Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа
Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.
УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85
У беларусістыцы літаратурная анамастыка да апошняга часу разглядалася як частка традыцыйна-апісальнай лінгвістыкі, нягледзячы на значнае назапашванне несістэматызыванага разнастайнага тэарэтыка-эмпірычнага матэрыялу, які толькі зусім нядаўна пачаў паслядоўна і сістэмна асэнсоўвацца і кваліфікавацца як важнейшы тэкстаўтваральны і моўна-стылістычны кампанент любога мастацкага тэксту. І калі ў канцы XX стагоддзя даследчыкі анамастычнай лексікі, падводзячы вынікі зробленага ў вывучэнні анамастыкону твораў мастацкай літаратуры, сцвярджалі, што гэты аспект (анамастыкон мастацкіх твораў) закрануты і вывучаны фрагментарна, знайшоўшы адлюстраванне толькі ў асобных тэзісах дакладаў і невялікіх нататках, то ў наш час можна гаварыць пра асобны, новы навуковы напрамак у беларускім мовазнаўстве ў даследаванні літаратурнага анамастыкону, аспекты якога пачалі аналізавацца не толькі ў артыкулах, а і ў манаграфіях, падручніках В. Шура [104, 113], А. Рогалева [74], В. Ляшчынскай [50], В. Рагаўцова [72], І. Ратнікавай [73], А. Гіруцкага [20], Г. Мезенкі [52], Ю. Гурскай [21], а таксама значнай колькасна групы маладых даследчыкаў, якія актыўна працуюць на ніве беларускай анамастыкі. У ліку такіх неабходна назваць даследчыкаў, якія вывучаюць анамастыкон некаторых беларускіх пісьменнікаў, і яго асаблівасці ў некаторых жанрах беларускага фальклору. Так, С. Бут–Гусаім даследуе прагматычную ролю і значнасць онімаў у творах Я. Брыля, Г. Марчука, Г. Далідовіча і інш. [15]; В. Струкаў – антрапанімікон твораў І. Мележа [82]; І. Зуева – мастацкія асаблівасці онімаў у творах У. Караткевіча, В. Быкава [28]; Г. Юдзянкова – прэцэдэнтныя анамастычныя адзінкі ў творах беларускіх аўтараў другой паловы XIX ст. [124], І. Каленік – онімы-алюзіі ў творах беларускіх пісьменнікаў савецкага перыяду [30]; Л. Хрышчановіч – антрапанімічную прастору беларускай народнай казкі [98]; З. Шведава – антрапанімікон паэзіі М. Багдановіча і Я. Купалы [102]. Яшчэ раней некаторыя прыватныя аспекты літаратурнай анамастыкі разглядаліся ў працах Г. Басавай [4], Л. Кузьміча [41], Н. Чабатар [99], Н. Лобань [45], А. Станкевіч [78], З. Драздовай [23], А. Каўруса [34] і інш., што прагучала ў дакладзе прафесара В. Шура на плянарным пасядженні міжнароднай навуковай канферэнцыі “Надзённыя праблемы лексікалогіі і анамастыкі славянскіх моў”. А. Рогалеў займаецца вывучэннем паэтонімаў у творах рускіх пісьменнікаў XVII – XIX стст., у прыватнасці, твораў А. Пушкіна, Д. Фанвізіна, М. Лермантава, В. Жукоўскага, А. Астроўскага, Л. Талстога і інш. [74]. Сярод прац, прысвечаных вывучэнню анамастычных адзінак у творах Якуба Коласа, варта выдзеліць работы Г. Усціновіч, якая правяла ацэначна-характарыстычны аналіз антрапонімаў, пераважна прозвішчаў, у мастацкіх тэкстах пісьменніка [93].
Шмат зроблена ў галіне літаратурнай анамастыкі В. Шурам. З шэрагу навуковых і навукова-метадычных прац неабходна назваць наступныя: дапаможнік для настаўнікаў “Беларускія ўласныя імёны. Беларуская антрапаніміка і тапаніміка” [108], у якім ёсць частка, прысвечаная асаблівасцям уласных імёнаў у мове мастацкай літаратуры; манаграфіі “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры” [104], “Онім у мастацкім тэксце” [113], дзе прасочана майстэрства пісьменнікаў у выбары і апрацоўцы анамастычнага матэрыялу, выяўлена тыповае і адметнае ў іх працы з онімамі, паказана месца і роля анамастычных назваў у стварэнні анамастычных вобразаў, у перадачы нацыянальнага і рэгіянальнага каларыту і інш. У 2008 годзе выдадзена кніга “Уласныя імёны ў прасторы і часе” [120], дзе аўтар раскрыў функцыі і ўжыванне ўласных імёнаў у мове, а таксама іх асаблівасці ў мастацкай літаратуры і фальклоры. Апрача гэтага, у часопісах “Полымя”, “Беларуская мова і літаратура”, “Весніку Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута”, зборніках навуковых канферэнцый Гомельскага, Брэсцкага і Мазырскага універсітэтаў змешчана больш за 300 артыкулаў В. Шура, прысвечаных апісанню спецыфікі ўласных імёнаў, прозвішчаў, тапанімічных назваў, мянушак, псеўданімаў у творах А. Мрыя, Я. Коласа, Ф. Янкоўскага, У. Караткевіча, І. Навуменкі і інш. У яго працах найбольшая ўвага звернута на функцыі онімаў у розных творах класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа: апавяданнях “Андрэй-выбаршчык”, “Сірата Юрка”, “Дзеравеншчына”, “Балаховец”, “Нёманаў дар”, трылогіі “На ростанях”, аповесці “Дрыгва” і інш. У прыватнасці, гэта артыкулы, прысвечаныя аналізу онімаў у творах Я. Коласа, дзе аналізуецца прырода мянушак, пададзена іх класіфікацыя, тлумачыцца матывацыйная база гэтых найменняў [111, с. 10 – 15], пададзена лексіка-семантычная характарыстыка ўласных імёнаў у творах пісьменніка [121], прыведзены кароткі агляд тапаніміі, выкарыстанай класікам у розных мастацкіх творах [119], разглядаюцца онімы-загалоўкі як тэкстаўтваральныя і стылёваўтваральныя кампаненты твораў [103], вылучана некалькі разнавіднасцей гаваркіх онімаў у творах пісьменніка [109], праведзены аналіз анамастыкону казак, вершаў, апавяданняў для дзяцей [106], разглядаецца ўжыванне і роля эпітэтаў-прыдаткаў у спалучэнні з онімамі [122], аналізуюцца анамастычныя адзінкі – асабовыя ўласныя імёны, мянушкі, прозвішчы, разнастайныя тапанімічныя назвы, вызначаецца іх роля як выразных стылёваўтваральных і вобразна-выяўленчых сродкаў [110, 112, 117, 114, 116].
Вялікае значэнне для даследавання
творчасці пісьменніка мае
Даследаванне онімаў праводзіцца ў наш час у Расіі, Украіне, Польшчы і іншых краінах. Праблема тэорыі літаратурнай анамастыкі дэталёва распрацавана ў працах М. Калінкіна [31]. Агляд развіцця літаратурнай анамастыкі ў Расіі канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя зрабілі А. Фамін [95], С. Зінін [27], дзе праведзена апісанне напрамкаў вывучэння анамастычных адзінак у творах мастацкай літаратуры, выкладаюцца асноўныя палажэнні тэорыі ўласнага імя.
Зразумела, што для глыбокага
і ўсебаковага асэнсавання
Значным дасягненнем у поўным апісанні анамастыкону з твораў Я. Коласа з’яўляецца выданне “Анамастычнага слоўніка твораў Якуба Коласа” пад рэдакцыяй акадэміка М. Бірылы [1]. У ім прадстаўлены ўсе ўласныя імёны, выкарыстаныя ў творах пісьменніка. Даецца характарыстыка персанажаў, прыводзяцца звесткі аб рэальных і створаных фантазіяй пісьменніка назвах населеных пунктаў, краін, арганізацый, устаноў, дробных геаграфічных аб’ектаў, апісанне якіх сустракаецца ў творах і перапісцы пісьменніка. Мы звярнулі ўвагу, што ў слоўніках апелятыўнай лексікі асноўная ўвага аддаецца распрацоўцы значэнняў слова, а ў анамастычных гэтая частка часам адсутнічае, затое прыводзяцца звесткі энцыклапедычнага характару, якія адсутнічаюць у звычайных слоўніках. Нашы слоўнікавыя артыкулы мы папаўняем і неабходнай лінгвістычнай інфармацыяй для больш дакладнага апісання літаратурнага персанажа або пэўнага прыроднага аб’екта, які пад пяром Я. Коласа стаў аб’ектам мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Гл., напрыклад, апісанне імя Сымон (Дадатак. Слоўнік, с. 121).
А. Рогалеў справядліва адзначаў, што назіранне за сістэмай уласных імёнаў любога мастацкага твора ў плане адпаведнасці іх аўтарскай ідэі і сутнасці ствараемых вобразаў дазваляе пазнаваць анімічную лексіку не толькі ў лінгвістычным плане, але і ў цеснай сувязі з літаратуразнаўчымі дысцыплінамі на шырокім філалагічным фоне з апорай на розныя філасофскія, ідэйна-эстэтычныя і культуралагічныя канцэпцыі [74, с. 6]. У ліку літаратуразнаўчых прац, якія выкарыстаны намі: манаграфіі і падручнікі М. Лужаніна “Колас расказвае пра сябе” [46], І. Навуменкі “Якуб Колас: Духоўны воблік героя” [61], “Якуб Колас” [60], Ю. Пшыркова “Летапісец свайго народа” [70], В. Ляшук “Вывучэнне творчасці Якуба Коласа ў школе” [49], М. Жыгоцкага “Побач з Коласам” [26], у якіх падаецца гісторыя стварэння паэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды”, выяўляецца майстэрства Якуба Коласа як мастака слова, тлумачацца некаторыя асаблівасці выбару онімаў, засведчаных у творах. У кнізе “У сэрцы народным” (Мн., 1967), выдадзенай пад рэдакцыяй С. Александровіча, раскрываецца веліч таленту выдатнага пісьменніка, даследуюцца яго класічныя творы. Тут значнымі для нас з’яўляюцца ўспаміны пра пісьменніка людзей, якія блізка ведалі яго, сустракаліся з ім [91].
Паэтычная анамастыка – асобная галіна агульнай анамастыкі, якая ўзнікла на мяжы гуманітарных навуковых дысцыплін, бо пры аналізе паэтонімаў мастацкіх тэкстаў выкарыстоўваюцца метады сумежных навук: лінгвістыкі, літаратуразнаўства, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі і інш.
Анамастычная лексіка (асабовыя ўласныя імёны, прозвішчы, мянушкі, тапанімічныя назвы) – адзін з важнейшых тэкстаўтваральных кампанентаў мастацкіх твораў, які выконвае вызначальную ролю ў стварэнні разнастайных мастацкіх палотнаў, вобразаў, у шырокім і ўсеабдымным раскрыцці аўтарскай канцэпцыі, адлюстраванні нацыянальных, моўных, літаратурна-эстэтычных традыцый. Паэтонім, як правіла, адносіцца да катэгорыі выдуманых імёнаў, але часта пісьменнікамі выкарыстоўваюцца рэальна існуючыя імёны або камбінацыі тых і іншых [68, с. 108]. У мове твораў пісьменнікаў онімы рэальных гістарычных асоб падлягаюць "аўтарызацыі", перажываюць творчае асваенне, набываючы канатацыйныя прырашчэнні, – падкрэсліваюць рэальнасць падзей, у якіх удзельнічалі асобы, носьбіты онімаў; вызначаюць плён іх працы, валодаюць павышанай асацыятыўнасцю, з'яўляюцца адным са сродкаў мастацкай вобразнасці, экспрэсіўнасці і інш. [113, с. 173].
Паэтонімы ўводзяцца ў мастацкі тэкст пісьменнікам невыпадкова, яны арганічна зрастаюцца з агульнай архітэктонікай і зместам мастацкага твора і, як заўважана даследчыкамі, “уяўляюць сабою вынік мэтанакіраванага пісьменніцкага адбору і ўжывання”. Выбар оніма – гэта не толькі сродак адпаведным чынам выдзеліць асобу, персанаж у мастацкім тэксце, ідэнтыфікаваць яе, а і своеасаблівы аўтарскі прыём, які дазваляе пісьменніку ў радзе выпадкаў найбольш поўна і ўсебакова ахарактарызаваць яе (асобу), выяўляючы асаблівасці жанру, у якім рэалізуецца індывідуальна-аўтарскае бачанне эвалюцыі, напрыклад, прататыпа ў літаратурны персанаж, а таксама аўтарская ацэнка паводзін і ўчынкаў літаратурнага героя [104, с. 15 – 116].
Сутнасць мастацкай функцыі онімаў, як піша А. Рогалеў, заключаецца ў тым, што яны выкарыстоўваюцца як сродак мастацка-вобразнага адлюстравання рэчаіснасці, а літаратурныя антрапонімы непасрэдна ўдзельнічаюць у стварэнні мастацкіх вобразаў [74, с. 212].
Онімы ў мастацкім тэксце набываюць пэўную семантыку, якую не трэба зводзіць толькі да назыўной функцыі – выдзялення аб’екта з групы аднародных. Напрыклад, некаторыя імёны набываюць дадатковыя якасці – ужываюцца як пэўныя сімвалы: Ганна ў паэме “Сымон-музыка” – сімвал беларускай дзяўчыны-прыгажуні [104, с. 9]. В. Калінкін сцвярджае, што онімы ў мастацкім творы павінны вывучацца ў цеснай сувязі з агульнай паэтыкай тэксту: “семантыка паэтоніма не ўяўляецца без сувязі з бліжэйшым і шырокім кантэкстам” [31, с. 4]. Актуальнай з’яўляецца думка даследчыка, што кантэкст мастацкага твора ў значнай меры змяняе імя, ператвараючы яго ў сутнасць іншага роду [31, с. 6]. Той жа думкі прытрымліваецца і В. Шур, які адзначаў, што выяўленне канатацыйнага значэння оніма звычайна дасягаецца падрабязным аналізам шырокага кантэксту, фактамі творчай біяграфіі мастака слова, веданнем жыццёвага лёсу прататыпаў яго літаратурных персанажаў, часам і глыбокім разуменнем літаратурнага працэсу ў перыяд стварэння мастацкага твора [113, с. 173]. В. Калінкін раскрыў спецыфіку значэння паэтонімаў у наступных палажэннях: паэтонім заўжды мае якую-небудзь асаблівасць, што дазваляе суаднесці яго змест з паняццем апелятыва, які быў асноваю імя, або адчуць актуалізаванасць моўнай, маўленчай, энцыклапедычнай інфармацыі; паэтонім, які называе асобу літаратурнага твора, змястоўна і інфармацыйна заўсёды адэкватны жаданню аўтара зрабіць імя персанажа адпаведным яго ўнутранай сутнасці; у межах літаратурнага твора онім ніколі не паддаецца інфармацыйнаму і зместаваму “спусташэнню”, паколькі заўсёды рэалізуецца хаця б частка яго семантычнага патэнцыялу [31, с. 32].
Літаратурны онім, як засведчана ў працах даследчыкаў, – гэта больш складаная лексічная адзінка, чым звычайнае імя, у якой, апрача намінатыўнай функцыі, мэтанакіравана сінтэзуюцца нейкія іншыя якасці, асацыяцыі, абумоўленыя аўтарскай задумай. Нават звычайны онім, трапіўшы па задуме пісьменніка ў мастацкі тэкст і стаўшы там элементам творчага ўвасаблення, актывізуе на фоне шырокага кантэксту свае семантыка-стылістычныя, асацыятыўныя, камунікатыўныя і канатацыйныя якасці і функцыі [113, с. 10]. Так, напрыклад, сацыяльна-ацэначная функцыя актуалізуецца ў прозвішчах Лата, Грамыка, створаных Я. Коласам у паэме “Сымон-музыка”. Грамыка – добры танцор. Аўтар дапаўняе кантэкстуальную сутнасць гэтага оніма, паказвае, які гэта быў бадзёры, энергічны, шчодры чалавек. У поўным сэнсе гуляў Грамыка гучна: – Патанцуем, сват Грамыка, каб аж бухала зямля! [К-с VI, с. 364]. Разгарнуў Грамыка полы, / Казака йдзе сам – адзін [К-с VI, с. 364]. Адараюць хлопца шчыра / І грашыма і дабром, / А Грамыка даў паўсыра / І дзесятку серабром [К-с VI, с. 365].
Анамастычная прастора можа быць падзеленая на асаблівыя часткі (сектары), унутры якіх выдзяляюць асобныя зоны або палі. “Поле” ў анамастыцы – “частка анамастычнай прасторы, якая змяшчае ў сабе онімы вызначанага віду” [83, с. 281]. Такі падзел неабходны таму, што анамастычная прастора мае складаную структуру. У ёй выдзяляюць антрапанімію, тапанімію, заанімію, фітанімію, міфанімію, астранімію, хрэматанімію, хрананімію і г. д. Кожны з выдзеленых класаў онімаў якасна неаднародны. Так, напрыклад, антрапонімы могуць быць індывідуальнымі: асабовае імя, імя па бацьку, прозвішча і групавымі, якія ўключаюць у сябе родавыя, сямейныя імёны. Сярод тапонімаў выдзяляюць гідронімы, айконімы, аронімы, урбанонімы. А ў склад міфонімаў, якія ўяўляюць сабой асаблівы сектар анамастычнай прасторы, уваходзяць імёны людзей, жывёл, раслін, народаў, геаграфічных і касмаграфічных аб’ектаў, розных прадметаў, якія ў рэчаіснасці ніколі не існавалі, а вядомыя нам з казак і міфаў, створаных фантазіяй чалавека.
Даследчыкі адзначаюць, што онімы ў творах пісьменнікаў – часта выразны, стылёва і семантычна маркіраваны тэкставы кампанент, вызначальная прымета стылю сапраўднага мастака слова, яны – спецыфічны тэкстаўтваральны сродак, які яднае агульную “анамастычную прастору”, удзельнічаючы ў пабудове і развіцці літаратурнай кампазіцыі, у выражэнні светапогляду аўтара, у рэалізацыі іншых мастацкіх катэгорый і асаблівасцей тэксту і агульнай канцэптуальнай ідэі.
Такім чынам, анамастычныя адзінкі ў мастацкім творы звычайна семантычна і канатацыйна ўскладненыя, што з’яўляецца вынікам натуральнага працэсу фарміравання анамастычнага ядра онімаў і ўсёй анамастычнай прасторы мастацкага тэксту. Павышаная кантэкстуальная функцыя онімаў у тэкстаўтварэнні, актыўнае ўздзеянне іх на ўяўленне, эмоцыі, падсвядомасць чытача пры дапамозе самых розных тэматычных, вобразных, гукавых асацыяцый уяўляе сабой спецыфічны тып мастацкай семантыкі слова ў літаратурным творы, які ў наш час набывае павышаную ўвагу і паглыбленае вывучэнне з прыцягненнем комплекснага выкарыстання метадаў і прыёмаў літаратурнай стылістыкі і анамастычнай семасіялогіі [113, с. 21].
Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры