Вобраз маці ў паэзіі Р. Барадуліна

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 27 Октября 2013 в 20:56, курсовая работа

Описание

Мэта даследванная – прааналізаваць вобраз маці ў паэтычных творах Р. Барадуліна. Дасягненне пастаўленай мэты патрабуе вырашэння наступных задач:
пазнаёміцца з літаратурай па дадзенай тэме;
вызначыць праблематыку твораў пра маці ў беларускай літаратуры;
выявіць у паэзіі Р. Барадуліна тыя лірычныя творы, у якіх раскрываецца вобраз маці;
апісаць, ахарактарызаваць розныя спосабы ўвасаблення вобраза маці ў творчасці Р. Барадуліна;
вызначыць асноўныя характарыстыкі вобраза маці ў паэзіі Р. Барадуліна.

Работа состоит из  1 файл

Рыгор Барадулін курсавая.doc

— 156.50 Кб (Скачать документ)

Вёска для Барадуліна – «акадэмія жыцця і паэзіі».Талент паэта – ад маці і ад Бога. «Трэба дома бываць часцей» – узноўленая барадулінская ісціна. Абнаўленне традыцый малой радзімы ідзе ў барадулінскай паэзіі ў плане эстэтычнага ўзбагачэння. Гэта не проста гутарка пра родны куток, гэта не настальгічны плач аб «пачатку ўсіх пачаткаў», гэта – пачуццё глыбокай адказнасці перад домам. «Каб не страціць святое штосьці». Вось гэтае «святое» і стала найістотнейшым акцэнтам у барадулінскай паэзіі: прычасце пахам падвялага аеру на памытай падлозе, глытком вады з вясковага калодзежа, «сонным сенам», настылай ад марозу клямкай... Ці ж не матчын (а значыць – спрадвечны, святы) запавет «трэба дома бываць часцей»? Менавіта таму ў сваіх творах паэт зноў і зноў вяртаецца да матчынай хаты, на матчын парог – той «назіральны пункт» (як трапна заўважыў крытык Р.Бярозкін), з якога і «прасвечваецца» барадулінская паэзія праз стынь столькіх дзесяцігоддзяў.

Вобраз маці ўбірае ў сябе вобраз Радзімы-Беларусі і вобраз малой радзімы – Ушаччыны. Яны знітаваны:

Мамы  не стала – не стала радзімы, 
Дзе нарадзіўся старэць, 
I падалася душа ў пілігрымы 
3 мараю маму сустрэць.

Гарманічнае сугалоссе  лёсу Маці-радзімы, матчынай мовы і будучыні наступнікаў гучыць як набат: творцы адухоўлена моляцца перад святым воблікам Беларусі. Так, у барадулінскай «Малітве наступнасці» вобраз Беларусі вырастае да вобразу жанчыны-гаротніцы, удавы, маці-пакутніцы: «Божа, пашлі Беларусі // Ласку з Тваімі вачамі. // Сэрцы суцеш у скрусе, // Злітуйся над крывічам.».

Найбольш яскрава вобразы  маці і Радзімы пераплятаюцца  ў паэме “Голас сэрца”. У цэнтры твора – вобраз маці. Маці. Яе ўжо болей няма ў паэта. Але цяжка згадзіцца з гэтай думкай сыну. Успаміны аб маці ў паэта самыя дарагія, самыя мілыя. Ва ўспамінах адчуваецца цеплыня яднання з дарагім чалавекам. Кожны радок, у якім расказвае сын пра сваю маці, – гэта ўспаміны, сагрэтыя жывою цеплынёю уражлівага сэрца. Пра маці ен гаварыць з глыбокім і роўным пачуццем любові, з пяшчотнасцю і замілаваннем. Яна паўстае перад намі пакутніцай, адной з ахвяр Асвенцыма. Паэту лёгка ўявіць вобраз самага дарагога чалавека – у памяці кожная маршчынка твару, кожны яе жэст. Але цяжка ўявіць усе тое, што асабіста перажывае яна ў фашысцкім пекле. Стыне і дыхае халодным цаментам дол, па якім маці ступала басымі нагамі. Як сведкі жахлівых учынкаў ляжаць наручнікі, якія былі на яе руках. Далей аўтар паказвае маці са сваімі турботамі і радасцямі. Ён размаўляе з ёй, як з жывой. Далей аўтар паказвае тое, што яна перажывала, расказваючы на руінах старай хаты. Як сведка ўсяго, што перажывала маці, расказвае бэзавы куст, што яна пасадзіла. Яна была адна ў хаце, але не адзінокая. Для яе роднымі сынамі сталі партызаны. Мы бачым, што аўтар паўстае перад намі то засмучаным сынам, які схіляе жалобна галаву перад памяццю маці, носіць у сэрцы яе вобраз; то ён паўстае грозным абвінаваўцам фашызму, заклікае сачыць за тым, каб зноў не пачалася вайна.

У паэме "Голас сэрца" гучыць заклік, у якім асабліва падкрэсліваецца  жаданне жыць у міры, радавацца  жыццю. Словы ад маці-нябожчыцы паэт звяртае да ўсіх новых маці, вобраз якіх вырастае ў сімвал Радзімы:

Сення імкнемся насустрач мы зорам, 
Сення не стрэльбамі ў свеце гаворым. 
З сэрцамі сэрцы ўзнімаюць размовы. 
Сення магутныя нашыя словы

Скрозь над зямлёю праменнямі свецяць: 
Мір ва ўсім свеце! Мір ва ўсім свеце!

Памяць пра маці і памяць вайны – гэтыя два тэматычныя палотны набываюць у барадулінскай паэзіі моцна акрэслены асабісты характар. Памяць убачанага і перажытага даўжынёю ў жыццё. Жахі блакады і пасля вайны (абпаленае дзяцінства і горкі лёс маці-ўдавы) выкрасалі і выкрасаюць у паэта зарывы ўспамінаў. Ён ідзе праз дзяцінства з«нямецкаю трафейнаю трубой», ідзе праз «палату мінёраў», ідзе праз «Блакаду цярпення», «Блакаду маўчання», «Блакаду сэрца». З багацця асабістых уражанняў ствараецца аб’ектыўная карціна вайны, памяць якой убірае самае страшнае і мацнейшая за час. Таму зварот да вайны ў барадулінскай паэзіі – гэта не даніна часу, а менавіта ўнутраная неабходнасць, заснаваная на фактах уласнай біяграфіі. А найбольш адметнае, што пакінула след у яго душы, – блакада ў партызанскай зоне, дзе бацька загінуў у перадапошняй бойцы з карнікамі, дзе фашысты спалілі пры адступленні хату і маці-пакутніца будавала новую.

Па кругах памяці вядзе сваіх чытачоў Барадулін, чыё маленства прабегла па чорных папялішчах, па галавешках і прыску роднай Ушаччыны. Яго ваенная паэзія заўсёды суровая і хвалюючая, у ёй «закадзіраваны» лёс усяго пакалення. «Блакада» – балючае слова для Барадуліна, пра яе – ненавісную – напісана барадулінская паэма «Блакада» (1969). Унутраны драматызм узмацняецца глыбокім роздумам над лёсам тых, каму ўдалося вырвацца з азёрна-ляснога кроўю палітага Паліка. У згаданай ужо «паэме лёсу» (Л.Тарасюк) сустрэнем і непрыдуманую замову старой, і да слёз шчымлівыя пошукі бацькі, і аповед пра абяздоленых удоў, якія«За трох касілі, // За двух аралі».

Істотным выглядае той факт, што повязь з жыватворнымі зямнымі вытокамі мацуецца ў Барадуліна-паэта праз глыбока прачутую жыццядайную мацярынскую сілу,праз неабходнасць берагчы «біблію слова матулінага», «Каб не сурочылі!». З сівых часін маці была ашчаджальніцай агню, які абаграваў і карміў праз вякі. Паэт нездарма называе сваю маці «вогнепаклонніцай». Вобраз маці мае свае вытокі ў міфалогіі і фальклоры, дзе маці – сімвал жыцця і вечнасці.

Барадулін падкрэслівае: «Маці адна, маці незаменная... Маці адна, як і Радзіма».

Менавіта з матчыным дыханнем, словам, спевам і плачам, урэшце, самім ладам жыцця (барадулінская максіма матчынай хаты) перадаліся Барадуліну-паэту зайздроснае адчуванне прыроднай раскаванасці народнага самабытнага слова, прачулы лірызм (жаночы пачатак фалькларыстычнага аспекту) яго паэзіі. Матчына мова, што ступала за паэтам «Ад калыханкі // Да галашэння...» – эстэтычная жыццядайная крыніца барадулінскага слова. Ва ўзнёсла-матчыным «Мой сынок, каласок, васілёк, // Баравое зеллейка, // Мой каласутанька...» столькі было багавейнага напрарочана, столькі «было зямлі і неба, // Лесу і мурагу», што сыноўняе сэрца «біблію слова матулінага» (іменна свяшчэнна-непераўзыдзенае біблейскае) беражэ да скону, бо яно – слова – хлеб для душы яго.

Нам застаецца ад матуль

І шчырасць іхняя,

І ласка.

Наш лёс 

З няўмольнага  адтуль

Не  пераняць ім,

Як  падпаска.

 

Цяпер матуль жаданей снім,

Ад  іх не тоім думкі нашы.

І крыўды,

Што чынілі ім,

Да нас саміх ідуць,

Як  з пашы.

Нямала радкоў прысвяціў  паэт матчынай хаце, роднай вёсцы, кутку, дзе былі зроблены першыя крокі, дзе  вучыўся, спаткаў першае каханне («Ушацкай школе», «Світанняў я з табой не сустракаў...»).

Маці прысвячаецца адна з апошніх кніг паэта «Евангелле ад Мамы» (1995) [7]. Для Р. Барадуліна маці – пачатак жыцця, ідэал чалавека, зберагальніца маральных каштоўнасцей, увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. 3 радкоў вершаў «Куліна», «Матчына хата», «Матчыны рукі», «Веды», «Вогнепаклонніца» паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Гэта звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс: не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажыла пасляваенныя цяжкасці.

Вобраз маці пранізвае, «асвятляе і асвяшчае» (В.Тарас) усе барадулінскія кнігі. Маці – нязменная  паэтава муза, якая натхняе і жывіць усю барадулінскую творчасць. Вобраз Акуліны Андрэеўны амаль цалкам узяты з натуры, праходзіць праз усё жыццё Барадуліна. Са слоў В.Быкава, вобра маці паэта сведчыць пра сілу сыноўняй любові – «можа, самай самаадданай любові ў сучаснай беларускай паэзіі» [9, c. 4].

Свой жыццёвы вопыт, багаты прыродны дар і незвычайную чуласць да слова Акуліна Андрэеўна перадала ў спадчыну сыну, чаму паэт і называе яе «стыхійна вялікім філолагам». Не без хвалявання асэнсоўваюцца «веды» малапісьменнай маці, якая «Ведала, што да чаго // На небе, // У лузе, // У хаце».

Р.Барадулін пераконвае, што «мама смела / Ведала свет», хоць «паводле дадзеных глухіх анкет» лічылася малапісьменнай. Ён пералічвае тыя навукі, якія спасцігла простая вясковая жанчына: тэалогію («На памяць малітвы шаптала»), астраномію («Па зорках дарогу шукала,/ Калі пад страхой нябеснай / Перапёлкаю начавала»). Была маці і «ўрачом дзіцячым, і цвёрдым на руку ветэрынарам» (дапамагала хатняй жывёле), ведала «міфалогію паганскае даўніны», аграномію – «Што сеяць,/ Калі і дзе». Пералічваючы матчыны «веды», паэт сцвярджае таленавітасць простага вясковага чалавека, каштоўнасць набытых у практычным жыцці вопыту і мудрасці, якія перадаваліся ад пакалення пакаленню.

Сродкамі іроніі (калі аўтар усхваляе нейкія рысы ці якасці, быццам адмаўляючы іх) Р.Барадулін характарызуе «недахопы» маці:

Спаць не магла  да святла,  
На шарэнніку уставала.  
П'янела ад лебяды, ад кропу.  
...Яшчэ не умела ў горы хіліцца,  
Яшчэ не умела Маці хваліцца. 
Так і не спасцігла Цяжкой навукі –  
Стаяць рукі ў бокі, Сядзець склаўшы рукі.

Самае дарагое і запаветнае для Р.Барадуліна ўвабраў у сябе вобраз маці. «Над усім, што перадумана, што ўжо сказана, як сімвал паглыбленасці ва ўнутраны свет чалавека, сімвал роздуму над бясконцасцю і вечнасцю Сусвету, як крытэрый маральна-этычнай патрабавальнасці, чалавечай дабрыні «ўзыходзяць» матчыны вочы. Іх то ласкава-задуменны, то строгі пагляд прысутнічае ў кожнай кнізе паэта. Разважліва і патрабавальна глядзяць яны з супервокладкі кнігі «Неруш». «Сузор'ямі» дабрыні і святла бачацца мацярынскія вочы ў кнігах «Свята пчалы», «Абсяг» і «Вечалле»:

Вочы твае 
Нада мной узышлі 
Сузор'ямі цішыні, 
Сусветамі дабрыні, 
Покуль ёсць яны – 
Мне на зямлі 
Светла, 
мама...» –

адзначае даследчык  творчасці Р.Барадуліна Л. Гарэлік [10, c. 73]. Вобраз маці, памяць пра маці прысутнічае і ў апошніх па часе кнігах «Маўчанне перуна», «Самота паломніцтва», «Міласэрнасць плахі».

Лёсам Р. Барадуліну было наканавана гаварыць і пісаць пра «матчыну хату" (хата, зробленая рукамі бацькі, згарэлі ў вайну). Гэты вобраз глыбока раскрываецца ў паэме 60-х гадоў «Трыпціх». У «хату матчыну» імкнецца ва ўспамінах лірычны герой паэмы «Вяртанне ў першы снег». Кампазіцыя твора нагадвае дарожныя нататкі: герой дабіраецца да роднай хаты самалётам, потым аўтобусам, ён радуецца сустрэчы з маці, ідзе «пакланіцца бору з пашанай», «пашаптацца на возеры з чаротам»... У родных мясцінах, на парозе хаты яго акружаюць успаміны, «Матчына хата» і «першы снег» – вобразы-сімвалы, якія стаяць у паэме побач, нібыта дапаўняюць адзін другога. Яны ўвасабляюць самае светлае, добрае, што існуе ў жыцці чалавека.

Усё гэта 
ў першым снезе маім,  
Чыстым, як слова «мама».  
У бары маім першым,сівым, 
... Ні галінкі не надломана.  
Не замялі вятры палазні,  
Што да дому вядзе 
па гасцінцу старому.  
...Ані следу здрады, 
хлусні, Ні слізгот, 
ні заносу, 
ні стромы – 
На незаследжаным снезе...

З маці, з вёскай паэт звязвае родную мову. Верш «Мая мова» быў напісаны ў сярэдзіне 60-х гадоў, калі «будаўнікі камунізму» загаварылі пра зліццё моў як адзін з этапаў фарміравання новага грамадства [4]. Р. Барадулін, як і П. Панчанка, М. Танк, У. Караткевіч, не мог пагадзіцца з тым, што «нібыта як перажытак,/ аджыць павінна абавязкова / Мова маці маёй – беларуская мова». Ён упэўнены, што

...Калі нават  мова мая замаўчыць, 
То не зробіцца мёртвай латынню. 
Словы, дзе кожны гук 
Азяблай сінічкай цінькае, 
Не стануць тэрмінамі медыцынскімі. 
Гэтыя словы 
Павінны вывучыць будуць нанова, 
Каб даведацца, 
як Русь мая, белая  
Ад веснавое наквеці  
I ад касцей няпрошанай набрыдзі...  
Вольнай воляй сваёй даражыла...

Матчыны песні на роднай мове акрылілі паэта, далучылі да народнай мудрасці, уткалі ў сувой яго паэзіі народна-песенную аснову. «Маці мяне купала, // Спявала // пра ноч // на Івана Купалу...». Праз матчыны песні ў Барадуліна адчуваецца сувязь не толькі крэўная, але і духоўная. Наогул, усё, што звязана з гэтым дарагім «словам кароткім – мама» (матчына слова, матчына мова, матчына песня, матчына хата), з’яўляецца заўсёды для паэта яго«суровай позвай сумлення»:

Ціхну, старэю –

І да мяне

Маміны словы  вяртаюцца.

Вяртанне ў неруш роднага слова, «без якога – сірата сіратою» – адна з падасноў творчай канцэпцыі Рыгора Барадуліна. «Матчынай мовы слова святое», «зорка матчынай мовы» – то ад маці ў спадчыну моўны скарб і песенны дар. З вялізнай патрабавальнасцю ставіцца Барадулін да кожнага гука і слова, шліфуючы яго да першароднага бляску. Мове продкаў, нашай мове – малітва паэта [3]. Так свята ставіцца ён і да матчынай мовы – мовы-крывічанкі – у любові і ашчаднасці да якой пераплятаюцца ў радках паэта дзве веры: «Беларускае слова ад гневу, // Ад Ярылы, ад Перуна» і «Беларускае слова ад Бога. // Слову нашаму Бог дапамог». Такім чынам, устойлівымі сімваламі барадулінскай паэзіі сталі «матчына хата», «матчын парог», «матчына слова», «матчына мова», «матчына песня». Адметна, што вобраз Акуліны Андрэеўны нідзе не паўтараецца і з вершаў пра маці ў Рыгора Барадуліна ўвогуле можна скласці некалькі асобныхцыклаў.

У вершах Р. Бадаруліна маці паўстае як руплівая гаспадыня, якая нават у цяжкі час аддасць  апошняе за сваіх дзяцей:

Ашуканка

Мама  мая ашуканкай была.

Каля  стала

У дзяльбе

Ашуквала  сябе,

  Калі дзяліла

Апошнюю скібку – 

Меней сабе,

Сыну  болей.

Паэт, што адметна, называе  маці «вогнепаклонніцай»: з сівых часін маці была ашчаджальніцай агню, які абаграваў і карміў праз вякі. Барадулін узнаўляе родны вобраз у яго будзённай канкрэтнасці і адначасова святасці. Перад намі, бы жывыя, паўстаюць усе драбніцы горкага ўдовінага лёсу маці паэта, якая на папялішчы ставіла новую хату, дарабляючы яе ўсё жыццё. Нездарма ў барадулінскім уяўленні матчына хата – нібы летапіс народнага жыцця: тут дарагі кожны камень, кожны цвік. На думку Я. Шпакоўскага, «нідзе і нікому, нават М. Рубцову, які завабіў чытацкі свет вясковай тэмай, не ўдалося так прачула і глыбока сказаць пра матчыну хату, як Барадуліну, бо для Барадуліна матчына хата – сімвал радзімы, з якой, калі страціш сувязь,

перастаеш існаваць як чалавек  – нацыянальна вызначальная асоба» [23, c. 89].

«Трыпціх» – натхнёны гімн матчынай хаце. У паэме «Куліна» вобраз маці ўвасабляецца ў вобразе Радзімы. Маці – сумленне паэта («Сумленне .. завецца // Словам кароткім – мама») і бясконцы напамін: як трэба жыць. З удзячнага сыноўняга сэрца льюцца незабыўныя радкі: «Дзякуй табе за жыццё! // Даруй за няўдзячнасць, МАМА...».

Информация о работе Вобраз маці ў паэзіі Р. Барадуліна