Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Октября 2012 в 21:57, магистерская работа

Описание

Даследаванне складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, трох глаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры (128 назваў) і слоўніка анамастычных адзінак. Агульны аб’ём даследавання 131 старонка, з якіх тэкст дысертацыі непасрэдна займае 74 старонкі, літаратура змешчана на 12 старонках.

Содержание

УВОДЗІНЫ 2
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ 6
ГЛАВА І. АСАБЛІВАСЦІ АНАМАСТЫЧНАЙ ЛЕКСІКІ Ў ТВОРАХ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ 8
ГЛАВА ІІ. ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ”: ІДЭЙНЫ ЗМЕСТ І ГІСТОРЫЯ ІХ СТВАРЭННЯ 15
ГЛАВА ІІІ. АНАМАСТЫЧНАЯ ПРАСТОРА ПАЭМ ЯКУБА КОЛАСА “НОВАЯ ЗЯМЛЯ”, “СЫМОН-МУЗЫКА”, “МІХАСЁВЫ ПРЫГОДЫ” 21
3. 1 Онімы-загалоўкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 26
3. 2 Асабовыя ўласныя імёны ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 33
3. 3 Прозвішчы, мянушкі ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 44
3. 4 Андронімы ў творах Якуба Коласа 54
3. 5 Тапанімічныя назвы ў паэмах Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Міхасёвы прыгоды” 61
ЗАКЛЮЧЭННЕ 71
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС 74
Спіс выкарыстаных крыніц 74
Спіс публікацый суіскальніка 85

Работа состоит из  1 файл

Дысерт. Дзядок.doc

— 637.00 Кб (Скачать документ)

Пра асаблівае стаўленне паэта  да гэтага імя сведчыць і той факт, што ён у лістападзе 1944 года імем “Дзядзька Сымон” або “Сымон Дзядзя” назваў адзін з дубоў, які разам з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай пасадзіў у санаторным парку ў памяць аб сыне Юрку, што загінуў у час вайны. Пра гэта ж паэт упамінае і ў вершы ”Вузкае”: І попел астыўшы асядзе, / У лесе адзін зазімуе, / І можа наш дуб “Сымон Дзядзя” / У холад без нас засумуе ” [К-с ІІ, с. 258]. Імя Сымон у сучасным беларускім грамадстве некаторымі асобамі скажаецца, вымаўляецца і запісваецца як Сямён. Пра гэта перайначванне і скажэнне пісаў паэт У. Верамейчык у вершы “Беларуская мова”: У раскладзе, глядзіце, / Прадметаў найноўшых магутны парад, / Ты ж стаіш сіратою / На вятрах раздарожных прастудных. / Гарады й гарадкі / Старажытнейшы твой фаліянт /Закрываюць: / Навошта вясковыя водар і зыкі?! / Нам “смеётся в лицо / Оскорблённый навеки Семен-музыкант”, / Што не стаў і не стане / Раднёю Сымону-музыку [108, с. 120].

Многія ўласныя імёны, засведчаныя ў творах Я. Коласа, архаізаваліся, што тлумачыцца, на думку даследчыкаў, не толькі асіміляцыйнымі працэсамі, сацыяльнымі з’явамі, пераважна ігнараваннем таго, што было звязана з былым дзяржаўным ладам і царкоўнымі, сямейнымі традыцыямі ў выбары імёнаў і інш. Таму некаторыя сялянскія ўласныя імёны ў паэмах (Амброжа, Антоля, Аршуля, Аўдоля, Доніс, Зыдоры, Карусь, Марцэля, Палуся, Праксэта, Югася і інш.), якія шырока выкарыстоўваліся ў беларускім анамастыконе пачатку ХХ стагоддзя, з’яўляюцца ў наш час нетыповымі, архаізаванымі: Прынамсі так было даўней, - / Калі свяржэнскія кабеты / Капэляй прыйдуць у лес гэты, / Ды з іх кабеціна якая / Капэлю згубіць і гукае / І па імёнах называе: / “Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, / Алена, Магдалена, Зося, Антося, / Анэта, Праксэта, Цётка Югася, / Бабка Кася! Гу-у-у!” / І смешна часам і цікава, / Як бы тут робіцца аблава [К-с VI, с. 252]; Браткі! Гуляйма! Калі свята, / Дык трэба выпіць хоць багата! – / Крычаў Амброжык: – Сцеражыся! – / Кіўнуў ён носам на Міхася, / І чарка ёмка паднялася [К-с VI, с. 94]. У творах Я. Коласа такія імёны выконваюць мастацка-эстэтычную функцыю: выразна ілюструюць этнаграфічны кантэкст, становячыся дзейсным сродкам нацыянальнага каларыту і выяўлення патрыятычных пачуццяў мастака слова і яго літаратурных персанажаў.

У працах даследчыкаў мовы твораў Я. Коласа асабовыя ўласныя імёны  класіфікуюцца паводле сацыяльнага, сямейнага статусу і ўзроставых характарыстык:

  • сяляне (жанчыны і мужчыны) – гутарковымі варыянтамі беларускіх праваслаўных або каталіцкіх імёнаў: Антось, Адам, Андрэй, Базыль, Даніла, Дзямян, Грышка, Кандрат, Карусь, Марцін, Стась, Яхім, Юрка, Алена, Югася, Анэта, Ганна, Зося, Міхаліна і інш.;
  • вясковыя замужнія жанчыны – андронімамі – вытворнымі варыянтамі ад імя, прозвішча ці мянушкі мужа: Міхашча, Юзафова, Сымоніха, Янчыха, Лукашыха, Фядосіха, Марозіха, Стукачыха і інш.;
  • прадстаўнікі інтэлігенцыі, адміністрацыі – антрапонімамі: Ніна, Уладзя і інш.
  • паны – пераважна каталіцкімі імёнамі ў спалучэнні са словам пан: пан Ксавэры, пан Амброжа і інш.
  • дзеці – паслядоўна імёнамі з фармантамі суб’ектыўнай ацэнкі: Абрамка, Гануська, Гануля, Мошка, Сымонка, Алёнка, Яська, Мішка, Валік, Ванька, Змітрок, Інка, Мар’янка, Міхаська, Юзэфка, Юлька і інш.
  • імёны міфічных герояў і рэлігійных прадстаўнікоў – тэонімамі і міфонімамі: Саламон, Самсон, Сім, Агей, Елісей, Каін, Адам, Ева, Езус, Абрам, Ілля (Іллія, Ілья), Ісак, Лот, Якаў і інш.

Імёны персанажаў у паэмах Я. Коласа пададзены ў іх натуральным гучанні – без штучных фіналяў -ій, -ый: Кандрат, Базыль, Рыгор і інш. Пра такія імёны П. Сцяцко, рэцэнзуючы кнігу А. Пяткевіча “Людзі культуры Гродзеншчыны”, пісаў наступнае: “Без сумніву кніга А. Пяткевіча паспяхова будзе выконваць сваё прызначэнне – “будзіць пачуццё годнасці, пачуццё патрыятызму”, гонару за свой край, родную Бацькаўшчыну Беларусь… У кнізе падаюцца імёны без штучных канцавінаў -ій, -ый: Анатоль, Апанас, Аркадзь, Арсень, Васіль, Кандрат, Рыгор і пад. Няма ў даведніку штучнага імя Іосіф, форма якога парушае закон гармоніі гукаў беларускай мовы (збег галосных у межах адной марфемы). Замест яго выкарыстоўваюцца ў даведніку натуральныя беларускія нацыянальныя імёны Восіп і Язэп… Бачым у кнізе і такія нацыянальна-адметныя імёны беларусаў, як Алесь, Мікола, Міхась, Пятрусь… Тацяна, Жана, Наталя і інш. [86, с. 364]. Такім чынам, традыцыі Я. Коласа прадаўжаюць сучасныя пісьменнікі.

Якуб Колас ужывае шматлікія варыянты онімаў у кантэксце паэм (Алена – Аленка, Алёна, Алёнка; Ганна – Ганя, Гануся, Гануська, Ганка, Гануля, Ганначка, Ганулька; Кастусь – Кастусік, Кастусёк, Костусь Костуська; Міхась – Міхал, Міхале, Міхаська, Міхасёк, Міхалка, Міхаліна; Павел – Паўлік, Паўлюк, Павал; Сымон – Сымонка, Сымоне; Антось – Антоні і інш.), што ў радзе выпадкаў, відаць, абумоўлена патрабаваннямі вершаванага тэксту. Умелае выкарыстанне такіх варыянтаў імёнаў спрыяе стварэнню мілагучнасці паэтычных радкоў. Вось чатыры радкі з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, дзе Міхал адказвае Марціну: І не сабака страшан воўку, / Калі прыйшлося сказаць к слоўку, / Мой пане-браце, мой Марцяга, / А непрыемна яго звяга! [К-с VI, с. 107]. Пры беглым чытанні гэтага ўрыўка, як піша І. Лепешаў, можна не заўважыць прыказкі пераносна-абагульненага характару “воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць”, а значыць і не зразумець значэння тэксту, не ўбачыць майстэрства паэта [44, с. 11]. Дарэчы, у народна-дыялектнай мове (Гродзеншчына) такія варыянты імёнаў выконваюць дыферэнцыйную функцыю – адрозніваюць розных асоб з тым самым імем. Так, як піша П. Сцяцко, яшчэ ў 1960 – 1970 гг. на Зельвеньшчыне выкарыстоўваліся такія мянушкі, як: Ко́стусь і Ка́стусь, Пе́трусь і Пятру́сь [86, с. 189].

Пісьменнік, як бы апрабоўвае, “абыгрывае” кожны паэтонім, раскрывае яго вобразныя магчымасці, надаючы тым самым тэксту большую выразнасць, эмацыянальнасць. У паэтычных радках Я. Коласа з выкарыстаннем онімаў рыфма мае важнае кампазіцыйнае значэнне. Напрыклад, сумежная (парная): Сядзіць, расказвае Антоні, / Што чуў, што бачыў на Заблонні [К-с VI, с. 269]. Асновай рыфмоўкі (па спосабу спалучэння вершаваных радкоў) выступаюць уласныя імёны, іх варыянты ў розных рыфмах – сумежнай (парнай): Малыя – Юзік, Ганна / Асобна елі пастаянна [К-с VI, с. 23]; Там школа ёсць, а дзецям трэба / Даўно навука і вучэба, / А то растуць, на лес, вось, глядзя; / Зірні: унь дуб які ўжо Ўладзя [К-с VI, с. 27]; Прыступілі да збору суніц- / Чараўніц, / Захапіліся зборам усе / Пакрысе: / Данік і Юра / І Жэня-панура, / Оля і мама / І Міхась таксама, / Сунічку сашчыпле, / Зірне, паварожыць, / Але не ў кубак, / А ў роцік паложыць [К-с ІІІ, 217 – 218]; – перактыжаванай: Як бы дар які там з неба, / Дудку тую ўзяў Сымон. / Намачыць яе, брат, трэба: / Галаснейшы будзе тон [К-с VI, с. 296].

Так, каб захаваць рытма-меладычную сістэму мовы Колас выкарыстоўвае недакладную перакрыжаваную рыфму, знітоўваючы асабовыя ўласныя імёны (Даніла, Масыяш, Панас) з дзеясловамі або прыметнікамі. Напрыклад, І ніхто так, як Даніла, / Не знаў пушчы той, лясоў. / Гадавала і ўскарміла / І Данілу, бы звяроў, / Шыр балотаў несканчоных, / Пушчаў дзікіх гушчары. / І ў яе таемных лонах / Чуўся панам у двары. / Потым князь забраў Данілу, / Прыпісаў яго ў свой двор. / Хоць яму і больш быў мілы / Бор палескі, родны бор [К-с VI, с. 413 – 415]. Імя ўдала ўпісана ў кантэкст твора. Чаргуюцца радкі Даніла – ускарміла, Данілу – мілы, што спрыяе напеўнаму гучанню верша. Уласнае імя Масыяш, якое чаргуецца ў радках верша са словам ляж, стала рытмаўтваральным кампанентам паэмы: А як скажа – з смеху ляж! / Як у Хасі з яго ласкі / Нарадзіўся Масыяш [К-с VI, с. 372]. Рыфма ў творах паэта, як вядома, служыць не толькі для ўтварэння рытму. Яна мае яшчэ і вялікае сэнсавае значэнне, робячы сугучнымі словы. Тым самым выдзяляе іх, падкрэслівае найбольш важныя ў сэнсавых адносінах. Напрыклад, канцэнтрацыяй уласных імёнаў у паэме “Новая зямля” паэт стварае выразны малюнак масавасці і пераезду сям’і Міхала на новае месца. Паэт, выкарыстоўваючы прыём ампліфікацыі (высокая канцэнтрацыя імёнаў у абмежаваным кантэксце) паказвае, што сям’ю Міхала прыйшлі правесці іх шматлікія суседзі: Тут быў Базыль, Антось Таццянін, / Карусь Дзівак … / Яшчэ Карусь, Паўлюк Куртаты, / Сцяцок, Казюк Скарабагаты / Ды брат Міхася і Антося, – / Мужчын нямала набралося [К-с VI, с. 43]. У паэме “Міхасёвы прыгоды” такі прыём выкарыстоўваецца, каб актывізаваць увагу дзіцяці, зацікавіць яго: Надакучыла дзецям зіма: / Ім разгону зімою няма. / Маркотна Міхасю, / Алесю і Ясю, / Валодзю, Андрэю / І ўсім, хто дурэе / І хоча разгону – / Ну, Юрку, Сымону, / Марынцы, Тацянцы, / Аленцы, Мар’янцы, / І Інцы, і Юльцы, / Натальцы, Ганульцы – / Ну, словам, дзяўчатам / І хлопцам, / Тым хватам [К-с ІІІ, 207]. Дарэчы, некаторыя асобныя строфы з гэтай паэмы з’яўляюцца як бы самастойнымі маленькімі вершамі.

Дзеля рыфмы Колас як мастацкі прыём  выкарыстоўвае замену націску ва ўласным імені: – Так, брат, пайду ды ці вярну́ся? / Як раз патраплю на Пятру́ся [К-с VI, с. 296]. Дзе ж Міхась знайшоў прыпынак / У свой летні адпачынак? / Адкажу вам за Міха́ся: / У пасёлку пры калга́се [К-с Ш, с. 209].

Найбольш пашыраныя ў Коласавых  творах няпоўныя (скарочаныя) неафіцыйныя імёны (Алёна, Алесь, Алеся, Анэлька, Анэта, Гапка, Грышка, Дзямешка, Зося, Казюк, Кася, Наста, Стась, Сцёпка і інш.) і імёны з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (Аленка, Сымонка, Юрка, Мішка, Ванька, Марынка, Паўлік, Пятрок, Стэфка, Тацянка, Юзэфка і інш.), якія выконваюць не толькі намінатыўную функцыю, але і экспрэсіўна-эмацыянальную: Мужчыны выклік той прымаюць / І Фабіяна выпіхаюць. / У скокі зараз жа пусціўся / Наш Фабіян і закруціўся. / “Падзівіся, Гапка, Як трасецца шапка” [К-с VI, с. 144]; Налучыла зімою Міхася бяда: / Захапіла хвароб чарада. / І дні і нядзелі / Ляжаў у пасцелі / Слабенькі, Худзенькі, / Малы Міхасёк, / Як падкошаны той высілёк [К-с ІІІ, с. 208]. Ужываючы самыя розныя варыянты беларускіх дзіцячых імёнаў, паэт паслядоўна звяртае ўвагу на іх мілагучнасць, адметнасць, нацыянальную непаўторнасць і самабытнасць: Паўлік, Міхаська, Міхасёк, Наталька, Мар’янка, Лёнька, Інка, Алесік, Костуська і інш. Як правіла, гэта імёны з фармантамі -ка, -уля, -ачка, -ёк, -ась, -усь, якія з’яўляюцца адметнай рысай найменняў Я. Коласа. Семантычныя магчымасці імён з ацэначнымі фармантамі надаюць асаблівае эмацыянальна-ацэначнае адценне ўспрыманню паэтычных вобразаў, а паэзіі – асаблівы, нацыянальна-непаўторны каларыт.

Самыя частыя імёны ў паэмах – Алесь, Сымон, Андрэй, Антось, Кандрат, Ясь, Ганна, Кастусь, Юрка, рэдка сустракаюцца – Оля, Абрам, Адам, Анэта, Даніла, Дарота, Моўша, Ніна, Рузя, Эма, Аршуля і інш.

Я. Колас шырока выкарыстоўвае ўласныя імёны ў спалучэнні з разнастайнымі назоўнікамі-азначэннямі ў прэпазіцыі да імя: князь Антоні, цётка Югася, бабка Кася, дзядзька Антось, дзед Курыла, дзед Даніла, брат Доніс, бабка Кася, цётка Каця, цётка Магда, нябожчыца Анэта, прарок Ілья, і інш., якія ўказваюць на сацыяльны статус, род заняткаў, узрост персанажа.

Для творчай манеры Якуба Коласа характэрна ўвядзенне ў мастацкі тэкст антрапоніма у спалучэнні з тапанімічнай назвай, якія разам выступаюць як адно цэлае тыпу: дзед Даніла з-пад Мазыра, пан Ракоўскі з-пад Татаркі, Астахновіч з Давідовіч, Фабіян з Караліны, і інш. Такія складаныя анамастычныя ўтварэнні, як сведчаць даследчыкі, былі тыповымі для старажытнай беларускай мовы. Напрыклад, у часы Скарыны навучэнцаў Кракаўскага універсітэта прадстаўлялі так: Міхал, сын Пятра з Вільні; Мікалай, сын Андрэя з Ашмян; Францыск, сын Лукі з Полацка; свой другі зборнік “Смык беларускі” Францішак Багушэвіч падпісаў псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава, а Кастусь Каліноўскі свае прамовы падпісваў Яська-гаспадар з-пад Вільні. Блізкія да падобных сінтаксічных канструкцый словазлучэнні тыпу аднакласнік па прозвішчы Боцік, сын ад Уладзіміра па імю Ізяслаў і інш. прасачыў у сучаснай беларускай мове даследчык мовы Я. Коласа А. Каўрус, які выявіў, што падобныя канструкцыі сустракаюцца ў сучасным пісьменстве і маюць сваімі вытокамі старажытную беларускую мову. Гэта сведчыць, што некаторыя традыцыі шматвяковага айчыннага пісьменства не страчаны, а знайшлі пэўны працяг у новай беларускай літаратурнай мове [113, с. 72]. Творчасць Якуба Коласа ў гэтым плане з’яўляецца яскравым і пераканальным прыкладам.

У паэмах Я. Коласа шырока выкарыстоўваюцца ўласныя імёны ў клічнай форме (Сымоне, Яхіме, Стасю, Міхале), ужыванне якіх пераважна ўласціва паўднёва-заходняму дыялекту і частцы сярэднебеларускіх гаворак. У мастацкіх тэкстах, асабліва ў вершаваных творах, іх выкарыстанне прыўносіць у кантэкст атмасферу ўрачыстасці, узнёсласці, рытарычнасці. Такія адзінкі індывідуалізуюць мову літаратурных герояў: Чым мець праз іх згрызоты. / Хіба ж, Міхале, мы сіроты? [К-с VI, с. 79]; – Міхал! Міхале! О, Міхале! – / Пачуўся голас як бы здаля / Каля зямлянкі ранічкою / І часты стук у шкло рукою [К-с VI, с. 61]. Клічная форма ўказвае на асобу, да якой звяртаюцца з мовай. Напрыклад, [Сымон] – А ты служыш вось,  Яхіме [К-с VI, с. 385]; [Жабрак] — Дык не будзь, Сымоне, / Падобен вароне / I не круці носам, / Слухай ты старога, / Не кажы пустога... [К-с VI, с. 344]. У тэкстах Я. Коласа клічная форма ўжываецца пераважна як стылістычны сродак, надаючы выказванню розныя экспрэсіўныя адценні – лагоднасці, ласкальнасці, пяшчотнасці: – Уставай, Міхале, адзявайся! [К-с VI, с. 61]; Ды чорт яго бяры, Міхале! / Што зробіш гэтакай завале? / Ось будзем жыць сяк-так памалу, / Ці гэта ў першы раз Міхалу [К-с VI, с. 78]. Асабліва выразна адценне прыязнасці, павагі ў тэкстах Я. Коласа перадаецца клічнай формай тады, калі яна выкарыстоўваецца разам з уласнымі назоўнікамі, якія ўжываюцца ў назоўным склоне. Апошнія ў такіх выпадках ужываюцца са стылістычна нейтральным значэннем: Ідзе тут спрэчка не малая, / Калі пачнуць тут адмаўляцца: / – Сядай, Язэп! – Няхай садзяцца, / А я прыткнуся потым з краю. / – Ах, вось дзіўны!.. – Ну, ну, сядаю! / – Пан Фабіян, і ты, Кандраце, / Яхім, і Ян, і Юрка, – браце! [К-с VI, с. 112].

Шырокаўжывальным прыёмам ў  паэмах Коласа з’яўляецца выкарыстанне ў спалучэнні з уласнымі імёнамі азначэнняў-прыдаткаў (Рыгор-хурман, Сымон-музыка, Міхал-воўк, Міхаська-галубок, Яська-небарача, Яська-хват, Аршуля-варажбітка і інш.), якія характарызуюць носьбіта імя паводле роду заняткаў, характару, адносін аўтара да носьбіта імя: Эх, збіўся ты з капыціка, / Міхаська-галубок! [К-с ІІІ, с. 219]; Антось гаворыць, чуць не плача: / – Прапаў ты, Яська-небарача, / І не пабачыш бацьку з маткай, / Хоць папрашчаўся б з роднай хаткай [К-с VI, с. 210]; якімі аўтар таксама перадае суб’ектыўнае стаўленне адных персанажаў да другіх. Асноўнае прызначэнне такіх звароткаў у мове мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, як лічыць А. Пяшкоўскі, — пабуджэнне, імкненне прымусіць слухача слухаць, звярнуць яго ўвагу на маўленне... [113, с. 41 – 42]

Некаторыя імёны ў паэмах (Тэкля, Лёня, Насця і інш.) ужываюцца ў якасці абагуленых для стварэння кантэкстуальнай антанамасіі: А як надарыцца часамі / Табе, вандруючы лясамі, / Найсці на неруш, дзе ніколі / Ніякай Тэклі, ні Аўдолі / Нага ні разу не ступала / І вока іх не зазірала! [К-с VI, с. 253].

Такім чынам, ствараючы запамінальныя рэалістычныя карціны свайго часу, Якуб Колас шырока выкарыстоўваў беларускія мужчынскія і жаночыя імёны пачатку ХХ стагоддзя, большасць якіх цяпер архаізаваліся і сталі нетыповымі: Аўдоля, Амброжа, Доніс, Палуся, Праксэта, Аршуля і інш.

У паэме засведчана ўжыванне эпітэтаў-прыдаткаў  у спалучэнні з асабовымі ўласнымі імёнамі, якія характарызуюць носьбітаў  онімаў паводле адносін да іх аўтара і літаратурнага персанажа (Ганна-рыбка, Гануся-чараўніца, Аршуля-варажбітка, Юзік-шаляніца і інш). У такіх аўтарскіх утварэннях вобразна перадаюцца характарыстыкі персанажаў, а кантэкст набывае эмацыйна-экспрэсіўную напоўненасць.

Колас шырока выкарыстоўваў імёны  з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (Гануська, Гануся, Ганначка), якія пераважна выконваюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю (указваюць на адносіны аўтара да персанажа), а таксама надаюць мове твора гутарковае і гутаркова-прастамоўнае адценні.

Прадстаўнікоў іншых народаў Колас  ідэнтыфікуе тыповымі для іх імёнамі (Хава, Хася, Хрума, Мошка, Шлёма, Сруль, Хаім, Абрам ), паважаных сялян – спалучэннем імя з разнастайнымі назоўнікамі-азначэннямі (бабка Аршуля, дзед Курыла, дзядзька Антось, цётка Югася і інш.);

Аналіз паказвае, што ўласныя імёны ў паэмах нярэдка выкарыстоўваюцца для індывідуалізацыі мовы літаратурных персанажаў з мэтай стварэння гумару, іроніі, пачцівасці, пашаны і інш. Іх унутраная форма выяўляецца пры дапамозе разнастайных прыёмаў і мастацка-выяўленчых сродкаў. Творчасць Якуба Коласа з’яўляецца выдатным узорам, прыкладам умелага выкарыстання такіх адзінак.

Информация о работе Асабливасци анамастычнай лексики у творах мастацкай литаратуры