Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа

Описание

Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.

Содержание

УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85

Работа состоит из  1 файл

Дысерт. Дзядок.doc

— 637.00 Кб (Скачать документ)

4) Трайчанскі → Трайчан-іх-а – маці Базыля Трайчанскага (апов. “На ростанях”): Больш усіх шумеў за сталом Янка Тукала, жартаваў і вырабляў розныя штукі, што не зусім падабалася старой Трайчанісе [К-с ІХ, с. 625]; персанаж засведчаны ў творы таксама пад іншымі онімамі: Саламея, маці Базыля, Базылёва маці.

5) Стукач → Стукач-ых-а – жонка дзеда Стукача (апов. “У палескай глушы”): Мікола Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю [К-с ІХ, с. 50].

6) Стырнік → Стырнік-ав-а – жонка Міколы Стырніка (апов. “На ростанях”): Раскідалі плот, хоць гэта каштавала некалькі касмыкоў на галаве дзвюх кабет, цёткі Тарэсі і Стырнікавай Тэклі: яны пабіліся пры разбурэнні плота [К-с ІХ, с. 602].

7) Сусла→ Сусл-іх-а – жонка Кандрата Суслы (ап. “Туды, на Нёман!”): Маладая Сусліха падстаўляе інструктару заслончык, змахнуўшы яго хвартухом [К-с V, с. 229].

8) Пальчык → Пальч-ых-а – маці бортніка Кандрата (п. “Новая зямля”): Дарота, Пальчыха старая, / Таксама хлебам дом вітае / – Такі ўжо звычай беларускі, – / У клумку выпіўка, закускі [К-с VІ, с. 120].

9) Памахайлік → Памахайліч-ых-а – жонка дзяка Памахайліка (апов. “На ростанях”): Дзячыха Памахайлічыха таксама павіталася суха, паглядзела на сяброў уважна, каб лепей разгледзець “забастоўшчыкаў” [К-с ІХ, с. 598].

10) Самабыль → Самабыл-іх-а – жонка краўца Самабыля (ап. “Туды, на Нёман!”): Швачка Самабыліха – рэдкі чалавек і папулярны член двара пана Тарбецкага. Калі кравец Самабыль увасабляе сялянскасць, то Самабыліха з’яўляецца чалавекам пераважна ўніверсальным [К-с V, с. 188].

11) Талаш → Талаш-ых-а – жонка дзеда Талаша (апов. “Дрыгва”): З таго моманту, як у яго [Васіля] сэрца запала падазронасць на Аўгіню, што гэта яна папярэдзіла старую Талашыху, выдала ёй патаемную змову яго з Саўкам Мільгуном, ён зацяўся на яе і чакаў толькі, каб яна вярнулася, не для таго, каб жыць разам, а для таго, каб пагаварыць з ёю як следуе, а потым прагнаць яе раз назаўсёды [К-с VIII, c. 384-385]. Жанчына сталага ўзросту, андронім выкарыстаны ў творы 2 разы. Гэты персанаж, апрача названага наймення, засведчаны пад наступнымі онімамі: бабка Насця, бабка Наста, бабка Настуля, бабка Настуся, Насця Балыга.

12) Латак → Латач-ых-а – паляшучка (апов. “На ростанях”): Галасы ўсё мацнелі і набіралі болей злосці. Гэта лаялася Аўдоля Латачыха з жонкаю Мікіты, Акуляю [К-с IХ, c. 50]. На нашу думку, андронім сугучны з назоўнікам апелятывам – латак, які ў ТСБМ мае некалькі значэнняў: а) адкрыты жолаб для сцёку, ссыпання чаго-небудзь; б) карыта з невялікім жолабам у млыне для ссыпання збожжа ў жорны [ТСБМ, Т.3, с. 24]. Сапраўды, словы выляталі з Латачыхі, як з жолаба зерне: Латачыха сыпала словы, як гарох. Здавалася, яна толькі адчыніла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся [К-с ІХ, с. 50]. І. Суцько адзначае наяўнасць адзінкі з падобным, на наш погляд, значэннем у народных гаворках: лататэрка – ‘сварлівая жанчына’ < з літоўскай мовы latataila ‘балбатня’ [85, с. 297]. Выкарыстанне такіх адзінак, якія даюць ацэначную характарыстыку персанажам, – гэта сродак вобразнасці і выразнасці ў мове аўтара.

13) Грабар → Грабар-ав-а – жонка Мартына Рыля (апов. “Дрыгва”): Жаніўся Мартын, узяў сінявокую Грабараву Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную [К-с VIII, c. 27]. Пісьменнік таксама шырока ўжывае спалучэнні паэтонімаў: Грабарава Ева (ад прозвішча яе бацькі – Грабар); Мартынава Ева, Мартына жонка (ад імені мужа – Мартын), каб паказаць на сваяцкія адносіны ў сям’і.

Значэнне андронімаў удакладняецца  пры дапамозе розных лінгва-стылістычных сродкаў: эпітэтаў-прыдаткаў (швачка Самабыліха, пані Юзафова); азначэнняў (Яхіміха бяздзетна, Марозіха старая, старая Лукашыха, старая Талашыха, маладая Сусліха). Такім чынам, азначэнні пры андронімах даюць дадатковую характарыстыку асобам жанчын паводле роду заняткаў, сацыяльнага стану і ўзросту (швачка, пані, маладая, старая). Існуюць выпадкі, калі андронім удакладняе ўласнае імя і выступае ў якасці адасобленага азначэння (Дарота, Пальчыха старая, / Таксама хлебам дом вітае [К-с VІ, с. 120]), што ўказвае на сваяцкія адносіны ў сям’і.

Я. Колас выкарыстоўвае андронімы ў спалучэнні з уласнымі імёнамі, ставячы іх у постпазіцыі або прэпазіцыі да андроніма (Фядосіха Аксіня, Стырнікава Тэкля і інш.), каб стварыць рытма-меладычную сістэму мовы твора: – Сядайце ж, людзейкі-нябогі, / Ды пасілкуйцеся з дарогі! – / Да госцяў кажа гаспадыня, / Сама Фядосіха Аксіня [К-с VІ, с. 234]. Так, уласнае імя Аксіня стаіць ў постпазіцыі да андроніма Фядосіха і рыфмуецца з назоўнікам – гаспадыня, утвараючы дакладную назоўнікавую рыфму. Усе гэтыя адзінкі захаваны і ў перакладных тэкстах Федосиха Аксинья, Юзэфова Зося, акрамя андроніма Міхашча (жонка Міхала), як было адзначана вышэй.

У творах пісьменніка ёсць выпадкі  набыцця андронімамі большага семантычнага напаўнення: яны з’яўляюцца найменнямі дзяцей і ўсіх членаў сям’і па імені (прозвішчы, мянушцы) бацькі. Некаторыя даследчыкі называюць такія адзінкі патронімамі (В. Фанякова [96], З. Шведава [102]). Напрыклад: Базыль → Базыл-ёв-ы: У Яўхіма дзядзькі, ў Базылёвых, / Таксама ў Стасечкі і Даткі / Свае захоўвалі парадкі: / Сядзелі згодна і набожна / І спеў святы вялі заложна [К-с VІ, с. 223]; Чылін → Чылін-оў → Чылін-ы: А Чыліноў Алесь надзьмуўся, / У святыя дзеянні ўткнуўся / І там, дзе слоў не расчытае, / На сажань голас працягае. / – Вось Чыліны як дацінаюць! / – Чытанне людзі адзначаюць [К-с VІ, с. 225].

Антрапонімы Андрэеў, Базылёў, Дземяноў, Кандратаў, Канстантынаў, Пятровічаў, Сальвэсеў, Чыліноў; Андрэевы, Базылёвы, Бабковы, Рамковы, Стукачовы, Андрэевы, Талашы і інш., на наш погляд, з’яўляюцца асновай для ўтварэння асаблівай групы прозвішчаў, заснаваных на роднасных сувязях людзей, служаць для ўтварэння мянушак.

Такім чынам, Якуб Колас шырока выкарыстоўваў  у сваіх творах андронімы, якія адлюстроўваюць асаблівасці іх ужывання пераважна на Стаўбцоўшчыне, радзіме паэта. Утвараў пісьменнік такія адзінкі пераважна ад прозвішчаў, мянушак і псеўданімаў. Андронімы ў яго творах з’яўляюцца эфектыўным сродкам намінацыі персанажаў, ствараючы эфект праўдападобнасці адлюстраваных падзей. Яны аказваюць уплыў на агульны змест твораў Я. Коласа, насычаюць іх нацыянальнай, рэгіянальнай, культуралагічнай спецыфікай.

 

3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды”

Тапанімічныя назвы як неад’емны  кампанент тэкстаў мастацкіх  твораў займаюць другі ўзровень анамастычнай іерархіі, які вызначае лакальную характарыстыку сітуацыі “персанаж – месца дзеяння”, фарміруе анамастычную прастору тэксту [65, с. 8]. А. Рогалеў сцвярджаў, што тапонімы можна аднесці к паэтонімам з высокай ступенню семантычнай актыўнасці [74, с. 34]. У творах розных пісьменнікаў і нават у тэкстах розных жанраў выяўляецца свая адметнасць адлюстравання анамастычнай прасторы і ўключэння у мастацкі тэкст разнастайных тапонімаў. У паэмах  “Новая зямля”, “Сымон-музыка” і “Міхасёвы прыгоды” Якуб Колас выкарыстаў 47 тапанімічных адзінак, што складае 17,7 % ад усёй колькасці онімаў: этнонім (Палессе), айконімы (Наднямонне, Свержань, Стоўбцы, Нясвіж, Ліда, Ліпы, Баранавічы, Мазыр, Караліна, Маргі, Мікалаўшчына, Парэчча, Прусы, Татарка, Загібелька), мікратапонімы (Ліпава, Княжое, Гнілы Кут, Дзікія Груды, Дземянова горка, Заблонне, Церабяжы, Чартавіца), урбанонімы (Замкавая Гара), гідронімы (Нёман, Талька, Вілія, Вілейка, Дзвіна), дрымонім (Сустрэнаўка).

Аналіз тапонімаў сведчыць, што яны ў пераважнай большасці рэальныя: Баранавічы, Беларусь, Валынь, Вілейка, Вілія, Вільня, Караліна, Княжое, Ліда, Літва, Маргі, Мікалаўшчына, Нёман, Нясвіж, Палессе, Свержань, Стоўбцы, Загібелька, Талька, Палессе, Мазыр, Дзвіна і інш., якія ёсць ці былі ў розных частках Беларусі і за яе межамі. Такі выбар тапонімаў у паэме “Новая зямля” можна растлумачыць той акалічнасцю, што твор аўтабіяграфічны, і ўжыванне рэальных тапанімічных адзінак служыць у паэме дзейсным сродкам дакументальнасці і праўдападобнасці. У адзінкавых выпадках у творы выкарыстаны тапанімічныя назвы, створаныя фантазіяй пісьменніка: Давідовічы, Заблонне, Затокі, Камлішчы, Татарка, Вялікія Дзяміды, Замкавая гара, Давідовічы і інш. Яны слоўваўтваральнымі мадэлямі, семантычнымі асаблівасцямі, канатацыйнымі “прырашчэннямі” нагадваюць характэрныя тапонімы канкрэтных мясцін Беларусі і іншых рэгіёнаў і служаць у тэксце асноўнымі рэгіянальнымі моўнымі кампанентамі для перадачы мясцовага каларыту. У паэме “Новая зямля” ёсць тапонім Парэчча, які называе рэальны аб’ект, але ён быў поўнасцю заменены пісьменнікам. Яго сапраўдная назва – Альбуць. Выкарыстоўвае Я. Колас варыянты некаторых тапонімаў. Напрыклад, афіцыйныя і размоўныя адзінкі: Мікалаеўшчына і Мікалаўшчына, Случчына. Ужыванне такіх адзінак (Прусія – Прусы і інш.) тлумачыцца літаратурна-эстэтычнымі патрабаваннямі (стварэнне, напрыклад, мясцовым варыянтам гістарычнага або рэгіянальнага каларыту): Разоў са два схадзіў у Прусы – Куды не трапяць беларусы? [К-с VI, с. 58]. Онім Прусы ў кантэкце выступае як удалы кампанент для стварэння рэгіянальнага каларыту Панямоння, свайго роду анамастычны этнаграфічны дыялектызм. Такі выбар тапонімаў у паэмах – гэта дзейсны сродак дакументальнасці і праўдападобнасці. Выраз “Куды не трапяць беларусы” стаў крылатым. Яго адзначае Ф. Янкоўскі ў слоўніку афарызмаў [127, с. 65]

Усе тапанімічныя назвы, выкарыстаныя ў паэмах, фармальна можна падзяліць на простыя і састаўныя. Сярод простых тапанімічных адзінак вылучаюцца найменні ў форме назоўніка – Вілія, Вілейка, Дзвіна, Прусы, Татарка. Састаўныя тапонімы – гэта лексікалізаваныя спалучэнні, у структуру якіх уваходзяць два кампаненты – суб’ект і атрыбут: Замкавая гара, Дземянова горка, Вялікія Дзяміды, Гнілы Кут, Дзікія Груды. Такія адзінкі маюць форму атрыбутыўнага словазлучэння. У якасці субстантываванага (апорнага) кампанента выступае назоўнік у форме адзіночнага або множнага ліку, а атрыбутам з’яўляецца прыметнік, які дапасуецца да назоўніка. Дадзеныя адзінкі па структуры супадаюць з апелятыўнымі словазлучэннямі і дапамагаюць пісьменніку больш ярка паказаць адметнасці мясцовасці, адлюстраванай у паэме. Дарэчы, як піша П. Будзько, у беларускіх айконімах дамінуюць назвы прыродна-геаграфічных аб'ектаў, якія абазначаюць асаблівасці рэльефу (узвышшы або нізкія ці забалочаныя месцы). Усяго на тэрыторыі Міншчыны зафіксавана 59 айконімаў такога тыпу [14, с. 53]. У паэмах Я. Коласа выкарыстаны адзінкі, большасць якіх абазначае ўзвышшы: Свяржэнская Града, Дземянова горка, Замкавая гара. Такія адзінкі з'яўляюцца натуральнымі мадэлямі для тапанімічнай сістэмы Беларусі. У якасці атрыбутыўных кампанентаў выступаюць якасныя і прыналежныя прыметнікі, якія суадносяцца з антрапонімамі, тапонімамі і ўказваюць на прыналежнасць аб'екта ўладальніку: Вялікія Дзяміды, Свяржэнская Града. Мікратапонім Гнілы Кут дае чытачу дакладнае ўяўленне аб месцы, дзе жыла бабка-знахарка з паэмы “Сымон-музыка”. У якасці апелятыўнага апорнага кампанента пісьменнік выкарыстоўвае назву, якая абазначае зямельны ўчастак, які ў спалучэнні з апелятывам-прыметнікам гнілы падкрэслівае містычнасць таго месца, дзе жыла знахарка, а таксама дапамагае стварыць адчуванне рэальнасці падзей у творы: Да Аршулі-варажбіткі, / Што ў Гнілым Куту жыла, / Неслі розныя набыткі, / Люднасць ўсякая плыла. / І не дзіва – памагала. / Справы бачыла наскрозь, / Як па кнізе ўсё чытала… [К-с VI, с. 499]. Ампліфікацыя, напружанасць падзей ствараецца Коласам і пры дапамозе выкарыстання выдуманага, створанага па мадэлі рэальнага, мікратапоніма Дзікія Груды: Раз падвечар між жытамі / Ганна з поля йшла адна; / З каласкамі, як з братамі, / Забаўлялася яна. / Так ідзе адна, гадае, / Аж зірнула — дух унік: / На пярэсцягі ёй з гаю / Шусь пануры Дамянік! / Сэрца ёй так і апала. / Азірнулася — ціш, глуш, і / Гануся задрыжала: / Што замысліў гэты вуж? [К-с VI, с. 457 – 458]. І змыліўся звер шалёны [Дамянік], / Збіўся, цопнуўся туды, / Дзе канчаліся загоны, / Ўпёршысь ў Дзікія Груды [К-с VI, с. 604]. Мікратапонімам аўтар падкрэслівае адметнасць месца, якое можа выбраць “драпежнік” для здзяйснення свайго “дзікага” замыслу.

Літаратурныя тапонімы, як і іншыя онімы, апрача адраснай, дыферэнцыйна-прасторавай функцый, выконваюць у паэмах яшчэ кумуляцыйную і ідэйна-эстэтычную функцыі. Першая з іх знаходзіць сваё выражэнне ў адметным для ўсіх уласных імёнаў “нацыянальна-культурным кампаненце” семантыкі оніма (Я. Верашчагін, В. Кастамараў), другая – у яго ідэйна-эстэтычным аспекце, што дазваляе пісьменніку “праз онімы выражаць свой светапогляд і ацэнку адлюстраванага ў творы, перадаваць думкі і пачуцці персанажаў” [113, с. 10 - 11].

Тапонімы ў паэмах выступаюць не толькі як ідэнтыфікатары пэўнага этнакультурнага рэгіёна ці гістарычна акрэсленага перыяду, але і ў якасці моўнага рэгіянальна-этнакультурнага кампанента тэксту. Такія адзінкі, узятыя з рэальнага анамастыкону (напрыклад, Вілія, Дзвіна, Палессе, Мазыр), у мастацкіх тэкстах, як заўважана даследчыкамі, звычайна выступаюць як сродкі нацыянальнай тыпізацыі, дазваляючы прыдаць падзеям і фактам, якія адлюстраваны ў творы, рысы праўдападобнасці і рэалізму. Яны ў тэкстах паэм ствараюць каларыт асяроддзя, часу, перадаюць адносіны аўтара да літаратурнага персанажа. У паэмах такія адзінкі выступаюць “семантычна напоўненымі, непарожнімі”. Тапонімы (Вілія, Дзвіна, Дзікія Груды, Гнілы Кут і інш.) выконваюць у паэмах не толькі намінатыўную функцыю, а і ўзвышана-лірычную. Напрыклад: Гэй, адвечныя курганы, / Сведкі прошласці глухой! / Кім вы тут панасыпаны? / Чыёй воляю-рукой / Вы раскіданы па полі, / Даўных спраў вартаўнікі? / Ды не скажаце ніколі, / Што казалі вам вякі! / І пуцінаю няроўнай / Бежыце ўдалечыню – / У бок Віліі чароўнай / І пад светлую Дзвіну. / Край мой родны! / Дзе у свеце / Край другі такі знайсці… [К-с VI, с. 539]. Аўтар выкарыстоўвае ўдалыя эпітэты, захапляючыся мілымі яго сэрцу краявідамі, называе Вілію – чароўнай, а Дзвіну – светлай. Маляўніча і пераканальна адлюстравана прыгажосць Радзімы. Радкі пранізаны лірызмам, напеўнасцю і глыбокім пачуццём любові да роднага краю, вобраз якога найбольш поўна паўстаў у паэме з яго полем, лесам, шэптам “буйных каласоў”, патаемнай казкай лесу, “срэбразвонным” напевам ручая, з зорным небам, сонцам, да якога спрадвеку сягае чалавечая думка.

У паэме "Міхасёвы прыгоды" паэт апісаў выгляд Загібелькі – былой рэальнай тапанімічнай адзінкі, “жыццё” якой засталося ў гісторыі: Вышлі на поле / Каля Загібелькі, / Рэдка пабачыш / Гэткай зямелькі: / Суха і чыста, / Вымецена нібы, / Вёска на горцы, / Дрэвы ўскрай сядзібы / Важна стаяць там, / Дзядзькі-азяроды / Дбала вартуюць / Гумны, гароды. /  Буслы на хвоях / Маюць свой будынак. / Вуллі-калоды / Там знайшлі прыпынак [К-с ІІI, с. 223 - 224]. Я. Колас умела абыгрывае рэальныя тапанімічныя назвы, выяўляючы ў іх канатацыйны змест, заснаваны на другасных “прырашчэннях”, якія “ажываюць” у тапоніме пры яго супастаўленні з іншымі тапанімічнымі найменнямі. Так, вядома, што ў час адпачынку Я. Коласу нечакана выпала паездка ў Парыж на Сусветны кангрэс міру, дзе прадстаўнікі народаў Еўропы і іншых частак планеты выступілі супраць праяўленняў фашызму. Вярнуўшыся з Францыі, як успаміналі сябры і родныя Я. Коласа, ён з вялікай радасцю акунуўся ў штодзённы побыт у Загібельцы: лавіў рыбу, збіраў грыбы, сустракаўся з таварышамі, любаваўся маляўнічай прыродай роднай зямлі. К. Крапіва, заўважыўшы такі ўзнёслы настрой Коласа, як сведчылі сябры пісьменніка, напісаў наступную эпіграму: Быў я ў Парыжы на кангрэсе – / То ў Загібельцы, браце, лепш: / Грыбоў няма ў Булонскім лесе, / А ў Сене – хоць бы адзін лешч [26, с. 175]. Такі жарт Я. Коласу спадабаўся, і ён адказаў наступнымі радкамі: Калі агледзіш хвайнякі / І гэты кут пазнаеш бліжай, / Збіраючы баравікі, – / То вывад я раблю такі: / Мне Загібелька лепш Парыжа [К ІІ, с. 84].

Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры