Грамадска-палітычны лад і права на Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (XVII - XVIII ст.)

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 25 Ноября 2012 в 20:12, реферат

Описание

Утварэнне Рэчы Паспалітай не скасавала Вялікага княства Літоўскага, але палітычнае і эканамічная становішча мясцовага насельніцтва значна пагоршылася. Выбары ў агульны сойм паказалі, што рашаючая роля ў ім належыла польскай шляхце. Так, усяго ў сойме налічвалася 180 дэпутатаў, але толькі 46 дэпутатаў прадстаўлялі ВКЛ. Многія беларускія магнаты не трапілі ў склад паноў - радных. Палітычныя пытанні, якія беларуская шляхта “прасіла” вырашыць у польскага караля шляхам прыняцця адпаведных законаў, не траплялі ў агульны Сойм.

Содержание

1. Дзяржаўна-прававое становішча Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.
2. Форма дзяржаўнага ўладкавання ў Рэчы Паспалітай у XVII - XVIII ст. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады.
3. Раздел Рэчы Паспалітай: прычы і наступствы.
4. Канстытуцыя (“Закон аб урадзе”) 1791 г. Змены ў дзяржаўнам ладзе і сістэме вышэйшых органах улады.

Работа состоит из  1 файл

КСР2.docx

— 57.10 Кб (Скачать документ)

Пераўтварэнне дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай Чатырохгадовы  сойм пачаў з выкладання асноўных прынцыпаў канстытуцыйнага права, замацаваных у «Кардынальных  правах», прынятых у студзені 1791 г.

У іх абвяшчалася  дамінаванне каталіцкай рэлігіі  ў дзяржаве, пераход з каталіцкай веры ў іншую разглядаўся як крымінальнае злачынства; адначасова і асобам, якія трымаюцца іншых веравучэнняў, забяспечвалася свабода і бяспека ў выкананні  рэлігійных культаў; дэкларавалася  вечная унія Польшчы і Вялікага княства  Літоўскага ў саставе Рэчы Паспалітай і яе суверэнныя правы; Рэчпаспалітая  аб'яўлялася прававой дзяржавай, у якой вяршэнства належыць толькі закону, прынятаму  соймам. «Ніякая ўлада нікога не можа абавязаць выконваць распараджэнні, якія не адпавядаюць праву, і не можа дазваляць сабе і іншым таго, што  забараняе права, не будзе ігнараваць тое, што права абавязвае вы¬конваць» . Асабліва важнае значэнне меў арт. 11, у якім абвяшчаліся свабода  слова і друку, за выключэннем  пытанняў, што датычаць пануючай каталіцкай веры, у інтарэсах якой магла быць устаноўлена цэнзура.

Буржуазны характар рэформ праявіўся ў законе ад 24 сакавіка 1791 г., якім бедная беззямельная шляхта пазбаўлялася права ўдзельнічаць у павятовых сойміках і прымаць  удзел у выбарах дэпутатаў  на агульны сойм. Тым самым у  аснову быў пакладзены не саслоўны, а класавы прынцып, характэрны для  буржуазнага выбарчага права.

Для жыхароў  гарадоў і мястэчкаў першачарговае  значэнне меў закон «Гарады нашы каралеўскія свабодныя ў дзяржавах  Рэчы Паспалітай» , прыняты ў красавіку 1791 г. Гэтым законам мяшчане атрымалі такое ж права асабістай недатыкальнасці, якім карысталася беларуска-літоўская  шляхта па Статуту 1588 г. Гэта значыць, забаранялася знявольваць падазраваемага пад  ахову да судовага разбірацельства, за выключэннем выпадкаў затрымання на месцы злачынства, фальшывых банкрутаў, якія не прадставілі дастатковага залога ў судзе. Мяшчанам дазвалялася набываць маёнткі, населеныя залежнымі сялянамі, а ўласнікі маёнткаў коштам звыш 2 тыс. злотых атрымалі права ўзводзіцца соймам у шляхецкае званне. Акрамя таго, на кожным сойме яшчэ па 30 мяшчан, якія мелі нерухомую маёмасць у гарадах, маглі аб'яўляцца шляхтай. Мяшчане, якія даслужыліся ў арміі да званняў  штабс-капітана, капітана і ротмістра, станавіліся са сваімі нашчадкамі шляхціцамі. Мяшчанам дазвалялася займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, а таксама быць адвакатамі. Мяшчане атрымалі права прадстаўляць свае інтарэсы ў соймавых камісіях пры разглядзе пытанняў, што датычыліся гарадоў. Закон аб гарадах стварыў спрыяльныя ўмовы для развіцця гарадоў і збліжэння мяшчан са шляхтай, што дазволіла ўмацаваць палітычныя пазіцыі шляхецка-буржуазнага блока і яшчэ больш энергічна пачаць далейшыя рэформы дзяржаўнага ладу.

Кансалідацыя  патрыятычных сіл у сойме дазволіла 3 мая 1791 г. прыняць Закон аб урадзе (Ustawa Rzаdowa), які ў гістарычнай літаратуры прынята называць Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай 3 мая. Прыхільнікі рэ¬форм, баючыся, што сойм у поўным складзе  не прыме гэтую Канстытуцыю, адважыліся крыху парушыць парадак і пачалі сесію сойма, калі значная частка рэакцыйных дэпутатаў і сенатараў  не вярнулася з велікодных канікулаў. Ha сесіі прысутнічала толькі 182 дэпутаты і сенатары, што складала крыху  больш як адну трэцюю частку агульнага  саставу сойма. Трэцяга мая да каралеўскага замка ў Варшаве, дзе  засядаў сойм, былі выстаўлены вайсковыя  часці, якія падтрымлівалі рэфарматараў, а на вуліцы выйшлі гараджане. У залу пасяджэнняў сойма прыбылі прадстаўнікі мяшчан, тым самым выказваючы падтрымку  Канстытуцыі.

Канстытуцыя 3 мая складалася з прэамбулы і 11 раздзелаў. У прэамбуле ад імя  караля Станіслава Аўгуста гаварылася, што, улічваючы застарэлыя недахопы кіравання ў Рэчы Паспалітай і  жадаючы выкарыстаць становішча, у якім знаходзіцца Еўропа, імкнучыся  дасягнуць знешняй незалежнасці і ўнутранай свабоды народа, для  агульнага дабрабыту і захавання  дзяржавы і яе граніц зацвярджаецца  гэтая Канстытуцыя. У раздз. 1 пануючай рэлігіяй у дзяржаве аб'яўлялася «святая  рымская каталіцкая» рэлігія  з усімі яе правамі. Пераход з  каталіцкай веры ў іншую забараняўся. Для ўсіх іншых канфесій гарантавалася  свабода выканання рэлігійных абрадаў. У раздз. 2 пацвярджаліся ўсе правы  і прывілеі, дадзеныя шляхце Польшчы  і Вялікага княства Літоўскага. Уся  шляхта прызнавалася роўнай між сабой  і ў роўнай ступені магла карыстацца ўсімі правамі і прывілеямі, асабліва асабістай бяспекі, свабоды, уласнасці. Шляхта прызнавалася найпярвейшым абаронцам  свабо¬ды і дадзенай Канстытуцыі. У  раздз. 3 пацвярджаўся закон аб гарадах  і аб'яўляўся часткай Канстытуцыі.

Раздз. 4 змяшчаў новыя нормы аб сялянах. У ім гаварылася: «Сяляне, з-пад рук  якіх цячэ вялікая крыніца багаццяў краіны, якія складаюць у народзе  самую шматлікую частку насельніцтва і, значыць, з'яўляюцца самай дзейнай  сілай краіны, па справядлівасці, з  пачуцця чалавечнасці і хрысціянскага  абавязку, а таксама ўлічваючы  наш уласны, правільна зразуметы  інтарэс, мы бярэм пад ахову правы  і нашага ўрада, устанаўліваючы, што  з гэтага часу любыя свабоды, пажалаванні  або сапраўдныя дагаворы, заключаныя між землеўладальнікамі і сялянамі іх маёнткаў, незалежна ад таго, ці былі яны зроблены ўсёй грамадою або кожным асобным жыхаром вёскі, павінны  ўстанаўліваць агульныя і ўзаемныя абавязацельствы ў адпаведнасці з дакладным значэннем умоў і  запісанага ва ўказаных пажалаваннях і дагаворах, якія знаходзяцца пад апекай краявога ўрада... Абумовіўшы тым спосабам уладальнікаў маёнткаў пры ўсіх паступленнях ад сялян, што ім належаць, і жадаючы заахвоціць павелічэнне насельніцтва ў краіне, даём поўную свабоду для ўсіх людзей, як нанава прыбываючых, так і тых, якія раней выдаліліся з краіны, а цяпер пажадалі вярнуцца на радзіму». У дадзеным раздзеле зроблена спроба хоць бы на словах крыху абмежаваць самавольства паноў у адносінах да сялян, бо сама залежнасць сялян ад паноў не адмянялася. Вядома, сяляне Рэчы Паспалітай не былі задаволены зместам гэтага раздзела Канстытуцыі, а таму не лічылі неабходным яе абараняць.

У раздз. 5 замацоўвалася прагрэсіўнае палажэнне  аб тым, што «ўсякая ўлада ў  чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак  у волі народа» і павінна складацца  «з трох уладаў», г. зн. заканадаўчай, выканаўчай і судовай.

У раздз. 6 вызначалася структура і паўнамоцтвы  сойма, які складаўся з дзвюх  палат: палаты дэпутатаў (паслоў) і палаты сенатараў пад старшынствам караля. Палата дэпутатаў абвяшчалася святыняй заканадаўства. У яе павінны былі ўваходзіць 204 дэпутаты, абавязкам якіх было абмеркаванне ўсіх законапраектаў. Сенат, які складаўся з каталіцкіх епіскапаў, ваяводаў, каштэлянаў і міністраў  пад старшынствам караля, налічваў 132 чалавекі. Закон, прыняты ў палаце дэпутатаў, перадаваўся ў сенат, які мог яго ўхваліць або адкласці да паўторнага пасяджэння сойма. У такім  выпадку абедзве палаты збіраліся  разам і рашэнне прымалася  простай большасцю галасоў. Адмянялася свабоднае вета, забараняліся ўсякія канфедэрацыі. Устанаўлівалася, што  Канстытуцыя падлягае перагляду  праз 25 гадоў.

Пановаму  вырашалася ў Канстытуцыі пытанне  аб выканаўчай уладзе — аб урадзе, склад  і кампетэнцыя якога вызначаліся  ў раздз. 7. Вышэйшым выканаўчым органам  — урадам — абвяшчалася «Ахова законаў» (Straz praw). Ва ўрад уваходзілі кароль як старшыня, кіраўнік каталіцкае царквы — прымас як старшыня камісіі народнай асветы, і пяць міністраў: паліцыі, унутраных  спраў, замежных спраў, ваенны міністр, міністр фінансаў. Назначаліся два  сакратары, з якіх адзін вёў справаводства  «Аховы законаў», другі — замежныя спра¬вы. Міністраў прызначаў кароль.

Да найбольш важных змяненняў адносілася адмена выбарнасці каралёў і ўстанаўленне спадчыннасці трона. Наследнік караля, дасягнуўшы паўналецця і прынёсшы прысягу, мог прысутнічаць на ўсіх пасяджэннях  урада без права рашаючага  голасу. Кароль надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі. Ен прызнаваўся вышэйшым распараджальнікам  усіх узброеных сіл у дзяржаве, прызначаў і здымаў генералаў  і афіцэраў, службовых асоб органаў  дзяржаўнага кіравання, епіскапаў, сенатараў. Аднак усе акты караля мелі патрэбу ў подпісу адпаведнага  міністра, які і адказваў перад  соймам за дадзены акт, паколькі ў  Канстытуцыі было запісана: «Асоба караля з'яўляецца свяшчэннай і ў  бяспецы ад усяго. Нічога сам адзін  не прымае, ні за што ў адказе перад  народам быць не можа» 9. У выпадку, калі ні адзін з міністраў не згодзіцца  падпісаць рашэнне, кароль адступіць  ад гэтага рашэння, а калі будзе настойваць на ім, то пытанне пераносіцца на вырашэнне сойма.

Для належнага  функцыяніравання выканаўчай улады  прадугледжвалася стварэнне пастаянных камісій пры ўрадзе. Чатыры камісіі  — па асвеце, паліцыі, ваенная, фінансаў — выбіраліся соймам, а раней  створаныя ваяводскія камісіі парадку  падлягалі ўрадаваму нагляду.

Стварэнне адзінага ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай змяняла характар дзяржаўнай будовы, ператвараючы канфедэратыўны лад у  федэрацыю, садзейнічала цэнтралізацыі  дзяржавы і ўмацоўвала аўтарытэт  цэнтральных органаў улады і  кіравання, крыху абмяжоўвала ўсе¬магутнасць буйных феадалаў і іх самавольства.

Істотна змяніліся структура і характар дзейнасці су¬довых органаў (раздз. 8). Абвяшчаўся прынцып ажыццяўлення правасуддзя толькі судом. Тым самым  уносіліся змяненні ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588г. Згодна з  Канстытуцыяй не маглі разглядацца  справы ў гаспадарскім судзе і  ў гродскіх судах старастаў і  ваяводаў. Усе суды падраздзяляліся  на суды першай і дру-гой інстанцыі. Суды   першай   інстанцыі  павінны былі разглядаць справы не пасесійна, а стаць пастаяннымі  і працаваць на працягу цэлага года. Ствараліся рэферэндарскія суды для свабодных сялян, а таксама  вышэйшы суд — соймавы. Астатні  займаўся крымінальнымі справамі па дзяржаўных злачынствах супраць  народа і караля. Канстытуцыяй прадпісвалася  выдаць новы кодэкс па грамадзянскіх  і крымінальных справах. Усе суды паранейшаму заставаліся саслоўнымі, залежных сялян працягвалі судзіць  іх паны. |

У раздз. 9 вызначаўся парадак устанаўлення рэгента на выпадак хваробы, палону або непаўналецця караля, раздз. 10 датычыўся  вучобы дзяцей караля і нагляду за іх выхаваннем.

Апошні, 11-ты раздзел Канстытуцыі быў  прысвечаны ўзброеным сілам дзяржавы. Побач са шляхецкім апалчэннем стваралася рэкруцкая армія з сялян. Ставілася  задача павялічыць колькасць арміі  ў некалькі разоў. Армія павінна  была пастаянна заставацца ў падпарадкаванні  выканаўчай улады і прыносіць  прысягу на вернасць народу, каралю і на абарону народнай Канстытуцыі.

Прыняццю  Канстытуцыі 3 мая папярэджвала вострая  палітычная барацьба. Канстытуцыя з'явілася  вынікам кампрамісу паміж землеўладальніцкай шляхтай і гарадской буржуазіяй. Яна захоўвала феадальна-прыгонніцкі  лад і адначасова стварала больш  выгадныя ўмовы развіцця мануфактурнай  вытворчасці і гандлю, надзяляла  больш шырокімі правамі гарадскіх  жыхароў-мяшчан. Менш за ўсё яна ўносіла  змен у прававое становішча сялян. Канстытуцыя  карэнна змяніла структуру вышэйшых органаў улады. Сойм ператвараўся ў  орган, здольны да дзеяння. Ен стаў сапраўды заканадаўчым і кантралюючым органам. Дзякуючы Канстытуцыі ў Рэчы Паспалітай была зроблена спроба ажыццявіць прынцып  парламенцкага спосабу кіравання. Для свайго часу Канстытуцыя мела прагрэсіўнае значэнне, але яе палжэнні не былі поўнасцю ажыццёўлены з-за бунту  рэакцыйных колаў, якія абвясцілі вясной 1792 г. у горадзе Таргавіцэ канфедэрацыю, і ўмяшання замежных дзяржаў.

Акт Таргавіцкай  канфедэрацыі аб'явіў незаконнай дзейнасць  Чатырохгадовага   сойма, які нібыта «парушыў кардынальныя правы, адмяніў усе шляхецкія вольнасці, а 3 мая, учыніўшы рэвалюцыйную змову, устанавіў новую форму ўлады пры дапамозе мяшчан, салдат, уланаў... Рэспубліку ператварыў у манархію, беззямельную шляхту ад роўнасці і свабод адхіліў». Далей гаварылася, што канфедэрацыя ўтворана ў імя абароны каталіцкай рэлігіі, захавання   цэласнасці граніц Рэчы Паспалітай і старых свабод шляхты. Не маючы шырокай падтрымкі ўнутры дзяржавы, таргавічане звярнуліся да царскага ўрада, які 18 мая 1792 г. накіраваў 100-тысячную армію ім на дапамогу, што прывяло да хуткай перамогі таргавічан. Выклікаўшы ваенны разгром Рэчы Паспалітай, яны садзейнічалі і яе другому падзелу, бо ў студзені 1793 г. Прусія дамовілася з Расіяй аб адарванні ад Рэчы Паспалітай   часткі тэрыторый. Да Расіі адышла частка   Беларусі   з   гарадамі Менскам, Барысавам, Слуцкам,   Пінскам, Мазыром і некаторыя раёны Заходняй Украіны, а да Прусіі спрадвечна польскія землі з гарадамі   Торунем, Гданьскам, Познанню.

Сойм  Рэчы Паспалітай, які сабраўся 17 чэрвеня 1793 г. ў Гародні, прызнаў гэтыя  адарванні. У ходзе Гарадзенскага  сойма было аб'яўлена аб роспуску Тар¬гавіцкай канфедэрацыі i стварэнні Гарадзенскай. Гарадзенскім соймам, які дзейнічаў  як канфедэрацыя, была адменена Канстытуцыя 3 мая і прынята новая Канстытуцыя. Асноўныя артыкулы Канстытуцыі 1793 г. былі наступнымі: аднаўляўся Пастаянны савет, аднаўлялася выбіральнасць каралёў, вышэйшым заканадаўчым ор¬ганам краіны заставаўся сойм, які павінен быў  склікацца кожныя чатыры гады на восем  тыдняў, рашэнні ў сойме прымаліся  большасцю галасоў, каралю прадастаўлялася  права вета на соймавыя рашэнні, якія датычацца асноўных законаў. Аднак  і гэтая Канстытуцыя заставалася  на паперы, бо Рэч Паспалітая страчвала  сваю незалежнасць, а царызм аказваў  рашаючы ўплыў на ваенныя і  палітычныя справы.

Спiс літаратуры:

  1. Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: вучэб. дапаможнік. - Мінск: Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2003. - 319 с.
  2. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусь - Мінск: Універсітэцкае, 1992-269 с.
  3. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі., 1994. - 512 с.

 


Информация о работе Грамадска-палітычны лад і права на Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (XVII - XVIII ст.)