех — увайшлі пазней у склад трупы. Танцы выхаванцаў А. Пуціні прывялі ў захапленне К.Вендорфа.
Сярод імён «Рэгістра прыгонных дзяцей, што былі ў навучанні ў А. Пуціні,- танцмістра», былі таксама Тэадор, Гназар, Келер, Кулікоўскі, Шымон, Мацей, Бургет, Пятрусь, Гурская Бабка, Зоф’я, Марыся, Лудавіка, Катарына, Гануля (Анулька), Аляксандра, а таксама Воўкавічаўна, Марыся Гераскевічаўна, Разалія Мікалаёўна, сёстры Фрызіна і Тарэса Барасневічаўны, Тэадора Грыгоравічаўна — усе ўраджэнцы Слуцка.
Дзяцей у слуцкай школе прымушалі танцаваць па 6 гадзін у дзень, жорстка каралі за самую нязначную правіннасць (у школе быў карцэр), кармілі бедна, трымалі ў зачыненых дартуарах як зняволеных. Хлопчыкі і дзяўчынкі сустракаліся толькі на занятках. Наглядчыку і наглядчыцы пры «балетніках і балетніцах» дазвалялася ўжываць розгі. Жорсткі дух прускай казармы, такі мілы князю, уводзіўся і ў балетных класах.
На працягу другой паловы 50-х гадоў слуцкі прыгонны балет часта выступаў на нясвіжскай сцэне.
На жаль, пакуль невядомы рэпертуар слуцкага балета ў перыяд з 1756 г. па 1759 г., але, мяркуючы па пераліку матэрыялаў, якія выдаваліся для патрэб балета нейкім Асіноўскім і па назвах касцюмаў, гэта былі балеты чыста пастаральнага плана, у ліку якіх «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет» і «Турэцкі балет». У іншых балетах фігурыравалі танцы нямецкія, швейцарскія і тырольскія (што было ў гусце князя Гераніма), танцы «стралкоў», «садоўнікаў», «чарцей», «трубачыстаў», «кветачніц», «сялянак».
Пасля смерці князя Гераніма яго нашчадкам трэба было вырашыць лёс слуцкай сцэны. Тэатр быў закрыты, а касцюмы і дэкарацыі перададзены ў Нясвіж. Балетную трупу аб'ядналі з нясвіжскай, аб чым сведчыць загад князя, які ён даў у маі 1760 г.: «Капельмайстра Вітмана і балетмайстра Пуціні ўгаварыць працаваць на мяне і разам з хлопчыкамі-танцорамі і дзяўчынкамі-танцоўшчыцамі... прывезці сюды, у Нясвіж». Так была закрыта апошняя старонка ў гісторыі слуцкага камедыхаўза [1, c. 182-195].
11