Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Апреля 2012 в 12:52, реферат

Описание

Усе звесткі пра Цяпінскага, вядомыя на сённяшні дзень, можна падзяліць на дзве нераўнамерныя часткі. Да першай адносіцца толькі некалькі крыніц, што апавядаюць пра дзейнасць польска–літоўскіх антытрынітарыяў. Яны праліваюць святло на найбольш важны аспект біяграфіі Цяпінскага — яго канфесійнае становішча

Работа состоит из  1 файл

Да біяграфіі Васіля Цяпінскага.doc

— 170.50 Кб (Скачать документ)


Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля

 

Ігар Клімаў

 

З усіх дзеячоў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпінскага, напэўна, найменш вядомая. І гэта пры тым, што перакладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з выдатнымі асветнікамі Беларусі. Але ён не толькі паслядоўнічаў справе сваіх славутых папярэднікаў (і значнай колькасці сваіх сучаснікаў), але шмат у чым пайшоў далей за іх.

 

Звесткі пра асобу Цяпінскага вельмі сціплыя і няпэўныя, нават час яго жыцця нельга вызначыць дакладней, чым 2–я палова XVI ст. У Літоўскай метрыцы адшуканы цэлы шэраг згадак пра Цяпінскага, але няма ўпэўненасці, што ўсе яны датычаць менавіта той асобы, якая пераклала і выдала Евангелле. Сябе Цяпінскі называе толькі аднойчы, у прадмове да Евангелля, якая захавалася ў адзіным рукапісе, што паходзіць са скрыпторыя Супрасльскага манастыра (Падляшша): Василеи Тяпинскіи. Апрача таго, вядомы адзін дрэварыт (дакладней, яго копія) з выявай Цяпінскага і подпісам Василь Тяпинскии1. Некалькі разоў Цяпінскага як свайго аднадумца згадвае ў шэрагу твораў вядомы беларускі пратэстант Сымон Будны (называе яго: Basilem Ciapiсskim, Wasila Ciapiсskiego), з чаго вынікае, што Цяпінскі належаў да пратэстанцкага руху2. Пра гэта сведчыць і справа, якой займаўся Цяпінскі — пераклад ды выданне Св. Пісьма на народную мову. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі скрозь гаворыць пра „Навуку Слова Божага“, што таксама было тыпова для пратэстанцкага дыскурса.

 

Сціпласць гістарычных звестак пра Цяпінскага тлумачыцца, напэўна, тым, што пратэстантызм у Беларусі быў прынесенай з’явай і заставаўся вызнаннем меншасці. Хоць гэта была актыўная і адукаваная меншасць, пратэстанцкія супольнасці былі ізаляваныя ад іншых асяродкаў, што трымаліся традыцыйных вызнанняў, і жылі сваім адасобленым жыццём. Актыўнасць збору часта праходзіла ў баку ад афіцыйных устаноў і інстытуцый, і толькі па асобных культурных фактах кшталту літаратурных твораў ці перакладаў можна даведацца пра яе. Таму дзейнасць збору знаходзіла мінімальнае адлюстраванне ў публічных актах і толькі ўскосна набывала фіксацыю ў афіцыйным справаводстве, з нагоды, напрыклад, спраў вакол маёмасці. Больш надзейнымі крыніцамі звестак пра Цяпінскага магла б стаць эпісталярная і дакументальная спадчына польска–беларускай Рэфармацыі, але яна ў поўным аб’ёме яшчэ недастаткова вывучаная.

 

Усе звесткі пра Цяпінскага, вядомыя на сённяшні дзень, можна падзяліць на дзве нераўнамерныя часткі. Да першай адносіцца толькі некалькі крыніц, што апавядаюць пра дзейнасць польска–літоўскіх антытрынітарыяў. Яны праліваюць святло на найбольш важны аспект біяграфіі Цяпінскага — яго канфесійнае становішча. Сведчанні гэтых крыніц цалкам адпавядаюць характару перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці Цяпінскага, якая вялася ў пратэстанцкім духу. Менавіта гэтыя сведчанні заслугоўваюць найбольшага даверу, чаго нельга сказаць пра другую частку звестак. Яны складаюцца са шматлікіх згадак пра Васіля Цяпінскага (або Цяпіна) ці проста Цяпінскага, а таксама Цяпінскіх з іншымі імёнамі, знойдзеных у розных юрыдычных і гаспадарчых дакументах сярэдзіны XVI — пачатку XVII ст., галоўным чынам у Літоўскай метрыцы. Усе гэтыя звесткі, як паказаў у свой час Лявіцкі, што найбольш крытычна падышоў да іх ацэнкі, „не можна зараз же тулити ... до особи загадкового перекладача ... Євангелїя, коли ... немає виразного свідоцтва, що то власне про його йде мова...“3. А якраз такога сведчання пазбаўленыя згадкі гэтай часткі крыніц. Патрэбна адмысловая інтэрпрэтацыя, каб звязаць іх з асобай перакладчыка Евангелля ці наадварот, адхіліць зусім.

 

Асноўны масіў дакументаў, дзе згадваецца імя Цяпінскага, сабраў і абагуліў яшчэ напрыканцы XIX ст. М. Доўнар–Запольскі4. Паводле гэтых крыніц маёнткі Цяпінскага былі раскіданыя па розных кутках Беларусі: не толькі на Полаччыне, дзе існавала вёска з назвай Цяпіна (пад Чашнікамі), але на Міншчыне, Лідчыне, Віленшчыне і нават на пад Кіевам. З гэтых звестак вынікала, што Васіль Цяпінскі належаў да дробных землеўласнікаў, цярпеў ад самавольства заможных паноў і быў абмежаваны ў сродках. Дарэчы прыйшліся і нараканні самога Цяпінскага ў прадмове да Евангелля на абмежаванасць яго сродкаў і згадкі пра значныя высілкі дзеля выдання Евангелля5.

 

Высновы Доўнара–Запольскага былі, аднак, узятыя пад сумнеў А. Лявіцкім6. Разбіраючы дакументы XVI ст., што паходзяць з Валыні, ён знайшоў у іх вялікую колькасць згадак пра нейкага Васіля Цяпінскага. Супастаўленне гэтых крыніц з матэрыялам Доўнара–Запольскага вымушала прызнаць, што Цяпінскі адначасова знаходзіўся ў розных мясцінах. Таму Лявіцкі заключыў, што „в другій половинї XVI в. істнував не один Василь Тяпинський, а одночасно їх було два“7. Гэта было натуральнай з’явай для шляхецкіх родаў ва ўмовах здрабнення феадальнага землеўладання8. З гэтай прычыны, сцвярджаў Лявіцкі, нельга давяраць ніводнаму акту, дзе згадваецца прозвішча Цяпінскага, калі „актові матеріяли не подають задля сього найменьшої підстави ... про те, щоб той або инший Тяпинський хоч як небудь дотикався до літературних чи друкарських справ“9. Адсюль усе матэрыялы Доўнара–Запольскага, на думку Лявіцкага, губляюць сваю доказную сілу, бо ў іх няма „хочай би малого натяку на те, що се був власне той самий Тяпинський, що переклав і видав Євангелїє“10.

 

Больш за тое, у нядаўняй працы У. Вяроўкіна–Шалюты11 было паказана, што і сярод гэтых шляхцічаў Цяпінскіх з Беларусі ёсць два Васілі: „раней усё, што ведама пра Васіля Цяпінскага, прыпісвалася аднаму чалавеку, а іх было два“12. На падставе розных крыніц даследчык здолеў рэканструяваць генеалогію роду Цяпінскіх у XVI ст. і звязаць яго паходжанне з родам Слушкаў, вядомага з пачатку XVI ст. Ён высветліў, што ў братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх былі сыны, якія абодва насілі імя Васіль, і паставіў пытанне, хто з іх з’яўляецца перакладчыкам і выдаўцом Евангелля13.

 

Хоць Лявіцкі заклікаў гісторыкаў да пэўнай асцярожнасці пры інтэрпрэтацыі крыніц, звязаных з Цяпінскім, аднак яго заклікі так і не былі ўзятыя пад увагу большасцю аўтараў, якія пісалі пра беларускага пратэстанта14. Па словах Лявіцкага, яны „звертались до инших історичних та литературних джерел і все, що тільки знаходили там про Василя Тяпинського, не вагаючись, прикладали до його особи“15. У выніку беларускаму перакладчыку было прыпісана шмат фактаў, якія ў сапраўднасці не маюць да яго дачынення.

 

Так, зусім невядома, якое імя па бацьку сапраўды меў Васіль Цяпінскі, „гэта ўжо пазьнейшыя дасьледчыкі яго творчасьці надалі яму бацьку Мікалая“16, на той падставе, што ў другой палове XVI ст. адзін з уладальнікаў маёнтка Цяпіна, Мікалай Цяпінскі, меў сына Васіля. Аднак, як высветліла даследаванне Вяроўкіна–Шалюты, на Беларусі ў адну эпоху існавала два Васілі: стрыечныя браты Васіль, сын Матэя Цяпінскага, і Васіль, сын Мікалая Цяпінскага. І з актаў зусім не вынікае, хто з іх спрычыніўся да перакладу і выдання Евангелля. Другая частка (Амельяновіч) падвойнага прозвішча, якое настойліва надаюць Цяпінскаму, была звязана ўсяго толькі з назваю маёнтка (відаць, не родавага) у Латыголічах, але няма ўпэўненасці, што назва гэтага маёнтка ўваходзіла ў склад родавага прозвішча Цяпінскага17. Відаць, правільна лічыць, што прозвішча беларускага перакладчыка звязана з тапонімам Цяпіна18, але няма ніякіх сведчанняў, што той Цяпінскі, які паводле розных крыніц дзейнічаў у Цяпіне, меў дачыненне да перакладу і друкарскіх спраў. Аднак усе такія „звесткі“ пра Цяпінскага надзейна замацаваліся ў даведніках і энцыклапедыях і падаюцца ў іх на правах ледзь не фактаў, хоць на самай справе яны ўяўляюць сабой толькі меркаванні ці гіпотэзы.

 

Кіруючыся папярэджаннямі Лявіцкага, „рішучо остерігавшого, щоб не валити всіх Тяпинських в одно“19, трэба з належным крытыцызмам ставіцца да сведчанняў дакументальных крыніц і па–новаму ацэньваць іх вартасць. Адзіна надзейнымі трэба прызнаць толькі згадкі з пратэстанцкага лагера, якія характарызуюць Цяпінскага як удзельніка польска–беларускай Рэфармацыі.

 

Найбольшага даверу тут заслугоўваюць два сведчанні Сымона Буднага, якія ён даў мімаходзь у сваіх друкаваных творах. Пра гэта навуковаму свету паведаміў А. Брукнер20, услед за якім гэтыя звесткі пачалі цытаваць іншыя аўтары21. Першая з іх знаходзіцца ў катэхізісе, што выдаў Будны пад назваю „O przednieyszych wiary christiaсskiej artikulech“ (Лоск, 1576), і паведамляе пра сход у 1574 г. аднадумцаў Буднага ў доме Васіля Цяпінскага22. Другая згадка знаходзіцца ў зборніку трактатаў Буднага пад назвай „O urzкdzie miecza uїywaj№cem“ (Лоск, 1583) і апавядае пра дыскусію па важным тэалагічным пытанні паміж Васілём Цяпінскім і двума вядомымі антытрынітарыямі — Мартынам Чаховічам і Аляксандрам Вітрэлінам, што адбылася ў 1578 г. на сустрэчы беларускіх і польскіх антытрынітарыяў у Лоску23. Апрача заўваг Буднага вядома і адна дакументальная натацыя пра нейкага Цяпінскага, які ў 1569 г. прымаў удзел у пратэстанцкім сінодзе ў Бэльжыцах24. Такім чынам, паводле гэтых крыніц Цяпінскі з канца 1560–х г. належаў да пратэстанцкага руху і быў прыхільнік ідэй Буднага.

