Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа

Описание

Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.

Содержание

УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85

Работа состоит из  1 файл

Дысерт. Дзядок.doc

— 637.00 Кб (Скачать документ)

Сімвалічны сэнс загалоўка  паэмы “Новая зямля” заключаецца, відаць, і ў тым, што сапраўднае чалавечае шчасце, аб якім марыў галоўны герой паэмы Міхал: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, / Каб з панскіх выпутацца пут, / І там зажыць сабе нанова: / Свая зямля – вось што аснова! [К-с VI, с. 91 - 92], магчыма, не на маленькім кавалачку ўласнай зямлі, а на “новай зямлі”, перабудаванай на “новы лад”. Гэтай назвай-сімвалам паэт звяртаў увагу на незвычайна новы, поліфанічны змест і вобраз зямлі, якую ён узводзіў у ранг непераходнага агульначалавечага ідэалу і атаясамліваў з вечнымі сакральнымі каштоўнасцямі жыцця: Зямля не зменіць і не здрадзіць, / Зямля паможа і дарадзіць, / Зямля дасць волі, дасць і сілы, / Зямля паслужыць да магілы, / Зямля дзяцей тваіх не кіне, / Зямля – аснова ўсёй айчыне [К-с VI, с. 255]. Ампліфікацыя “зямля – зямля” ўзмацняе і падкрэслівае кантэкстуальную значымасць гэтага слова, якое аўтар зрабіў кульмінацыйным цэнтрам загалоўка і ўсёй паэмы. Хрысціянскую сутнасць оніма-загалоўка “Новая зямля” падкрэсліў У. Конан. Так, “Біблія” завяршаецца Апакаліпсісам (Адкрыццём) – прароцтвам пра канец грэшнага свету і яго духоўнае абнаўленне: “І ўгледзеў я [Ян] Новае неба і Новую зямлю; бо першае неба і першая зямля мінулі… І вытрэ кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні плачу, ні смутку, ні болю ўжо не будзе; бо ранейшае мінула” [Адкр, 21, 1]. Быццё і смерць, малітва красе роднага краю, чалавек на мяжы быцця і небыцця асветленыя ў гэтым творы хрысціянскім святлом, райскім бачаннем роднай краіны [40; с. 6]. І сапраўды, твор мае хрысціянскую аснову, што адлюстравана адпаведна і ў анамастычных адзінках (Ілья, Якаў, Абрам і інш. тэонімы). Такім чынам, гэты загаловачная структура глыбока інфармуе і захоўвае тэматычную арыентацыю. Гэта сімвалічны тып загалоўка.

Прагназуючая функцыя загалоўка  рэалізуецца і ў назвах “Сымон-музыка”  і “Міхасёвы прыгоды”, якія раскрываюць тэму і асноўны змест паэм, паведамляецца імя галоўнага персанажа, якое захоўвае ў сваёй унутранай форме абагулены змест. Па меркаванню даследчыкаў, функцыя загалоўка мастацкага твора памацняецца, калі ён выражаны праз другі паэтонім, які ўваходзіць у канкрэтнае анамастычнае поле антрапонімаў.

У паэме “Сымон-музыка” загаловак таксама мае абагульнена-сімвалічны характар, што дазваляе ўспрыняць яго больш глыбока, звярнуць асаблівую ўвагу на галоўнага героя твора з такім складаным лёсам і звязаць з архітыпным мастацкім сімвалам. Так, Я. Колас у лірычным прысвячэнні, якое адкрывае паэму, падкрэсліваў, што яна прысвечана беларускай моладзі. Гэта своеасаблівы “ключ” да цэласнага ўспрымання твора. Пісьменнік ужывае ў якасці загалоўка азначэнне-прыдатак ў спалучэнні з уласным іменем (Сымон-музыка). Эпітэт-прыдатак займае постпазіцыйнае становішча і характарызуе носьбіта імя паводле роду занятку – “гэта падказка ў характарыстыцы мастацкага вобраза” [74, с. 52]. Менавіта прыдаткам (музы́ка), адзначае Б. Плотнікаў, выдзяляецца найважнейшая семантычная рыса імені Сымон, а праз яе і прыродны талент галоўнага персанажа, носьбіта гэтага імені [66, с. 35]. Імя ў загалоўку, яго прафесійная і грамадская сутнасць “гаворыць”, што усё самае дарагое, што аўтар хацеў сказаць сваім творам, заключана найперш у вобразе не проста Сымона, а Сымона-музыкі [49; с. 239]. Такія загалоўкі шырока выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры, даючы магчымасць больш поўна акрэсліць апісанне вобраза, дапамагаюць стварыць аб’ёмны вобраз героя, раскрыць яго ўнутраную сутнасць, “падкрэсліць яго самыя тонкія, амаль няўлоўныя прыметы, якасці, уласцівасці, забяспечыць багаты падтэкст” [5, с. 171]. Азначэнне-прыдатак акрэслівае сутнасць персанажа, на якога трэба глядзець з той пазіцыі, што ён музыка, творца, мастак – тут спосаб выяўлення аўтарскай пазіцыі. Эпітэт-прыдатак у спалучэнні з онімам успрымаецца як функцыянальны і стылёва мнагапланавы кампанент. Такія загалоўкі, як лічаць даследчыкі, з’яўляюцца паказчыкамі высокай моўнай культуры аўтара, развітай сістэмы яго мыслення. У дадзеным выпадку прыдатак узбагачае мову твора, надае адметнасць стылю пісьменніка.

У творчай спадчыне Я. Коласа засведчана больш за 20 загалоўкаў з эпітэтамі-прыдаткамі. Такія атрыбутыўныя спалучэнні з’яўляюцца семантычна і экспрэсіўна маркіраванымі адзінкамі ў творах пісьменніка: “Андрэй-выбаршчык”, “Пятрусь-касец”, “Рак-вусач”, “Дзед-госць”, “Савось-распуснік”, “Баяну-кабзару” і інш., у тым ліку і ў паэме “Сымон-музыка”. Музыка – нейтральны эпітэт-прыдатак, які ў такім спалучэнні садзейнічае замацаванню меліяратыўнай канатацыі, лаканічнай станоўчай характарыстыкі персанажа, імя якога ўзята ў якасці галоўнага ў творы. “У спалучэнні з онімам такі прыдатак шырока выкарыстоўваецца як сродак стварэння меліяратыўнай семантыкі, з’яўляючыся актуалізатарам і інтэнсіфікатарам набытага канатацыйнага патэнцыялу оніма” [113, с. 47].

Загаловак “Міхасёвы прыгоды” мае  прамы сэнсавы план і называе  галоўнага лірычнага героя паэмы. Здаецца, усё зразумела і празрыста: аўтар расказвае пра прыгоды хлопчыка Міхаські на вёсцы, куды ён паехаў улетку на адпачынак пасля цяжкай хваробы. Міхаська не толькі даведаўся шмат новага і цікавага, але і сам расказвае вясковым дзецям, як праходзяць на Чырвонай плошчы парады, пра машыны і трамваі, пра жыццё ў дзіцячым садку. Для сучаснага чытача гэтыя радкі гучаць крыху наіўна і не нова, але для 30-х гг. ХХ ст. такія звесткі былі новымі і цікавымі. Такім чынам, пад такой немудрагелістай назвай пісьменнік паказаў не толькі прыгоды хлопчыка Міхася, а праз прызму дзіцячага бачання “адлюстраваў асаблівасці жыцця дзяцей савецкай краіны даваеннага часу” [6, с. 151].

Такім чынам, онімы-загалоўкі паэм Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка” і “Міхасёвы прыгоды” выконваюць ключавую ролю ў тэксце, валодаюць канатацыйным патэнцыялам. Cемантыка-стылістычная сутнасць усіх трох загалоўкаў паэм вызначальная, бо канатацыйны бок раскрываецца зместам усяго твора. Яны ўяўляюць сабой арганізуючае звяно сюжэтных ліній твораў і канцэнтраванае выражэнне аўтарскай ідэі, дапамагаючы пісьменніку і чытачу ў фарміраванні агульнага ўяўлення пра твор, яго ідэйны змест.

Такім чынам, загалоўкі твораў Коласа настройваюць чытача на адпаведную хвалю, вучаць яго аператыўна знаходзіць неабходную інфармацыю, закладзеную ў тэксце, імпліцытна бачыць асноўныя сюжэтныя лініі твора, адчуваць прыхаваны  аўтарам падтэкст.

 

3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды”

Асабовыя ўласныя імёны з’яўляюцца неад’емным кампанентам мастацкіх  тэкстаў паэм Я. Коласа. Яны актыўна даследуюцца ў працах В. Шура [113, с. 21 - 49 ], Г. Басавай [4], Л. Жураўскай [25], В. Струкава [81], З. Шведавай [102] і інш. Даследчыкі адзначаюць наступныя характэрныя асаблівасці імёнаў у мастацкіх творах: уласнае імя з'яўляецца неад'емным кампанентам стылю пісьменніка, сродкам стварэння мастацкага вобраза, яны здольны адлюстроўваць нацыянальны і рэгіянальны каларыт, гістарычную эпоху, сацыяльнае становішча персанажа і яго нацыянальную прыналежнасць. Па словах Д. Міськевіч, асабовыя ўласныя імёны з’яўляюцца тыповымі кампанентамі анамастычнай прасторы ўсяго мастацкага твора [53, с. 112 - 118]. Як піша Г. Юдзянкова, цэнтральнае рэальнае месца ў анамастычнай прасторы мастацкага дыскурсу належыць антрапонімам, якія, “функцыянуючы ў тэксце, бесперапынна семантычна ўзбагачаюцца, акумулюючы ў сабе інфармацыю пра аб’ект намінацыі… Інфармацыя гэта мажа быць прадстаўлена як у самім тэксце, так і ў падтэксце” [124, с. 185].

Я. Колас уважліва ставіўся як да ідэйнага зместу паэм, так і да выбару паэтонімаў. Ён настойліва падкрэсліваў, што “…перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні сваёй памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі – а, можа, і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і ўжо чамусьці, забыта ці ўжываецца і невядома нам” [К-с ХІ, с. 431]. Таму паэт часам змяняў анамастыкон сваіх твораў. Так, ў другім, перапрацаваным выданні паэмы “Сымон-музыка” (1924 г.) павялічылася колькасць айконімаў, мікратапонімаў і гідронімаў; некаторыя антрапонімы заменены на іншыя. Намі прасочаны анамастыкон двух выданняў гэтай паэмы. Ні адна анамастычная адзінка не трапляе ў твор выпадкова і даволі цікавым з’яўляецца матыў іх выбару аўтарам. В. Вінаградаў адзначаў, што пытанне аб падборы імёнаў, прозвішчаў і мянушак у мастацкай літаратуры, іх вобразныя і характарыстычныя функцыі – вялікая і складаная тэма стылістыкі мастацкай літаратуры [17, с. 48]. Такія адзінкі, як вызначана даследчыкамі, ілюструюць нацыянальны каларыт, акрэсліваюць лакальную характарыстыку апісанага па ўмоўнай схеме “персанаж – месца дзеяння”. Комплексна такія адзінкі, як сведчаць навуковыя абагульненні даследчыкаў, аказваюць уплыў на агульны змест адлюстраванага ў творы, насычаюць яго нацыянальнай, рэгіянальнай, культуралагічнай спецыфікай. Увогуле, увядзенне анамастычных адзінак у мастацкі тэкст – вельмі паказальны прыём працы пісьменніка над паэтонімамі. На гэту акалічнасць упершыню звярнуў увагу ў сваіх працах В. Шур [104, 112, 113, 121].

