Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Апреля 2012 в 12:52, реферат

Описание

Усе звесткі пра Цяпінскага, вядомыя на сённяшні дзень, можна падзяліць на дзве нераўнамерныя часткі. Да першай адносіцца толькі некалькі крыніц, што апавядаюць пра дзейнасць польска–літоўскіх антытрынітарыяў. Яны праліваюць святло на найбольш важны аспект біяграфіі Цяпінскага — яго канфесійнае становішча

Работа состоит из  1 файл

Да біяграфіі Васіля Цяпінскага.doc

— 170.50 Кб (Скачать документ)

 

Трэцюю групу згадак імя Васіля Цяпінскага складаюць дакументы ўкраінскага паходжання, якія, на думку Лявіцкага, апавядаюць пра іншую асобу, не тоесную полацкаму шляхцічу45. Згадкі гэтыя знаходзяцца ў дзесяці актах з кніг луцкага гродскага суда46 і ў двух кіеўскіх дакументах. У трох актах 1572 г. (адзін з 22 кастрычніка і два з 29 кастрычніка) Алена Салтанаўна, кн. Саколская, жонка (другім шлюбам) пана Васіля Цяпінскага (як даводзіць Лявіцкі, ён пайшоў да яе ў прымы)47, скардзіцца на свайго суседа пана Мікалая Харлінскага. Усе гэтыя асобы — жыхары мястэчка Любча Луцкага павету. У сваю чаргу, Харлінскі скардзіцца ў чэрвені 1573 г. на Алену Цяпінскую. У двух іншых дакументах фігуруе не толькі Алена (4 верасня 1573 г.), але і Васіль Цяпінскі (8 верасня 1573 г.). Чатыры акты з 1574 г. (ад 2. і 10 жніўня, 22 верасня і 25 кастрычніка) асвятляюць спрэчку Цяпінскага і Харлінскага з Фёдарам Загароўскім наконт межавання ўгоддзяў. У акце ад 18 лютага 1576 г. пані Фядора Дзялынская скардзіцца на Васіля Цяпінскага і яго пасынка Грыгорыя Івановіча, кн. Любецкага. Няясна, ці гэтая ж самая асоба зноў узнікае пад прозвішчам Цяпінскі ў 80–х г. на Кіеўшчыне. Паводле ліста Філона Кміты–Чарнабыльскага, які ён накіраваў у студзені 1582 г. у кіеўскі земскі „ўрад“, Васілю Цяпінскаму, „прыяцелю свайму“, давяраецца выступаць ад імя Кміты ў справе па абмену аднаго сяла з кіеўскім Пустынна–Мікольскім манастыром48. З „памінальнага ліста“ ад 31 ліпеня 1585 г. да кіеўскага мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі можна даведацца пра напад пад Кіевам мітрапалітавых сялян на слугу Васіля Цяпінскага, за што ён, патрабуючы кампенсацыі, выклікаў мітрапаліта на 11 верасня 1585 г. у гродскі суд49.

 

Яшчэ адна група дакументальных згадак прозвішча Цяпінскага паходзіць з вайсковых попісаў Вялікага Княства Літоўскага50. У попісе „гаспадарскага“ войска з 1565 г. (рэестр пачаты з 9 ліпеня 1565 г.), што збіралася пад Ракавам у падначаленне кн. Мікалая Радзівіла, ваяводы трокскага, адзначаецца за 9 ліпеня 1565 г., што Матэй Амеляновіч Цяпінскі выслаў сына Мартына на кані і яшчэ аднаго каня з пахолкам (салдат–вершнік, якога мусіў выстаўляць землеўладальнік)51. Пры гэтай жа „дворнай“ харугве гаворыцца (запіс за 8 жніўня 1568 г.), што Васіль Цяпінскі, які выслаў пахолка на кані, „сам служыць маршалку дворнаму“52. Гэтая згадка знаходзіць падтрымку ў попісе земскага войска з 1567 г. (рэестр пачаты з 26 ліпеня 1567 г.), якое збіралася спачатку пад Красным Сялом, а потым каля Маладзечна, у падначаленне кн. Рыгора Хадкевіча. У запісе „слуг“ падканцлера і маршалка дворнага Астафея Валовіча згадваецца Васіль Цяпінскі з Менскага павету, які мусіў выстаўляць аднаго каня53. У адпаведным месцы гэтага попісу, пры пераліку дваран Менскага павету, зроблены запіс54, што „Васіль Цяпінскі з Латыголіч сам служыць пану Астафею Валовічу, падканцлеру“55. Тамсама пацвярджаецца звестка з папярэдняга попісу наконт Матэя Цяпінскага, які паходзіць „з імення свайго з Латыголіч, у павеце Менскім“ (запіс за 6 кастрычніка 1567 г.): „сам дэй стары, а сынове служаць князю ваяводу троцкаму“56, на той час ваяводам быў ужо Стафан Збаражскі. Між іншым, у попісе 1567 г. сустракаюцца знаёмыя прозвішчы Скіпараў, Есманаў і інш.57. Цікава, што ва ўхвале, якую прыняў вялікі сойм 1 траўня 1528 г. у Вільні і якая пералічвае, хто з землеўласнікаў колькі коней мае ставіць у войска, называюцца родныя браты Мікалай і Матэй Амельяновічы, якія разам мусілі ставіць два кані58. Вядомы таксама рэестр (ад 1 чэрвеня 1567 г., зроблены ў Чашніках) коннай роты Філона Кміты–Чарнабыльскага, дзе згадваецца Васіль Цяпін, „таварыш“ (малодшы афіцэр, якому падпарадкоўвалася некалькі коннікаў–пахолкаў)59.

 

Вёска Цяпіна знаходзіцца на межах Полацкага павету, таму „землі Цяпінскія“, або „межы Цяпінскія“ фігуруюць у розных вопісах гэтай адміністрацыйнай адзінкі60. Напрыклад, паводле вопісу 1564—1566 г., які складаўся ў акупаваным Полацку маскоўкімі баярамі на падставе „сыскаў“ (росшукаў), што зрабілі іх эмісары, распытваючы мясцовых жыхароў (праўда, не заўсёды прыхільных да маскавітаў, а таму, напэўна, не заўсёды і праўдзівых), вотчына пана Мікалая Цяпінскага знаходзілася каля самай мяжы з Віленскім паветам61. Пра саму вёску ў гэтым попісе (за 70–я г.) сказана як пра „сяло Цяпіна з дзярэўнямі“62. Складальнік карты Полацкага павету XVI ст. М.  Аглоблін адзначае каля вёскі Цяпіна (за адну вярсту) яшчэ і пагост (селішча вакол царквы, якая знаходзіцца за межамі вёскі) з той самай назваю63. Паводле інвентара Цяпіна са снежня 1591 г. маёнтак складаецца з трох вёсак: Мокаўская (3 двары), Прыстоі (3 двары) і Цяпінская (16 двароў і яшчэ 5 людзей з рознымі павіннасцямі)64. У полацкай рэвізіі 1552 г. называюцца Матэй Іванавіч і Мікалай Іванавіч Цяпінскія, якія маюць па „дворцу“ Цяпіна ў якасці „імення айчызнага“ (г.зн. спадкаемнага), чаму і абавязаны ставіць у земскае войска па кані65. Тут пералічана і колькасць „дымаў“ (двароў; адпаведна, 14 у першага (ды 6 чалавек „службаў“) і 12 у другога) і характар павіннасцяў, якія выконваюць няцяглыя людзі (агароднікі і кунічнікі, усяго 12 у першага і 6 у другога). У рэвізіі полацкіх царкоўных і ўладычных зямель за 1580 г. згадваецца пан Мартын Цяпінскі66 (хутчэй за ўсё, сын Матэя Цяпінскага, высланы да войска ў 1565 г.). Між іншым, у полацкай рэвізіі 1552 г. сустракаюцца прозвішчы кн. Жыжэмскага67, Есманаў68; напрыклад Марына, жонка Глеба Есмана, мае ў Полацкім павеце вёску Латыгола з людзьмі „прыхожымі“69.

 

У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Цяпіна знаходзіўся ў спадчыне Івана Слушкі, кіеўскага гараднічага, сына Рыгора Слушкі70. Акт, выдадзены „гаспадарскай“ канцылярыяй у 1547 г. на хадатайніцтва Івана, чые дакументы загінулі пад час пажару таго самага года ў Менску, пацвярджае яго правы на спадчынныя маёнткі, у т. л. на „айчызнае і дзедзічнае“ Цяпіна, якое дасталася Івану ад брата Паўла71. Хутчэй за ўсё, Слушкі валодалі адной з вёсак, што ўваходзіла ў склад маёнтка Цяпіна. У канцы XVI ст. маёнтак Цяпіна меў у спадчыне Мікалай Слушка, у якога было трое сыноў: Мікалай, Крыштаф і Аляксандр72. Спачатку маентак атрымаў Мікалай, як вынікае з інвентара са снежня 1591 г., дзе між іншым сказана, што ён „тое іменне Цяпінскае здаўна само ў сабе мае“73. Маёнтак здаваўся ў арэнду Юрыю Наркевічу на 3 гады, а пасля смерці Мікалая ў 1597 г. ён перайшоў да Крыштафа, які ў 1603 г. прадаў яго Станіславу, кн. Свірскаму74.

 

Генеалагічныя росшукі Вяроўкіна–Шалюты паказалі, што Слушкі і Цяпінскія паходзяць ад аднаго продка, Амяльяна, які атрымаў сваё шляхецтва і землеўладанне, як можна меркаваць паводле яго прозвішча, за службу (у XVI часам пісалася Служка, Служыч). У Амяльяна былі сыны Рыгор і Іван. Па Рыгору далей пайшла лінія Слушкаў, а па Івану (відаць, малодшаму сыну) — лінія Цяпінскіх (атрымалі сваё прозвішча, верагодна, таму, што ім дастаўся напачатку толькі адзін буйны ўдзел — Цяпіна, хоць частка гэтага маёнтка заставалася і ў Слушкаў).

 

У Івана Цяпінскага было двое сыноў — Мікалай і Матэй (Мацэй, Мацвей), апошні, відаць, быў малодшы. Ва ўладанні Мікалая знаходзіўся спадчынны маёнтак Цяпіна, у Полацкім павеце, і нейкі маёнтак у Трокскім павеце, а ва ўладанні Матэя (Мацвея) — маёнтак Латыголічы75, у Менскім павеце, а таксама нейкая частка маёнтка Цяпіна. Аднак з часам Мікалай сваю маёмасць у Трокскім павеце, відаць, страціў, паколькі пасля яго смерці падзелу падлягала толькі Цяпіна. У 1563 г. яго жонка Матрэна падзяліла належную ёй частку Цяпіна паміж трыма сваімі дзецьмі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім была даручана Мікалаю Слушку, родзічу Цяпінскіх. З гэтага вынікае, што Васіль Мікалаевіч на той час ужо быў дастаткова дарослы, каб арэндаваць у пана Мікалая Осціка маёнтак, а потым з ім судзіцца ў 1564 г.

 

З часоў Доўнара–Запольскага лічыцца, што жонкай Васіля Мікалаевіча была Зоф’я Жыжэмская76. Але калі далей трымацца гэтага меркавання, то паводле новаадшуканых дакументаў (справа Гедройтаў з Цяпінскімі) трэба дапусціць, што ў Мацэя Цяпінскага было не двое, а трое сыноў, пры чым адзін з іх насіў праваслаўнае імя Іван. Апрача таго, трэба дапусціць, што Васілю Мікалаевічу з Цяпіна належала і частка Латыголіч (пра што звестак няма) і што яна была неўзабаве набытая ім пасля смерці яго бацькі (пасля 1563 г., паколькі гэтая маёмасць не адлюстраваная ў тэстаменце Матрэны Мікалаевай Цяпінскай, але да 1567 г., каб Васіль мог трапіць у вайсковы попіс у якасці зямяніна Менскага павету). Каб пазбегнуць такіх дапушчэнняў, Зоф’ю трэба лічыць жонкай Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, пакуль не будуць адшуканыя пераканаўчыя звесткі, што яе мужам быў менавіта Васіль Мікалаевіч77.

 

У Матэя (Мацвея) Цяпінскага было два сыны: Мартын і Васіль, прычым першы быў жывы яшчэ ў 1580 г. (верагодна, яму дасталася частка Цяпіна, а Васілю — Латыголічы). Жонка Васіля Мацвеевіча, кн. Зоф’я Жыжэмская, валодала часткай Вярсоцкага маёнтка; другой часткай гэтага маёнтка валодала яе сястра Кацярына, што была замужам за Васілём Скіпарам. Пасля спрэчкі са Скіпарамі Цяпінскія вырашылі з імі больш не суседнічаць і ў 1579 г. памяняліся на маёнтак Полькаўскае на Ашмяншчыне. Дзецьмі Васіля і Зоф’і паводле адной крыніцы былі Абраам і Канстанцін, а паводле другой — Абрам і Тобіяш78. Частка Цяпіна дасталася да 1603 г. Абраму і Тобіяшу (верагодна, ад памерлага Мартына, які ў такім выпадку быў бяздзетны), што прывяло да спрэчкі паміж імі. Іншая частка маёнтка належала нашчадкам Мікалая, якія або далей трымалі яе, або страцілі (напэўна, да 1591 г.) на карысць Слушкаў (адзін са Слушкаў быў апекуном Войны Мікалаевіча). Васіля Мацвеевіча з Латыголіч чакала каля 1600 г. жахлівая смерць ад рукі ягоных пляменнікаў — сыноў Васіля Мікалаевіча; можна дапусціць, што яна была выкліканая спрэчкай пры раздзеле маёмасці (хутчэй за ўсё Цяпіна)79. Пасля яго смерці Латыголічы перайшлі Зоф’і — відаць, маёнтак быў цалкам „запісаны“ ёй, паколькі раней яна прадала „мацерысты“ маёнтак Вярсоцкае свайму мужу80 (напэўна, таму, каб яе родныя не прэтэндавалі на Вярсокі, што складалі пасаг Зоф’і).

 

Але самыя важныя звесткі наконт заняткаў і спраў Васіля Мацвеевіча даюць вайсковыя попісы 1565—68 г. Паводле аднаго з іх, Васіль Цяпінскі, які паходзіць з Латыголіч у Менскім павеце, служыў пану Астафею Валовічу, заможнаму пратэктару пратэстанцкага руху на Беларусі. Тыя самыя попісы паведамляюць, што сыны Матэя Цяпінскага, які валодаў Латыголічамі, служылі ваяводзе троцкаму — Стафану Збаражскаму, яшчэ аднаму вядомаму пратэктару пратэстантызму. Дзякуючы гэтым заўвагам вайсковых попісаў, можна дастаткова надзейна звязаць сыноў Матэя Цяпінскага з лідэрамі пратэстанцкага руху Вялікага Княства Літоўскага. Але іх сувязі не абмяжоўваліся службовымі дачыненнямі, яны мелі больш блізкі характар — сваяцкі: жонка Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, Зоф’я Жыжэмская, даводзілася пляменніцай Астафею Валовічу81. На падставе гэтых звестак можна з усёй пэўнасцю сцвярджаць, што перакладчыкам і выдаўцом пратэстанцкага Евангелля выступаў Васіль Мацвеевіч Цяпінскі, што з Латыголіч Менскага павету, а не сын Мікалая, што з Цяпіна. Менавіта Васіль Мацвеевіч меў трывалыя і службовыя, і сваяцкія сувязі з вядомымі прыхільнікамі новай веры на Беларусі, чаго ў адносінах да Васіля Мікалаевіча не заўважана. Улічваючы даўнюю варажнечу паміж абодвума братамі, працягнутую іх нашчадкамі, трэба заключыць, што Васіль Мікалаевіч з Цяпіна наогул не мае ніякага дачынення да перакладу і выдання Евангелля.

 

Якім чынам Цяпінскія з Латыголіч успрынялі пратэстанцкія ідэі — застаецца тэмай для здагадак. Лічыцца, што перакладчык Евангелля перайшоў у новую веру з праваслаўя82. Аднак цяпер існуюць некаторыя падставы для перагляду такога меркавання. Калі звярнуць увагу на імёны Мацвея, яго нашчадкаў і сваякоў (Матэй/Мацэй, Мартын, Зоф’я, Абраам, Тобіяш, Канстантын), то лёгка заўважыць, што ўсе яны маюць паланізаваную форму83. Наадварот, імёны Мікалая і яго сямейных захоўваюць праваслаўнае (Мікалай, Матрэна, Іван), а часам нават паганскае (Ждан, Война) паходжанне. Гэта хутчэй за ўсё сведчыць, што Матэй яшчэ ў 1–й палове XVI ст. перайшоў у каталіцтва, а Мікалай застаўся ў праваслаўі. Таму трэба выводзіць, што ў новую веру Васіль (і, напэўна, яго брат Мартын) перавярнуўся з каталіцтва, а не з праваслаўя, ідэйна вельмі далёкага ад пратэстанцтва. Вырашальным у канвертацыі магло быць знаёмства са сваёй будучай жонкай Зоф’яй, якая, магчыма, на той момант ужо была пратэстанткай. Дзякуючы сваім роднасным сувязям, яна зрабіла свайму мужу пратэкцыю пры двары ўплывовых беларускіх магнатаў–пратэстантаў.

 

Відаць, менавіта Васіль Мацвеевіч быў блізкі з Філонам Кмітам–Чарнабыльскім, пад камандай якога Васіль служыў у коннай роце каля 1567 г., а ў 1582 г. на яго даручэнне выступаў у судзе. Пасаду аршанскага падстарасты Васіль Цяпінскі займаў таксама пад час староства Філона Кміты, які з 1566 г. быў старастам аршанскім (і, дарэчы, даводзіўся зяцем Рыгору Хадкевічу, іншаму буйному магнату Беларусі, які, аднак, застаўся ў праваслаўі). Варта ўлічыць, што Філон Кміта знаходзіўся ў прыяцельскіх адносінах з Астафеем Валовічам, карыстаўся яго асабістай падтрымкай, а ў 1573—74 г. ліставаў да Валовіча, які тады загадваў вялікакняскай канцылярыяй. Такім чынам, ёсць падставы звязваць дзейнасць Васіля Цяпінскага з асобай Астафея Валовіча, які перайшоў у пратэстантызм з праваслаўя (прыкладна з сярэдзіны 1550–х г., напачатку патаемна, а пазней і адкрыта).

 

Менавіта падтрымкай ды дапамогай Валовіча мог карыстацца Цяпінскі ў сваёй дзейнасці па выданні Евангелля84. Шмат чаго набліжала магната і яго службоўца. Як і Цяпінскі, Валовіч пры сваіх пратэстанцкіх поглядах цікавіўся царкоўнаславянскай спадчынай (у прыватнасці, ён разам з Рыгорам Хадкевічам фінансаваў у 1561 г. паездку манаха Ісаі ў Маскву па славянскія рукапісы85, напярэдадні выдання ў Заблудаве вучыцельнага евангелля на царкоўнаславянскай мове). Як і Цяпінскі, Валовіч падтрымліваў кантакты з Будным і фінансаваў яго выданні (з гэтай прычыны другі кірылічны друк Нясвіжскай друкарні — „Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам“ (1562), які не дайшоў, — быў прысвечаны Валовічу). У маёнтках Валовіча знаходзілі прытулак і працу пратэстанцкія святары, аратары і пісьменнікі. Натуральна дапусціць, што Валовіч не застаўся ў баку ад перакладчыцкай справы свайго службоўца.

 

Аднак у прадмове Цяпінскі скардзіцца на недахоп сродкаў, дакарае „зацных паноў“ за марнатраўства і заклікае іх дапамагчы ў справе распаўсюджання „Навукі Слова Божага“. Відавочна, што такой дапамогі ад „зацных паноў“ ён не атрымаў, інакш бы трэба было чакаць дэдыкацыі мецэнату ці хоць бы нейкіх рэверансаў у яго бок. Цяпінскі ж гаворыць пра сябе як пра адзінага заснавальніка і фундатара друкарні86. Затое ў прадмове прысутнічаюць іншыя матывы. У творы ёсць намёкі на крыўду, няўдзячнасць ды варожасць з боку нейкіх асоб87. Ці не з’яўляецца адной з такіх асоб магнат, што раней падтрымліваў Цяпінскага? Можна дапусціць, што Валовіч выступіў напачатку фундатарам выдання Цяпінскага, аднак потым з прычыны нейкіх разыходжанняў (пэўна, дактрынальных) спыніў сваё фінансаванне88. Цяпінскі, застаўшыся без матэрыяльнай падтрымкі, пачаў сваімі сіламі рыхтаваць (ці доўжыць) выданне Евангелля, цалкам вы­красліўшы былога мецэната з ліку сваіх паплечнікаў89. Гэтае меркаванне псіхалагічна вельмі праўдападобнае, хоць доказаў яго бракуе.

 

Тым не менш, у сваёй боскай справе Цяпінскі наўрад ці быў адзінокі. Апрача магната ён мог знайсці падтрымку з боку пратэстанцкай грамады, якая была зацікаўленая ў перакладным Евангеллі і магла часткова ўзяць на сябе матэрыяльныя выдаткі па яго друкаванні90. Хутчэй за ўсё, у пратэстанцкай грамадзе Цяпінскі адыгрываў далёка не апошнюю ролю — ён мог быць пастарам ці казнадзеем91. Сама дзейнасць па перакладу і выданні Евангелля (ды яшчэ з каментарамі), клопат пра пашырэнне „Навукі Слова Божага“, што скразіць у прадмове, сведчаць аб натхнёнай душапастырскай дзейнасці гэтай асобы. Менавіта пастар мог узяцца за апостальскую справу распаўсюджання Св. Пісьма і аб’яднаць намаганні цэлай грамады. Але спыненне больш істотнай матэрыяльнай падтрымкі з боку магната прымусіла Цяпінскага спыніць друк і выпусціць у свет недакончанае выданне92.

Информация о работе Да біяграфіі Васіля Цяпінскага, перакладчыка і выдаўца Евангелля