 

Сведчанні, узятыя з дакументаў Літоўскай метрыкі і іншых юрыдычна–гаспадарчых актаў беларускага і ўкраінскага паходжання25, можна аб’яднаць у некалькі груп. Кожная група згадак апавядае пра адну асобу (ці адно кола асоб), што насіла прозвішча Цяпінскі, аднак пакуль няясна, якое дачыненне ўсе яны маюць да перакладчыка і выдаўца Евангелля. Таму вядомыя згадкі, якія ніжэй падаюцца па групах у храналагічным парадку, не трэба разглядаць як дакументальны жыццяпіс беларускага пратэстанта.

 

Найбольш раннія з вядомых згадак прозвішча Цяпінскі ў XVI ст. паходзяць з канца 20–х г. У недатаваным дакуменце 1529 г. згадваецца „баярын трокскага павету“ Мікалай Амельяновіч Цяпінскі, якому віцебскі баярын Глеб Шапка разам з Васілём Рагозічам засталіся вінныя пэўную суму26. Але і праз дзесяцігоддзе, як сведчыць акт 1540 г., Мікалай Цяпінскі, названы цяпер ужо як „баярын гаспадарскі Полацкага павету“, усё яшчэ не мог 9 снежня 1540 г. спагнаць гэтую суму з Глеба Шапкі27. З гэтых крыніц вынікае, што Мікалай Цяпінскі меў маёмасць не толькі на Полаччыне, але і ў Трокскім павеце. Як „баярын зямлі полацкай“ Мікалай Цяпінскі шмат разоў (шэсць актаў ад 21 лютага 1533 г. з Полацка) згадваецца ў 16–й кнізе запісаў Літоўскай метрыкі28. У двух актах з гэтай кнігі ад 3 і 18 траўня 1534 г. ён разам з жонкай выступае ў судовай справе супраць пана Глеба Есмана29. З акта ад 12 лютага 1539 г. можна даведацца пра існаванне ў Мікалая брата Мацвея (Матэя) Цяпінскага, які падаваў на яго скаргу за абразу30. Відаць, да гэтай групы актаў можна далучыць „пазоўны ліст“, які быў напісаны ў студзені 1550 г. у Кракаве ад імя караля Жыгімонта–Аўгуста да ваяводзіны трокскай кн. Альжбэты Гальшанскай (народжанай Радзівіл)31. Яна (верагодна, пасля заканчэння тэрміну арэнды) трымала ва ўладзе „палавіцу“ (пэўную частку) „айчызнага“ мястэчка братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх, якое знаходзілася на зямлі іх маёнтка Цяпінскае, скаргу аб чым і падалі гэтыя браты разам са сваім родзічам Іванам Рыгоравічам Слушкам, кіеўскім гараднічым. Каралеўскі загад ад 13 жніўня 1563 г. надаваў Матэю Цяпінскаму „з братанічам яго“ вёску Галавенічы (14 двароў, 7 „службаў“) пад Магілёвам у якасці кампенсацыі за страту маёнтка на Полаччыне пад час акупацыі яе маскавітамі32. Нехта Фрэдрых Цяпінскі таксама атрымаў у 1563 г. 10 „службаў“ людзей у Барысаўскай воласці па прычыне знішчэння маскавітамі яго маёнтка33.

 

Другая група дакументаў, найбольш шматлікая (14 актаў), аб’ядноўваецца згадкамі імя Васіля Цяпінскага, прычым у большасці выпадкаў няма сумневу, што гаворка ідзе пра адну асобу. Усе гэтыя акты адлюстроўваюць маёмаснае і сацыяльнае становішча Цяпінскіх, але маўчаць пра іх канфесійны стан. Зусім слушна заўважыў Доўнар–Запольскі, што „в них тщетно было бы искать определённых указаний на религиозные воззрения нашего автора“34.

 

Тэстамент Матрэны Цяпінскай, складзены 9 чэрвеня 1563 г. у Вільні, апавядае пра падзел маёнтка Цяпіна з чэляддзю (прыдбанага ва ўласнасць ад яе мужа Мікалая) паміж трыма яе сынамі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім даручаецца Мікалаю Слушку35. Мімаходзь згадваецца ўнука Марына, а таксама пан Мікалай Осцік, у якога Васіль арэндаваў адзін маёнтак на тры гады і збіраўся гэты маёнтак выкупляць назаўсёды.

 

Развіццё гэтай калізіі можна назіраць ў чатырох актах, якія тычацца цяжбы вакол маёнтка Свіраны (Віленскі павет; 13 двароў), што быў закладзены Васілю Цяпінскаму старастам Мікалаем Осцікам. Брат памерлага старасты, Юры Осцік, у адсутнасць Цяпінскага зрабіў 18 ліпеня 1564 г. „наезд“ на гэты маёнтак, абрабаваў яго і захапіў частку ўгоддзяў. Пра гэта 19 ліпеня 1564 г. Цяпінскі падаў скаргу ў віленскі земскі „ўрад“36 і апрача таго звярнуўся да караля. Згодна з каралеўскім мандатам і пад ўздзеяннем каралеўскага ўпаўнаважанага Осцік вярнуў Цяпінскаму захопленыя землі, але прадугледжанай мандатам кампенсацыі Цяпінскі так і не атрымаў. І таму ён звярнуўся з патрабаваннем яе ў суд. Патрабаванне было разгледжана 12 студзеня 1565 г. у пасяджэнні маршалковага суда пад час вальнага сойму ў Вільні37. Хоць суд і вынес пастанову аб спагнанні страт з Осціка, той нічога не плаціў. Дарэмна Цяпінскі двойчы (другі раз — 8 верасня 1566 г.) дамогся ад імя караля „напамінальнага ліста“ Осціку, дзе праз каралеўскага ўпаўнаважанага загадвалася ўвесці Цяпінскага (у якасці кампенсацыйнай меры) ва ўладанне часткай осцікавага маёнтка Казлішкі. Калі праз год упаўнаважаны Мацвей Івановіч пры сведках заявіўся на двор Осціка, каб увесці Цяпінскага ва ўладанне, Осцік ім абодвум учыніў асабістую абразу, заяву аб чым і зрабіў 6 снежня 1567 г. упаўнаважаны ў кнігу віленскага „гаспадарскага“ суда38.

 

Яшчэ чатыры акты тычацца спраў Васіля Цяпінскага па двух маёнтках: Вярсоцкае (Лідскі павет; 11 цяглавых двароў і 14 чалавек чэлядзі) і Полькаўскае (Ашмянскі павет; 9 цяглавых двароў). Жонцы Васіля Зоф’і Данілаўне, кн. Жыжэмскай, належала частка Вярсоцкага маёнтка, тады як другой часткай валодала яе сястра Кацярына разам са сваім мужам Васілём Міхайлавічам Скіпарам. Не раней за 1565 г., як мяркуе Доўнар–Запольскі, Зоф’я прадала ўласную частку свайму мужу. Пра гэта вядома з акта прымірэння ад 12 красавіка 1578 г. пасля спрэчкі са Скіпарамі пра падзел маёнтка39. Сваёй часткай маёнтка Вярсоцкае Васіль памяняўся (акт ад 28 лютага 1579 г.) з „зямянінам ашменскім“ Мікалаем Янавічам Брацішэўскім, які валодаў маёнткам Полькаўскае, запіс аб чым быў унесены ў віленскія кнігі 24 сакавіка 1579 г. Пацверджанне гэтай падзеі дае і заява Цяпінскага ад 30 сакавіка 1579 г. аб верыфікацыі яго „менаванага ліста“, які быў пашкоджаны („інкавустам замазаўся“)40.

 

Ёсць згадкі, што ў 1578 г. нехта Васіль Цяпінскі быў аршанскім падстарастам41.

 

Тры акты асвятляюць крымінальную справу „зямян гаспадарскіх ваяводства Полацкага“ Абраама і Канстанціна Цяпінскіх з „баярамі“ Менскага ваяводства Гедройтамі ў менскім гродскім судзе42. У першым дакуменце ад 1 сакавіка 1600 г. заяўлена пра напад Гедройтаў, якія 27 лютага „збілі кіймі“ братоў Цяпінскіх у стадоле „на Кройску“. Цяпінскія ехалі на той час з маёнтка іх маці Зоф’і, кн. Жыжэмскай, у Полацк на суд (які меў адбыцца 1 сакавіка 1600 г.) з „зямянамі гаспадарскімі“ Полацкага павета Іванам і Васілём Мацвеевічамі43 Цяпінскімі па справе „аб забіцці цераз іх айца нашага пана Васіля Цяпінскага“. З акта 9 сакавіка 1600 г. аб асведкаванні ран і пабояў, якія ўчынілі ім Гедройты (пра што было ўпісана 18 сакавіка 1600 г. у кнігі менскага гродскага суда), можна даведацца, што Абраам і Канстанцін выехалі з маёнтка сваёй маці 7 лютага 1600 г. З трэцяга дакумента высвятляецца і назва гэтага маёнтка — Латыголы (Менскі павет), які адначасова меў найменне Амельяноўшчына. У гэтым дакуменце бацька двух малодшых Гедройтаў скардзіцца 30 сакавіка 1600 г. у менскі гродскі „ўрад“ на Канстанціна Цяпінскага, які 23 сакавіка 1600 г. напаў на Гедройтаў у той самай злашчаснай стадоле, збіў іх і абрабаваў.

 

Вядома крыніца44, згодна якой спадчыну Васіля Цяпінскага — маёнтак Цяпіна — дзеляць двое яго сыноў Абрам і Тобіяш. Недзе ў 1603 г. Тобіяш захапіў „сядзібу старую нябожчыка айца іх“ і выгнаў адтуль Абрама (названага ў гэтым акце Цяпінскім Амельянавічам). Потым, відаць, паміж імі адбылося пагадненне, паводле якога Абрам мусіў атрымаць кампенсацыю. Аднак Тобіяш дамовы не выканаў, і Абрам падаў скаргу ў полацкі гродскі суд. На пасяджэнне суда 1 студзеня 1604 г. Тобіяш не з’явіўся і быў асуджаны завочна на выплату страт і выдаткаў. Калі ў Цяпіна прыехаў пры сведках упаўнаважаны суда Балтрамей Банкоўскі, каб увесці ва ўладанне Абрама, то Тобіяш „моцна бараніў“ маёнтак і выканаць гэтага судовага прысуду не даў. 3 гэтай жа місіяй 25 чэрвеня 1604 г. наведаў Цяпіна і гродскі суддзя Ян Рагаза, але таксама беспаспяхова. У адказ на рэляцыю суддзі аб такой непаслухмянасці кароль 22 ліпеня 1604 г. выдаў ліст аб „вываланні“ (астракізме) Тобіяша з дзяржавы. Такім чынам, гэтая крыніца пацвярджае, што Васіль Цяпінскі памёр да 1603 г.

Информация о работе Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля