География Брестской области

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Ноября 2012 в 22:41, реферат

Описание

Кліматычныя ўмовы Брэсцкай вобласці з'яўляюцца вядучым фактарам, які вызначае занальнае размеркаванне і дыферэнцыяцыю прыродных і гаспадарчых аб'ектаў. Клімат Брэсцкай вобласці характарызуецца як умерана-кантынентальны, няўстойліва вільготны, што заснавана на класіфікацыі клімату Б.П.Алісава. Вобласць знаходзіцца ва ўмераным кліматычным поясе, дзе часцей за ўсё паўтараюцца паветраныя масы ўмераных шырот. Вобласць размешчана ў даволі шырокай пераходнай зоне, дзе чаргуюцца ўмераныя масы марскога і кантынентальнага тыпу, чым тлумачыцца няўстойлівасць надвор'я.

Работа состоит из  1 файл

География Брестской области(климат, воды, почвы, раст. и жив. мир).docx

— 84.90 Кб (Скачать документ)

Сукупнасць усіх раслінных згуртаванняў вобласці ўтварае яе рас-лінняе покрыва. У залежнасці ад экалагічных умоў у вобласці развіваюцца наступныя тыпы расліннага покрыва: лясная, лугавая, балотная і водная расліннасць. Пад уплывам гаспадарчай дзейнасці чалавека пашыраецца культурная расліннасць.

Сярод натуральнай расліннасці  пераважаюць лясы, на іх прыпадае 32,9% тэрыторыі вобласці. Лясы з'яўляюцца занальным тыпам расліннасці і пераважаюць на плакорных, міжрэчных прасторах. Галоўныя лесаўтвараючыя пароды ўдзельнічаюць у фарміраванні асноўных тыпаў лесу, якія маюць наступнае пашырэнне ў вобласці: хваёвыя – 59,6 %, бярозаваыя – 16,8%, чорнаальховыя – 15,1 %, дубовыя – 3,8%, яловыя – 3,2%. Акрамя іх сустракаюцца грабавыя, ясянёвыя, асінавыя лясы.

Да хвойных адносяцца хваёвыя (бары) і яловыя лясы. У хваёвых лесах пераважае хвоя звычайная, якая адрозніваецца непатрабавальнасцю да глебава-кліматычных умоў і таму расце як на сухіх пясчаных глебах, так і на забалочаных участках. На ўзвышаных участках, складзеных пяскамі, растуць лішайнікавыя ці бруснічныя бары. На супясчана-сугліністых глебах атрымліваюць развіццё бары-зеленамошнікі з верасам, ядлоўцам або чарнічнікам. Гэта найбольш прадукцыйныя фармацыі хваёвых лясоў. Пры павелічэнні ўвільгатнення развіваюцца бары-даўгамошнікі, у якіх з'яўляюцца хвашчы, асокі, малінія. Вялікае пераўвільгатненне вядзе да развіцця сфагнавых саснякоў з прымессю багуна, буяка. Хвоя расце тут у вельмі прыгнечаным стане. У дрэвавым ярусе хваёвых лясоў Брэстчыны часта дамешваюцца шырокалістыя (дуб, ліпа, клён) ці дробналістыя пароды (бяроза, асіна).

Яловыя лясы пашыраны ў вобласці ў асноўным у паўночных раёнах. якія заходзяць у падзону грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў і маюць значны дамешак шырокалістых парод – грабу, ліпы, клёну, ляшчыны. У больш вільготных месцах да елкі дамешваецца чорная вольха. У Брэсцкай вобласці прыкладна па лініі Ружаны-Ганцавічы праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага распаўсюджвання елкі еўрапейскай. На поўдні, у межах Палесся, яловыя лясы сустракаюцца ў астраўных месцазнаходжаннях, дзе пераважае хуткарастучая карпацкая раса елкі еўрапейскай. Яловыя лясы растуць на добра ўвільготненых, але не забалочаных глебах, развітых на марэнных і лёсападобных суглінках і супесках ці пясках, падасланых марэнай. З прычыны значнага зацянення падлесак і травяна-імховы ярус разрэджаныя. У падлеску растуць ценевынослівыя хмызнякі – брызгліна барадаўчатая, ляшчына і іншыя. Звычайнымі спадарожнікамі яловых лясоў сярод траў з'яўляюцца кісліца, майнік, дабраполь, дзераза. Мохавае покрыва добра развіта, ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення глебы яно ўтвараецца з зялёных імхоў, лугавога ільну, радзей сустракаецца сфагнум.

Сярод шырокалістых лясоў вобласці найбольш пашыраны дубравы, сустракаюцца таксама грабавыя і ясянёвыя лясы. Яны растуць на крыху павышаных участках, на аўтаморфных супясчаных ці сугліністых глебах. У шырокалістых лясах добра развіты паддесак і наглебавае покрыва. Падлесак складаецца пераважна з арэшніку і брызгліны, з прымессю крушыны ломкай, рабіны, чаромхі, каліны, маліны і іншых. Травяное покрыва ў шырокалістых лясах вызначаецца разнастайнасцю. Светалюбівыя травы (зоркаўкі, медуніца, кураслеп, фіялка і інш.) развіваюцца вясной да паяўлення лісцяў на дрэвах. Ценевынослівыя травы (кісліца, варанец, папараць) развіваюцца летам. У травяным покрыве шырокалістых лясоў Брэстчыны шмат заходнееўрапейскіх відаў (купальнік горны, зубніца цыбульная і інш.). Мохавае покрыва ў шырокалістых лясах развіта слабей, чым у змешаных.

Да дробналістых адносяцца бярозавыя, чорнаальховыя, асінавыя лясы. Яны развіваюцца па высечках, пажарышчах, рачных далінах, нізінных балотах і каля азёр. У якасці дамешкаў у іх сустракаюцца ясакар, чаромха, крушына, каліна, рабіна, а падчас і шырокалістыя і хвойныя дрэвы. Бярозавыя лясы растуць на добра асветленых участках, таму пераважаюць у пачатку зарастання лесасек і пажарышчаў. Чорнаальховыя лясы растуць на пераўвільготненых глебах, прычым з павелічэннем праточнасці вод павялічваецца іх прадукцыйнасць. На месцах застойнага ўвільгатнення вольха чорная замяняецца бярозай пушыстай. Асіннікі хутка разрастаюцца на пустэчах і высечках, але асіна пазбягае сухіх пяскоў.

Характар лясной расліннасці Брэсцкай вобласці дазваляе падзяліць яе тэрыторыю на часткі, аднародныя па складу і структуры расліннасці. Паводле геабатанічнага раянавання Беларусі (Юркевіч, 1979) тэрыторыя вобласці знаходзіцца ў межах Нёманска-Перадпалескай акругі падзоны грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў і Бугска-Палескай акругі падзоны шырокаліста-хваёвых лясоў (мал. 2.18).

Лугавая расліннасць Брэсцкай вобласці складаецца са згуртаванняў шматгадовых траў, якія не спыняюць развіцця на працягу цёплага перыяду. Такія травы называюць мезафільнымі, і характэрны яны для лугоў лясной зоны. Разам з тым лугавая расліннасць вобласці адчувае істотны ўплыў з боку стэпавай расліннасці. На сухіх багатых дзярнова-падзолістых глебах сустракаюцца тыповыя стэпавыя расліны: аўсяніца шурпаталістая, танканог, метлюжок вузкалісты, крынічнік каласісты.

У залежнасці ад характару рэльефу  і воднага жыўлення лугі падзяляюць на сухадольныя, нізінныя і поймавыя (заліўныя).

Сухадольныя лугі займаюць 8,9% усіх лугоў вобласці. Яны размешчаны на павышаных элементах рэльефу і атрымліваюць пераважна атмасфернае ўвільгатненне. Травастой сухадольных лугоў утвараюць злакі і разнатраўе. Са злакаў у залежнасці ад увільгатнення характэрны булаваносец сіваваты, аўсяніцы авечая і чырвоная, мятліца тонкая і сабачая, пахучы каласок; разнатраўе – шчаўе малое, ястрабінка валасістая, крываўнік звычайны, казяльцы едкі і паўзучы; бабовыя – канюшыны лугавая і паўзучая, гарошак мышыны.

Нізінныя лугі найбольш пашыраны, на іх прыпадае 67,2% усіх лугоў вобласці. Яны займаюць глыбокія паніжэнні водападзелаў і надпоймавых тэрас і ўвільгатняюцца пераважна грунтовымі водамі, водамі паверхневага сцёку і атмасфернымі ападкамі. Травастой нізінных лугоў складаеца са злакаў (вострыца дзірваністая, мятліца сабачая і белая, метлюжкі балотны і звычайны), асок і значнай прымесі вільгацелюбнага разнатраўя (панікніца гарадская, казяльцы паўзучы і едкі, незабудка балотная). На нізінных лугах развіваецца мохавае покрыва з зялёных імхоў.

Заліўныя (поймавыя) лугі прымеркаваны да пойм рэк. Гэты тып лугоў утвараецца ва ўмовах штогадовага затаплення веснавымі водамі. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення травастой такіх лугоў змяняецца ад разнатраўна-дробназлакавага (аўсяніца чырвоная, мятліца тонкая, пахучы каласок, трыпутнік ланцэталісты, канюшына лугавая) да асакова-буйназлакавага (сітняк ніткападобны, вострая, пузырчатая, збліжаная, лісіная і іншыя асокі, вільгацелюбныя злакі – чаротніца трыснёгападобная, маннікі). Поймавыя лугі маюць найбольшую прадукцыйнасць.

Забалочанасць тэрыторыі Брэсцкай вобласці складае 21%. Большасць балот вобласці нізіннага тыпу. На іх прыпадае 88,2% усіх балот. Нізінныя балоты ўтварыліся пры зарастанні вадаёмаў, у далінах рэк, каля азёр, забалочванні плоскіх водападзельных прастораў з неглыбокім заляганнем грунтовых вод. Гэтым абумоўлена багатае мінеральнае жыўленне і найбольш разнастайная балотная расліннасць. Па яе характару нізінныя балоты падзяляюцца на лясныя, травяныя і мохавыя. 3 дрэў і хмызнякоў на такіх балотах растуць бяроза пушыстая, вольха чорная, часам елка ці хвоя і вельмі часта попельная вярба. У травяным покрыве пераважаюць асокі (омская, ніткападобная), трыснёг, шабельнік, касач, бабоўнік, балотны хвошч. Развіты гіпнавыя імхі. На вельмі абводненых балотах пераважаюць трысняговыя, хвашчовыя, травяна-гіпнавыя і асакова-гіпнавыя асацыяцыі. Вялікія травяныя балоты вядомы пад назвай "галы". На менш абводненых балотах пераважаюць асакова-злакавыя, чорнаальхова-крапіўна-разнатраўныя асацыяцыі.

Верхавыя і пераходныя балоты распаўсюджаны на невялікіх плошчах у Ганцавіцкім, Столінскім, Івацэвіцкім раёнах. Іх агульная доля ад плошчы ўсіх балот 11,8%. Расліннасць на іх існуе амаль выключна за кошт атмасфернага жыўлення, таму яна вельмі аднастайная. Пераважаюць сфагнавыя імхі, сустракаюцца расянкі. Дрэвавы ярус прадстаўлены рэдкім карлікавымі хвоямі, якія не могуць выкарыстаць халодную і бедную пажыўнымі рэчывамі ваду. Вельмі пашыраны тут журавіны, падвей похвенны, зрэдку трапляецца марошка. На пераходных балотах умовы жыўлення раслін паляпшаюцца і іх склад узбагачаецца. З'яўляюцца вербы, вольхі, бярозы і асіна.

З гаспадарчай дзейнасцю чалавека звязана сінантрапізацыя расліннасці вобласці. Яна праяўляецца ў пашырэнні плошчаў, занятых культурнай расліннасцю, павелічэнні долі інтрадукаваных раслін у складзе флоры. Разам з пашырэннем культурнай расліннасці распаўсюджваецца пустазелле. Уздоўж дарог і вуліц ў населеных пунктах, у парках высаджваюцца дэкаратыўныя расліны, якія вызначаюцца сваімі памерамі, формай кроны, будовай і колерам кветак. Для азелянення выкарыстоўваюцца як мясцовыя, так і інтрадукаваныя расліны. Сярод іх шмат кветкавых раслін (ружы, цюльпаны, гладыёлусы, гіяцынты і іншыя), хмызнякі (бэз, ядловец віргінскі і казацкі) і дрэвы (хвоі, елкі, піхты, дубы, арэхі і іншыя). Цікавыя калекцыі дрэвавых абарыгенных і інтрадукаваных экзатычных раслін сабраны ў дэндралагічных парках: Кобрынскім, Парэцкім, Ружанскім і Савейкаўскім.

 

2.8. ЖЫВЁЛЬНЫ СВЕТ

 

Гістарычнае развіццё жывёльнага свету на тэрыторыі вобласці прывяло да фарміравання сукупнасці відаў жывёл, якая ўяўляе фауну Брэстчыны. Сучасная фауна вобласці належыць да лясной зоны Ёўрапейска-Сібірскай вобласці Палеаарктычнага падцарства Галарктычнага царства. Для фауны вобласці характэрны жывёлы з еўрапейска-сібірскім тыпам арэалаў, а жывёл з эндэмічнымі арэаламі няма. Згодна з зоагеаграфічным раянаваннем Беларусі (Долбік, 1965, 1974), распрацаваным па ланшафтнаму прынцыпу, Брэсцкая вобласць адносіцца да пераходнага раёна (Белавежская пушча), заходняга (захад і поўнач вобласці) і ўсходняга (паўднёвы ўсход вобласці) раёнаў. Ф.Н.Варонін у 1976 годзе распрацаваў схему зоагеаграфічнага раянавання Беларусі, заснаваную на ўліку асаблівасцей клімату, рэльефу і расліннасці. Паводле яе поўнач Брэстчыны адносіцца да Цэнтральнай пераходнай правінцыі, а поўдзень – да Палескай нізіннай правінцыі.

Фауна вобласці мае рознае паходжанне ў сувязі з неаднаразовай зменай гістарычных умоў фарміравання фауністычных комплексаў і прыродных асаблівасцей тэрыторыі. Неаднаразовыя зледзяненні ў антрапагене прыводзілі некалькі разоў да амаль поўнага вымірання ранейшых фауністычных комплексаў. Фарміраванне сучаснай фауны адбывалася пасля вызвалення ўсёй тэрыторыі ад дняпроўскага зледзянення, паўночных раёнаў ад сожскага зледзянення і пацяплення клімату ў час паазёрскага зледзянення Беларусі. У галацэне безупынны, узрастаючы ўплыў на фарміраванне фауны Брэстчыны аказваў чалавек. Паляванне на звера і птушку пачалося яшчэ ў неаліце, пашырэнне ворных земляў і скарачэнне лясных масіваў прывялі да змяншэння колькасці многіх дзікіх жывёл і вымірання асобных відаў. Да ХV-ХVШ стагоддзяў у лясах Брэстчыны жылі собалі, бабры, лясныя коні – тарпаны, высокародныя алені, дзікія лясныя быкі – туры, зубры. Пашырылася распаўсюджванне жывёл, якія прыстасаваліся да жыцця побач з чалавекам. Значна рассяліліся і сталі больш шматлікімі і стэпавыя віды ў сувязі з пашырэннем адкрытых прастораў. Гэта шэрая курапатка, перапёлка, заяц-русак, звычанны хамяк, рабы суслік, чубаты жаваранак. На працягу апошняга стагоддзя практыкавалася рэакліматызацыя некаторых раней вымершых на Брэстчыне жывёл. У выніку на тэрыторыі вобласці зноў жывуць зубры, высокародныя алені, бабры. Паспяхова акліматызаваны ў вобласці шэраг новых відаў пераважна прамысловага значэння. Сярод іх андатра, янотападобны сабака, фазан.

У склад фауны вобласці уваходзяць групы жывёл, якія развіваліся ў  розных геаргафічных умовах. Прадстаўніком  тундравай фауны з'яўляецца даволі рэдкі на Брэстчыне заяц-бяляк. Болш разнастайныя ў вобласці тыповыя  жывёлы тайгі. Да іх трэба аднесці  лася, рысь, вавёрку, глушца, рабчыка, снягіра, трохпальцавага дзятла, крыжадзюба-яловіка і некаторых іншых. Гэтыя жывёлы жывуць у мяшаных хваёва-шырокалістых лясах і часцей сустракаюцца ў паўночнай частцы вобласці, дзе ў лясах пашырана елка. Вышэй адзначалася, што ў Брэсцкай вобласці пашыраліся некаторыя прадстаўнікі стэпавай фауны. Але самым шматлікім і разнастайным элементам фауны з'яўляюцца жывёлы еўрапейскіх шырокалістых лясоў. Наяўнасць розных геаграфічных груп жывёл у складзе фауны звязана з неаднаразовай зменай умоў асяроддзя. Пры гэтым скарачалася колькасць і плошча арэалаў асобных жывёл пад уплывам х выцяснення больш прагрэсіўнымі відамі. Некаторыя рэліктавыя жывёлы захаваліся да цяперашняга часу. Найбольш рэліктаў захавалася з ледавіковага часу: зубр, з рыб – мянтуз. Рэліктам ксератэрмічнага часу галацэну з'яўляецца аўдотка.

Засяленне жывёламі разнастайных месцапражыванняў з рознымі прыроднымі ўмовамі  прывяло да фарміравання некалькіх  тыпаў зоацэнозаў. Найбольш багатыя, складаныя і разнастайныя лясныя зоацэнозы. У іх багата  прадстаўлены жывёлы, якія кормяцца рознымі часткамі раслін. Гэта раслінаядныя насякомыя, многія з якіх з'яўляюцца шкоднікамі лесу: жукі-караеды, дрывасекі, жук-алень, хрушч, вялікі сасновы слонік, альховы лістаед, матылькі-шаўкапрады і шмат іншых. Сярод пазваночных жывёл,  спажыўцоў фітамасы, ў глебава-наземным ярусе шмат грызуноў і капытных. Гэта зубр, казуля, высокародны алень, кабан, лось, лясная рыжая палёўка і звычайная лясная мыш, еўрапейская жоўтагорлая мыш. У дрэвавым ярусе пладамі і насеннем кормяцца разнастайныя птушкі: глушэц, цецярук, рабчык, белабрывы дрозд, арэхаўка, лясны жаваранак, дубанос, шчыгол, аўсянка, чачавіца. Прычым у час гадавання птушанят нават гэтыя птушкі кормяцца пераважна насякомымі. У дуплах дрэў або гнёздах на дрэвах жывуць соні (арэшнікавая, палчок, садовая і лясная), а таксама вавёркі.

Зоафагамі I парадку з'яўляюцца насякомаядныя арганізмы. У глебава-наземным ярусе лясных зоацэнозаў Брэстчыны жывуць прадстаўнікі млекакормячых з атрада насякомаядных – крот, вожык, буразубкі. Іх можна сустрэць таксама і ў хмызняках, на агародах і палях. Тут жа, у наземным ярусе лясоў можна сустрэць амфібій – звычайную рапуху, травяную і вострамордую жаб. Насякомымі кормяцца таксама спрытная і жывародзячая яшчаркі і бязногая яшчарка-вераценіца. У кронах дрэў і ў паветры ловяць насякомых разнастайныя птушкі, рукакрылыя млекакормячыя і даволі рэдкая дрэвавая жаба – квакша. Прадстаўнікамі пераважна насякомаядных птушак у лясных зоацэнозах з'яўляецца трохпальцавы, чорны, вялікі і сярэдні стракатыя, зялёны дзятлы, сініцы, лясны канёк, жоўтагаловы каралёк, івалга, мухалоўкі, салавей і іншыя. З рукакрылых жывуць каля дзесятка відаў кажаноў: вячорніцы, двухколерны кажан, кажан-карлік і іншыя.

Информация о работе География Брестской области