Берасцейская уния

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Февраля 2013 в 14:49, реферат

Описание

Уводзіны
Заключаная ў 1596 г. на саборы ў Берасці і скасаваная ў 1839 г. на Полацкім саборы унія праваслаўнай і каталіцкай цэркваў з'яўляецца адной з пераломных падзей беларускай гісторыі. Яна ўцягнула ў сваю арбіту шмат якія краіны і народы, палітычныя і рэлігійныя сілы, геаграфічныя і культурныя абшары. Чатыры стагоддзі пасля 1596 г. беларускае духоўна-культурнае і грамадска-палітычнае жыццё так ці інакш было пазначана ўплывам Берасцейскай царкоўнай уніі, якая пасля хрышчэння сталапа масавасці ахопу насельніцтва і трэцяй па значнасці другой пасля распаўсюджання каталіцтва

Содержание

Уводзіны
Глава 1. Ля вытокаў навуковага вывучэння праблемы 6
Глава 2. Канцэпцыя Берасцейскай уніі М.О.Каяловіча 19
Глава 3. Заходне-руская гістарыяграфічная школа аб царкоўным новатворы 1596 года 30
Глава 4. Трактоўка уніі ў працах прадстаўнікоў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі (першая трэць ХХ ст.) 39
Глава 5. Фармаванне і ўсталяване ў 30-80-я гады савецкай канцэпцыі берасцейскага працэса 47
Глава 6. Берасцейская унія ў ацэнцы прадстаўнікоў беларускай дыяспары 60
Глава 7. Навуковае пераасэнсаванне гісторыі уніі ў 90-я гады 71
Глава 8. Спроба філасофскага асэнсавання праблемы 93
Глава 9. Публікацыі крыніц 105

Работа состоит из  1 файл

уния 1.docx

— 177.80 Кб (Скачать документ)

 

У той самы час у гістарыяграфіі 60-х гадоў з'явілася новая тэндэнцыя - традыцыю замоўчвання і дыскрэдытацыі  пачынаюць парушаць асцярожная цікавасць  да уніі і яе дзеячаў, а таксама "крамольныя "думкі, якія не толькі разыходзіліся  з устаялай акадэмічнай канцэпцыяй, але і ёй супярэчылі. У 70 - 80-я гады гэта тэндэнцыя ўзмацняецца. У 1965 г. у рэцэнзіі на кнігу А.Коршунава "Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество" кінуў выклік усталяваным поглядам М.Прашковіч, які даследаваў таксама пачаткі кнігадрукавання на карысць уніяцкай царквы [128]. Увагу У.Г.Кароткага[129] і А.С.Пракошынай[130] выклікала неардынарная супярэчлівая постаць М.Сматрыцкага, Г.А.Каханоўскага[131], а таксама Л.В.Аляксеева з Масквы [132] - асоба базыльянскага архімандрыта і першага беларускага гісторыка І.Кульчынскага. М.М.Улашчык выказваў меркаванне аб датычнасці уніяцкай царквы да беларускага летапісання [133], канстатаваў: "Наколькі шмат высунула навуковых дзеячаў вясковае уніяцкае духавенства, настолькі беднымі засталіся праваслаўныя, хаця ўмовы для іх былі несуразмерна больш спрыяльныя" [134]. А.П.Грыцкевіч даказаў факт дамінацыі уніятаў у канфесійнай структуры насельніцтва Беларусі ў канцы ХVIII ст. і асуджаў кацярынінскую палітыку адносна іх [135]. Л.С.Лыкошына даследавала прычыны, формы і наступствы ўдзелу уніяцкага духавенства ў паўстанні 1830 - 1831 г. [136].

 

Аднак манаполія на навуковую ісціну не дазваляла адыходзіць ад агульнапрынятага канона. Усялякія спробы пераглядзець ацэнку уніі ў бок яе рэабілітацыі асуджаліся. За "нацыяналістычныя" погляды быў звольнены з працы  і закончыў жыццё самаспаленнем  М.Прашковіч. Я.Н.Мараш, які ў сваім  доктарскім аўтарэфераце даказваў існаванне  рэальных гістарычных умоў для распаўсюджвання  ў ХVII-XVIII ст. уніяцкай царквы на Беларусі, змог абараніць сваю навуковую годнасць толькі праз 4 гады, пасля выдання двух манаграфій і выкладання гісторыі уніяцтва ў новым аўтарэфераце паводле афіцыйнай версіі. Была пушчана пад нож частка наклада гісторыка-публіцыстычнай кнігі К.Тарасава "Память о легендах: Белорусской истории голоса и лица", які, адступіўшы ад прынятых стэрэатыпаў, выказаў думку, што сама ідэя уніі несла ў сабе добры змест [137]. За выяўленыя факты і іх трактоўку падвергся крытыцы В.П.Грыцкевіч.

 

У даследаванні ў 60-80-я г. Берасцейскай царкоўнай уніі гісторыкі, з аднаго боку, і філосафы, літаратура-, мастацтва-, кнігазнаўцы, з другога, нібы ішлі паралельнымі, а часам і ўзаемавыключнымі шляхамі. У той час, як першыя ў большасці сваёй працягвалі адмаўляць за уніяцтвам якісьці станоўчы ўклад у беларускую культуру, другія пачалі даследаваць ў межах гісторыі нацыянальнай культуры яе амаль нераспрацаваную уніяцкую частку, паказваючы, такім чынам, удзел уніяцкай царквы ў культуратворчых працэсах XVII-XVIII ст. Мастацтвазнаўцы Э.Вецер[138], Н.Высоцкая[139], Ю.Хадыка[140] расшуквалі, сістэматызавалі і апісвалі уніяцкія абразы, А.Лявонава[141] вывучала скульптуру, А.Кулагін[142] і У.Дзянісаў[143] - храмабудаўніцтва, В.Шматаў[144], Ю.Лабынцаў - кніжную культуру уніяцкай царквы. Пэўная ўвага была ўдзелена і уніяцкай сістэме асветы [145].

 

Шмат новага для разумення культурна-рэлігійных працэсаў на беларускіх землях у канцы  ХVІ - ХVІІ ст. далі працы 70-80-х гадоў філосафаў С.А.Падокшына[146], У.М.Конана[147], гісторыка культуры Г.Я.Галенчанкі[148], філолага А.І.Мальдзіса і інш.

 

Прызнана, што заключэнне Берасцейскай уніі карэнным чынам змяніла культурна-рэлігійную сітуацыю на беларускіх землях: актывізуюцца грамадска-палітычнае жыццё і ідэйная  барацьба, развіццё асветы і кнігадрукавання. На гэтай ніве ўзыходзяць новыя буйныя імёны. Больш шырокі размах набывае  літаратурны рух. 1596 год стаў трамплінам для новага і надзвычай плённага этапу ў развіцці літаратуры, выклікаў узлёт перакладчыцкай дзейнасці са стараславянскай мовы на "простую".

 

Культурны выбух на Беларусі ў сувязі з падрыхтоўкай і заключэннем уніі - неаспрэчны на сённяшні дзень факт. Дыскутуюцца яго пабуджальныя матывы: увядзенне уніі ці адпор ёй? Прызнанне, з аднаго боку, уніі прычынай і пачаткам заняпаду нацыянальнай культуры, а з другога, - фактарам культурнага ажыўлення, літаратурнага ўздыму нярэдка ставіць даследчыкаў у тупік. Паводле Ю.А.Лабынцава, старажытная спадчына, старабеларускія традыцыі працягвалі жыць ва уніяцкай царкве. Культурны арсенал старажытнай Русі, па яго словах, пасля 1596 г. стаўся "захоплены адразу двума супраціўнымі бакамі, кожны з якіх лічыў сябе паўнапраўным, а з боку праваслаўных - і адзіным спадкаёмцам" [149].

 

Як паказалі даследаванні Г.Я.Галенчанкі, уніяцкая царква садзейнічала рэцэпцыі пэўных форм польскай і заходнееўрапейскай культуры, распаўсюджванню на Беларусі, Украіне ў Літве новых культурных уплываў, якія ўступалі ў складанае  ўзаемадзеянне з мясцовымі культурна-гістарычнымі традыцыямі. У той жа час яна  спрыяла дэзінтэграцыі ранейшай этнакультурнай супольнасці беларускага  народа [150].

 

Даследуючы станаўленне ў эпоху  Адраджэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, у якой на мяжы ХVІ - ХVІІ ст. дамінуючым становіца рэлігійны  кампанент, С.А.Падокшын адзначае, што  яна ўзнікае перш за ўсё ў асяроддзі  прагрэсіўна настроеных, сацыяльна  развітых і адукаваных слаёў гараджан, шляхты, духавенства, якія імкнуцца да аздараўлення і абнаўлення грамадскага  жыцця, культывавання ў ім нацыянальных форм. Уніяцкіх дзеячаў вучоны выключае са складу патрыятычных сіл, якія абараняюць нацыянальна-культурны і палітычны суверэнітэт беларускага народа, прызнаючы гэты гонар толькі за праваслаўнымі. Ён асуджае як ахоўна-кансерватыўную палітыку праваслаўнай царквы духоўнай ізаляцыі ад Захаду, так і рэакцыйна-антыпатрыятычную пазіцыю палітычнай і рэлігійна-ідэалагічнай капітуляцыі перад ім, нацыянальна-культурнага растварэння, якой, на яго думку, прытрымліваліся прыхільнікі царкоўнай згоды. Адзіна правільным ён лічыць трэці шлях: не канфрантацыі і не капітуляцыі, а раўнапраўны, свабодны, узаемавыгадны духоўна-культурны дыялог, прапанаваны ідэолагамі айчыннай рэнесансна-гуманістычнай думкі [151].

 

Папярэднюю гістарыяграфічную  традыцыю, якая сцвярджала, што з  закрыццём праваслаўных друкарань  беларускае кнігадрукаванне спыняецца, аспрэчыў зводны каталог кірылічных кніг Беларусі за 1517-1917 гады, які канстатаваў, што беларускія друкарні ХVІ - VІІІ  ст. прытрымліваліся рознай канфесійнай  і культурнай арыентацыі. У часы заняпаду беларускага кірылічнага  друку, які наступае з другой паловы ХVІІ ст., апошні развіваецца галоўным чынам ва уніяцкіх асяродках - з 384 такіх выданняў, што выйшлі на тэыторыі Беларусі і па-за яе межамі на працягу ХVІ-ХVІІІ ст., 147 (г. зн. каля 40 %) выдадзены ў Троіцкай базыльянскай друкарні ў Вільні, якая з перапынкамі працавала ў 1628-1800 гадах, і Супраслі (1690-я гады - канец ХVІІІ ст.) [152].

 

Упершыню за савецкі час прадметам  спецыяльнага даследавання стаў буйнейшы уніяцкі асяродак - Супрасль, які  да таго ж паказаны Ю.Лабынцавым як беларускі культурна-асветны цэнтр. Аўтар параўноўвае Супрасльскі кляштар з гонарам рускай культуры - Салавецкім манастыром і Троіца-Сергіевай лаўрай [153].

 

Цікавыя прызнанні сталі прабівацца праз гнеўны паток антыуніяцкіх выпадаў гісторыка-літаратурных прац 60 - 80-х г.: аб наследаванні дзеячамі брацкага руху ў барацьбе за гегемонію ў духоўным жыцці народа уніяцкім калегам у выкарыстанні гутарковай мовы народа ў царкве; аб высокамастацкіх вартасцях уніяцкіх твораў М.Сматрыцкага, якія не саступалі славутаму "Фрыасу" [154].

 

Закляймоўваючы уніяцтва як "вельмі зручную форму паланізацыі беларусаў", С.К.Майхровіч прыводзіць факты супраціву "прагрэсіўнай грамадскасці Беларусі" дэнацыяналізатарскай палітыцы Рэчы Паспалітай. Але тут жа фактамі падточвае  сваю канцэпцыю, бо гэтымі супраціўленцамі  ў двух прыкладах называе …  тых ж "уніяцкіх паланізатараў", якія выдалі ў 1722 г. у Супраслі "Лексікон" на аснове слоўніка "славеноросской" мовы П.Бярынды і якія пераклалі з польскай на высокаасканалую беларускую мову і ў 1726 г. надрукавалі ў тым жа Супраслі "Календар або месяцеслов хрэсціянскі" [155].

 

У застойны перыяд абвяржэнню ўсталяванага стэрэатыпа аб Беларусі другой паловы ХVІІ-ХVІІІ ст. - часе дамінацыі уніяцтва - як перапынку ў развіцці культуры спрыялі працы А.І.Мальдзіса, у якіх ён падаваў шматлікія факты тэатральнай, кнігадрукарскай, літаратурнай дзейнасці ва уніяцкім асроддзі; падкрэсліваў, што духавенства гэтай канфесіі ў большай ступені, чым каталіцкае і праваслаўнае, заставалася носьбітам беларускай мовы [156].

 

Аўтары першага абагульняльнага  даследаання развіцця беларускага  этнасу слушна адзначылі памылковасць тэзіса аб тым, што беарусы заўсёды  ўяўлялі сабой выключна праваслаўную этнаканфесійную супольнасць, які  значна звужае сапраўдны этнічны масіў народа. У ХVІІІ ст. яго асноўны этнічны масіў трымаўся ўжо не праваслаўнай, а уніяцкай веры [157].

 

Такім чынам, роля уніяцтва ўяўлялася  айчыннай гістарыяграфіяй, культуралогіяй, мастацтва-, мова- і літаратуразнаўствам напярэдадні і ў пачатку перабудовы вельмі супярэчлівай. І хоць падазронасць і насцярожанасць у стаўленні да яго не былі пераадолены, але "кананічная" версія аб пасляберасцейскай Беларусі як інтэлектуальнай пустэчы і антракце ў культурным працэсе была пастаўлена пад сумнеў.

Глава 6

Берасцейская унія ў ацэнцы прадстаўнікоў  беларускай дыяспары

 

 З сярэдзіны ХХ ст. Берасцейскай уніі стала прадметам цікавасці беларускіх эмігранцкіх даследчыкаў, сярод якіх таксама адбылася палярызацыя бачання яе ролі ў лёсе сваіх народаў, і дзеячаў грэка-каталіцкай царквы. На глебе адносін да уніі як да асімілятарскага або этнаахоўнага фактара айчыннай гісторыі адбылося нават раз'яднанне беларускай эміграцыі [158].

 

Вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага  руху ў Заходняй Беларусі Я.Найдзюк  бачыць ва уніяцтве дзве плыні. Першую прадстаўлялі езуіты, польскае каталіцкае духавенства, якія разглядалі яго як мост для пераходу ў каталіцызм і ніколі не трактавалі як самастойнае і раўнапраўнае веравызнанне. Чым болей набіралася яно беларускага характару, тым больш варожа ставіўся да яго касцёл. Прадстаўнікі другой плыні - "найлепшыя патрыёты краю", разумеючы вялікую ролю рэлігіі "ў нацыянальным вырабленні народу", хацелі з дапамогай уніі пераадолець рэлігійны раскол у народзе і стварыць беларускую нацыянальную царкву, чаму спрыяла замыканне яе, непрызнанай польскім каталіцкім духавенствам, ва ўласным коле.

 

З падачы Я.Найдзюка, рэлігійная палеміка была шкоднай з'явай у беларускім культурным жыцці, бо, па-першае, падзяліла народ на варожыя рэлігійныя табары, "якія штораз больш забываліся на сваю супольную нацыянальнасць". Па-другое, гэтая "бясплодная" літаратура адцягвала інтэлігенцыю ад сапраўднай творчасці, накіроўваючы яе на шлях тэарэтычных схаластычных спрэчак [159].

 

У сваёй трактоўцы уніі Іван Касяк[160], а таксама былы віцебска-полацкі  епіскап Афанасій Мартас[161] зыходзілі з таго, што адзіна праўдзівая для беларускага народа - праваслаўная царква, хаця першы бачыў ва уніяцтве праваслаўныя традыцыі, элементы беларускасці і яго няпольскі характар. Не пазбег супярэчнасцяў у поглядзе на гісторыю уніі А.Мартас. Ён сцвярджае, што ўжо Замойскі сабор знішчыў сляды "схізмы" ў царкве, а паралельна канстатуе асаблівую яе лацінізацыю з канца ХVІІІ ст., з чым, як справядліва адзначана, вялі барацьбу мітрапаліт І.Лісоўскі і полацкі архіепіскап І.Красоўскі. Вяртанне Лісоўскім царквы да свах першаасноў (усталяванне іканастасаў, выкараненне лацінскіх новаўвядзенняў і г.д.), як слушна заўважае даследчык, рабілася з мэтай перашкодзіць, а не паспрыяць аправаслаўліванню уніятаў. Можна прыняць тэзіс А.Мартаса аб спаланізаванасці духавенства на апошнім этапе існавання уніяцтва, чаго нельга сказаць адносна яго ацэнкі ступені апалячанасці народа. Ды й сам гісторык прызнае, што вёска, уніяцкая ў аснове, захавала сваё нацыянальнае аблічча. Яго праца не дае тлумачэння, чаму ліквідацыя веры, якая, паводле Мартаса, прынесла нашаму народу толькі гора і бяду, была яму чужая, выклікала значны супраціў з боку гэтага народа.