Асабовыя ўласныя імёны у  творах Я. Коласа вызначаюцца багаццем і разнастайнасцю. Паводле дадзеных Н. Чабатар, для наймення мужчынскіх персанажаў Я. Колас ужыў 252 імені; для жаночых – 142. Гэтыя імёны ў яго тэкстах пераважна поліфункцыянальныя [37, с. 267]. Праз выбар імёнаў прасочваецца нацыянальна акрэсленая і эстэтычная пазіцыя пісьменніка, яго адносіны да персанажа – носьбіта імені, мэтанакіраванасць, абумоўленая ідэяй твора, аўтарскай задумай, яго дасведчанасць, творчы патэнцыял, моўная культура, якія, як правіла, праяўляюцца пры ўдалым выбары імені. Асабовыя ўласныя імёны з’яўляюцца састаўным элементам лексічнай сістэмы пісьменніка і выконваюць значную ролю ў стварэнні мастацкіх вобразаў. З дапамогай іх раскрываецца аўтарскае разуменне твора і адлюстраванне моўных і літаратурных традыцый, якія стварыў ці працягваў мастак слова [113, с. 22]. Якуб Колас у большасці выпадкаў выкарыстоўвае асабовыя ўласныя імёны з глыбокім пачуццем мастацкай мэтазгоднасці. Пісьменнік ужывае ў паэмах пераважна неафіцыйныя варыянты імёнаў, арыентуючыся пры гэтым на знаёмую для яго анамастычную лексіку гаворак заходняй Міншчыны, якія спалучаюць у сабе асаблівасці паўднёва-заходніх і паўночна-ўсходніх гаворак беларускай мовы.

У сваіх паэмах Я. Колас выкарастаў 180 (67,9 %) асабовых уласных імёнаў: 63 (35 %) – жаночых і 117 (65 %) – мужчынскіх. Усе выяўленыя ў паэмах Я. Коласа асабовыя ўласныя імёны традыцыйна і згодна з адзінствам дэнатата называння мы раскласіфікавалі на дзве групы:

1) асабовыя ўласныя імёны-маскулінонімы: Стась, Пятрок, Алесь, Даніла, Кастусь, Грышка, Дзямян, Міхал, Антось, Ян, Сымон, Панас, Піліп і інш.;

2) асабовыя ўласныя імёны-фемінінонімы: Аршуля, Ганна, Аўдоля, Алёна, Антося, Дарота, Зося, Магда, Наста, Стэфка, Уладзя і інш.

Асабовыя ўласныя імёны ўдала ўпісваюцца ў кантэкст паэтычных твораў, чым ствараецца асаблівая мелодыка гучання паэмы. Колас намаляваў галерэю непаўторных характараў, вобразаў, якіх ідэнтыфікаваў рознымі формамі і варыянтамі ўласных імёнаў. У паэмах “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” гэта імёны розных па сацыяльным становішчы персанажаў. Жаночыя вобразы, намаляваныя аўтарам у паэмах, надзвычай цікавыя і арыгінальныя. У колькасных адносінах іх не многа, але без іх творы страцілі б нешта значнае. Гэта вобразы дзяўчыны, жанчыны-маці і бабулі-варажбіткі і інш.. Так, дзяўчына Ганна – надзвычай прыгожая і дабрадушная. Дарэчы, Ганна ў многіх беларускіх пісьменнікаў – увасабленне прыгажосць беларускай дзяўчыны. Успомнім, напрыклад, Ганну Чарнушку з “Палескай хронікі” Івана Мележа: “…Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна…” Яна  невялікая ростам, вузкія плечы, тонкія рукі, чорныя густыя косы, смуглявая… “Гарачая, нястрымная, небяспечная  яна, ганарліўка Ганна!” Яно ўжываецца Якубам Коласам у 20 розных творах (засведчана за 18 яго літаратурнымі персанажамі): аповесцях “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, “На ростанях”, апавяданнях “Туды, на Нёман!”, “Нёманаў дар”, “У двары пана Тарбецкага”, апавяданнях вершам “Даняў”, “За дождж”, а таксама вершах “Песня п’янага”, “Шчаслівая хвіліна”, “Святы Ян”, “Доля батрачкі”, “Радасць”, п’есе “На дарозе жыцця” і інш. [1, с. 157]. Сустракаецца яно і ў Коласавых паэмах “Новая зямля”, “Міхасёвы прыгоды”, “Сымон-музыка”. Гэта самае частае і любімае з усіх жаночых імёнаў, выкарыстаных пісьменнікам. У паэме “Сымон–музыка” гэты онім ўжыты 94 разы: шырокаўжывальны варыянт імені Ганна – 68 разоў, азначэнне-прыдатак ў спалучэнні з уласным іменем (Гануся-Чараўніца, Ганна-рыбка) – 2 разы, а таксама – варыянты з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (Ганначка, Гануся, Гануська). Аўтар ужывае онім у спалучэнні з параўнаннямі, эпітэтамі і перыфразамі, падкрэсліваючы знешняе хараство гераіні, працягваючы традыцыі фальклору і мастацкай літаратуры: Ганна – красачка-дзяўчынка: / Рост у меру, тонкі стан, – / Пазайздросціць ёй былінка, Што аздобіла курган. / Вочы Ганніны – дзве зоркі, / Броўкі – выгібы крыла, Грудкі – дзве блізніцы-горкі, / Як сад, Ганна расцвіла [К-с VI, с. 386]. Ужыванне такіх шматлікіх форм імені паказвае шчырыя адносіны аўтара да гераіні. Літаратурная крытыка кваліфікуе дзяўчыну Ганну як жывое ўвасабленне маці-Беларусі, якая перажыла многія трагічныя моманты. Лёс Ганны і лёс радзімы-Беларусі ў многім сімвалічна падобныя. Як онім-сімвал разглядае частка літаратурных крытыкаў імя Ганна з паэмы. Носьбіт імя – ўвасабленне першароднай дабрыні, прыгажосці, спагадлівасці, высакародства. Гэта імя са старажытнаяўрэйскай мовы азначае – сімпатычная, мілавідная, раскоша, любата [108, с. 236]. Я. Коласу заўсёды ўдаваліся жаночыя вобразы, у тым ліку і вобраз Ганны з паэмы “Новая зямля”. Прататыпам гэтай гераіні стала маці пісьменніка Ганна Юр’еўна Міцкевіч. Колас не дае ў творы апісання знешняга выгляду Ганны, але яе паводзіны, адносіны да сваёй сям’і, да працы выклікаюць у чытача сімпатыю да гэтай гераіні. Ідэнтыфікуючы персанаж, Колас выкарыстоўвае шырокаўжывальны варыянт імені Ганна – 10 разоў і малаўжывальны Ганка – 1 раз. Варыянт Ганка ў постпазіцыі да назоўніка-азначэння брат указвае, па-першае, на сваяцкія адносіны паміж Ганнай і Антосем, а па-другое, на стаўленне мужчыны да жанчыны як да роўнай у плане гендэрных адносін. Гэтым іменем Колас называе дзяцей ў паэмах: маленькую дзяўчынку ў п. “Міхасёвы прыгоды”, дачку Ганны і Міхала ў п. “Новая зямля”, выкарыстоўваючы варыянт гэтага імені з суфіксам суб’ектыўнай ацэнкі (Гануля, Ганулька), які выконвае эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю. Адну з свержанскіх жанчын Колас ідэнтыфікаваў гутарковым варыянтам утвораным ад гэтага імені – Анэта. Дарэчы, у 18 – 19 стст., як пісаў У. Юрэвіч, кожная пятнаццатая, а то і дзесятая жанчына насілі імёны Ганна…, кожны дваццаты мужчына быў… Міхал…. Ніхто з іх носьбітаў не падазраваў, што гэта самыя старыя і таму пашыраныя ва ўсіх мовах імёны [126, с. 114].

Паступова ў творах Коласа сімвалізавалася імя Сымон. Адбывалася гэта за кошт тыпізацыі гэтага оніма, за якім паступова праз мастацкія ўмоўнасці замацаваўся вобразны, характарыстычны падтэкст. Яно ў паэмах увасабляе не толькі канкрэтны персанаж, пераважна станоўчы, але і характарызуе яго як тыповага прадстаўніка з народа, якому ўласцівы лепшыя адметнасці асобы: талент музыкі, дапытлівасць і цікавасць да ўсяго на свеце, непасіўнае стаўленне да жыццёвых супярэчнасцей. У паэме “Сымон-музыка” праз вобраз Сымона пісьменнік даносіць свае запаветныя думкі пра мастака і мастацтва, пра іх грамадскую ролю, а таксама раскрывае свой погляд на адносіны кожнага да творчых людзей. У вобразе Сымона-музыкі паказаны цяжкі і цярністы шлях пераўтварэння прыгнечанага чалавека ў змагара за справядлівасць і шчасце людзей. Праз апісанні пісьменнік раскрывае ўнутраны свет, мары і спадзяванні хлапчука, яго імя ў такіх апісаннях і спалучэннях актуалізуецца, напаўняецца пэўным зместам, набывае тэкстуальную семантыку. Тыя, хто асуджаюць Сымона, выкарыстоўваюць замест яго імя словы з выразна негатыўнай, асуджальнай канатацыяй тыпу няўклюда, мухамора, дурубала, даўбня, шчаня і інш. З другога боку, тыя, хто любяць і паважаюць хлапчука, як, напрыклад, дзед Курыла: “Слаўны дзед, дзядок-душа / Гаваркі мастак на словы, / І любіў ён малыша / Не смяяўся дзед з Сымонкі… Бавіў цэлыя з ім дні” [К-с VI, с. 292]. У яго мове кантэстуальнымі сінонімамі да імя хлапчука ўжываюцца пераважна: хлопча, дзетка, малыш, хлопчык, Сымонка, Сымоне, якія выступаюць кантрастывамі да пеяратыўных ацэначных слоў і выказванняў тых, хто не разумеў Сымона як здольную, таленавітую асобу. Імя ў такіх апісаннях перадае індывідуальна-аўтарскую адметнасць, становіцца выразным тэкстаўтваральным кампанентам. Семантыка такіх адзінак у кантэксце становіцца рухомай, пераменнай. Сімвалізацыя і канцэптуалізацыя гэтага імя ў літаратуры і грамадстве адбылася яшчэ і таму, што гэты онім набыў дадатковыя значэнні і канатацыі. Сымон – асаба здольная на ўчынак, на пратэст, бунт супраць шэрай будзёншчыны. Я. Коласу, відаць, падабалася гэта тыповае беларускае імя. Пра што сведчыць змест пісьма пісьменніка Я. Мазалькову, які перакладаў трылогію “На ростанях” на рускую мову. Я. Колас раіў: “Янку Тукалу обратить в Семена Тукалу. Операция эта несложна, а имя персонажа приобретает совсем иное звучание”. “...чтоб мой наиболее любимый персонаж Янка Тукала не потерял что-то в своей многозначительной фамилии. Поэтому в “Последний час“ я предложил назвать его “Семен Тукала“ – “Сымон Самохвал“, как это было в действительности“ [К ХП, с. 204]. Акрамя гэтага, яно ўжываецца больш чым у 30 яго самых розных творах, называючы не толькі літаратурных персанажаў, а і выступаючы як назва дрэва, назва мастацкіх твораў і інш. [1].

Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры