Автор работы: Пользователь скрыл имя, 27 Октября 2013 в 20:56, курсовая работа
Мэта даследванная – прааналізаваць вобраз маці ў паэтычных творах Р. Барадуліна. Дасягненне пастаўленай мэты патрабуе вырашэння наступных задач:
пазнаёміцца з літаратурай па дадзенай тэме;
вызначыць праблематыку твораў пра маці ў беларускай літаратуры;
выявіць у паэзіі Р. Барадуліна тыя лірычныя творы, у якіх раскрываецца вобраз маці;
апісаць, ахарактарызаваць розныя спосабы ўвасаблення вобраза маці ў творчасці Р. Барадуліна;
вызначыць асноўныя характарыстыкі вобраза маці ў паэзіі Р. Барадуліна.
Рэквіем «Бяроза з лістам гаварыла...» і «Матчыны песні» (іх трэба чытаць і разглядаць у адзінстве) – нерукатворны помнік Маці-пакутніцы, шчыраўніцы, жыццё якой – гэта самаахвярнае гарэнне. «Пакаленне, да якога належыць Рыгор Барадулін, – робіць выснову даследчык А.Рагуля, – выжыла ў гады вайны дзякуючы мацярынскай самаахвярнасці» [20, c. 149].
У паэме памяці «Бяроза з лістам гаварыла...» паэт раскрывае духоўна-паэтычную натуру маці быццам знутры – голасам маці прамаўляе паэт, з голасам маці пераклікаецца і ягоныголас, ад чаго створаныя карціны развітання прасякнуты шчымлівым пачуццём суму і самоты. Іншасказальны вобраз-сімвал бярозы – асноўны сродак мастацкай выразнасці ў дадзенай паэме. Вобраз маці-бярозы (устойлівы фальклорны вобраз) перарастае ў вобраз глыбокага трагічнага напаўнення. Матыў асенняй народнай песні (дарэчы, у барадулінскай лірыцы даволі моцны акцэнт журботна-восеньскага) з болем і горыччу дыктуе развітальныя ноткі:
Бяроза з лістам
Усю восень гаварыла:
– А мой лісточак,
А мой зялёненькі,
Ты ж мяне пакідаеш…
Прыём антрапамарфізму – надзяленне бярозы чалавечымі якасцямі – разгортваецца ў ёмкі метафарычны вобраз-сімвал жанчыны-пакутніцы. Паэма вылучаецца інтанацыйнай зладжанасцю і сугалоссем маналогаў і дыялогаў, якія бяруць на сябе кампазіцыйную арганізуючую ролю. «На ганках // Драмалі суботы», – шчыруе паэт у спавядальным маналогу, асацыятыўна напоўненым і падтэкставым сэнсам: субота – абагуленае ўвасабленне жаночай адзіноты. У некранутым дакорам дыялогу з родным уборам, што стаіць смутны і «дошак на труну // Для маці даў, зямляча», зязюляй «баравін ушацкіх», што не захацела быць шчодрай у дзень нараджэння мамы; з самой маці, якая сурочыць тугу сыну-паэту, чуюцца незваротны боль і адчай, выказаць які паэт асмеліўся словамі матчынай песні. У радках песні маці скандэнсаваны зямны боль і паяднанне маці-зямліцы (бо ці не маці і зямля – абедзве – нараджаюць, кормяць і, нарэшце, забіраюць да сябе ў сны і вечны дол?).
Вобразы маці і прыроды неразрыўна звязаны ў творчасці паэта.
Іспас.
З яблыкамі да мамы.
Яблыкі з саду, які
Перажыў сваю гаспадыню.
Сонца заходзіць збіраецца,
Каб заўтра зноў узысці.
Мама зайшла, каб аднойчы ўзыйсці
На аброўе ніцай вярбою.
Барадулінская памяць маці, матчынага слова, матчынай песні выглядаюць удзячнай данінай захавання спадчыны (матчынай і народнай). Ці не праз маці – крэўную знітаванасць з вёскай, родам, зямлёй-карміцелькай – узгадавана для паэта спадчына: «Песні жніўнай // смутак удоў» і «Галубіная мова матчына»?
Матчыны песні – увасабленне душы «шчырухі-матулі», маці-«вогнепаклонніцы», маці-карміліцы, маці-«багіні», маці-ахвярніцы, і яны ж – увасабленне самога ўкладу жыцця ўшацкага, што жывіць вобразамі, народнапесеннымі скарбамі ёмістую густую насычанасць барадулінскага радка. Максімалісцкае ўспрыняцце Барадуліным самога ідэйна-меладычнага строю матчыных песень выглядае імператывам захавання матчынагаслова, запавету і адначасова ёсць растварэнне ў фальклоры як бясцэннай з’яве народнага жыцця [3, c. 120] .
Паэт звяртаецца да маці, нават калі яе ўжо няма, яе вобраз жыве ў сэрцы аўтара, успаміны аб маці цяжкія, паэт нават адчувае сваю віну за тое, што праводзіў з самым родным чалавекам мала часу:
Была хваробы прыжывалкай ціхай,
А не было каму падаць вады.
Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай.
Смялела немач, немата панела.
Як некалі сустрэнемся, тады
Перапытаю, што сказаць хацела.
Ад матчынай душы вера ў Бога, з вуснаў маці малітва. Маці адтуль прыносіць добрыя весткі. Маці апякуецца іх адной-адзінай святасцю: «На ты лепей з Богам і з маці». Маці паэт абагаўляе, і праз яе вобраз увасоблена найвялікшая любоў і замілаванне боскай сутнасцю мацярынства: «Спавядаюся прачыстай Маме». Матчына благаславенне ўзмацняе спавядальныя матывы барадулінскай паэзіі. У «Вечаровых пацерах» паэта вобраз матчынай хаты, дому, шляху, дарогі знітаваны і сілкуюцца глыбокай біблейскай падсветкай: «І ўжо ні ў гасцях, ні дома – // Усе мы ў дарозе трывогі». Вяртанне да першародных вытокаў і паэтычнае ўвасабленне Божай маці як заступніцы за лёс усяго народа – істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі.
Такім чынам, дамінанта барадулінскай паэзіі – Беларусь, маці, мова – глыбокапрачутая, вывераная, выпакутаваная. Надзейнае апірышча шукае паэту непадзельным трыадзінстве гэтых самых дарагіх для яго паняццяў. Спалучэнне іх – роднаснае, бо ўспрымаюцца яны ім як жывая плоць, бо праз іх вымяраецца паэтам сутнасць жыцця на беларускай зямлі.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Пры выбары жанру, тэматыкі, вобразаў будучага твора пісьменнік звычайна кіруецца сваімі поглядамі, інтарэсамі, сваім густам. Але ёсць вобраз, які жыве ў творчасці кожнага вядомага пісьменніка. Гэты вобраз нельга абмінуць, бо ён увасабляе самага дарагога чалавека ў жыцці – Маці.
Вобраз маці, клапатлівай, пяшчотнай, бескарыслівай і самаахвярнай, авеяны самай высокай паэзіяй. Пісьменнікі зноў і зноў звяртаюцца да гэтага вобраза, бо ён невычарпальны, як і мацярынская любоў.
Вобраз маці з’яўляецца нацыянальным культурным сімвалам, які не страціў сваё значэнне і па сённяшні дзень. Ён падаецца паэтамі ў ланцугу пакаленняў. Гэты вобраз мае вытокі ў міфалогіі і фальклоры, дзе маці – сімвал жыцця, сімвал вечнасці.
Вобраз і тэма маці пранізваюць усю творчасць Р. Барадуліна: ад "Маладзіка над стэпам", першага яго зборніка, да "Евангелля ад мамы", апошняга па часе напісання.
Розныя вобразы маці, створаныя Р. Барадуліным, узыходзяць да трох важнейшых складаючых – Багародзіца, маці і Радзіма, якія выражаюць узвышана-ідэальны, рэальна-бытавы і абагульнена-нацыянальны аспекты вобраза маці.
У барадулінскай паэзіі вобраз маці адметны прачулай памятлівасцю і набывае моцна акрэслены асабісты характар.
У большасці вершаў Р. Барадуліна вобразы Маці і радзімы ўзаемазвязаны. Па-першае, маці і матчына хата (замест «бацькоўская хата») у барадулінскім уяўленні – трыумф гранічнай цэльнасці і сімвал паразумення; маці застаецца жывой душой хаты. Па-другое, са шчырым замілаваннем, сціпла і велічна называе Р.Барадулін яе (маці) – прычым нязменна – толькі «мама». Па-трэцяе, маці для паэта – «стыхійна вялікі філолаг». «Я не знікаю, бо нада мной // Маміны словы – анёламі». Па-чацвёртае, паэт не тое што апавядае пра маці – ён моліцца на яе. «А мама багіняй была». Барадулінскае маленне аб маці набліжаецца да каталіцкага абагаўлення мадонны, тым самым узвялічваючы сутнасць нашай паэзіі. І, па-пятае, вобраз Маці ў Барадуліна жыве пад знакам Вечнасці. «Ты стала зямлёй, // а твае гады ідуць без цябе па зямлі».
Для Р. Барадуліна маці – пачатак жыцця, ідэал чалавека, зберагальніца маральных каштоўнасцей, увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. 3 радкоў многіх вершаў («Куліна», «Матчына хата», «Матчыны рукі» і т.п.) паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Маці – нязменная паэтава муза, якая натхняе і жывіць усю барадулінскую творчасць.
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ: