Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа
Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.
УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85
У літаратурах многіх народаў ёсць творы, у якіх заключаецца найвялікшая дасканаласць, уласцівая толькі сапраўды выдатным з’явам мастацтва. Да ліку такіх жамчужын паэзіі адносяцца паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды”. “У паэмах выразна адчуваецца адзінства, ураўнаважанасць чалавека і навакольнага свету” [2, с. 7].
Якуб Колас пісаў свае геніяльныя паэмы ў адзін час: “Новую зямлю” – пра нязбытае сацыяльнае і духоўнае пераўтварэнне сялянскай краіны – і “Сымона-музыку” – пра драматычнае станаўленне беларускай пяснярскай паэзіі і, шырэй, нацыянальнай мастацкай культуры [39, с. 6]. Ва ўмовах турэмнага зняволення ў паэта ўзнікла задума паэмы аб таленавітым музыку з народа, яго крыўдах і пакутлівых блуканнях, узвышаных ідэалах і немагчымасці здзяйснення іх у тагачаснай рэчаіснасці. Як прасочана даследчыкамі, паэма нараджалася даволі доўга. Першапачаткова была задума напісаць твор з пяці частак. Як сцвярджаў сам аўтар, “задума была на той час крамольная, як толькі справа даходзіла да пісання, выяўляўся пэўны бунт супраць ладу. Таму я сумысля прытрымліваў сябе, не дазваляў Сымону дзейнічаць і гаварыць.” Я. Колас рабіў накіды ўроскідку, паміж замалёўкамі “Новай зямлі”. Хаваў накіды ў турме пры правядзенні праверкі [46, с. 119].
Вядома, што паэма існавала, акрамя першапачатковага, яшчэ ў двух варыянтах. Рукапіс аднаго з іх быў страчаны ў час вяртання Я. Коласа з г. Кіславодска, а другі быў здадзены ў друк у маі 1925 года. Гэтая апошняя рэдакцыя захавала толькі чвэрць зыходнага тэксту, па гэтай прычыне яна адрозніваецца ад варыянта 1911–1918 гг. Апошні варыянт адрозніваецца ад першапачатковага ўзмацненнем рамантычнага пачатку ў ідэйнай задуме твора. Змены знайшлі адлюстраванне не толькі ў падзеях паэмы, сродках аўтарскай характарыстыкі герояў, а часткова і ў анамастыконе твора. Так, чытач не знойдзе наступныя адзінкі ў апошнім варыянце паэмы: мужчынскія ўласныя імёны – Адам, Андрэй, Грышка з-пад Карчмы, Ксавэры, Марцін, Мошка, Паўлюк, Сруль, Цімох, Ясь, прозвішчы – Біруля Крук, тапонімы – Вілія, Гнілы Кут, Дзікія Груды, Дзвіна, Ліпы, тэоніма – Ілля; што абумоўлена, відаць, палітычнымі поглядамі паэта, які ў час напісання першага варыянта знаходзіўся ў мінскай турме.
Пытанне аб вытоках паэмы непасрэдна звязана з часам, да якога адносяцца падзеі ў творы. М. Лазарук сцвярджае, што нельга аднесці падзеі да пэўнага перыяду, нават калі перыяд вызначыць стагоддзем [70, с. 169]. І. Навуменка выяўляе паралелі “Сымона-музыкі” з заходнееўрапейскай літаратурай і нават старажытнай кітайскай філасофіяй. Перш за ўсё вытокі паэмы даследчыкі бачаць у нацыянальным фальклоры. Сюжэт паэмы ў сваіх элементах даўно вандраваў у фальклоры, жывапісе, паданнях аб праўдзівых здарэннях і быў рэканструяваны Коласам у гарманічнае цэлае мастацкага твора [70, с. 169]. Ёсць падставы сцвярджаць, што казкі пра музыкаў навеялі паэту сюжэтную канву для паэмы. Так, у казках і ў народных уяўленнях пра свет чароўнага, неразгаданага вандроўныя старцы называюцца Сымонамі [61, с. 114].
Сюжэт паэмы (а ён грунтуецца на апісанні змагання героя з абставінамі, адстойвання сябе як Асобы і свайго дару, які «панёс ён людзям») уяўляе сабой своеасаблівае вандраванне Сымона ў часе і ў прасторы. Сюжэт адначасова служыць выяўленню аўтарскай думкі пра трагедыю Асобы ў грамадстве і віну грамадства, што не ўсведамляе, якім багаццем праз гэтую Асобу валодае само. Край мой родны! / Дзе ж у свеце / Край другі такі знайсці, / Дзе б магла так, поруч з смеццем, / Гожасць пышная ўзрасці? / Дзе бы вобруку з галечай / Расквітнеў багацтва цуд, / I дзе б з долі чалавечай / Насмяяліся, як тут ?.. [К-с VI, с. 354]. Імя гэтай гожасці і цуду — талент. Гэта самае вялікае багацце і гожасць нацыі. Але як жа бяздумна, жорстка і неразумна ставімся мы да свайго ж багацця! Трагедыя, бяда чалавеку, калі ён «не такі, як усе»: «з ім і дзеці не гулялі, не прымалі да гульні», нераз злая рука «маладзецкі штурхане». Асабліва ўражвае і шчымлівым болем аддаецца жорсткасць бацькоў і блізкіх Сымонкі. Яны таксама зневажалі хлопчыка і здзекаваліся з яго, бо ён з яго выключнасцю і адоранасцю ўспрымаўся нават імі як «нейкі вырадак дзіўны». Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў таленту, падтрымаў яго. Вобразам дзеда Курылы паэт славіць самы светлы і, на жаль, самы рэдкі талент — чалавечнасць. Праз гэты вобраз яшчэ мацней і настойлівей выяўляецца аўтарскае ўсведамленне трагедыі мастака ў грамадстве, “Бо не любяць свет і людзі, / Каб іх тайнасці пазнаць, / Каб заглянуць у іх грудзі / І зняць тайнасці пячаць...” [56, с. 169].
Вобразам Сымона, як піша В. Старычонак, услаўляецца духоўнае багацце і талент беларускага народа. Сапраўднае мастацтва павінна быць непарыўна звязана з роднай зямлёй і народам, з усім багаццем гукаў і фарбаў навакольнага свету. Паэма з асаблівай яскравасцю адлюстравала псіхалагічны стан Я. Коласа ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Паэт бачыў, што героем часу стаў не спагадлівы, міласэрны, разняволены рэвалюцыяй чалавек, а “асоба з ружжом”, якому зброя замяніла амаль усе законы і маральныя нормы. I так аўтар як бы выключае героя паэмы з жыцця. Сымон-музыка засынае сімвалічным сном на могілках, дзе пахавана Ганна [80, с. 147 – 148]. Разгортванне працэсу беларусізацыі дазволіла паэту паверыць у адраджэне роднага краю, яго мовы і культуры, у магчымасці пабудовы незалежнай Беларусі. Пачалося новае жыццё, Коласу давялося значна перарабіць паэму, і ўжо канец быў аптымістычны. Міхась Мушынскі, які даследаваў паэму, заўважыў, што аўтар унёс каля паўтары тысячы правак. Ён лічыць, што гэта проста два розныя творы. Так, у істотна перапрацаваным варыянце паэмы (1923—1924 гг.) Я. Колас абудзіў Сымона ад сну і даў яму магчымасць сваім чароўным граннем вярнуць да жыцця Ганну — жывое ўвасабленне маці-Беларусі. Гэтым паэт хацеў паказаць бязмежныя магчымасці мастацтва. Звязанае сваімі каранямі з народным жыццём, мастацтва можа выратаваць чалавека ад самай цяжкай хваробы, нават вярнуць жыццё. З дапамогай жыццесцвярджальнай песні Сымона-музыкі і яго цудадзейнай казкі “пра лілею і пра пташыну-песняра” ў фінале паэмы адбылася гармонія неба і зямлі, нябеснай і зямной прыгажосці. М. Мушынскі гаварыў, што паэма “Сымон-музыка” – “твор напісаны паэтам-вернікам з хрысціянскіх маральна-этычных светапоглядных пазіцый” [58, с. 18].
Пачэснае месца ў творчасці Якуба Коласа займае паэма “Новая зямля”, якая па праву лічыцца “энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна”, жамчужынай беларускай паэзіі. Крытыка назвала паэму шэдэўрам у беларускай паэзіі. Вядома, што ў аснову паэмы пакладзены біяграфічныя факты. Так, паводле выказванняў самога пісьменніка, сведчання родных і блізкіх паэта, многія падзеі і здарэнні, апісаныя ў паэме, мелі месца ў жыцці бацькоў Якуба Коласа. Прататыпамі большасці герояў паэмы таксама з’явіліся рэальныя асобы. Гэта перш за ўсё члены сям’і Міцкевічаў (Міхал Казіміравіч, Ганна Юр’еўна, Міхалаў брат Антось), сваякі, знаёмыя, аднавяскоўцы, служачыя лясной ардынацыі Акінчыцкага лясніцтва, дзе працаваў Міхал Казіміравіч, бацька паэта. Прататыпам Абрыцкага з’яўляецца аб’ездчык Уладыслаў Абрыцкі, Астахновіча – ляснік Людвік Астахновіч, Марціна – ляснік Марцін Радкевіч, Скварчэўскага – Гіляры Скварчэўскі, Ракоўскага – ляснічы Рачкоўскі, Арцюшка – аб’ездчык Фабіян Арцішэўскі. Згодна “Службовага фармуляра…” служачых лясной аховы Акінчыцкага лясніцтва, Міхал Міцкевіч паступіў на службу 1 красавіка 1881 года. Да гэтага ён жыў у сяле Мікалаеўшчына, займаўся гаспадаркай, быў стражнікам Акінчыцкай каморы, затым стражнікам Мікалаеўшчынскай каморы, а з 1 красавіка 1885 года – стражнік Свержанскага абходу. Працуючы лесніком, грашовай платы не атрымліваў. Замест гэтага яму быў дадзены на час службы хутар Ласток, за які ён абавязаны быў даплачваць штогод дзесяць рублёў [38, с. 477].
Сапраўдныя імёны, прозвішчы і мянушкі прататыпаў многіх іншых дзеючых асоб перанесены ў паэму без змен. Яхім і Пятрусь – браты Міхала Казіміравіча, дзед Юрка – бацька Ганны Юр’еўны, маці паэта. Язэп з Караліны і яго брат Фабіян – браты Сянкевічы, Ян Пальчык, яго брат Кандрат, іх маці Дарота Пальчыха, Яхім Андроцкі, па мянушцы Вухін, Хвядос Хадыка – таксама рэальныя асобы. Прозвішчы леснікоў Пшавары, Ліхтаровіча, Дземідовіча, Судніка, аб’ездчыка Ксавэры, пана Свіды прыводзяцца без змен. Захаваны ў паэме назвы вёсак, мястэчак, сёл, хутароў, рэк (урочышча Ліпава, Чартавіца, Маргі, лес Сустрэнаўка, Дземянова горка, Свержанская града, могілкі Церабяжы). Леснікова пасада, апісаная ў паэме як Парэчча, – гэта Альбуць [38, с. 478]. Аднак трэба прымаць пад увагу тое, што аўтар трымаўся біяграфічных фактаў толькі там, дзе яны адпавядалі мастацкай праўдзе, але ён ахвяраваў тымі, праз якія не заўсёды можна было разгледзець гэту праўду.
М. Мушынскі адзначае, што знаёмства з першадрукаваным тэкстам раздзелаў паэмы дае магчымасць зрабіць цікавыя назіранні над выспяваннем задумы твора, у прыватнасці, над паслядоўнасцю напісання раздзелаў паэмы: “Тое, што пазней стала “першым беларускім вершаваным раманам”, спачатку было хутчэй вершаваным апавяданнем, якое мела загаловак “Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў”. Напісана яно было ў сакавіку-маі 1911 года, а ўпершыню з’явілася ў друку ў 1918 годзе. Пазней, істотна перагледжанае, было ўключана аўтарам у паэму. Сведчаннем таго, што праца над гэтым апавяданнем у сакавіку-маі 1911 года і была пачаткам працы над паэмай, з’яўляецца аўтарскае выказванне ў прадмове да чацвёртага выдання паэмы, якое мелася выйсці ў 1941 годзе. “Паэма, – адзначаў Я. Колас, – пачата ў мінскім астрожным замку ў сакавіку 1911 года” [59, с. 166].
Адначасова ішло і жанравае станаўленне “Новай зямлі”. Паступова ўбіраючы ў сябе вялікі жыццёвы матэрыял, яна перарастала межы вершаванага апавядання і вылівалася ў паэму-эпапею, дзе паэт, ствараючы паэтычны летапіс гісторыі працоўнага селяніна, адсейваў другараднае ад галоўнага, тыповага, характэрнага. Паэт апускаў тыя факты, якія перашкаджалі найбольш поўна выявіць асноўную ідэю твора. Так, паэма заканчваецца смерцю галоўнага героя. Як вядома з біяграфіі Міхала Казіміравіча, правобраза героя, была трагічная падзея, калі аўтар будучай паэмы скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902 г.). Аднак аб тым, што дзеці селяніна вучацца ў семінарыі, мы не знойдзем у творы нават глухога ўпамінання. Зразумела, чаму аўтар, прытрымліваючыся храналагічных рамак падзей, звязаных з лёсам правобраза галоўнага персанажа, зусім абышоў факт уласнай біяграфіі, хаця ў творы ёсць нямала старонак, прысвечаных гісторыі ўласнага дзяцінства (у тым ліку і вучобе ў “дарэктара”). Аўтар апусціў гэты нетыповы факт таму, што паэма, якая стваралася на біяграфічнай аснове, была не паэтычным летапісам сям’і Міцкевічаў, а летапісам жыцця беларускага працоўнага селяніна [57, с. 35].
Творам Якуба Коласа суджана доўгае жыццё, бо яны – спадчына нашага народа, якая належыць нашчадкам. І кожны раз яны, быццам аксаміты, ззяюць на глебе нашай літаратуры. Любоў да краявідаў роднай Стаўбцоўшчыны, сваіх землякоў Я. Колас перадаў сваім дзецям. Свайму меншаму сыну Міхасю ён прысвяціў паэму “Міхасёвы прыгоды”, дзе шмат малюнкаў роднага яму Панямоння. Паэма прасякнута светлай фантазіяй, шчырасцю і сардэчнасцю. Яна па праву лічыцца даследчыкамі ўзорам дзіцячай паэмы [8, с. 10.].
Нарадзілася гэтая вершаваная гісторыя для ўзняцця настрою сына, які часта хварэў. Вядома, дзецям вельмі падабаецца, калі ў творах (звычайна фальклорных: калыханках, пацешках і г. д.) побач з вядомымі ім жывёламі, птушкамі называецца і імя самога дзіцяці: “Пайшоў коцік на таржок, / Купіў Юрку піражок. / Пайшоў коцік на вулку, / Купіў Юрку булку, / Пайшоў коцік рэпку рваць, / Юрку трэба крэпка спаць” [6, с. 27].
Якуб Колас напісаў "Міхасёвы прыгоды" ў Тальцы – паселішчы, у якім ён адпачываў. У паэме згадваюцца апісанні талькаўскіх мясцін і людзей. Вось расказваецца пра яму на Талі, дзе вельмі добра ловіцца рыба: Не адзін Міхась на яме: / Тут, па ўзберагу ракі, / На спаборніцтва з яршамі / Селі чуйна рыбакі. / Лёнька тут са стражы – / Хлопчык нехлямяжы, / Тут і Ванька з будкі, / Дасціпны і гнуткі, / І Яўсейчык Мішка, / Паўлік, Цішка, Грышка. / Хоць сабе малыя, / Але удалыя [К-с ІІI, с. 212]. Улетку 1935 г. паэт з сям'ёй жыў у лесніка Волеся Ануфрыевіча і Вольгі Сцяпанаўны Бранавіцкіх у Загібельцы на Пухаўшчыне. Знаходзілася Загібелька на процілеглым беразе Талі, за руднянскім мостам направа. Цяпер, як прасачылі даследчыкі, гэтай вёскі няма. Ніякіх слядоў чалавечага жытла не засталося там, дзе была стража і вёска Загібелька.
Аб тым, як цэнзура скарачала і змяняла тое, што выходзіла з-пад пяра майстра, паведаміў у часопісе “Дзеяслоў” Міхась Міцкевіч [87]. Ён адзначыў, што нават над дзіцячай паэмай "Міхасёвы прыгоды" цэнзары таксама “зрабілі маленькую экзэкуцыю”: “У паэме “Міхасёвы прыгоды”, якая была прысвечана як быццам бы маім прыгодам, хаця, можа, гэтых прыгодаў і не было, быў такі выпадак, калі на яме мы вудзілі рыбу, то паверху плыла змяя, зялёная нейкая. У Коласа былі такія заключныя радкі: “І каб больш не было яго духу, на агонь палажылі псяюху” (гадзюку). “Не, так нельга, будуць дзеці лаяцца”. Прыйшлося пайсці на кампраміс і напісаць “І каб больш не было яго паху, на агонь палажылі кусаху”. Гэта дробязь, але яна змяняе семантыку радка і Я. Колас перажываў асабліва, калі справа датычыла вялікіх твораў.
Такім чынам, у паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” прасочваецца не толькі глыбіня асабістых перажыванняў паэта, а і біяграфічныя факты з жыцця пісьменніка, а таксама выкарыстоўваюцца рэальныя анамастычныя адзінкі, паэтызуецца неадольнае імкненне да лепшай долі, маральная прыгажосць, багаты ўнутраны свет персанажаў, працавітасць і неўміручы народны аптымізм. Нацыянальная мова з’яўляецца невычэрпнай крыніцай, у якой сканцэнтраваны мнагастайныя стылёвыя фарбы для стварэння твораў рэалістычна-бытавога і ўзнёсла-рамантычнага планаў.
Творы Якуба Коласа застаюцца неад’емнай часткай духоўнага жыцця беларусаў. І сапраўды, паэмы “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” Я. Коласа – эпахальная з’ява не толькі ў гісторыі нацыянальнага ліра-эпасу, але і ў гісторыі духоўнай культуры беларускага народа.
Анамастычная прастора мастацкага твора, па меркаванні А. Супяранскай, займае прамежкавае становішча паміж імёнамі рэальных і выдуманых аб’ектаў, таму што: а) дэнататы іх рэканструіруюцца на аснове вопыту пісьменніка, але не абавязкова існуюць у рэальнасці; б) яны ствараюцца па мадэлях імёнаў рэальных або нерэальных прадметаў з улікам прыналежнасці іх да канкрэтнага анамастычнага поля [83, с. 148].
А. Рогалеў выдзеліў наступныя тыпы літаратурных антрапонімаў: адносна нейтральныя імёны, якія патэнцыяльна суадносяцца з любым іншым тыпам мастацкіх антрапонімаў; ускосна характарыстычныя (асацыятыўныя) імёны, якія ўяўляюць сабой найбольш кантэкстна-абумоўленыя антрапонімы, здольныя выклікаць пры чытанні мастацкага твора пэўныя асацыяцыі; імёны-вобразы, якія ілюструюць магчымасць развіцця ў рэальна-гістарычных і літаратурных антрапонімаў, перанесеных з аднаго мастацкага твора ў другі, пераносных значэнняў, усвядомленых у кантэксце мастацкага твора; прама гаваркія (празрыстыя) імёны, якія прама, непасрэдна, адкрыта і вобразна характарызуюць дзейных асоб твора; парадыйныя імёны, якія маюць высокую ступень экспрэсіўнай нагрузкі і ў меншай ступені значную семантыку для юмарыстычнага або саркастычнага ўяўлення якога-небудзь або якіх-небудзь падобных у чымсці персанажаў; імёны з падтэкстам (скрытагаваркія імёны) – заключаюць у сабе наўмысна схаваны ў этымалогіі сапраўднай або народнай, дыялектнай або іншамоўнай аснове імя намёк (алюзію) на акрэсленую рысу персанажа, а таксама падкрэслівае сярод усіх іншых тыпаў імён ідэйна-эстэтычныя погляды стваральніка мастацкага твора і асобных яго вобразаў [74, с. 213].
Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры