Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Мая 2012 в 21:39, шпаргалка
У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.
РАЗДЗЕЛ І. Арфаграфія
ГЛАВА 1. Правапіс галосных
§ 1. Галосныя літары
§ 2. Літары о, ё
§ 3. Літары э, е
§ 4. Перадача акання на пісьме
§ 5. Правапіс літар а, о, э ў складаных словах
§ 6. Перадача якання на пісьме
§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах
§ 8. Прыстаўныя галосныя і, а
ГЛАВА 2. ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ
§ 9. Зычныя літары
§ 10. Правапіс звонкіх і глухіх зычных
§ 11. Зычныя д, т і дз, ц
§ 12. Некаторыя спалучэнні зычных
§ 13. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя
§ 14. Нескладовае ў і у складовае
§ 15. Нескладовае й
§ 16. Падоўжаныя і падвоеныя зычныя
ГЛАВА 3. ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА
§ 17. Змякчальны мяккі знак
§ 18. Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
ГЛАВА 4. ПРАВАПІС АБРЭВІЯТУР
§ 19. Правапіс абрэвіятур
ГЛАВА 5. ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ
§ 20. Аднамарфемныя прыназоўнікі
§ 21. Прыстаўкі
§ 22. Суфіксы
ГЛАВА 6. ПРАВАПІС ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР
§ 23. Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар
§ 24. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах
§ 25. Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з
рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
§ 26. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах
§ 27. Вялікая і малая літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады
і арганізацый
§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах
§ 29. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, помнікаў, узнагарод
§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў,
унікальных прадметаў, твораў
§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных
падзей і дат, перыядаў і эпох
§ 32. Вялікая літара ў назвах з двукоссем
ГЛАВА 7. ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК
І АСОБНА
§ 33. Агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна
§ 34. Складаныя назоўнікі
§ 35. Складаныя прыметнікі
§ 36. Складаныя лічэбнікі
§ 37. Прыслоўі
§ 38. Прыназоўнікі, злучнікі, часціцы, выклічнікі
§ 39. Правапіс не (ня) і ні
ГЛАВА 8. ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ
§ 40. Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў,
умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў
РАЗДЗЕЛ ІІ. ПУНКТУАЦЫЯ
ГЛАВА 9. КРОПКА
§ 41. Правілы пастаноўкі кропкі
ГЛАВА 10. ПЫТАЛЬНІК
§ 42. Правілы пастаноўкі пытальніка
ГЛАВА 11. КЛІЧНІК
§ 43. Правілы пастаноўкі клічніка
ГЛАВА 12. ШМАТКРОП’Е
§ 44. Правілы пастаноўкі шматкроп’я
ГЛАВА 13. КОСКА Ў ПРОСТЫМ СКАЗЕ
§ 45. Коска паміж аднароднымі членамі сказа
§ 46. Коска паміж словамі, якія паўтараюцца
§ 47. Коска пры параўнальных зваротах
§ 48. Коска пры адасобленых азначальных зваротах і словах
§ 49. Коска пры адасобленых акалічнасцях і акалічнасных
зваротах
§ 50. Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць
або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе
§ 51. Коска пры пабочных і ўстаўных канструкцыях
§ 52. Коска пры зваротку
§ 53. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях
§ 54. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і
пытальных слоў і перад імі
ГЛАВА 14. КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ
§ 55. Коска ў складаназлучаным сказе
§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе
§ 57. Коска ў складаназалежным сказе
ГЛАВА 15. КРОПКА З КОСКАЙ
§ 58. Правілы пастаноўкі кропкі з коскай
ГЛАВА 16. ДВУКРОП’Е
§ 59. Правілы пастаноўкі двукроп’я
ГЛАВА 17. ПРАЦЯЖНІК
§ 60. Правілы пастаноўкі працяжніка
ГЛАВА 18. ДУЖКІ
§ 61. Правілы пастаноўкі дужак
ГЛАВА 19. ДВУКОССЕ
§ 62. Правілы пастаноўкі двукосся
ГЛАВА 20. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ ПРОСТАЙ МОВЕ
І ЦЫТАТАХ
§ 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах
ГЛАВА 21. СПАЛУЧЭННЕ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ
§ 64. Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку
ГЛАВА 22. ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ
ПРЫ СПАСЫЛКАХ
§ 65. Правілы паслядоўнасці знакаў прыпынку пры спасылках
Не шукаючы – не знойдзеш (Прыказка).
