Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Мая 2012 в 21:39, шпаргалка
У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.
РАЗДЗЕЛ І. Арфаграфія
ГЛАВА 1. Правапіс галосных
§ 1. Галосныя літары
§ 2. Літары о, ё
§ 3. Літары э, е
§ 4. Перадача акання на пісьме
§ 5. Правапіс літар а, о, э ў складаных словах
§ 6. Перадача якання на пісьме
§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах
§ 8. Прыстаўныя галосныя і, а
ГЛАВА 2. ПРАВАПІС ЗЫЧНЫХ
§ 9. Зычныя літары
§ 10. Правапіс звонкіх і глухіх зычных
§ 11. Зычныя д, т і дз, ц
§ 12. Некаторыя спалучэнні зычных
§ 13. Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя
§ 14. Нескладовае ў і у складовае
§ 15. Нескладовае й
§ 16. Падоўжаныя і падвоеныя зычныя
ГЛАВА 3. ПРАВАПІС МЯККАГА ЗНАКА І АПОСТРАФА
§ 17. Змякчальны мяккі знак
§ 18. Раздзяляльны мяккі знак і апостраф
ГЛАВА 4. ПРАВАПІС АБРЭВІЯТУР
§ 19. Правапіс абрэвіятур
ГЛАВА 5. ПРАВАПІС НЕКАТОРЫХ МАРФЕМ
§ 20. Аднамарфемныя прыназоўнікі
§ 21. Прыстаўкі
§ 22. Суфіксы
ГЛАВА 6. ПРАВАПІС ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР
§ 23. Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар
§ 24. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах
§ 25. Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з
рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
§ 26. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах
§ 27. Вялікая і малая літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады
і арганізацый
§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах
§ 29. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, помнікаў, узнагарод
§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў,
унікальных прадметаў, твораў
§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных
падзей і дат, перыядаў і эпох
§ 32. Вялікая літара ў назвах з двукоссем
ГЛАВА 7. ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК
І АСОБНА
§ 33. Агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна
§ 34. Складаныя назоўнікі
§ 35. Складаныя прыметнікі
§ 36. Складаныя лічэбнікі
§ 37. Прыслоўі
§ 38. Прыназоўнікі, злучнікі, часціцы, выклічнікі
§ 39. Правапіс не (ня) і ні
ГЛАВА 8. ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ
§ 40. Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў,
умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў
РАЗДЗЕЛ ІІ. ПУНКТУАЦЫЯ
ГЛАВА 9. КРОПКА
§ 41. Правілы пастаноўкі кропкі
ГЛАВА 10. ПЫТАЛЬНІК
§ 42. Правілы пастаноўкі пытальніка
ГЛАВА 11. КЛІЧНІК
§ 43. Правілы пастаноўкі клічніка
ГЛАВА 12. ШМАТКРОП’Е
§ 44. Правілы пастаноўкі шматкроп’я
ГЛАВА 13. КОСКА Ў ПРОСТЫМ СКАЗЕ
§ 45. Коска паміж аднароднымі членамі сказа
§ 46. Коска паміж словамі, якія паўтараюцца
§ 47. Коска пры параўнальных зваротах
§ 48. Коска пры адасобленых азначальных зваротах і словах
§ 49. Коска пры адасобленых акалічнасцях і акалічнасных
зваротах
§ 50. Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць
або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе
§ 51. Коска пры пабочных і ўстаўных канструкцыях
§ 52. Коска пры зваротку
§ 53. Коска пры выклічніках і гукаперайманнях
§ 54. Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і
пытальных слоў і перад імі
ГЛАВА 14. КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ
§ 55. Коска ў складаназлучаным сказе
§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе
§ 57. Коска ў складаназалежным сказе
ГЛАВА 15. КРОПКА З КОСКАЙ
§ 58. Правілы пастаноўкі кропкі з коскай
ГЛАВА 16. ДВУКРОП’Е
§ 59. Правілы пастаноўкі двукроп’я
ГЛАВА 17. ПРАЦЯЖНІК
§ 60. Правілы пастаноўкі працяжніка
ГЛАВА 18. ДУЖКІ
§ 61. Правілы пастаноўкі дужак
ГЛАВА 19. ДВУКОССЕ
§ 62. Правілы пастаноўкі двукосся
ГЛАВА 20. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ ПРОСТАЙ МОВЕ
І ЦЫТАТАХ
§ 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах
ГЛАВА 21. СПАЛУЧЭННЕ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ
§ 64. Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку
ГЛАВА 22. ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ
ПРЫ СПАСЫЛКАХ
§ 65. Правілы паслядоўнасці знакаў прыпынку пры спасылках
Хлопец злёгку задрыжаў і ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкія наладзіў, раз-другі смычком правёў і аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я. Колас).
Я выйшаў на вуліцу і адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апаліла мне твар; пачуў, як звонка рыпіць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле... (А. Астапенка).
Наталля то ўскладала на палку рэчы, то перастаўляла іх; то адкрывала сумку, то закрывала; то зашпільвала на сабе кофтачку, то, як ад гарачыні, расшпільвала яе (Я. Скрыган).
Цягнуцца з усіх дарог – з куфэркамі, з клункамі; з ботамі, з лапцямі, босыя; з праважатымі і адны; без слёз і з плачам; п'яныя і цвярозыя; каханыя і забытыя – на станцыю (Я. Скрыган).
5. Кропка з коскай ставіцца паміж значна разгорнутымі даданымі часткамі складаназалежнага сказа, падпарадкаванымі адной і той жа галоўнай, калі паміж даданымі няма злучальнага злучніка, асабліва калі ўнутры такіх даданых ёсць, у сваю чаргу, даданыя часткі.
Напрыклад:
Калі з-пад завялых шыпулек паказаліся і смачна запахлі спачатку маленькія шэра-сінія струменьчыкі дыму, а потым, вельмі хутка разросшыся, вялікімі клубамі паплылі над бульбоўнікам; калі, нарэшце, праз голле прабіліся жвавыя і белаватыя на ранку языкі полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянілася (А. Кулакоўскі).
Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновіча, яго цешылі перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганізоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; што ён наладзіць справу ўпарадкавання гною; што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновіч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закінулі; што ў свой час знаходзіліся і такія разумнікі, што ў мэтах падрыву прадукцыйнасці жывёлагадоўлі гэтую пароду назвалі «нацыяналістычнай» (П. Пестрак).
6. Кропка з коскай ставіцца паміж групамі адносна незалежных састаўных частак бяззлучнікавага сказа, а таксама паміж групамі даданых частак, якія адносяцца да адной галоўнай, калі неабходна паказаць граніцы паміж групамі частак у адрозненне ад граніц паміж асобнымі састаўнымі часткамі.
Напрыклад:
Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку; мосцік, зложаны з бярвенняў, брод і грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахілены набок; пералескі, лес, паляна, старасвецкі дуб з жарлом, хвоя-веліч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскі, лужок зялёны, шум крынічкі з-пад карча, шэлест лісцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сіраціна, нізкарослы цёмны гай... Гэта ты, балот краіна! Гэта ты, палескі край! (Я. Колас).
7. Кропка з коскай ставіцца ў канцы рубрык пералічэння, калі рубрыкі гэтыя не з'яўляюцца самастойнымі сказамі, але дастаткова разгорнутыя, і асабліва калі яны маюць свае знакі прыпынку.
Напрыклад:
Паводле папярэдніх даных, рух усіх трох спадарожнікаў адбываецца па блізкіх арбітах з пачатковымі параметрамі:
перыяд абарачэння 95,2 мінуты;
максімальная адлегласць ад паверхні Зямлі (у апагеі) 876 кіламетраў;
мінімальная (у перыгеі) 210 кіламетраў;
вугал нахілу арбіт да плоскасці экватара 56 градусаў 10 мінут («Звязда»).
У адпаведнасці з пунктам 4 Палажэння аб адстаўцы служачых дзяржаўнага апарату, служачы, з якім заключаны кантракт, мае права звольніцца ў сувязі з выхадам у адстаўку ў некалькіх выпадках: у дзень заканчэння тэрміну кантракта; у парадку і на ўмовах, прадугледжаных кантрактам ці пагадненнем бакоў; а таксама пры абставінах, прадугледжаных артыкулам 32 КЗаП... («Звязда») .
ГЛАВА 16
ДВУКРОП'Е
§ 59. Правілы пастаноўкі двукроп’я
1. Двукроп'е ставіцца перад пералічэннем аднародных членаў, перад якімі ёсць абагульняльнае слова (займеннік, прыслоўе, назоўнік) або словы напрыклад, а іменна.
Напрыклад:
Наогул яе [настаўніцу] любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі (І. Шамякін).
Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі: ні на траве, ні на лісці (А. Чарнышэвіч).
Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа (Я. Колас).
На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вулляў некалькі на пчолы... (Я. Колас).
На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, пераказы і інш.
2. У афіцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкіх тэкстах двукроп'е перад аднароднымі членамі ставіцца і тады, калі перад імі адсутнічае абагульняльнае слова (яго ролю выконвае дзеяслоў-выказнік).
Напрыклад:
Да заявы прыкладаюцца: ... .
На нарадзе прысутнічалі: ... .
Вучылішча рыхтуе: токараў, слесараў ...
З прамысловых птушак найбольшую цікавасць маюць: цецярук, глушэц, рабчык, шэрая курапатка, крыжанка, слонка, дупель, бакас і белая курапатка (Т. Хадкевіч).
3. Двукроп'е ставіцца перад пералічэннем аднародных азначэнняў, якія выражаны прыметнікам або назоўнікам ці займеннікам і адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўніка.
Напрыклад:
Дарэчы, вельмі сімвалічна, што і да гэтага часу не высветлена, якога ж веравання быў Скарына: праваслаўнага, каталіцкага ці пратэстанцкага? (Н. Гілевіч).
Размову спачатку вялі Васіль і Маслоўская – звычайную размову знаёмых людзей у першыя хвіліны сустрэчы: аб надвор'і, аб сустрэчы, аб навінах (І. Шамякін).
4. Калі аднароднымі членамі з папярэднім абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад імі ставіцца двукроп'е, а пасля іх – працяжнік.
Напрыклад:
Рыбацкая снасць: сетка, нераткі, вуды – была адмысловая ў дзядзькі Марціна (Я. Колас).
Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкі з бульбай – і ўвайшоў у хату (М. Зарэцкі).
5. Двукроп'е ставіцца перад аднароднымі членамі, якія тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэдніх слоў.
Напрыклад:
На скорым часе ранічкою Алесь у кепскім быў настроі: хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамі (Я. Колас).
Яна ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ (К. Чорны).
6. Двукроп'е ставіцца паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі ў другой раскрываецца змест ці ўказваецца прычына таго, аб чым гаворыцца ў папярэдняй частцы.
Напрыклад:
Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я. Колас).
Усё навокал было па-ранейшаму: глуха шумеў лес, нізка над зямлёй плылі хмары (С. Александровіч).
Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П. Броўка).
Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я. Колас).
7. Двукроп'е можа ставіцца паміж трыма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, у якім наступная частка ў адносінах да папярэдняй можа абазначаць прычыну, выражаць удакладняльна-тлумачальнае значэнне і інш.
Напрыклад:
Але справа тут не ў часе была: недаверлівыя залацінцы другое мелі ў думках: каб не прыбраў часам гэты інструктар і сад, і агарод, і сенакос (Я. Колас).
Прашу: хоць раз задумайцеся, людзі: на што мы трацім лепшыя гады? (А. Бачыла).
8. Двукроп'е ставіцца паміж дзвюма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, першая з якіх заканчваецца дзеясловамі бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець і інш., пры дапамозе якіх пазначаецца, што далей будзе ісці паведамленне аб якім-небудзь факце, падзеі, з'яве і пад.
Напрыклад:
[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г. Далідовіч).
Гляджу: усё ў парадку (К. Чорны).
Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М. Лужанін).
Адным словам сказаць, усе бачылі: яна і прыгожая, і ўдалая (К. Чорны).
Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М. Танк).
Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У. Караткевіч).
Праз вокны відаць: на ўсходзе разгараецца раніца (М. Лупсякоў).
9. Двукроп'е ставіцца пасля сказаў або слоў, якія ўводзяць у тэкст простую мову.
Напрыклад:
Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: «Не хадзі ты, Агатка, далёка» (Я. Колас).
Ціха шэпчуць за парканам дзеці: «Вунь новая настаўніца ідзе» (С. Грахоўскі).
Рая прапанавала: «Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данілу Платонавіча!» (І. Шамякін).
ГЛАВА 17
ПРАЦЯЖНІК
§ 60. Правілы пастаноўкі працяжніка
1. Працяжнік ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам:
калі абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнікам у назоўным склоне і пры выказніку адсутнічае дзеяслоў-звязка;
Напрыклад:
Мінск – сталіца, гордасць наша, слава ўсёй краіны (Я. Купала).
Нарэшце дзед Талаш – партызанскі камандзір (Я. Колас).
Матчыны рукі – залатыя рукі (І. Мележ).
Фразеалогія – раздзел мовазнаўства, які вывучае семантычныя, граматычныя і стылістычныя асаблівасці ўстойлівых выразаў.
Прастора і час – усеагульныя формы каардынацыі з'яў і падзей («БелСЭ»).
калі абодва галоўныя члены ці адзін з іх выражаны неазначальнай формай дзеяслова;
Напрыклад:
Асаблівая асалода – хадзіць у ягады (А. Ус).
Вучыцца ў народа – задача кожнага пісьменніка (К. Чорны).
Ехаць – не працаваць (Ф. Янкоўскі).
Гаспадарку весці – не лапці плесці (І. Гурскі).
Хату зрабіць – не скрынку збіць (Прыказка).
калі перад выказнікам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць;
Напрыклад:
Паэзія – гэта пакута і радасць, праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць (П. Панчанка).
Кожны чалавек – гэта цэлы свет (К. Чорны).
Цімох і Гануля – вось роўная пара (Я. Купала).
Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П. Пестрак).
калі дзейнік і выказнік выражаны лічэбнікамі або адзін з іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а другі – лічэбнікам ці колькасна-іменным спалучэннем;
Напрыклад:
Пяць і тры – восем.
Шэсцьдзесят і пяцьдзесят – сто дзесяць.
Плошча Нарачы – восемдзесят квадратных кіламетраў (В. Вольскі).
калі выказнікам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклічнік або гукапераймальныя словы.
Напрыклад:
Уладзік зараз – шмыг у дзверы (Я. Колас).
А куля – дзык! А другая ў руку (Я. Брыль).
Я – хоп за павады! Конь спужаўся, а я – скок на яго (Я. Колас).
Цяперашні чытач – ого-го! (П. Місько).
2. У спецыяльнай літаратуры пры характарыстыцы прадмета перад колькасна-іменным спалучэннем працяжнік звычайна не ставіцца.
Напрыклад:
Даўжыня [Нёмана] 937 км. Плошча басейна 98,2 тыс. км². («БелСЭ»).
3. Працяжнік не ставіцца:
калі дзеянне, абазначанае ўсечанай формай дзеяслова, сэнсава не выдзяляецца.
Напрыклад:
Я тым часам шмыг за дзверы (З. Бядуля).
Даніла шусь тут у вароты з жалезным ёмкім сахаром (Я. Колас).
Шустры жоўценькі клубок шмыг са сцежкі пад дубок (Н. Галіноўская).
4. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам, выражанымі назоўнікам або назоўнікам і займеннікам ці прыметнікам, звычайна не ставіцца:
калі паміж галоўнымі членамі стаіць прыслоўе, часціца, пабочнае слова, адасоблены член сказа (акрамя прыдатка) і інш.;
Напрыклад:
Марына ўжо настаўніца (І. Грамовіч).
А мой бацька таксама партызан (І. Шамякін).
Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы (Я. Колас).
Хлопцы, відаць, добрыя рыбакі (Я. Сіпакоў)
Хлопец, апрануты ў салдацкі шынель, наш зямляк (К. Чорны).
калі дзейнік стаіць пасля выказніка;
Напрыклад:
Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман (Я. Колас).
калі перад выказнікам ёсць адмоўе не;
Напрыклад:
Сам сабе чалавек не вораг (Прыказка).