Правілы беларускай арфаграфіі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Мая 2012 в 21:39, шпаргалка

Описание

У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

Содержание

РАЗДЗЕЛ І. Арфаграфія

ГЛАВА 1. Правапіс галосных

§ 1. Галосныя літары

§ 2. Літары о, ё

§ 3. Літары э, е

§ 4. Перадача акання на пісьме

§ 5. Правапіс літар а, о, э ў складаных словах

§ 6. Перадача якання на пісьме

§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах

§ 8. Прыстаўныя галосныя і, а

ГЛАВА 2. ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ

§ 9. Зычныя літары

§ 10. Правапіс звонкіх і глухіх зычных

§ 11. Зычныя д, т і дз, ц

§ 12. Некаторыя спалучэнні зычных

§ 13. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя

§ 14. Нескладовае ў і у складовае

§ 15. Нескладовае й

§ 16. Падоўжаныя і падвоеныя зычныя

ГЛАВА 3. ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА

§ 17. Змякчальны мяккі знак

§ 18. Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

ГЛАВА 4. ПРАВАПІС АБРЭВІЯТУР

§ 19. Правапіс абрэвіятур

ГЛАВА 5. ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ

§ 20. Аднамарфемныя прыназоўнікі

§ 21. Прыстаўкі

§ 22. Суфіксы

ГЛАВА 6. ПРАВАПІС ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР

§ 23. Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар

§ 24. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах

§ 25. Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з

рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў

§ 26. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах

§ 27. Вялікая і малая літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады

і арганізацый

§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах

§ 29. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, помнікаў, узнагарод

§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў,

унікальных прадметаў, твораў

§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных

падзей і дат, перыядаў і эпох

§ 32. Вялікая літара ў назвах з двукоссем

ГЛАВА 7. ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК

І АСОБНА

§ 33. Агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна

§ 34. Складаныя назоўнікі

§ 35. Складаныя прыметнікі

§ 36. Складаныя лічэбнікі

§ 37. Прыслоўі

§ 38. Прыназоўнікі, злучнікі, часціцы, выклічнікі

§ 39. Правапіс не (ня) і ні

ГЛАВА 8. ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ

§ 40. Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў,

умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў

РАЗДЗЕЛ ІІ. ПУНКТУАЦЫЯ

ГЛАВА 9. КРОПКА

§ 41. Правілы пастаноўкі кропкі

ГЛАВА 10. ПЫТАЛЬНІК

§ 42. Правілы пастаноўкі пытальніка

ГЛАВА 11. КЛІЧНІК

§ 43. Правілы пастаноўкі клічніка

ГЛАВА 12. ШМАТКРОП’Е

§ 44. Правілы пастаноўкі шматкроп’я

ГЛАВА 13. КОСКА Ў ПРОСТЫМ СКАЗЕ

§ 45. Коска паміж аднароднымі членамі сказа

§ 46. Коска паміж словамі, якія паўтараюцца

§ 47. Коска пры параўнальных зваротах

§ 48. Коска пры адасобленых азначальных зваротах і словах

§ 49. Коска пры адасобленых акалічнасцях і акалічнасных

зваротах

§ 50. Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць

або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе

§ 51. Коска пры пабочных і ўстаўных канструкцыях

§ 52. Коска пры зваротку

§ 53. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях

§ 54. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і

пытальных слоў і перад імі

ГЛАВА 14. КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ

§ 55. Коска ў складаназлучаным сказе

§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе

§ 57. Коска ў складаназалежным сказе

ГЛАВА 15. КРОПКА З КОСКАЙ

§ 58. Правілы пастаноўкі кропкі з коскай

ГЛАВА 16. ДВУКРОП’Е

§ 59. Правілы пастаноўкі двукроп’я

ГЛАВА 17. ПРАЦЯЖНІК

§ 60. Правілы пастаноўкі працяжніка

ГЛАВА 18. ДУЖКІ

§ 61. Правілы пастаноўкі дужак

ГЛАВА 19. ДВУКОССЕ

§ 62. Правілы пастаноўкі двукосся

ГЛАВА 20. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ ПРОСТАЙ МОВЕ

І ЦЫТАТАХ

§ 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах

ГЛАВА 21. СПАЛУЧЭННЕ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ

§ 64. Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку

ГЛАВА 22. ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ

ПРЫ СПАСЫЛКАХ

§ 65. Правілы паслядоўнасці знакаў прыпынку пры спасылках

Работа состоит из  1 файл

правилы бел орфогр.doc

— 695.00 Кб (Скачать документ)

 

1. Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, пасьянс, разьянскі, Лавуазье, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, мадзьяры, кастаньеты, Тэньер, каньён, каньяк, павільён, Нью-Йорк, Тасіньі, Авіньі, Сеньі, канферансье, манпансье, Дзьюі, Карбюзье.

2. Ва ўласных назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Васільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.

3. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў-    (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Акакіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.

4. Апостраф пішацца пры раздзельным вымаўленні зычных з наступным галосным:

пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад'езд, аб'ём, аб'ява, аб'яднацца, пад'ёмны, раз'юшыцца, між'ярусны, аб'інець, уз'яднанне, ад'ютант, ін'екцыя, кан'юнктура;

у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, шыпячых ж, дж, ч, ш, зубных д, т і р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б'ецца, куп'ё, п'юць, сям'я, Дзям'ян, вераб'і, В'етнам, саф'ян, Лук'ян, К'ёга, Мантэг'ю, Х'юстан, Буш'е, Аж'е, Ч'япа, д'ябал, інтэрв'ю, куп'істы, Пракоф'еў, Пракоф'евіч, бар'ер, надвор'е, Мар'іна Горка, Грыгор'еў, Юр'еў, Д'еп, Камп'ен.

5. Апостраф не пішацца пасля ў (нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі; у складаных словах, у тым ліку, калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.

 

ГЛАВА 4

Правапіс абрэвіятур

 

§ 19. Правапіс абрэвіятур

 

1. У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), дзяржцырк (дзяржаўны), прамкамбінат (прамысловы), нарсуд (народны), галоўурач (галоўны), генплан (генеральны), Еўрасаюз (еўрапейскі), заапарк (заалагічны), музвучылішча (музычнае), Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Беллітфонд (беларускі, літаратурны), райбудкантора (раённая, будаўнічая), Галоўбудмехмантаж (галоўны, будаўнічы, механізаваны); педфак (педагагічны факультэт), камбат (камандзір, батальён), Белгалоўсельбуд (беларускі, галоўны, сельскі, будаўнічы), Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Гомсельмаш (Гомельскі, сельскі, машынабудаванне), ваенкамат (ваенны камісарыят), эсмінец (эскадраны мінаносец), рацыя (радыё, станцыя), райана (раённы аддзел народнай адукацыі), Цэнтрвыбаркам (цэнтральная выбарчая камісія), прафкам (прафсаюзны камітэт), ваенкам (ваенны камітэт), гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), селькар (сельскі карэспандэнт), юнкар (юны карэспандэнт), член-кар. (член-карэспандэнт), газпрам (газавая прамысловасць), лясгас (лясная гаспадарка), рыбгас (рыбная гаспадарка), Беларусбанк (беларускі банк).

2. Літарныя, гукавыя і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЗША (Злучаныя Штаты Амерыкі), РВУ (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова), УА (установа адукацыі), ЖЭС (жыллёва-эксплуатацыйная служба), СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў), НАН (Нацыянальная акадэмія навук), ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства), СМІ (сродкі масавай інфармацыі), МАЗ (Мінскі аўтамабільны завод), ЦУМ (цэнтральны ўніверсальны магазін), УП (унітарнае прадпрыемства), ГА (грамадскае аб’яднанне), ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю), ЗАГС (запіс актаў грамадзянскага стану), МТЗ (Мінскі трактарны завод).

Калі да абрэвіятуры дадаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: ВАЗ-21, МАЗ-200, МТЗ-82.

Калі абрэвіятура скланяецца, канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у нашым ЖЭСе, працаваў на МАЗе, рамонт ЦУМа, дысертацыя ў ВАКу, вынікі НЭПа, даведка з ЗАГСа..

Дапускаецца напісанне малымі літарамі агульнавядомых абрэвіятур, калі слова ўспрымаецца як простае: павёў у загс, заканчэнне нэпа, схадзіў у жэс, схаваліся ў дзот і інш.

Малыя літары могуць уваходзіць у камбінаваныя абрэвіятуры: ЛіМ, БелЭкспа, УП “Белкніга”, БелНДВІ (Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут).

3. Напісанне няўласнабеларускіх (запазычаных) абрэвіятур вызначаецца слоўнікам; поўны сэнсавы беларускі адпаведнік перадае значэнне такіх запазычанняў, а не расшыфроўвае іх: МХАТ (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр), заўгас (загадчык гаспадаркі), завуч (намеснік дырэктара па навучальнай рабоце), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння), АСУ (аўтаматычная сістэма кіравання), ГУМ (Дзяржаўны ўніверсальны магазін), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры), РГІК (Расійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі).

4. У некаторых абрэвіятурах напісанне можа не адлюстроўваць натуральнае вымаўленне: ТЮГ – Тэатр юнага гледача (вымаўляецца [ц’ух]), РІВШ – Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (вымаўляецца [рыўш]), БелДІПК – Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры (вымаўляецца [белдзіпк]).

5. Літарныя абрэвіятуры не трэба блытаць з умоўнымі графічнымі скарачэннямі, якія ўжываюцца на пісьме, але заўсёды чытаюцца поўнасцю.

Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:

нельга скарачаць на галосную літару і на ь, на й і на ў;

пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: насен. фонд;

пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца на  апошнюю зычную: народн. творчасць;

калі імя або імя па бацьку пачынаюцца з дыграфа Дз, то ў якасці ініцыяла выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч – Д.Д.

Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-д. партыя (сацыял-дэмакратычная партыя),     чл.-кар. (член-карэспандэнт).

6. Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га (гектар), см (сантыметр), кг (кілаграм), км (кіламетр) і інш.

Ніжэй прыводзяцца агульнапрынятыя скарачэнні, якія не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.

Напрыклад:

акад. – акадэмік;

б. – былы;

бухг. – бухгалтэрыя;

в. – вёска;

в-аў – востраў;

п-аў – паўвостраў;

в.а. – выконваючы абавязкі;

вобл.               – вобласць;

воз. – возера;

г. – год;

гг. – гады;                                         

ст. – стагоддзе;                           

стст. – стагоддзі;

г.зн. – гэта значыць;

і г.д. – і гэтак далей;

і да т.п. – і да таго падобнае;

і інш. – і іншае;

і пад. – і падобнае;                           

гл. – глядзі;

параўн. – параўнай;

напр. – напрыклад;                           

т. – том;

тт. – тамы;

с. – старонка;

сс. – старонкі;

г. – горад;

гр. – грамадзянін;

дац. – дацэнт;

заг. – загадчык;

зб. – зборнік;

нам. – намеснік;

н.ст. – новы стыль;

н.э. – нашай эры;

праф. – прафесар;

р. – рака;

р-н – раён;

руб. – рубель;

с.-г. – сельскагаспадарчы;

с/с – сельскі савет;

ст.ст. – стары стыль;

тав. – таварыш;

т-ва – таварыства;

т.зв. – так званы.

 

ГЛАВА 5

ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ

 

§ 20. Аднамарфемныя прыназоўнікі

                                                                                                                               

1. Прыназоўнікі аб, над, пад, перад пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, што пачынаюцца збегам зычных, пішуцца з дадатковым а: аба мне, нада мной, перада мной. Прыназоўнік з замяняецца ў падобных выпадках на са: са мной (але: з мяне). Прыназоўнік у набывае форму ва ў спалучэннях са словамі з пачатковым у: ва ўніверсітэце, ва ўрачыстасцях, ва ўрочышчы.

2. Варыянт са прыназоўніка з згодна з вымаўленнем пішацца перад збегам зычных, калі першы з іх – шыпячы або свісцячы: са школы, са шкіперам, са сваякамі, са смеху, са зброяй, са старых часоў, са сваімі сябрамі, са звонам, са здымка, велічынёй са шраціну, са знічкай (але:         з братам, з праўдай, з пляча, з грукатам, з цвіком, адно з двух).

 

§ 21. Прыстаўкі

 

1. Да прыставак аб-, ад-, над-, пад-, раз-(рас-), с-(з-), уз-(ус-) пры  спалучэнні з наступнымі марфемамі, што пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), абамшэлы (мох), сабраць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (надгінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а (абапіць, абабіць, абабягаць, абаперціся) для раздзялення двух губных гукаў.

2. Прыстаўка су- пішацца ў назоўніках:

дзе су- вылучаецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў;

як правіла, у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.;

у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор'е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

3. Прыстаўка су- пішацца:

у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, суадпавядаць, супадаць;

у прыметніках: сумежны, сувымерны, сувосевы, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны;

у прыслоўях: супраць (супроць).

4. Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), сумяшчальнік (сумяшчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (сумежны), супольнасць (супольны), сумесна (сумесны), насуперак (супраць) і інш.

5. Прыстаўка са- пішацца:

у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка выдзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе;

у запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, сатрапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш.

6. Прыстаўка са- захоўваецца:

у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць), сапраўды (сапраўдны) і інш.;

у дзеясловах, калі са- з'яўляецца варыянтам с- (перад збегам зычных): садраць (параўн.: здзяру), сагнаць (параўн.: зганю), саскочыць, сажмурыць, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, сашчыкнуць, сашчапіць і інш.;

у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго.

Спрэчныя выпадкі  напісання прыставак су- і са- вызначаюцца па слоўніку.

7. Калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары: аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддаўкі, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік ‘тое, што з’яўляецца крыніцай чаго-небудзь’, уссаджваць, контрразведка, звышштатны, транссібірскі.

Словы-тэрміны іншамоўнага паходжання часткова падпарадкоў-ваюцца гэтаму ж правілу (асабліва тады, калі ёсць адпаведнае слова без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў): сюррэалізм, аддукцыя (параўн.: рэалізм, індукцыя).

У значнай колькасці выпадкаў літары не падвойваюцца, бо слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку.

У словах расол, расольнік, расада, расаднік ‘месца, скрынка для вырошчвання расады’ адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адным с.

8. Да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с.

У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца і пад.; раз'есці, раз'езд,  абяз'ёдаваны, з'інець, раз'юшаны, без'языкі, бяз'ядзерны, з'ялчэць, з'явішча, уз'юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] – прыстаўкі і [з] – кораня.

У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абясшкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк.

9. Калі пасля прыстаўкі з- ідзе няётаваная галосная, то напісанне з ці с вызначаецца па слоўніку: зараць, зарыентаваць, зыначыць, зымправізаваць, зэканоміць, зэканомлены, сахвоціцца, сыграць.

Информация о работе Правілы беларускай арфаграфіі