Автор работы: Пользователь скрыл имя, 26 Ноября 2012 в 23:53, реферат
Клетка з’яўляецца асноўным структурным элементам, з якога складаецца цела шматклетачнага раслiннага арганiзма. Большая частка iх аб’яднана ў клетачныя комплексы - тканкi, якiя выконваюць розныя функцыi. У сувязi з гэтым клеткi маюць разнастайную форму, будову i памеры. Нягледзячы на тое, што ў раслiн можна налiчыць некалькi дзесяткау тыпаў клетак, усе яны маюць агульныя рысы, якiя характэрны менавiта для раслiннай клеткi i адрознiваюць яе ад клетак жывёл.
З а д а н н е. Разглядзець і зарысаваць папярочны разрэз ліста камеліі. Адзначыць розныя тканкі (рыс. 23).
Будова ліста сасны звычайнай (Pinus sylvestris L.) – хвоі значна адрозніваецца ад будовы ліста пакрытанасенных раслін. У нейкай меры анатамічная будова хвоі нагадвае першасную анатамічную будову сцябла: у цэнтры ёсць цэнтральны цыліндр з двума сасудзіста-валакністымі пучкамі, а звонку ад яго распалагаюцца тканкі, якія звычайна ўваходзяць у склад першаснай кары (эндадэрма, хларэнхіма, гіпадэрма).
На папярочным разрэзе праз хвою бачна, што яна з усіх бакоў пакрыта эпідэрмісам, над якім узвышаецца тоўсты слой воскападобнага рэчыва – кутыну. Ён утварае так званую кутыкулу, якая выконвае ахоўную функцыю. Клеткі эпідэрміса маюць вельмі тоўстыя абалонкі, ў якіх ад цэнтра да вуглоў цягнуцца чатыры поравых канала. Поласць клеткі амаль што адсутнічае. Вусцейкі глыбока пагружаны ў тканкі ліста, пад імі заўжды знаходзяцца паветраносныя поласці. Пад эпідэрмісам размешчана гіпадэрма. Гэты слой выконвае механічную функцыю, таму клеткі яго маюць тоўстыя абалонкі і паходзяць на клеткі склерэнхімы. Мезафіл ліста складаецца са складкаватай хларэнхімы. Тонкія абалонкі хларэнхімы ўтвараюць шмат складак, накіраваных унутр клеткі, уздоўж якіх распалагаюцца шматлікія хларапласты. Такім чынам павялічваецца фотасінтэзуючая паверхня ліста. Сярод клетак мезафілу развіваюцца смаляныя каналы. Гэта лізігенныя па паходжанню змясцілішчы, у якіх накапляюцца прадукты жыццядзейнасці расліны – смала. Кожны канал высцелены эпітэліяльнымі клеткамі, яны функцыянуюць, як залозістыя клеткі. Унутраны слой мезафілу прадстаўлены эндадэрмай. Абалонкі клетак эндадэрмы нераўнамерна патоўшчаныя з пятнамі Каспары. Эндадэрма выконвае рэгулятарную функцыю і абмяжоўвае перамяшчэнне вады ў гарызантальным напрамку.
Сасудзіста-валакністыя пучкі закрытыя калатэральнага тыпу. У склад ксілемы ўваходзяць толькі трахеіды, флаэмы – сітападобныя клеткі. Паміж пучкамі знаходзіцца склерэнхіматозная парэнхіма (яна выконвае механічную функцыю), а вакол пучкоў распалагаюцца трансфузійная і назапашваючая парэнхімы. Праз акаймаваныя поры трансфузійнай парэнхімы паступае вада да перыферыйных тканак. У клетках назапашваючай парэнхімы адкладваецца крухмал.
З а д а н н е. Разглядзець і зарысаваць папярочны зрэз хвоі сасны. Адзначыць кутыкулу, эпідэрміс, вусцейкі, гіпадэрму, складкаватую хларэнхіму, эндадэрму, сасудзіста-валакністыя калатэральныя пучкі (ксілема, флаэма), розныя тыпы парэнхімы (склерэнхіматозную, назапашваючую, трансфузійную), смаляныя каналы, эпітэлій смаляных каналаў (рыс.24).
Метамарфозы ліста і яго частак. Метамарфозы (відазмяненні) ліста адбываюцца ў сувязі са зменай асноўных функцый і выкананнем дадатковых функцый (ахоўнай, механічнай, назапашваючай і інш.). Метамарфізаванае лісце, як і тыповае, размяшчаецца на сцябловых вузлах. Відазмяняцца можа як увесь ліст, так і асобныя яго часткі (чарашок, прылісткі, жылкі). Найбольш часта метамарфозы ліста ўяўляюцца ў выглядзе калючак і вусікаў. У калючкі можа ператварацца ўвесь ліст, прылісткі ці канцы жылак ліста. У вусік часцей ператвараецца частка складанага ліста, але можа відазмяняцца ўвесь ліст, а таксама прылісткі. Лісце, якое выконвае назапашваючую функцыю, моцна патоўшчваецца. Такое лісце характэрна для раслін-сукулентаў, у ім назапашваецца, галоўным чынам, вада. У сакавітых лусачак цыбулі або лілеі, якія таксама з’яўляюцца метамарфозамі лісця, назапашваюцца цукар і крухмал.
Своеасаблівы выгляд мае метамарфізаванае лісце насякомаедных раслін. Яно пераўтвараецца ў так званыя лоўчыя апараты.
З а д а н н е. Разглядзець гербарны матэрыял. Зарысаваць розныя прыклады метамарфозаў лістоў.
КВЕТКА ЯК АСАБЛІВЫ ОРГАН ПАКРЫТАНАСЕННЫХ
Кветка з’яўляецца найбольш прыкметнай рысай адрознення кветкавых – (Magnoliophyta), або пакрытанасенных (Angiospermae) ад усіх іншых груп раслін. Гэта своеасаблівы рэпрадуктыўны орган, у якім адбываюцца ў пэўнай паслядоўнасці і ўзаемасувязі розныя працэсы, звязаныя з праходжаннем этапаў жыццёвага цыклу і размнажэннем. Менавіта ў ёй ідуць перш за усё працэсы мікра- і мегаспорагенезу, гэта значыць утварэнне мікра- і мегаспор. Затым адбываецца прарастанне спор, у выніку чаго з мікраспоры ўтвараецца вельмі рэдукаваны двухклеткавы мужчынскі гаметафіт – пылок (пылковае зернe), а з мегаспоры – таксама значна рэдукаваны жаночы гаметафіт – зародкавы мяшок.
Мужчынскі гаметафіт забяспечвае дастаўку на рыльца песціка мужчынскіх гамет (сперміяў), якія ўтвараюцца пры дзяленні адной з яго клетак – генератыўнай. З другой – вегетатыўнай клеткі пылку – утвараецца пылковая трубка, па якой сперміі праводзяцца да зародкавага мяшка. У зародкавым мяшку адбываецца вельмі своеасаблівы працэс двайнога апладнення. Пры гэтым адзін спермій зліваецца з яйцаклеткай і ўтвараецца зігота, а другі – з цэнтральнай клеткай зародкавага мяшка, у выніку чаго ўтвараецца трыплоідная першасная клетка эндасперма. Канчатковым вынікам двайнога апладнення з’яўляецца развіццё з дыплоіднай зіготы зародка, а з трыплоіднай клеткі – развіццё эндасперму (запасальнай тканкі). Семязачатак (семяпочка), у якім знаходзіцца зародкавы мяшок і дзе адбылося двайное апладненне, паступова ператвараецца ў семя. З завязі песціка, а часта разам з тым і з іншых частак кветкі атрымліваецца плод, у якім знаходзіцца семя.
Агульны план будовы кветкі, яе часткі. Разглядаючы будову кветкі і яе частак, трэба мець на ўвазе толькі што акрэсленыя функцыі гэтага складанага рэпрадуктыўнага органа і разнастайнасць прыстасаванняў для іх выканання ў розных умовах навакольнага асяроддзя.
Найбольш важнымі часткамі кветкі з’яўляюцца гінецэй і андрацэй. Гінецэй – гэта сукупнаць песцікаў, або зрослых пладалісцікаў. Па сваёй марфалагічнай прыродзе пладалісцік – гэта мегаспарафіл, іншымі словамі, гэта відазменены ліст, на якім утвараюцца мегаспарангіі. У насенных раслін вельмі відазмененымі мегаспарангіямі з’яўляюцца семязачаткі (семяпочкі). Пладалісцікі ў кветцы ўтвараюць адзін або некалькі песцікаў. Самая важная частка песціка – завязь, дзе знаходзяцца семязачаткі. Над ёй звычайна размешчаны слупок або стылодый, а на іх – верхняя частка песціка – рыльца.
Гінецэй можа быць утвораны адным (адначленны) ці некалькімі (мнагачленны) песцікамі. Калі кожны песцік утвораны адным пладалісцікам, гінецэй называецца апакарпным. Калі песцік утвараецца некалькімі пладалісцікамі – утвараецца цэнакарпны гінецэй. У залежнасці ад характару зрастання пладалісцікаў цэнакарпны гінецэй можа быць сінкарпным, паракарпным, або лізікарпным.
Часам ужываюць такія паняцці, як просты і складаны песцік. Просты песцік – гэта такі, які ўтвораны толькі адным пладалісцікам, што і назіраецца пры апакарпным гінецэі. Просты песцік мае завязь, стылодый і рыльца.
У розных відах цэнакарпнага гінецэя песцік складаны. У складаным песціку зрастанне пладалісцікаў у вертыкальным напрамку бывае розным. Пры зрастанні іх толькі ўнізе ўтвараецца адна завязь, застаюцца свабодныя стылодыі з рыльцамі на іх вяршыні (груша – Pyrus L.). Далей зрастанне можа закрануць і стылодыі: калі часткова, то ўтвараецца слупок са свабоднымі стылодыямі і рыльцамі (герань – Geranium L., яблыня – Malus Mill.), а калі поўнасцю, тады ўтвараецца адзін слупок са свабоднымі рыльцамі (званочак – Campanula L.). Пры поўным зрастанні пладалісцікаў ад нізу да верху ўтвараецца песцік з завяззю, слупком і рыльцам (бульба – Solanum tuberosum L.).
У некаторых раслін рыльца размешчана непасрэдна на завязі і называецца сядзячым (мак – Papaver L.).
У якасці прыстасавання да перакрыжаванага апылення назіраецца часам рознаслупковасць, або гетэрастылія – гэта калі адны кветкі таго ж віду раслін маюць песцікі з кароткімі слупкамі, а рыльцы размешчаны ніжэй пыльнікаў, другія кветкі маюць песцікі з доўгімі слупкамі, рыльцы размешчаны вышэй пыльнікаў (першацвет – Primula L.).
Вакол гінецэя ў кветцы размешчаны тычынкі, сукупнасць якіх складае андрацэй. У кожнай тычынкі ёсць тычынкавая ніць, пыльнік і звязнік.
Тычынка па свайму паходжанню з’яўляецца мікраспарафілам, інакш кажучы, гэта відазменены ліст, які нясе мікраспарангіі. Мікраспарангіямі з’яўляюцца гнёзды пыльніка, у якіх і адбываецца ўтварэнне пылку. Звычайна такіх гнёздаў чатыры, па два ў кожнай палавінцы пыльніка. Палавінкі пыльніка – тэкі– злучаны паміж сабой звязнікам, які прымацоўвае пыльнік да тычынкавай ніці.
Тычынкі адной кветкі могуць быць свабодныя, або яны зрастаюцца паміж сабой. Калі тычынкі зрастаюцца сваімі ніцямі ў агульную трубку, андрацэй называюць аднабратнім.
Калі зрастаюцца па некалькі тычынак у два ці больш пучкоў, то андрацэй называюць адпаведна двух – або мнагабратнім (гарошак, – Vicia L., зверабой –Hypericum L.,).
Калі ў кветцы 2 або 4 тычынкі, якія размешчаны ў адным крузе, маюць больш доўгія тычынкавыя ніці, чым астатнія, то андрацей называюць адпаведна двух – або чатырохсільным (яснотка – Lamium L., рэдзька – Raphanus L.).
Тычынкі, якія страцілі здольнасць утвараць пылок (“бясплодныя”), называюцца стамінодыямі. Яны часта становяцца нектарнікамі.
Звонку ў кветцы знаходзіцца калякветнік, які забяспечвае ахову андрацэю і гінецэю, асабліва на пачатку развіцця кветкі. Ён таксама служыць для прываблівання розных прадстаўнікоў жывёльнага свету (насякомых, радзей птушак, нават часам млекакормячых) у якасці пераношчыкаў пылку з адных кветак на другія.
Такім чынам, калі разглядаць кветку ў напрамку ад перыферыі да цэнтра, то можна адрозніць наступныя часткі: калякветнік, андрацэй і гінецэй. Усе элементы кветкі прымацоўваюцца на асявой частцы кветкі, якая носіць назву кветаложа. Пад кветаложам знаходзіцца кветаножка. Кветаножка прымацоўвае кветку да звычайнага сцябла або да кветаноса суквецця.
Кветкі надзвычай разнастайныя, і гэтую разнастайнасць можна разглядаць з розных пунктаў гледжання, менавіта:
1) па іх сіметрыі;
2) па размяшчэнню частак кветкі на кветаложы;
3) па наяўнасці ці адсутнасці калякветніка і яго асаблівасцях;
4) па палажэнню завязі адносна іншых частак кветкі;
5) па тыпах гінецэю;
6) па размеркаванню андрацэя і гінецэя;
7) тыпы кветак па некаторых асаблівасцях будовы венчыка.
1. Па сіметрыі кветкі бываюць: а) правільныя, або актынаморфныя, калі яны маюць некалькі плоскасцей сіметрыі (казялец, ландыш); б) няправільныя, або зігаморфныя, у іх толькі адна плоскасць сіметрыі (гарох, фіялка – Viola L.); в) асіметрычныя, праз іх нельга правесці ніводнай плоскасці сіметрыі (валяр’ян – Valeriana L.).
Першаснымі, больш прымітыўнымі з’яўляюцца актынаморфныя кветкі. Зігаморфнасць узнікае як далейшае прыстасаванне да перакрыжаванага апылення з удзелам пэўных агентаў пераносу пылку (чмялі, пчолы).
2. Па размяшчэнню частак
кветкі на кветаложы
Найбольш прымітыўнымі лічацца ацыклічныя кветкі.
3. У залежнасці ад наяўнасці калякветніка і яго асаблівасцяў кветкі бываюць: а) голыя, або бяспокрыўныя (ахламідныя), калі адсутнічае калякветнік, а ёсць толькі рэпрадуктыўныя элементы (таполя – Populus L., асака – Carex L.), б) з простым калякветнікам (гомахламідныя), які складаецца з лісцікаў аднолькавай формы і афарбоўкі і бывае чашачкападобным (шчаўе – Rumex L., дуб – Quercus L.) ці венчыкападобным (ландыш – Convallaria L., лотаць – Caltha L.). Просты калякветнік можа быць свабодналісцікавым (лотаць) ці зрослалісцікавым (ландыш); в) з падвойным калякветнікам (гетэрахламідныя), у якім адрозніваюцца чашачка і венчык. Чашачка складаецца з чашалісцікаў, якія бываюць свабодныя або зрослыя паміж сабой, чашачка адпаведна называецца раздзельналісцікавая (зоркаўка – Stellaria L.), або зрослалісцікавая (куколь – Agrostemma L.). Венчык, які ўтвораны пялёсткамі, таксама можа быць раздзельнапялёсткавы, або свабоднапялёсткавы (ружа – Rosa L.), ці зрослапялёсткавы, спайнапялёсткавы (званочак – Campanula L.). Зрослая частка носіць назву трубка венчыка, а раздзельная – адгіб.
4. Па палажэнню завязі
адносна іншых частак
Першасным тыпам з’яўляюцца падпесцікавыя кветкі.