Лекции по "Белорусскому языку"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 20 Февраля 2013 в 20:14, курс лекций

Описание

Канспект лекцый прызначаны для студэнтаў 1-га курса вочнай і завочнай форм навучання ўсіх спецыяльнасцей. Дапаможнік уключае 17 лекцый, тэматыка якіх адпавядае тэмам рабочай праграмы. Да кожнай лекцыі дадзены асобны спіс літаратуры, уведзены рубрыкі “Асноўныя паняцці” і “Цікава ведаць”, што дапаможа скіраваць увагу студэнтаў на важныя моўныя паняцці і пашырыць кругагляд. Тэарэтычныя пытанні асвятляюцца сцісла і даступна і дапаўняюцца ілюстрацыйным матэрыялам, узятым з розных галін навукі. У канцы дапаможніка даецца агульны спіс літаратуры, дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”.

Содержание

Лекцыя 1. Мова і соцыум……………………………………………...4
Лекцыя 2. Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы………………………………………………………………………..8
Лекцыя 3. Беларуская мова ў 20-м стагоддзі…………………………11
Лекцыя 4. Беларуская мова на сучасным этапе……………………...16
Лекцыя 5. Праблемы беларуска-рускай інтэрферэнцыі……………..19
Лекцыя 6. Функцыянальныя стылі беларускай мовы……………….22
Лекцыя 7. Граматычныя асаблівасці навуковага стылю…………….29
Лекцыя 8. Жанры навуковай літаратуры……………………………..34
Лекцыя 9. Лексікалогія………………………………………………...40
Лекцыя10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання………………………………………………………………….45
Лекцыя 11. Шляхі і крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………...49
Лекцыя 12. Лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі……………..54
Лекцыя 13. Асаблівасці словаўтварэння беларускай навуковай тэрміналогіі………………………………………………………………58
Лекцыя 14. Асаблівасці афіцыйна-справавога стылю……………….64
Лекцыя 15. Групы афіцыйна-справавых дакументаў………………...68
Лекцыя 16. Справавыя лісты…………………………………………..71
Лекцыя 17. Справавая карэспандэнцыя……………………………….73
Дадатак да тэмы “Афіцыйна-справавы стыль”………………………….77
Спіс літаратуры……………………………………………………………85
Спасылкі …………………………………………………………………..86

Работа состоит из  1 файл

Belorussky_yazyk.doc

— 624.50 Кб (Скачать документ)

Першы і другі тэксты адрозніваюцца акадэмізмам, інфармацыя ў іх “сухая”. У трэцім тэксце інфармацыя падаецца з мэтай зацікавіць, прыцягнуць увагу чытача, слухача.

Адметнасцю навуковых  тэкстаў з’яўляецца пэўны адбор  і выкарыстанне фразеалагізмаў, менавіта кніжных фразеалагізмаў: краевугольны камень, пад знакам, актуальная тэма, чырвоная нітка, аддаваць належнае, камень спатыкнення. Функцыя фразеалагізмаў у навуковых тэкстах – намінатыўная, у той час як у мастацкім ці публіцыстычным тэксце яны выкарыстоўваюцца, каб надаць мове вобразнасць. Пранікненне элементаў аднаго стылю ў другі без парушэння стылістычнай цэласнасці тэксту сведчыць аб незамкнутасці стыляў. Найбольш пранікальнымі лічацца мастацкі і публіцыстычны стылі, найменш – афіцыйна-справавы.

 

ЛЕКЦЫЯ 7. Граматычныя асаблівасці  навуковага стылю

1.Марфалагічныя асаблівасці.

2.Асаблівасці сінтаксісу.

3.Парадак слоў.Сродкі лагічнай сувязі.

Асноўныя паняцці: прамы парадак слоў, інверсія.

Літаратура:

  1. ЛяшчынскаяВ.А.Беларуская мова.Тэрміналагічная лексіка: Вучэбны дапаможнік. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001.
  2. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Вучэбны дапаможнік для факультэта журналістыкі. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск: Універсітэцкае, 1995.

 

1.Марфалагічныя  асаблівасці

Марфалогія і сінтаксіс  у адрозненне ад лексікі і фразеалогіі  не валодаюць функцыянальнай замацаванасцю  сваіх адзінак за пэўным стылем.

На першы погляд у  навуковых тэкстах сустракаюцца ўсе часціны мовы, іх формы, разнастайныя сінтаксічныя канструкцыі. Больш уважлівы разгляд вымушае канстатаваць факты  спецыфікі ўжывання марфалагічных  і сінтаксічных сродкаў у навуковым  стылі. Гэта спецыфіка заключаецца ў частотнасці ўжывання тых ці іншых форм, перавазе выкарыстання пэўных тыпаў сказаў і інш.

Марфалагічныя асаблівасці.

У навуковых тэкстах  выкарыстоўваюцца амаль усе часціны  мовы. Выключэнне складаюць выклічнікі – гэта нязменныя словы, якія не адносяцца ні да самастойных, ні да службовых часцін мовы. Яны служаць для выражэння пачуццяў, экспрэсіўных ацэнак і г.д. (эх, ура, брава, калі ласка, дзякуй, бах, хлоп).

Для навуковых тэкстаў  характэрна ўжыванне аддзеяслоўных  назоўнікаў на –анне(-янне), -энне(-енне), -ка, -цыя, -цце з абстрактным значэннем, пры гэтым ніякі род гэтых назоўнікаў пераважае, таму што ён найбольш адцягнена-абагульнены па сваім граматычным значэнні, напрыклад:

Хлебапячэнне, тэхналагічны працэс вытворчасці хлебных  вырабаў.

Складаецца  з аперацый: прасейванне мукі, магнітная  ачыстка яе і змешванне паводле  рэцэпта; растварэнне і фільтрацыя солі; падрыхтоўка дражджэй. На цестамясільных машынах гатуюць цеста з пшанічнай  мукі з дабаўленнем дражджэй, з  аржаной – аржаных заквасак. Цеста бродзіць пры тэмпературы 30С, пры гэтым утварае смакавыя і араматычныя рэчывы, набывае порыстасць. Гатовае цеста дзеляць на кавалкі пэўнай формы залежна ад гатунку вырабу (БелСЭ).

Большасць дзеясловаў-выказнікаў ужываецца ў форме 3-яй асобы цяперашняга часу, паколькі абазначаюць не дынамічны стан у момант маўлення, а цяперашні час, пастаянны, надчасовы, напрыклад:

Цукар, харчовы  прадукт з цукровых буракоў або  цукровага трыснягу; складаецца з  цукрозы. Тэхналагічны працэс вырабу Ц. з цукровых буракоў (маюць 17 – 20% цукрозы): буракі мыюць і разразаюць на тонкую стружку; на дыфузійных апаратах з яе атрымліваюць дыфузійны сок, які апрацоўваюць нягашанай вапнай (дэфекацыя) і вуглякіслым газам (сатырацыя); потым сок фільтруюць, насычаюць сярністым газам (сульфітацыя), выпарваюць і атрымліваюць утфель – цукровы сіроп, сумесь крышталікаў цукрозы і міжкрыштальнага сіропу. Крышталікі аддзяляюцца на цэнтрыфугах, прамываюцца і высушваюцца, атрымліваецца цукар-пясок (БелСЭ).

Дзеясловы ў форме прошлага часу незакончанага трывання выкарыстоўваюцца для выражэння змены паслядоўнасці дзеянняў, часавай паслядоўнасці, напрыклад:

Вучоныя распрацавалі гэты метад (аптычнае кручэнне) дзеля  цытрусавых пекцінаў. Аналіз выконваўся наступным чынам. Спачатку вымяралася ўдзельнае кручэнне пачатковага раствору, пасля чаго пекцінавыя рэчывы колькасна асаджаліся ў выглядзе меднай солі і адфільтроўваліся. Потым вымяралася ўдзельнаяе кручэнне  фільтрату. Розніца кручэння да і пасля асаджэння пекцінавых рэчываў прама прапарцыянальна іх канцэнтрацыі (удзельнае кручэнне цытрусавага пекціну + 230).

Пры дзеяслова-выказніках выкарыстоўваюцца займеннікі з адцягненым значэннем – ён, яна, яно, яны, мы. Займеннік Я не выкарыстоўваецца ў навуковых тэкстах, ён апускаецца або замяняецца займеннікам МЫ , так званае “аўтарскае мы”. Ён падкрэслівае адзінства таго, хто гаворыць або піша, з іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён звяртаецца, напрыклад:

Як мы можам  бачыць, арганізацыя працы – самастойная  галіна дзейнасці, аб’ектам якой з’яўляецца праца. Яна абапіраецца на ўласцівыя толькі ёй метады і прынцыпы.

У тэкстах навуковага стылю ўжываюцца прыметнікі, але яны выступаюць як сродак класіфікацыі (прыкмет, з’яў, відаў, гатункаў). Напрыклад:

У якасці каагулянта пры вырабе мяккіх сыроў, такіх як “Фермерскі”, “Дачны” выкарыстоўваюцца  кіслоты (малочная, саляная, воцатная).

Простая форма прыметніка (чысты, густы) – нейтральная, таму ўжываецца  ва ўсіх стылях. Формы вышэйшай ступені  параўнання з суфіксамі –ейш(-эйш), -ш- не ўласцівы навуковым тэкстам. Больш  распаўсюджана складаная форма: больш эфектыўны, менш кіслы.

Форма дзеяслова –  дзеепрыметнік – значна абмежавана ва ўжыванні ва ўсіх стылях мовы. Гэта абмежаванне выклікана перш за ўсё  асаблівасцямі ўтварэння дзеепрыметнікаў. Так, дзеепрыметнікі незалежнага стану  цяперашняга часу, утвораныя пры дапамозе суфіксаў –уч(-юч), -ач(-яч), а прошлага часу пры дапамозе суфіксаў –ўш-, -ш-, лічацца ненарматыўнымі, паколькі ў пачатковай форме аманімічныя адпаведным дзеепрыслоўям.

Параўнаем: дзеепрыметнік

дзеепрыслоўе

узнаўляючы (абмен) які?

узнаўляючы       што робячы?

выступіўшы (дакладчык)

выступіўшы       што зрабіўшы?

уваходзячы (элемент)

уваходзячы        што робячы?


Аналіз навуковых тэкстаў  паказаў, што няма строгіх нормаў ва ўжыванні ці абмежаванні адназначных  дзеепрыметнікаў. Можна сустрэць непаслядоўнасць ва ўжыванні такіх дзеепрыметнікаў і ў слоўніках (“Словарь-справочник по маркетингу”. – Мн.: Выш. школа, 1993): пранікаючае цэнаўтварэнне, пульсуючы графік, напамінаючая рэклама, упраўляючы па гандлі і кіраўнік службы збыту.

Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца з дапамогай суф.-ем-, -ім-. Але яны таксама не характэрны сучаснай беларускай літаратурнай мове, таму ўжыванне іх таксама абмежавана. Навуковыя тэксты характарызуюцца рэдкім ужываннем дзеепрыметнікаў з –суф. –ем-, -ім- : кантралюемы тавар, канверціруемая валюта (канверсуемая), прасуючыя машыны. Найбольш ужывальныя формы дзеепрыметнікаў з суф. –ен-, -эн-, -н-, -л-, -т-: сказаны, адкрыты, занесены, запраграмаваны, створаны.

Формы дзеепрыслояў пашыраны ў навуковых тэкстах, асабліва з суфіксамі –ачы (-ячы); -учы (-ючы). Напрыклад:

Падкрэсліваючы  самастойнасць арганізацыі працы  як элемента арганізацыі вытворчасці, неабходна адзначыць, што між  усімі ўваходнымі элементамі ў яе састаў існуе цесная ўзаемасувязь. Зыходзячы з азначэння арганізацыі працы, можна вызначыць (абазначыць) наступныя задачы, што стаяць перад гэтай галіной: тэхніка-тэхналагічныя, эканамічныя, псіха-фізіялагічныя і інш.

Выкарыстанне нехарактэрных  для беларускай мовы форм дзеяслова  ў навуковых тэкстах не адпавядае норме. Даследчыкі лічаць, што “найбольш разбураюць лад мовы неўласцівыя ёй афіксы”.

 

2.Асаблівасці  сінтаксісу

Для навуковых тэкстаў  характэрны розныя сінтаксічныя сродкі. Найбольш ўжывальныя з розных тыпаў  сказаў паводле мэты выказвання апавядальныя сказы. Асноўная іх задача – паведамленне, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай форме. Напрыклад:

Вакуум-апараты  бываюць перыядычнага і бесперапыннага дзеяння. 

Пытальныя сказы ў  навуковым стылі абмежаваны. Часцей за ўсё яны надаюць адценне навукова-папулярнага выкладу інфармацыі. Напрыклад:

У якіх суадносінах  знаходзіцца беларуская літаратура і сусветная?

- Пытанне цяжкае. І трохі балючае. Балючае, бо  трэба шчыра прызнацца, што  беларускую літаратуру ведаюць  у свеце ўсё яшчэ кепска…

Сказы ў навуковых тэкстах, як правіла, двухсастаўныя, развітыя, ускладненыя. Сярод ускладненняў пашыраны аднародныя члены сказы, якія звязаны паміж сабой інтанацыяй пералічэння, злучнікамі (і, а, але). Напрыклад:

Харчовая каштоўнасць  сыру абумоўлена прысутнасцю незаменных кіслот, вітамінаў, лятучых і высокамалекулярных тлустых кіслот, кальцыевых, фосфарнакіслых і іншых мінеральных солей.

Пры аднародных членах сказа  можа стаяць абагульняльнае слова, якое ў навуковых тэкстах выконвае лагічную функцыю, напрыклад:

Фізічныя ўласцівасці рэчываў і сістэм выражаюцца праз фізічныя параметры: каэфіцыенты вязкасці, дыфузіі, каэфіцыенты цеплаправоднасці і тэмператураправоднасці, удзельную цеплаёмістасць.

Аднародныя члены сказа  неабходна афармляць так, як аформлена  абагульняльнае слова (у прыкладзе – абагульняльнае слова і аднародныя члены сказа маюць форму вінавальнага склону).

Пабочныя словы, канструкцыі  ў навуковых тэкстах указваюць  на адносіны паміж часткамі выказвання, а таксама нясуць дадатковыя звесткі, тлумачэнні, удакладненні, папраўкі. Напрыклад:

Такім чынам, комплекснае вырашэнне праблем  па ўсіх напрамках, якімі займаецца  арганізацыя працы, дазваляе знайсці  аптымальныя варыянты эфектыўнага  выкарыстання сродкаў вытворчасці  і рабочай сілы.

У навуковых тэкстах  выказнік можа быць простым дзеяслоўным ў форме цяперашняга часу або састаўным іменным з асноўным кампанентам назоўнікам, напрыклад:

Мяккі сыр  – высакаякасны харчовы прадукт, які атрымліваецца пры ферментатыўным, кіслотным або камбінаваным згусанні малака з наступнай апрацоўкай сырнага згустку і сырнай масы, з выспяванне або без яго.

Выбар тыпу складанага сказа  ў навуковых тэкстах характарызуецца  логікай, зместам выкладу. Найбольш ужывальныя складаназалежныя сказы, што  адпавядае патрабаванням доказна-лагічнага  выкладу матэрыялу, напрыклад:

Матрыца для  фармавання цеставай стужкі ўяўляе сабой  латунны дыск, у якім ёсць усяго  адна шчыліна даўжынёй 600 мм і шырынёй 1,2 мм.

Даданы сказ дазваляе больш дакладна перадаць інфармацыю, дадзеную ў галоўным сказе.

 

  1. Парадак слоў

Парадак слоў у навуковых  тэкстах адносна свабодны, г. зн. можа быць прамы і адваротны (інверсія), у залежнасці ад мэты выказвання.

Азначэнне – дзейнік - акалічнасць спосабу дзеяння – выказнік - дапаўненне (прамы парадак слоў).

Дзейнік – азначэнне  – выказнік – акалічнасць - дапаўненне (інверсія).

Трэба памятаць, што пры  прамым парадку слоў, на апошняе  месца ставіцца слова, якое заключае ў сабе новую, найбольш важную інфармацыю. Пры адваротным парадку слоў такі член сказа выносіцца або ў пачатак, або ставіцца ў канцы сказа. Напрыклад:

Сыроватачныя  бялкі застаюцца пры такіх  умовах растваральнымі. - прамы парадак  слоў.

У працэсе  сычужнай каагуляцыі малака выдзяляецца толькі казеін. – інверсія.

Дакладнасць і яснасць  выказанай думкі залежыць ад правільнага  выбару парадку слоў у сказе. Трэба  сачыць, каб слова, якое залежыць ад іншага, стаяла ў сказе побач з  ім або як мага бліжэй. Калі паміж  кампанентамі аднаго словазлучэння стаіць многа слоў іншых словазлучэнняў, то выказаная думка можа аказацца незразумелай, напрыклад:

Рашэнні, у  сувязі з вынікамі праверкі брыгады  намі прынятыя і агульным сходам зацверджаныя, з боку адміністрацыі ніякіх істотных заўваг на мелі.

У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца і сродкі лагічнай сувязі: лексічныя паўторы, пабочныя словы, злучнікі, асабовыя займеннікі 3-й асобы, указальныя займеннікі, напрыклад:

З мяккіх сыроў  найбольшай увагі заслугоўваюць  сыры, якія вырабляюць спосабам тэрмінакіслотнай каагуляцыі бялкоў малака. Іх выраб мае шэраг пераваг перад сычужнымі і кіслотнымі сырамі, яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Асноўныя напрамкі ў галіне ўдасканалення тэхналогіі сыроў:

    • выраб сыроў з ферментацыяй сырнай масы;
    • выраб сыроў з пабочнай сыравіны;
    • выраб сыроў з прымяненнем раслінных напаўняльнікаў.

Безумоўна, праца  ў гэтым напрамку з’яўляецца актуальнай.

Информация о работе Лекции по "Белорусскому языку"