 

Звяртае на сябе ўвагу, што беларускія і ўкраінскія эмігранцкія царкоўныя  гісторыкі ідэалізавалі свае нацыянальныя цэрквы, у той час як гісторыкі  СССР - расійскую праваслаўную царкву ў жыцці ўсходнеславянскіх народаў, але ўсе яны былі адзіныя ў  прызнанні перавагі праваслаўя над  іншымі адгалінаваннямі хрысціянства.

 

Выразна акрэсленая канфесійная заангажаванасць  уласціва гістарычнаму нарысу прадстаўніка беларускай дыяспары ў Беластоку Міколы Гайдука, прысвечанаму паходжанню і наступствам Берасцейскай уніі [162], у якой ён схільны бачыць інспіраваную Рымам "сатанінскую спакусу", коранем усіх бед хрысціянства. Уласна кажучы, гэта нават не нарыс гісторыі уніі, названай аўтарам "агрэсіўным трэцім спавяданнем", але гіпербалізаваная гісторыя уніяцка-каталіцкага тэрора, пакут і барацьбы праваслаўнай царквы пад уніяцка-каталіцкім ярмом.

 

Выхваляючыся сваёй духоўнай і  культурнай перавагай перад аслабленай к канцу ХVІ ст. хітрай дзяржаўнай палітыкай беларуска-ўкраінскай праваслаўнай царквой, на чале якой былі пастаўлены яе злейшыя ворагі, каталіцкія колы Польшчы і ВКЛ пранікліся неабходнасцю "ашчаслівіць схізматыкаў". Адступаючы ад праваслаўя, інтэлектуальная эліта таго часу, паводле сцвярджэння М.Гайдука, "духоўна выраджалася".

 

Побач з фактычнымі недакладнасцямі (аб страце Рэччу Паспалітай значнай  часткі беларускіх зямель на карысць  Маскоўскай дзяржавы ў вайне сярэдзіны  ХVІІ ст.), недагаворкамі (аб прычынах пераходу ва уніяцтва на мяжы ХVІІ-ХVІІІ ст. трох епархій), спрошчанымі трактоўкамі  неадназначных з'яў (адносін Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхата), штучным прыцягваннем уніятаў да тых бед, да якіх яны недатычныя (напрыклад, сумнавядомай пастановы 1697 года аб увядзенні польскай мовы ў справаводства), і іншымі нацяжкамі (нібы каля 1,5 млн беларускіх уніятаў перайшло ў праваслаўе ў жніўні 1794 - верасні 1795 года - на самай справе, гэта колькасць перавернутых на Украіне) у нарысе М.Гайдука сустракаецца шэраг трапных назіранняў. Да апошніх адносіцца палажэнне аб "самастойніцкіх" настроях ва уніяцкім асяроддзі і праціўніках лацінізацыі уніі, прадстаўленых на апошнім этапе яе гісторыі мітрапалітамі І.Лісоўскім, І.Красоўскім, І.Булгакам, якія вялі царкву па шляху адыхода ад каталіцкай і вяртання да праваслаўнай традыцыі богаслужэння на царкоўнаславянскай, а таксама беларускай і ўкраінскай мовах.

 

М.Гайдук робіць таксама цікавае  прызнанне пра абуджэнне уніяй  нацыянальнай самасвядомасці ў яе адукаваных колах - сярод маладых святароў, гімназістаў, акадэмічнай моладзі, настаўнікаў прыходскіх школ, прафесараў Віленскага універсэтэта, якія намагаліся зрабіць яе нацыянальным спавяданнем. "Закваскай" гэтага руху былі таленавітыя, але бедныя сыны правінцыйных святароў - "паповічы"-амбітныя прафесары Міхайла Баброўскі і Ігнат Даніловіч, а таксама І.Анацэвіч, І.Ярашэвіч і А.Сасноўскі. Фактычна аўтар прызнае наяўнасць моцнай нацыянальнай плыні ва уніяцтве. І гэта пасля двух стагоддзяў яго разбуральнай, асімілятарскай дзейнасці на Беларусі!

Информация о работе Берасцейская уния