Лекции по "Белорусскому языку"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 20 Февраля 2013 в 20:14, курс лекций

Описание

Канспект лекцый прызначаны для студэнтаў 1-га курса вочнай і завочнай форм навучання ўсіх спецыяльнасцей. Дапаможнік уключае 17 лекцый, тэматыка якіх адпавядае тэмам рабочай праграмы. Да кожнай лекцыі дадзены асобны спіс літаратуры, уведзены рубрыкі “Асноўныя паняцці” і “Цікава ведаць”, што дапаможа скіраваць увагу студэнтаў на важныя моўныя паняцці і пашырыць кругагляд. Тэарэтычныя пытанні асвятляюцца сцісла і даступна і дапаўняюцца ілюстрацыйным матэрыялам, узятым з розных галін навукі. У канцы дапаможніка даецца агульны спіс літаратуры, дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”.

Содержание

Лекцыя 1. Мова і соцыум……………………………………………...4
Лекцыя 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы………………………………………………………………………..8
Лекцыя 3. Беларуская мова ў 20-м стагоддзі…………………………11
Лекцыя 4. Беларуская мова на сучасным этапе……………………...16
Лекцыя 5. Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі……………..19
Лекцыя 6. Функцыянальныя стылі беларускай мовы……………….22
Лекцыя 7. Граматычныя асаблівасці навуковага стылю…………….29
Лекцыя 8. Жанры навуковай літаратуры……………………………..34
Лекцыя 9. Лексікалогія………………………………………………...40
Лекцыя10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання………………………………………………………………….45
Лекцыя 11. Шляхі і крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………...49
Лекцыя 12. Лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі……………..54
Лекцыя 13. Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………58
Лекцыя 14. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю……………….64
Лекцыя 15. Групы афіцыйна-справавых дакументаў………………...68
Лекцыя 16. Справавыя лісты…………………………………………..71
Лекцыя 17. Справавая карэспандэнцыя……………………………….73
Дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”………………………….77
Спіс літаратуры……………………………………………………………85
Спасылкі …………………………………………………………………..86

Работа состоит из  1 файл

Belorussky_yazyk.doc

— 624.50 Кб (Скачать документ)

У якасці слоў-тэрмінаў таксама  ўжываюцца прыметнікі. У параўнанні з шырока ўжывальнымі назоўнікамі іх даволі мала. Тым менш прыметнікі-тэрміны можна сустрэць у розных тэрмінасістэмах: у эканоміцы – дэпазітны, валютны, тэрміновы, падаткавы; у хіміі, фізіцы – (жалеза) арматурнае, бромістае, вязкае, загартаванае, двухсярністае, самароднае, метэарытнае, стужачнае, перанасычанае і г. д.

Дзеясловы таксама ўжываюцца  ў якасці тэрмінаў. Так, слоўнік па маркетынгу называе такія дзеяловы: ацэньваць, забяспечваць, павышаць, маркіраваць, прагназаваць, канверсаваць, інвесціраваць; у фізіцы, хіміі – дысацыіраваць, сінтэзаваць, разбаўляць, спальваць, звадкоўваць.

У ролі тэрмінаў прыслоўі ўжываюцца рэдка. Але ўсё ж  сустракаюцца ў некаторых галінах  навукі, культуры, тэхнікі: у тэхніцы  – накрыж, шчыльна, дысперсійна, даволі пастаянна, упоперак; у медыцыне – унутрывенна, дынамічна, уручную.

2.Словазлучэнні-тэрміны  шырока выкарыстоўваюцца ў навуцы  і тэхніцы. Вылучаюць свабодныя  і несвабодныя словазлучэнні.  У свабодных словазлучэннях кожны  кампанент па-за межамі тэрміна  можа ўступаць у сувязь з  іншымі словамі, напрыклад: ёмкасць рынку, рынак пакупніка, серная кіслата, канцэнтрацыя раствору. Кожны кампанент з’яўляецца тэрмінам. У несвабодных словазлучэннях-тэрмінах можна выдзеліць кампанент, які можа і не быць тэрмінам, напрыклад: бацькоўская фірма, белы тавар – тэрміны маркетынгу, дзе ‘бацькоўская, белы’ – словы агульнаўжывальныя, якія не маюць тэрміналагічнага значэння, калі ўжываюцца па-за тэрмінам. Тое ж можна сказаць пра тэрміны “водазліўная вежа, абсалютная велічыня, глаўберава соль”. У словазлучэннях-тэрмінах наглядаецца спалучэнне назоўніка з назоўнікам (галоўнае і залежнае слова): доза выпраменьвання, растваральнасць рэчыва, сульфат кальцыю, крыніца атрымання. У якасці кампанента тэрмінаў з галоўным словам агульным назоўнікам выступаюць уласныя назоўнікі: закон Авагадра, закон Кулона, прынцып Ферма, шкала Цэльсія, піраміда Маслава, індэкс Нільсана (у эканоміцы). Часам у склад кампанента тэрміна-словазлучэння ўваходзіць два прозвішчы адразу, носьбіты якіх мелі дачыненне да адкрыцця, напрыклад: ураўненне Клапейрона-Мендзялеева, закон Джоўля-Ленца, энергія Гібса. Радзей сустракаюцца прыназоўнікавыя тэрміны-словазлучэнні: выдаткі на захаванне, адмаўленне ад іску, кансалтынг па менеджменту. Шырока прадстаўлены тэрміны-словазлучэнні, якія ўяўляюць сабой спалучэнне прыметніка з назоўнікам, дзе прыметнік выступае ў ролі азначэння, але ўсё ж выконвае не якасную характарыстыку, а ўдакладняльную, класіфікацыйную: у эканоміцы - баланс аперацыйны,  злучальны, раздзяляльны, уступны, ліквідацыйны; у фізіцы – карозія анодная, катодная, нераўнамерная, глебавая, сухая, паскораная, скразная, нажавая, паслойная; у харчовай прамысловасці – бульбапрадукты сухія, замарожаныя, абсмажаныя, ахалоджаныя, кансерваваныя, канцэнтраваныя. Прыметнік у складзе тэрміна не можа мець формаў ступеней параўнання, нават калі гэта якасны прыметнік, напрыклад: сухія прадукты, сухая карозія – тут прыметнікі маюць толькі форму скланення і не маюць форм ступеней параўнання. У складзе тэрмінаў-словазлучэнняў могуць быць вытворныя прыметнікі ад уласных назоўнікаў: рэнтгенаўскія промні (адкрыты нямецкі фізікам К. Рэнгенам), дызельнае паліва (па прозвішчы нямецкага інжынера Дызеля).

3.Адметнасцю сучаснай  навуковай тэрміналогіі беларускай  мовы з’яўляцца трохслоўныя і  шматслоўныя тэрміны. Гэта звязана з удакладненнем, дапаўненнем галоўнага кампанента, каб больш дэталёва выразіць абазначанае паняцце, каб больш адлюстраваць колькасць прыкмет паняцця, з другога боку, гэта звязана з адсутнасцю аднаслоўных тэрмінаў. Добра было б, калі можна замяніць словазлучэнне-тэрмін аднаслоўным тэрмінам: схема размяшчэння – кампаноўка; вядучы прэзентацыі тавару –дэманстратар; уласцівасць рэчываў растварацца – растваральнасць; колькасць рэчыва, растворанага ў пэўнай колькасці растваральніка – канцэнтрацыя (раствору). Састаўныя тэрміны падобныя да простых перш за ўсё тым, што яны абазначаюць адно цэласнае паняцце. У трох- і шматслоўных тэрмінах апорным словам з’яўляецца назоўнік, напрыклад: фонд заработнай платы, бюджэтныя ўстановы і арганізацыі, метад бухгалтарскага ўліку, кантрольны пакет акцый, свабодна канверсаваная валюта. Часткова састаўныя тэрміны спрашчаюцца, утвараючы складаныя словы, абрэвіятуры: капітальныя ўкладанні – капукладанні, перфарацыйная карта – перфакарта; Амерыканская асацыяцыя маркетынгу – ААМ; Еўрапейская эканамічная супольнасць – ЕЭС. Іншы раз замяняюцца іншамоўнымі словамі: даведнік цэн па відах і гатунках тавараў або па відах паслуг – прэйскурант.

 

 

4.Асаблівасці  выкарыстання разам з тэрмінам  сімвалаў, лічбаў

Выдзяляюць у навуковых  тэкстах і такі адметны пласт, як рознага тыпу скарачэнні, абрэвіятуры, лічбы, сімвалічныя і формульныя абазначэнні: к. к. дз. – каэфіцыент карыснага дзеяння; ВНП – валавы нацыянальны прадукт; Па – паскаль ‘адзінка вымярэння ціску’; кДж – кілаДжоўль ‘адзінка вымярэння энергіі’; Fе, О – жалеза, кісларод; корань квадратны; Н О – формула вады; СuSО 5НО – медны купарвас; 5% - пяць працэнтаў і інш. Гэта агульнапрынятыя скарачэнні, формулы; яны уніфікаваны, адпавядаюць стандарту афармлення. Шырока выкарыстоўваюцца ў навуковых (эканамічных, фізічных, хімічных і інш.) тэкстах лічэбнікі. Тут важна звярнуць увагу на граматычны бок такіх спалучэнняў. Калі слова-тэрмін (назоўнік, прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік) спалучаецца з лічэбнікамі “два, тры, чатыры”(2, 3, 4), то тэрмін будзе мець форму назоўнага склону, множнага ліку: 2 малекулы, 3 атамы. Калі ўжываецца дробавы лічэбнік і ў лічніку “два, тры, чатыры”, то назоўнік (рус.знаменатель) таксама мае форму назоўнага склону множнага ліку: тры пятыя гадзіны. Звычайна лічэбнікі ў навуковых тэкстах запісваюцца лічбамі. Ужытыя сімвалічныя, формульныя, лічбавыя абазначэнні даюць магчымасць эканоміць пісьмовую мову, больш дакладна перадаваць навуковыя паняцці.

 

ЛЕКЦЫЯ 13. Асаблівасці ўтварэння  беларускай навуковай тэрміналогіі

1.Прадуктыўныя спосабы словаўтварэння.

2.Тэрміналагізацыя.

3.Уніфікацыя і стандартызацыя  тэрмінаў.

4.Сучасны стан беларускай  тэрміналогіі. Тэрміналагічныя слоўнікі.

Асноўныя паняцці: тэрміналагізацыя, уніфікацыя, стандартызацыя, дэрыват.

Літаратура:

Ляшчынская В.А. Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001.

 

1.Прадуктыўныя  спосабы словаўтварэння

Тэрміны, як і звычайныя  словы літаратурнай мовы, утвараюцца паводле законаў і на аснове законаў  словаўтварэння беларускай мовы. Аднак утварэнне тэрмінаў мае свае адметнасці, свае асаблівасці, вывучэнне якіх дапаможа правільнай тэрмінатворчасці, удасканальванню сучасных тэрмінаў ў беларускай мове. Так, да гэтага часу ідуць пошукі беларускага адпаведніка да рускага слова “кислота”. Спачатку было прапанавана некалькі адпаведнікаў: квас, кісля, кісласць; пазней – кіслата, кісліна, пасля рэформы 1933 года замацаваўся адзін тэрмін – кіслата.

Для беларускай мовы пытанне  аб утварэнні тэрмінаў асабліва актуальнае яшчэ і па прычыне абмежаванага ўжывання беларускай мовы ў сферы навукі і тэхнікі, а як вынік гэтага – недастаткова распрацаваная і практычна рэалізаваная, ужывальная тэрміналогія. Вылучаюць наступныя спосабы ўтварэння тэрмінаў:

    • сінтаксічны;
    • суфіксальны;
    • прэфіксальны (прыставачны);
    • прэфіксальна-суфіксальны;
    • аснова- і словаскладанне;
    • абрэвіяцыя;
    • семантычны (тэрміналагізацыя).

Сінтаксічны спосаб –  самы прадуктыўны спосаб утварэння  тэрмінаў; ён прадугледжвае рознага  тыпу спалучэнні:

прыметнік + назоўнік - інвентарная  кніга, адсарбіраванае рэчыва, акустычная ізаляцыя;

назоўнік + назоўнік –  вільготнасць паветра, вышыня гука, дысперсія  хвалі, дэфекты ў крышталі;

назоўнік + прыметнік + назоўнік: адвод ахалоджанай вады, вільготнасць фармовачнай сумесі, грэбень высокага ціску, датчык актыўнага супраціўлення, ёмістасць акумуліраванай энергіі;

назоўнік + назоўнік + назоўнік – працэс удзімання кальцыю, мадулятар  сістэмы сувязі;

назоўнік + прыназоўнік + прыметнік (дзеепрыметнік) + назоўнік –  печ з тарцовай загрузкай, ліст для  глыбокай выцяжкі, барабан з адлітымі баразёнкамі;

назоўнік + прыназоўнік + назоўнік + назоўнік – барабан для  ачысткі адлівак;

назоўнік + прыметнік + назоўнік + назоўнік – працэс прамога атрымання  жалеза, частата зваротна-паступальнага  руху крышталізатара.

Апорным словам у такіх спалучэннях з’яўляецца назоўнік. Усе сінтаксічныя тэрміны можна раздзяліць на два тыпы паводле ступені сэнсавага раздзялення іх: непадзельныя і фармальна падзельныя. Непадзельныя тэрміны-словазлучэнні нагадваюць фразеалагізмы літаратурнай мовы: гусіныя лапкі (батан.), саляная кіслата.

Суфіксальны спосаб з’яўляецца вельмі прадуктыўным; тэрміны ўтвараюцца ад асноў уласных і агульных назоўнікаў, уласнабеларускіх і іншамоўных слоў:

    • ад уласных імён утвараюцца тэрміны пры дапамозе суфіксаў –ізм-, -ызм-, -эізм-, -янств-, -ўств-: дарвінізм, піфагарэізм, талстоўства, канфуцыянства;
    • -іт-, -ыт-: калумбіт, дамейкіт, турынгіт, прустыт;
    • ад агульных назоўнікаў утвараюцца тэрміны з дапамогай суфіксаў –нн-, -енн-, -к-, -ск, -н-: навядзенне, насычэнне, аўдытарскі, наладка, паверка, бартэрны.

Шырока выкарыстоўваюцца іншамоўныя ўтваральныя асновы: сінтэтыка  – сінтэтычны; алюміній – алюмініраванне, алюмініевы; балансаваць – балансаванне. Выкарыстоўваюцца іншамоўныя суфіксы  –ізм-, -фікацыя-, -аж-, -іст-, -ацыя- (-яцыя-) і інш.: градацыя, дрэнаж, электрыфікацыя, эгаіст, ізаляцыя, канцэнтрацыя.

Прэфіксальны спосаб характарызуецца далучэннем прэфікса да цэлага слова: антыцыклон, суперфасфат. Сярод прэфіксаў можна вызначыць  уласныя і іншамоўныя, пры гэтым  прэфіксы -ультра-, -звыш-, -экстра- маюць адно значэнне ‘шмат, звыш’, але прэфікс “ультра” адрозніваецца большай прадуктыўнасцю.

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ: дэцы (лац.) ‘дзесяць’; метр (грэч.) ‘вымяраю’; літр (грэч.) ‘фунт’; дэ (лац.) ‘з, на’ - дэцэнтралізацыя; дыя (грэч.) ‘раздзяленне, узаемасувязь’ – дыяспара; грама (грэч.)’запіс’ – дыяграма; генез (грэч.) ‘паходжанне’ – генезіс; графія (грэч.) ‘пішу’ – біяграфія; доза (грэч.) ‘порцыя’ – біядоза; дынаміка (грэч.) ‘моц, сіла’; аўта (грэч.) ‘сам’; база (грэч.) ‘аснова’ – аўтабаза.

Прэфіксальна-суфіксальны спосаб утварэння тэрмінаў характарызуецца далучэннем прэфікса і суфікса да ўтваральнай асновы адначасова: рас-крытык-ава-ць.

Аснова- і словаскладанне – гэта спосаб, калі тэрміны ўтвараюцца ў выніку спалучэння як уласных, так  і іншамоўных частак: аграфірма, відэатэрмінал, архівасховішча, вільгацеізаляцыя, землеўпарадкаванне.

Складана-суфіксальны  спосаб – утварэнне тэрмінаў шляхам складання асноў і далучэннем суфіксаў, напрыклад: аднатыпны, мясарэзка, сокавыціскалка.

Бяссуфіксны спосаб –  характэрная з’ява ў тэрмінатворчасці. Тэрміны ўтвараюцца шляхам адсячэння суфіксаў, напрыклад: надлом, напал, ціск, абгар, абмер.

Утварэнне тэрмінаў спосабам абрэвіяцыі разнастайнае:

    • складанне першых літар назвы (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства – АДСС);
    • складанне першых гукаў назвы (тэхніка-эканамічная інфармацыя –ТЭІ);
    • спалучэнне часткі слова і цэлага (зарплата, перфакарта, дзяржсектар);
    • спалучэнне назваў першых гукаў слоў ці іх частак і цэлага апошняга слова (ДАст);
    • спалучэнне цэлага слова і першых літар назвы (персанальная ЭВМ, мікра-ЭВМ.

 

2.Тэрміналагізацыя

Утварэнне тэрмінаў семантычным спосабам (або тэрміналагізацыя) надзвычай пашыраная з’ява, інакш кажучы, адбываецца пераасэнсаванне агульўжывальных слоў і пераход іх у тэрмінасітэму. Як правіла, тэрміналагічная намінацыя – гэта другасная з’ява. Асаблівая роля пры тэрміналагізацыі агульнаўжывальнага слова належыць матывацыі,у першую чаргу метафары і метаніміі. Метафара дае перанос значэння па падабенстве, напрыклад: рукаў ‘частка адзення’ і пераасэнсаваныя словы, якія сталі тэрмінамі – рукаў ракі, рукаў пажарны. Асабліва метафарызуюцца назвы частак цела чалавека (вушка, язык, плячо); назвы жывых істот, частак іх цела, жылля (гняздо, крыло, лапкі, нос, пяро); назвы частак адзення (кажух, гарлавіна, рукаў, шапка) і інш.

У сучасным тэрмінаўтварэнні ў адрозненне ад перыяду 20 – 30-х гадоў  агульнаўжывальныя словы набываюць тэрміналагічнае значэнне пераважна ў складзе састаўных тэрмінаў8, напрыклад: альфа-промні, дымавая засаўка, лішкавае паветра, амплітуда вагання. Тэрміны адрозніваюцца ад сваіх агульнаўжывальных аманімічных слоў граматычымі формамі. Так, часта ў тэрміналагічным значэнні назоўнікі выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку, напрыклад: воды (мінеральныя), нафты, маслы. Асобныя тэрміны ўласнага паходжання ўзяты з размоўнай лексікі  і выдзяляюцца ўсё ж сваім размоўна-бытавым характарам: задзірына ‘задранае месца на гладкай паверхні’, таваразнавец і таваразнаўца, выпіхач (рус. выталкиватель). Тэрміналагізацыя характэрна ўсім тэрмінасістэмам.

 

3.Уніфікацыя  і стандартызацыя тэрмінаў

У сучасных умовах пашырэння  сферы выкарыстання беларускай мовы адной з важных праблем паўстае  тэарэтычная і практычная распрацоўка  пытанняў беларускай тэрміналогіі. Важным з’яўляецца стварэнне адзінага навуковага стылю беларускай мовы, банка яго лексічных сродкаў. Сучасная сітуацыя  нагадвае час актыўнай распрацоўкі тэрміналогіі ў 20-я гады, а таксама яшчэ раней, у кан. 19 – пач. 20 ст. ст. Развіццё сучаснай тэрміналогіі неабходна даследаваць у аспекце развіцця, упарадкавання, структурна-семантычным і словаўтваральным. Важным пытаннем удасканалення моўнага афармлення беларускай тэрміналогіі выступае аналіз умоў і магчымасцей “згортвання” шматслоўных намінацый, здольных дакладна перадаваць змест паняцця: (рус.) печатающее устройство – друкавальнае прыстасаванне – прынтар. Пры арыентацыі на практыку рускага тэрмінаўтварэння і ў выніку практычнай нязручнасці аналітычнай дэрывацыі (утварэння) у тэрміналогіі часта ўзнікаюць выпадкі выкарыстання аднаслоўных запазычаных тэрмінаў у беларускай тэрміналогіі. Ёсць выпадкі, калі запазычанне не вызначаецца аб’ектыўнай неабходнасцю, так як ёсць адпаведная словаўтваральная база ў выглядзе пэўнага словазлучэння: кіруючае прыстасаванне – кіравальнік (але не можа быць “кіруючае слова”, “кіруючая лінія”). Стварэнне аднаслоўных беларускіх тэрмінаў на аснове існуючых словазлучэнняў абмяжоўваецца часта не толькі словаўтваральнымі магчымасцямі, але і дадатковымі адценнямі магчымага дэрывата, нязвычнасцю ўтвараючага фарманта: друкавальнае прыстасаванне – друкавальнік (параўнаем: ‘друкар’ – ‘работнік друкарскай справы’). Стварэнне аднаслоўных тэрміналагічных намінацый неабходна з пункту гледжання зручнасці і эканомнасці моўных сродкаў, а таксама і з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці нацыянальнага тэрміна і запазычанага. Актыўнасць англамоўных слоў атрымала назву “экспансія англамоўных тэрмінаў”. Шматслоўныя рускія і створаныя на іх аснове беларускія тэрміны ніяк не могуць супрацьстаяць гэтаму актыўнаму працэсу.

Информация о работе Лекции по "Белорусскому языку"