І памагаць яму трэба – умеючы (Я. Брыль).
15. Выдзяляецца коскамі акалічнасць, выражаная назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі насуперак, у адпаведнасці, са згоды і іншымі са значэннем прычыны, умовы, уступкі, спосабу дзеяння.
Напрыклад:
Насуперак ліхой стыхіі, на гэтай згруджанай жарстве, узняўшы вежы залатыя, прыгожы горад расцвіце (П. Глебка).
Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум (І. Шамякін).
Дваццаць восьмага ліпеня, у выніку абыходнага манеўру і баявой атакі, войскі Першага Беларускага фронту авалодалі Брэстам (У. Карпаў).
У выпадку якой патрэбы, звяртайцеся за дапамогай (І. Шамякін).
Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваім звычайным жыццём (А. Якімовіч).
У адпаведнасці з законам, кожны мае права на працу.
Пры такіх акалічнасных канструкцыях з некаторымі прыназоўнікамі дапускаецца адсутнасць коскі, калі яны сэнсава і інтанацыйна не выдзяляюцца.
Напрыклад:
А млын – добры пункт, дзе можна ў выпадку патрэбы схавацца (З. Бядуля).
У адпаведнасці з надвор'ем гэтак жа часта змяняе свой колер і возера (В. Вольскі).
16. Коскамі выдзяляюцца інфінітыўныя звароты, калі яны далучаюцца да выказніка пры дапамозе злучнікаў каб, для таго каб, з тым каб, замест таго каб і пад.
Напрыклад:
На тое ён і лес, каб шумець (К. Крапіва).
Замест таго каб прышываць людзям ярлыкі, вы б лепш вывучылі гэта пытанне (К. Крапіва).
17. Не выдзяляецца коскамі інфінітыўны зварот з каб, калі ён уваходзіць у пытальную сінтаксічную канструкцыю з пачатковым што: Што каб пайсці ў адпачынак? А што каб сказаць? А што каб запрасіць іх у госці? і пад.
18. Факультатыўна коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя прыслоўямі або прыслоўнымі зваротамі, што адносяцца да выказніка і маюць значэнне інфармацыйнай заўвагі.
Напрыклад:
Хведар бег, аслабела і няўцямна, ужо не выбіраючы шляху (В. Быкаў).
Сабака ўсё брахаў, заложна і аднатонна (К. Крапіва).
§ 50. Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе
1. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэннямі слоў са значэннем месца, часу, спосабу дзеяння і пад., якія стаяць побач і ўдакладняюць, канкрэтызуюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх слоў, што маюць больш шырокае значэнне.
Напрыклад:
Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань (Я. Колас).
За дваром, на бярозах, была пасека – больш за дзясятак ліпавых вулляў (М. Лупсякоў).
Адтуль, недзе з-за ўзгорка, даносіліся невыразныя, як бы прыглушаныя, гукі (К. Крапіва).
А было гэта тыдзень таму, у нядзелю, пад вечар (Я. Брыль).
Тады браты радком садзяцца, плячо ў плячо (Я. Колас).
2. Калі ж другая акалічнасць мае больш шырокае значэнне, чым папярэдняя, то яна не ўдакладняе, а толькі паясняе папярэднюю і коскамі не выдзяляецца.
Напрыклад:
Зусім інакш ішло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту (І. Мележ).
Яшчэ зранку на другі дзень па Заборцах панеслася гутарка аб Сцёпку (Я. Колас).
3. Калі другая акалічнасць у адносінах да папярэдняй мае больш вузкае значэнне, але па сэнсе і інтанацыйна не выдзяляецца, то паміж імі коска не ставіцца.
Напрыклад:
А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка (Я. Колас).
На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку (Я. Колас).
Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар (Я. Брыль).
4. Калі ў сказе стаяць побач адна за адной тры і больш акалічнасці, з якіх наступная ўдакладняе папярэднюю, але апошняя не мае ўдакладняльнага значэння, то пасля яе коска не ставіцца.
Напрыклад:
Там, на ўзлессі, на высокім дубе з разгалістай вершалінай было гняздо чорных буслоў (Т. Хадкевіч).
5. У творах мастацкай літаратуры і ў перыядычным друку пры выдзяленні ўдакладняльных акалічнасцей з узмацняльным значэннем часам ужываецца працяжнік.
Напрыклад:
Стрэлы чутны толькі недзе далёка – у лесе (Я. Скрыган).
6. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэннямі слоў, якія ўдакладняюць, падкрэсліваюць значэнне папярэдняга прыметніка, займенніка і інш.
Напрыклад:
З яснага, без адзінай хмурынкі, глыбокага неба россыпам зорак свяціў поўны месячык (І. Шамякін).
Крыху далей стаяла невялікая, хат на дзесяць, вёсачка (Я. Сіпакоў).
Хвалістыя, доўгія, ледзь не ў пояс, валасы... былі незвычайнага, попельнага колеру (Т. Бондар).
Тады ён [Алесь] падняў другі, меншы, камень (Г. Далідовіч).
7. Коскамі выдзяляюцца спалучэнні слоў і асобныя словы, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх ці наступных слоў, далучаючыся да іх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым ліку, у тым ліку і, апрача (апроч), акрамя, амаль, за выключэннем, галоўным чынам, па прозвішчы (па мянушцы і інш.), гэта значыць, так званы, або, ці (у значэнні ‘гэта значыць’), асабліва, нават, напрыклад, як, у прыватнасці, і ў прыватнасці, і прытым і пад.
Напрыклад:
У зямлянцы, апрача камісара і камбрыга, за сталом сядзеў незнаёмы мужчына (У. Карпаў).
Усе палешукі, у тым ліку і стараста, пісаць не ўмелі (Я. Колас).
А ты, акрамя свайго баяна, і ведаць нічога не хочаш (Т. Хадкевіч).
Вада ў Нёмане, нават каля берага, не ідзе, здаецца, а бяжыць (Я. Брыль).
Пажылы мужчына, па прозвішчу Хмель, ехаў у млын (Я. Колас).
Добра памагае падбел супроць падагры, ці, як цяпер кажуць, адкладання солі (В. Вольскі).
8. Калі спалучэнні слоў з апрача, акрамя і пад. цесна звязаны з паясняльным выказнікам або маюць пры сабе ўзмацняльную часціцу і, то яны звычайна коскамі не выдзяляюцца.
Напрыклад:
Акрамя мяне там вучыўся толькі адзін беларус (А. Бажко).
Хтосьці пабываў каля рэчкі і апрача нас (Б. Мікуліч).
Усе птушкі, і нават непаседлівыя крыклівыя вераб'і, схаваліся ад навальніцы (Я. Маўр).
9. Паміж спалучэннямі слоў са значэннем выдзялення, узмацнення, удакладнення і пад., звязанымі злучнікам і, коска не ставіцца.
Напрыклад:
Моладзь, асабліва дзяўчаты і ў тым ліку графіня, уважна слухалі і часамі цяжка ўздыхалі (Я. Колас).
§ 51. Коска пры пабочных і ўстаўных канструкцыях
1. Коскамі выдзяляюцца пабочныя канструкцыі, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа. Словы, спалучэнні слоў і сказы, якія выражаюць ацэнку ступені верагоднасці думкі, пэўнасці або няпэўнасці таго, пра што гаворыцца ў сказе: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, відавочна, відаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусіць, няйначай, бадай (у значэнні ‘магчыма’, ‘можна думаць’), знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як відаць, па ўсім відаць, можа быць, чаго добрага, таго і глядзі, само сабой разумеецца і інш.
Напрыклад:
І я, безумоўна, шчаслівы і рад, што добра зародзіць густая пшаніца (П. Глебка).
Няма, бадай, па багацці ўбораў прыгажэйшай пары года, чым восень (Р. Ігнаценка).
Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі (Я. Колас).
Захар Крымянец зірнуў на зоркі, падумаў пра мароз, які, няйначай, збярэцца да раніцы (М. Лынькоў).
Але расстацца нам час наступае; пэўна, ужо доля такая ў нас (М. Багдановіч).
Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае (Я. Брыль).
Не можа быць, канечне, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака (У. Караткевіч).
Адразу пасвятлела. Відаць, ужо ўзышло сонца (І. Мележ).
Як радасна ён [Лукаш] сустракаў, бывала, Вялікдзень (Я. Колас).
2. Не выдзяляюцца коскамі тыя словы, якія ўжываюцца ў ролі мадальнай часціцы або са значэннем прыслоўя і выражаюць сцвярджэнне, узмацненне: можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывала, бывае, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа) і інш., а таксама словы відаць, здавацца, якія ў сказе выступаюць выказнікам.
Напрыклад:
Можа за якой паўгадзіны батальён па вузкіх і слізкіх ходах, траншэях
быў выведзены ў лагчыну... (І. Шамякін).
Цяпер зіма напэўна ляжа (Я. Колас).
Адтуль відаць адразу пяць азёр (Я. Брыль).
Часамі Лабановічу здавалася, што вынікі дасягнуты нязначныя (Я. Колас).
Такія корчмы-станцыі Мінскі тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кіламетраў (З. Бядуля).
Мікіта – нелюдзімы, удзень яго бадай што і не спаткаеш на людзях... (Я. Колас).
Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, пакуль зара не прыадчыніць дзверы? (М. Танк).
3. Выдзяляюцца коскамі спалучэнні слоў і сказы, якія маюць значэнне эмацыянальнай ацэнкі фактаў рэчаіснасці, а таксама перадаюць пачуццёвую рэакцыю на тыя факты, пра якія гаворыцца ў сказе: на жаль, на вялікі жаль, на шчасце, як на шчасце, на маё здзіўленне, як на тое ліха, як на грэх, як на тую бяду, хвароба на іх і інш.
Напрыклад:
Велізарныя ахвяры і страты, на жаль, не ўсіх навучылі розуму (Г. Далідовіч).
Аж тут, як на тое шчасце, стаіць сагнутая бярэзіна (С. Грахоўскі).
Хата была, на шчасце, ужо абжытая (П. Пестрак).
Але, на маё здзіўленне, ён адказвае зусім не так, як я думаў (А. Асіпенка).
Як на грэх, лоў быў шчаслівы (Я. Колас).
Нават сорам на хатніх зірнуць: ці не ўцямілі, хвароба на іх, ад чаго мой тварык смяецца, ад чаго маё сэрцайка б'ецца (М. Багдановіч).
4. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, якія паказваюць на крыніцу паведамлення, на прыналежнасць выказанай думкі: па-мойму, па-твойму, па-ягонаму, па-вашаму, па-іхняму, моў (маўляў), думаю, на мой погляд, з пункта гледжання (каго-небудзь), на думку (каго-небудзь), як вядома, як кажуць, як людзі кажуць, як той казаў і інш.
Напрыклад:
Гэта, па-мойму, і ёсць сапраўдная сувязь з жыццём (К. Чорны).
Выходзіць, па-ягонаму, што ледзь не самі мы вінаваты, а не той, што наша дабро крадзе (Я. Брыль).
Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае (А. Пальчэўскі).
Яшчэ, як той казаў, не ўсё скончана (Я. Брыль).
– Дай, думаю, схаджу праверу шнуры, пастаўленыя звечара (У. Шахавец).
5. Словы, спалучэнні слоў і сказы, якія паказваюць на адносіны да спосабу выражэння думкі, на матывацыю спосабу выказвання ці выбару стылістычных сродкаў мовы: адным словам, словам, што называецца, скажам, інакш кажучы, карацей кажучы, як гаворыцца, як гэта гаворыцца, уласна кажучы, прасцей кажучы, не пры вас кажучы, праўдзівей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я сказаў бы і інш.
Напрыклад:
Скажам, аб вадзе гамонкі не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды і азёр, і рэк (А. Астрэйка).
Шчыра кажучы, я толькі лічуся брыгадзірам (А. Асіпенка).
Голас у яго быў звонкі, я сказаў бы, нейкі нават музыкальны (Р. Сабаленка).
6. Коскамі выдзяляюцца словы, спалучэнні слоў і сказы, прызначаныя для выражэння адносін гаворачай асобы да слухача з мэтай засяродзіць увагу суразмоўцы, пераканаць яго, выклікаць давер, увагу, прабачэнне: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш, ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце мне, далібог, калі ласка, калі хочаце ведаць, ці дасце веры, зрабіце ласку і інш.
Напрыклад:
Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка (М. Лынькоў).
Напішы мне, калі ласка, пісямко дахаты! (Я. Колас).
– Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў (А. Асіпенка).
7. Коскамі выдзяляюцца словы і спалучэнні слоў, якія служаць сродкамі сувязі асобных частак выказвання і ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або аб'яднанне частак тэксту, на выражэнне выніку, заключэння і пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе і інш., першае, другое, трэцяе і інш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсі, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасці, паміж іншым, між іншым, між тым, да таго ж, такім чынам, галоўным чынам, па крайняй меры і інш.