Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа

Описание

Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.

Содержание

УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85

Работа состоит из  1 файл

Дысерт. Дзядок.doc

— 637.00 Кб (Скачать документ)

Сутнасць такіх анамастычных адзінак у канве твораў асабліва відавочная: яны ўтвараюцца на базе агульнавядомых апелятываў з матывавана азначанай лексіка-семантычнай характарыстыкай ці ад звычайных прозвішчаў і асабовых уласных імёнаў, якія мастакамі адпаведным чынам тлумачацца і выкарыстоўваюцца як дзейсны характаразуючы сродак пры апісанні персанажа. Належыць мянушка да самых старажытных антрапанімічных найменняў. У мове мастацкай літаратуры такія адзінкі – спецыфічны, стылістычны сродак для характарыстыкі персанажаў, адзін з кампанентаў для стварэння гумару, іроніі або сарказму. Мянушкі з’яўляюцца своеасаблівай падказкай чытачу пра характар носьбіта такога наймення, яго звычкі, знешні выгляд і схільнасці, сацыяльнае паходжанне і інш. [104, с. 58 – 59]. Якуб Колас у сваёй творчасці шырока ўжываў мянушкі. У прыватнасці, выкарыстаныя такія адзінкі і ў паэмах “Новая зямля” (Рачок, Амбрыцкі-Тэш, Вухін, Памдзей) і “Сымон-музыка” (Лапсярдацкі, Лысы). Створаны яны семантычным спосабам ад агульных, ўласных назоўнікаў і інш.: Рачок < рак і т. п.

Як заўважана даследчыкамі, канатацыйны кампанент у мянушцы больш выразны і значымы, чым намінацыйны. У паэме “Сымон-музыка” Лапсярдацкі – жартаўлівая мянушка, якою быў надзелены галоўны персанаж паэмы Сымон: Праўда хлопца прыадзелі, / Далі Хаімаў каптан, / Шлёма з Хавай аглядзелі / І сказалі: / “Ну, як пан”. / І Сымон быў рад і з тога; зубаскал жа той Яхім. / Тут пасмейваўся з малога / 1пацвельваўся над ім. / — Падарунак, браце, хвацкі! / Ты цяпер — пан Лапсярдацкі [К-с VІ, 371]. Мянушка падкрэслівае знешнія характэрныя рысы літаратурнага персанажа. Яна ўтворана ад архаізаванага ў наш час апелятыва лапсярдак (лапсардак) — мужчынскі сурдут у польскіх і галіцыйскіх яўрэяў з доўгімі крысамі. У побыце беларусаў пра такую вопратку гаварылі з пагардай як аб недарэчным, дрэнна пашытым адзенні, таму і знікла яно на пачатку XX ст. [126, с. 245]. У аснове мянушкі сінекдаха: назва адзення (лапсярдак) выкарыстоўваецца як уласнае імя (у нашым выпадку — мянушка) хлопца, якому падаравалі лапсярдак. А канцавы фармант -цкі ў мянушцы робіць яе падобнай на шляхецкае прозвішча, якое Яўхім ужывае ў спалучэнні са словам пан. Такім чынам, мянушка пан Лапсярдацкі ў дачыненні да беднага сялянскага хлапчука Сымона гучыць як лагодны жарт, пабудаваны на сутыкненні ўласнага імені (мянушкі), аформленага на ўзор шляхецкага прозвішча і сугучнага яму агульнага назоўніка. Інакш кажучы, мянушка пан Лапсярдацкі створана на алагізме: нечаканае спалучэнне семантычна заніжанага апелятыва лапсярдак з тыпова шляхецкім фармантам — -цкі, які ўласцівы пераважна сацыяльна падвышаным прозвішчам, ствараюць нерэальны вобраз, які ў чытача выклікае лагодны гумар. Гэта і своеасаблівы аўтарскі прыём, заснаваны на незвычайным, нетыповым (для пэўнага асяродку) выкарыстанні онімаў, на які ў свой час звярнула ўвагу А. Супяранская: «Змяшанне планаў сацыяльнай суаднесенасці імёнаў можа быць спецыяльна выкарыстана ў літаратуры як мастацкі прыём» [83, с. 57].

Мянушкай Лысы Я. Колас ідэнтыфікуе ў паэме “Сымон-музыка” аднаго з мужчын, пра якіх апавядае ў карчме Сёмка: Сёмка тут пачне казанне, / Як Мацюта лез на плот, / Як Чылін спяваў літанне, / Як жаніўся Лысы Дод… [К-с VІ, с. 372]. Мянушка, утвораная семантычным спосабам (Лысы < лысы), мае празрыстую семантыку і характарызуе носьбіта імя па знешнім выглядзе.

Абрыцкі-Тэш – мянушка аб’ездчыка з паэмы “Новая зямля”. Леснікі за частае ўжыванне Абрыцкім польскага слова “тэж” далі яму такую мянушку: Тут быў таксама і Абрыцкі, / Стары аб’ездчык і служака, / Курэц і добры выпівака, / Любіў і ён “Тэш, проша пана”... / Куснуць падчас неспадзявана [К-с VІ, с. 101]; – Падаць мне Тэша! – / Лось гукае: – Я разарву яго вантробы, / Бо свет гарыць з яго хваробы! / Падайце: вырву яму вусы / За ўсе даносы, за падкусы! – / Абрыцкі-Тэш быў такі з нюхам, / Ад Хрумы зызнуў адным духам [К-с VІ, с. 70].

Памдзей – мянушка аб’ездчыка з паэмы “Новая зямля”, якая ўтварылася, як відаць з кантэксту, ад частага ўжывання гэтай асобай пры размове слоў “памдзей, памдзею”, што з’яўляюцца скарочаным варыянтам ад польска-беларускага ветлівага звароту “пане дабрадзею”, частага ў мове аб’ездчыка: Памдзей, прыбіты і прыгнуты, / Цярпліва зносіць крыж пакуты, / Стаіць, удол спусціўшы вочы [К-с V, с. 104]; “Ну, ну, “Пам – дзееньку”, будзь смелы! / Бог дасць, сухі ўспаўзеш на бераг”, / Мамент, а думак цэлы шэраг [К-с VІ, с. 104]. У кантэксце паэмы паэт тлумачыць узнікненне мянушкі: Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч, / Амброжык, Суднік, Астахновіч, / “Памдзей”, аб’езчык і мыслівы, / На пачастункі памаўзлівы, / “Памдзей” быў створан з “пана дзея” [К-с VІ, с. 99].

Дзве апошнія мянушкі, утвораны ў выніку аб’яднання ў адно цэлае назоўнікаў пан і дабрадзей у форме клічнага склону: пане дабрадзею —› Памдзею, а таксама паланізма “тэж” і антрапоніма-прозвішча Абрыцкі, якія, зліўшыся ў адно цэлае, утварылі мянушку-жарт Абрыцкі-Тэш, перадаюць індывідуальныя асаблівасці мовы персанажа.

Такім чынам, Якуб Колас арыентаваўся на пашыраныя на Беларусі антрапонімы і з вялікім майстэрствам па аналогіі ствараў літаратурныя найменні для ідэнтыфікацыі літаратурных персанажаў.

  1. ідэнтыфікуе персанажы выдуманымі, створанымі фантазіяй, антрапонімамі: Лысы Дод, Сыса, Лузун, Лата, Клыпа, Верас, Галонскі, Грыхінін, Дзівак, Ліхтаровіч і інш.; і сапраўднымі, рэальнымі, якія мелі сваіх прататыпаў: Абрыцкі, Астахновіч, Дземідовіч, Еўтушэўскі, Радзівіл і інш. Індывідуальныя схільнасці моватворчасці пісьменніка, яго адносіны і пазіцыя да ўчынкаў персанажа звычайна выяўляецца ў онімах, створаных аўтарскай фантазіяй, а таксама ў тых антрапонімах, якія мастак запазычваў ад прататыпаў сваіх літаратурных персанажаў, захаваўшы прозвішчы без змен або змяніўшы ці падправіўшы іх часткова з улікам аўтарскай пазіцыі. Для мастака слова вельмі важна, каб “негаваркое” прозвішча “загаварыла”, стала характарыстычным;
  2. Колас ужывае беларускія (Верас, Дзівак, Кубел, Пальчык, Лапата і інш.), польскія (Кржывіцкі, Пшавара), украінскія (Свіда) прозвішчы;
  3. у паэмах выкарыстаны прозвішчы, утвораныя ад асабовых уласных імёнаў пры дапамозе словаўтваральных суфіксаў (Арцюшкоў, Дземідовіч, Еўтушэўскі) і семантычным спосабам, з былых мянушак (Лата, Клыпа, Кубел, Лапата, Суднік), у якіх марфалагічная структура онімаў суадносная з аманімічнымі апелятывамі – агульнымі назоўнікамі (лата → Лата і інш.), або прыметнікамі (куртаты → Куртаты), якія ў сваю чаргу ўтварыліся – ад назваў прадметаў быту (Кубел, Лапата, Суднік), ежы (Скварчэўскі), ад назваў жывых істот (Ракоўскі, Лось), раслін (Верас), ад назваў, што перадаюць манеры паводзін чалавека (Драка, Ратуёвы, Хадыка), ад прыкмет знешняга выгляду (Куртаты). Лексіка-семантычны кампанент асновы апелятыва антрапоніма з’яўляецца ядром мастацкай характарысткі яго носьбіта. Ажыўленне семантыкі апелятываў антрапонімаў – адна з мэт мастака слова, свайго роду падказка;
  4. называючы паноў, ужывае антрапонімы на -скі, -цкі (Бялоўскі, Галонскі, Ракоўскі, Табартоўскі і інш.). Выбіраючы антрапонімы гэтага тыпу, Колас мэтанакіравана скіроўвае нашу ўвагу на ідэалагічны аспект онімаў, якія ў такіх выпадках цесна пераплятаюцца з агульнай ідэяй: аўтарскай ацэнкай і пазіцыяй да адлюстраванага ў творы;
  5. для творчай манеры Я. Коласа характэрна ўвядзенне ў мастацкі тэкст паэм спалучэнняў антрапонімаў і тапонімаў з назоўнікамі-азначэннямі ці прыметнікамі-азначэннямі ў прэпазіцыі ці постпазіцыі да антрапоніма для характарыстыкі яго носьбіта: пан Галыга, пан Ксавэры, пан Крук, пан Ракоўскі, князь Радзівіл, Вярыга свержаноўскі, Гавака, стары аб’ездчык і служака і інш.
  6. пісьменнік выкарыстоўвае і спалучэнні антрапонімаў з тапанімічнымі назвамі, якія выступаюць як адно цэлае (пан Ракоўскі з-пад Татаркі, Астахновіч з Давідовіч);
  7. як кантэкстуальныя сінонімы да афіцыйных онімаў выступаюць у паэме мянушкі, якія з’яўляюцца гаваркімі імёнамі і выконваюць ідэнтыфікуюча-характарыстычую функцыю (Абрыцкі-Тэш, Андроцкі-Вухін і інш.). У некаторых выпадках да антрапонімаў Колас робіць адпаведныя каментарыі, удакладняючы іх паходжанне (“Тэш”, “Памдзей”).

Як бачым, прозвішчы і мянушкі  персанажаў Я. Коласа з’яўляюцца неад’емнай часткай паэм пісьменніка. Характарыстычныя антарапонімы дазваляюць перадаць вызначальную рысу мастацкага вобраза ці нават намаляваць цэласны вобраз.

 

3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа

Андронім – гэта асабовае імя жанчыны, утворанае ад імя (прозвішча, псеўданіма) мужа (Антонава жонка; Іванава ¬ Иван; у Я. Коласа – Купаліха ¬ Купала). Утвараюцца такія адзінкі пры дапамозе фармантаў -іх- (-ых-),      -ов- (-ав-), -оў-, належаць да неафіцыйных форм іменавання і выкарыстоўваюцца ў творах мастацкай літаратуры для перадачы натуральнасці мовы, яе нацыянальнага каларыту. “У апелятыўнай лексіцы суфікс -іх- (-ых-) утварае назвы асоб жаночага полу па іх занятках ці прафесіі або назвы асоб, якія з’яўляюцца жонкамі тых, хто названы ва ўтваральнай аснове. Калі разгледзець эвалюцыю дамінуючай мадэлі называння жанчыны, то асноўныя змены звязаны з актывізацыяй дадзенай намінацыі. Толькі ў ХІ – ХVI стст. найменне жанчыны, як прасачылі даследчыкі, насіла апасродкаваны характар (праз імя мужа ці бацькі), пазней, у ХVI – XVII стст. дамінуючая формула па сваім складзе пачынае набліжацца да мужчынскай мадэлі. Называнне жонкі па імені мужа з фармантамі –іха (-ыха), як прасочана даследчыкамі, сустракаюцца ў дакументах XVII ст. Гэта не проста “абазначэнне жонак”: яно звязана з традыцыйнымі і спецыфічнымі формамі найменняў такога тыпу”. Утварэнні з такімі фармантамі былі менш ужывальныя, чым з прыналежнымі фармантамі –ова [5, с. 23]. З. Шведава сцвярджае, што андронімы ў якасці субстантываваных прыметнікаў у старабеларускай мове ХVI – XVII стст. складалі значны лексічны пласт і былі дастаткова прадуктыўнай мадэллю [102, с. 3]. Распаўсюджанне такіх жаночых найменняў можна патлумачыць залежным ад мужа становішчам жанчыны. А. Супяранская адзначае, што ўжыванне асабовага імені разам з указаннем на роднасныя адносіны да главы сям’і зафіксавана і ў афіцыйных запісах ХVII-XVIII стагоддзя (жонка Фёдарава сына Паліванава ўдава Улляна Пятроўна) [83, с. 176]. Такія адзінкі, як прасочана даследчыкамі, замацаваліся і актыўна выкарыстоўваліся і ў пазнейшыя часы. Прадуктыўнымі яны з’яўляюцца ў наш час і ў народна-дыялектнай мове, пра што сведчаць матэрыялы з гаворак Тураўшчыны: Умерла жонка, Аркадзеіха звалася [90, с. 301]. Крычаць: “Іван, Іван, Маруся Парулюшчына ўтопіласа” [90, с. 303]. Баба Масаніха була у Семурадцах, сама ходзіла по ягоды [90, с. 410]. Нават у ХХІ стагоддзі, калі існуе вялікая колькасць мадэляў называння асобы, яны не страцілі сваёй прадуктыўнасці і выкарыстоўваюцца ў неафіцыйным ужыванні. Дарэчы, у некаторых іншых мовах падобная адпаведнасць прозвішча жонкі ці дачкі прозвішчу мужа ці бацькі захавалася як літаратурная норма да нашага часу: Adomaitis (Адамовіч) – Adomaitiene (Адамовічыха / Адамовічава) – Adomaityte (Адамовічанка) [79, с. 39].

Пры аналізе анамастыкону твораў Якуба  Коласа намі адзначана, што пісьменнік часам звяртаўся да андронімаў. Ужываючы такія неафіцыйныя формы іменавання, пісьменнік арыентаваўся на знаёмыя  для яго гаворкі заходняй Міншчыны, якія спалучалі ў сабе асаблівасці паўднёва-заходніх і паўночна-ўсходніх гаворак беларускай мовы. Ён выкарыстоўваў андронімы і ў паўсядзённым жыцці, што засведчана ў яго эпісталярнай спадчыне. Яны складаюць 0,5 % ад усёй колькасці паэтонімаў, выкарыстаных Я. Коласам (больш за 6000 адз.), а гэта больш за 30 такіх спецыфічных адзінак з яго розных твораў: Купаліха, Латачыха, Лукашыха, Міхашча, Марозіха, Памахайлічыха, Сусліха, Сымоніха, Стукачыха, Янчыха і інш. Аўтар па-майстэрску арыгінальна ўводзіць іх у тэкст, дэманструючы сувязь з невычэрпным багаццем народнай мовы: Дарота, Пальчыха старая, / Таксама хлебам дом вітае / – Такі ўжо звычай беларускі, – / У клумку выпіўка, закускі [К-с VІ, с. 120]; Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна як раз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня адразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята… [К-с ІХ, с. 47].

У залежнасці ад спосабу ўтварэння  і семантыкі гэтыя адзінкі  можна падзяліць на дзве групы:

І) андронімы, утвораныя ад асабовых мужчынскіх імёнаў:

1) Юзаф → Юзаф-ов-а – жонка Юзафа (паэма “Новая зямля”): І вось зірнуць было цікава, / Як у жанок вялася бава, / І колькі мілых было сварак, / Як адмаўляліся ад чарак! / - Ну, проша ж, пані Юзафова! / – Ой, не, не, кумка, даю слова! / Зусім я п’яна, бойся бога! / Ну выпі ж, кумачка, нічога!.. / Ну, выпі ж чысценька-чысцютка! / – Ой, я ж п’янею вельмі хутка! / Язэп мой лысы, унь, сярдуе! / Куму Анэлька тут цалуе… [К-с VІ, с. 113-114]. Назоўнік-азначэнне ў прэпазіцыі да імя (пані Юзафова) адметна перадае павагу аднавяскоўцаў.

2) Міхась → Міха-шч-а – жонка Міхала (паэма “Новая зямля”): Слязьмі Міхашча залілася / – Такою ямаю здалася / Старая хата ў тры аконцы!.. / Ці свеціць тут калі хоць сонца? [К-с VІ, с. 48]. Гэта сялянская жанчына з тонкай натурай і багатай душой. У вобразе ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і ахоўніцы сямейнага ачага. Гэтаму паэтоніму Я. Колас надае вялікае значэнне: яе думкі аўтар насычае мудрымі разважаннямі аб зямлі і цяжкім становішчы сялян, што з’яўляецца вельмі значным для зместу ўсяго твора. Так, у словах Ганны адчуваецца пратэст супраць прыгнятальнікаў: – Але ж і самі вінаваты, / Калі так коціцеся з хаты, / Дзе толькі пан не загадае. / Ці ж ён на гэта ласку мае? / Чаму ж на вас і не налегчы? / Чаму ў хамут вас не запрэгчы? / Калі яго так баіцеся / І так за службу берацеся? / А трэба, часам, агрызнуцца, бо так і будзеш заўжды гнуцца [К-с VІ, с. 84]; Паны ж і розныя чынушы / І там патрапяць выбіць душы / І павыцягваць з цябе жылы, / Бо ты без права і без сілы. / – Такія думкі, разважанні, / Як молат білі ў сэрца Ганне: / – Тут справа не ў сваёй сядзібе, / А ў ладзе гэтым уся злыбедзь [К-с VІ, с. 277]. Вядома, што прататыпам Міхашчы з’яўлялася маці пісьменніка Ганна Юр’еўна. Называючы жонку Міхала па імені мужа, аўтар падкрэслівае непарыўную сямейную сувязь мужа і жонкі. Усё ў творы ад яе і праз яе. Яна носьбіт народнай мудрасці і маралі. Яе любяць і шануюць усе ў сям’і, а першы прыклад павагі да яе муж – Міхал. На роднай пісьменніку мове онім гучыць па-свойму прыгожа і сардэчна. У перакладах жа ён не захаваны, а заменены імём – Ганна. У гэтым праяўляецца нацыянальная адметнасць такіх адзінак: яны не перакладаюцца нават у роднасных мовах. Такім жа андронімам Я. Колас называў і жонку М. Лынькова ў пісьмах да сябра: Дарагі Міхал і Міхашча! Нарэшце атрымаў тваё пісьмо [К-с ХІІ, с. 283]. Праз онім, такім чынам, перадаецца павага да гэтай жанчыны, узнікаюць асацыяцыі з іменем маці паэта. Выкарыстоўваючы ў якасці наймення жонкі семантычна матываваны адпаведнік імені мужа, аўтар падкрэсліваў непадзельнасць гэтых двух блізкіх яму людзей.

3) Сымон → Сымон-іх-а – жанчына сталага ўзросту (ап. “Сірата Юрка”): Лепш бы залез у агарод да Сымоніхі і нашчыпаў бы там цыбулі, а не шворыўся б дома ў варывеньцы, дзе ён няўмысля абярнуў збан малака, шукаючы сабе пажытку [К-с VІ, с. 184].

4) Ян → Янч-ых-а – жонка Янкі Купалы, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч: Янка і Янчыха яшчэ спяць [К-с ХІІ, с. 62]. Я. Колас выкарыстоўвае і іншыя онімы: Уладыслава Францаўна, Уладыслава, Уладка, якія сведчаць пра добрыя адносіны да жонкі сябра. Андронім зафіксаваны ў пісьмах да М. Д. Міцкевіч, М. Лынькова [К-с ХІ – ХІІ].

5) Лукаш → Лукаш-ых-а – старая жанчына (апов. “У палескай глушы”), жонка Лукаша: Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа, і праўда, што заўтра свята ? [К-с ІХ, с. 51].

6) Яхім → Яхім-іх-а – жонка Яхіма (паэма “Новая зямля”): Кадушка-Зося сонцам ззяе; / Міхал ёй злазіць памагае, / Яна ж, як гліна, надта цяжка, / Пад ёю крэхча каламажка. /У перавалку як бы качка, У хату йдзе кума-сваячка. / – А дзе ж мая дачка хрышчона? – / Спытала Зося: - Дзе Алёна? / Ваўчком Алёна пазірае; / Яе тут Зося абнімае,.. / У вочкі ёй глядзіць прыветна / Сама Яхіміха бяздзетна [К-с VІ, с. 109]. Каб пазбегнуць паўтораў уласнага імя Зося, аўтар выкарыстоўвае цэлы шэраг прыёмаў (што можна прасачыць у дадзеным урыўку): ідэнтыфікуе персанаж назоўнікам-прыдаткам у спалучэнні з онімам – кадушка-Зося, чым дае наглядную дадатковую характарыстыку свайму персанажу; замяняе онім займеннікавымі, назоўнікавымі формамі – ёй, яна; кума-сваячка, кумка; у тым ліку і андронімам у спалучэнні з характарыстычным прыметнікам-азначэннем – Яхіміха бяздзетна.

7) Фядос → Фядос-іх-а – жонка Фядоса Хадыкі (п. “Новая зямля”): – Сядайце ж, людзейкі-нябогі, / Ды пасілкуйцеся з дарогі! – / Да госцяў кажа гаспадыня, / Сама Фядосіха Аксіня [К-с VІ, с. 234].

ІІ) андронімы, утвораныя ад прозвішчаў, псеўданімаў і мянушак:

1)Купала → Купал-іх-а – жонка Янкі Купалы, Луцэвіч Уладзіслава Францаўна (1891-1960 гг.), пасля смерці паэта – дырэктар музея Я. Купалы, заслужаны дзеяч культуры: Заходзілі да Купаліхі [К-с ХІV, с. 268]; У пяць гадзін Купаліха прыслала машыну. Быў тамадой [К-с ХІV, с. 311]. Колас усё жыццё адносіўся да гэтай жанчыны з асаблівай пяшчотай і шанаваннем. Упамінаецца ў пісьмах Я. Коласа да М. Д. Міцкевіч, М. Лынькова, у дзённіках “Гаворыць Клязьма”, “На схіле дзён”.

2) Мароз → Мароз-іх-а – старая жанчына (ап. “За што пабіліся хлопцы”): [Іван] – А дзе ты ўзяў гэтага чарвівага шатшуля? Ляжаў ён, мусіць, тры дні на дарозе: яшчэ мо пазаўчора выкінула яго старая Марозіха з каробкі, а ты падняў і хвалішся з ім, як кот з селядцом [К-с ІV, с. 231].

3) Дудар → Дудар-ых-а – жонка Янкі Дудара (ап. “Соцкі падвёў”): Невядома, што зрабіў бы Янка са сваім “ураднікам”, каб не прыйшла жонка. Яна трымала пад пахай мешалку. – Вось, брат, папаўся! – жартавалі сяляне… Мешалка мільганула ўгары і гладка прыстала да сярэдзіны худога Янкавага цела. – Што робіш? – крыкнуў нібы сярдзіта стары Базыль на Дударыху: - не бачыш, ці што? Ён зямлі і свабоды дабіваецца людзям, а яна яго мешалкаю! [К-с ІV, с. 29]. Аўтар выкарыстоўвае неафіцыйную форму імя для лепшай перадачы асаблівасцей гутарковай мовы персанажа і народнага гумару.

Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры