Морфология растений

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 26 Ноября 2012 в 23:53, реферат

Описание

Клетка з’яўляецца асноўным структурным элементам, з якога складаецца цела шматклетачнага раслiннага арганiзма. Большая частка iх аб’яднана ў клетачныя комплексы - тканкi, якiя выконваюць розныя функцыi. У сувязi з гэтым клеткi маюць разнастайную форму, будову i памеры. Нягледзячы на тое, што ў раслiн можна налiчыць некалькi дзесяткау тыпаў клетак, усе яны маюць агульныя рысы, якiя характэрны менавiта для раслiннай клеткi i адрознiваюць яе ад клетак жывёл.

Работа состоит из  1 файл

Марфалогiя i анатомiя раслiн.DOC

— 466.50 Кб (Скачать документ)

Суквецці дыхазій і  плейяхазій характарызуюцца несапраўдна  дыхатамічным галінаваннем. У простым  дыхазіі на кветканосе ўзнікае тры  кветкі, з якіх бакавыя ўзнікаюць з бакавых пупышак і размяшчаюцца вышэй за цэнтральную, якая ўзнікае з верхавінкавай пупышкі.

У плейяхазіі ўтвараецца з бакавых пупышак некалькі кветак.

Распусканне кветак у  цымозных суквеццях ідзе ад цэнтра да перыферыі (цэнтрабежна).

 

Складаныя суквецці. Як і простыя, могуць галінавацца па монападыяльнаму, сімпадыяльнаму і несапраўдна дыхатамічнаму тыпам, таму сярод складаных суквеццяў выдзяляюць складаныя батрычныя суквецці і складаныя цымозныя суквецці.

Складаныя батрычныя  суквецці на галоўным кветканосе нясуць парцыяльныя суквецці, якія таксама, як і галоўная вось, галінуюцца монападыяльна. Будова і назвы складаных батрычных суквеццяў адпавядаюць назвам простых батрычных суквеццяў; складаная гронка (у злакаў – мяцёлка), складаны колас, складаны катах, складаны каташок, складаны парасонік, складаны шчыток. Складаныя суквецці могуць утварацца з аднатыпных суквеццяў (складаны парасонік з простых парасонікаў – сельдэрэй, пятрушка); складаны шчыток з простых шчыткоў (рабіна – Sorbus aucuparia L.), або з суквеццяў іншых тыпаў (складаная гронка з кошыкаў – залатарнік; складаны шчыток з кошыкаў –крываўнік – Achillea millefolium L.).

Складаныя суквецці, у  якіх галоўная вось нарастае монападыяльна, а бакавыя галінуюцца сімпадыяльна, называюць цірсоіднымі суквеццямі, або цірсамі. Фактычна – гэта складаная гронка з розным тыпам галінавання галоўнай і бакавых восяў (конскі каштан звычайны – Aesculus hippocastanum L.).

Складаныя суквецці, ў  якіх галоўны і бакавыя кветканосы галінуюцца сімпадыяльна або несапраўдна  дыхатамічна называюць цымоідамі. Форма, памеры, палажэнне ў асяроддзі цірсаў і цымоідаў могуць быць рознымі.

Такім чынам, назвы суквеццяў “цірсоіды” і “цымоіды” вельмі недакладныя і патрабуюць пры марфалагічных апісаннях значных удакладненняў.

 

З а д а н н  е. Разглядзець розныя тыпы суквеццяў. Зарысаваць схемы, запісаць прыклады раслін з розным тыпам суквеццяў.

 

ПЛАДЫ I НАСЕННЕ

 

Плод утвараецца пасля  апладнення з завязi песцiка. У яго  фармiраваннi прымаюць удзел i iншыя элементы кветкi - кветкаложа,  аснова  калякветнiка, тычынкi. Са сценак завязi ўтвараецца каляплоднiк, цi перыкарп, якi складаецца з трох слаёў: пазаплоднік (экзакарпiй - вонкавы слой), мiжплоднiк (мезакарпiй - сярэдзiнны слой), унутрыплоднiк (эндакарпiй - унутраны слой). Гэтыя тры часткi не заўсёды лёгка адрознiць. У большасцi выпадкаў экза- i эндакарпiй параўнальна тонкiя. Мезакарпiй звычайна больш развiты. Даволi часта на экзакарпii развiваюцца розныя прыдаткi ў выглядзе валаскоў, прычэпак , крылаў i г.д.,  як  прыстасаванне для распаўсюджвання  пладоў.

Iснуе як чыста марфалагiчны,  так i морфагенетычны падыход  да класiфiкацыi пладоў, якi ў той  цi iншай меры адлюстроўвае iх генетычнае паходжанне.

У аснову марфалагiчнай класiфiкацыi ўсей разнастайнасцi пладоў пакладзена сукупнасць наступных прыкмет: 1) будова каляплоднiка, 2) спосаб ускрыцця цi распадзення, 3)колькасць насення ў плодзе i 4) асаблiвасцi распаўсюджвання. Такая марфалагiчная класiфiкацыя з’яўляецца штучнай, але яна простая для карыстання i таму шырока ўжываецца ў батанiчнай практыцы.

Адрознiваюць плады  сакавiтыя i сухiя, аднанасенныя i шматнасенныя.

Сухiя плады дзеляцца на дзве групы:1)плады шматнасенныя, што раскрываюцца;

2)плады аднанасенныя, што не раскрываюцца. I тыя, i iншыя  дзеляцца на шэраг больш дробных  груп.

Плады сухiя шматнасенныя, што ўскрываюцца, маюць адносна  тонкi перыкарпiй з неразвiтым  сухiм мезакарпiем. Адрознiваюцца па колькасцi пладалiсцiкаў i гнёзд завязi, па спосабу ўскрыцця, па палажэнню завязi ў кветцы.     

Да iх адносяцца лiстоўка, боб, стручок (стручочак), каробачка.

Лiстоўка - плод, якi ўтвораны адным пладалiсцiкам, мае адно гняздо, ускрываецца ў месцы зрастання краёў пладалiсцiка (па брушному шву). Лiстоўкi бываюць адзiночныя, як у рагуляк палявых (Consolida regalis S.F.Gray), i зборныя, цi многалiстоўкi, якiя ўяўляюць сабой групу лiстовак (лотаць -Caltha palustris L.; ворлiкi - Aquilegia L., спiрэя - Spiraea L.).

Боб - аднагняздовы плод, якi ўтвораны адным пладалiсцiкам. Ускрываецца па двух швах  - брушному i спiнному (па сярэдняй  жылцы). Насенне размяшчаецца ўздоўж брушнога шва. Бабы характэрныя для раслiн з сям. мiмозавых, бабовых, цэзальпiнiявых. Сустракаюцца бабы членiстыя, якiя разламваюцца ўпоперак плода па перацяжках (сырадэля  пасяўная - Ornithopus sativus Brot), а таксама аднанасенныя арэшкападобныя  (канюшына - Trifolium L., эспарцэт - Onobrychys L.).

Стручок i стручочак утвараюцца з двух пладалiсцiкаў, памiж iмi знаходзiцца несапраўдная  перагародка, да якой прымацоўваецца насенне. Плады ўскрываюцца ўздоўж, створкi ападаюць. Такiя плады характэрныя для сям. крыжакветных (капуста агародная - Brassica oleracea L.; стрэлкi звычайныя - Capsella bursa-pastoris (L.) Medik.).

Стручок i стручочак адрознiваюцца суадносiнамi даўжынi i шырынi плода. Калi даўжыня ў 3-4 разы перавышае шырыню, плод называецца стручком (гарчыца - Sinapis L., рапс - Brassica napus L.); калi даўжыня ледзь больш шырынi цi роўная з ёй - стручочкам (луннiк - Lunaria L., ярутка палявая - Thlaspi arvense L.).

Каробачка - гэта плады,што ўскрываюцца, але па будове яны непадобныя  да трох папярэднiх груп. Каробачкi адрознiваюцца па спосабах ускрыцця : зубчыкамi (кукаль звычайны - Аgrostemma githago L.; першацвет - Primula L.), дзiрачкамi (мак - Papaver L.), накрыўкай  (блёкат чорны - Hyoscyamus niger L.), створкамi ( фiялка - Viola L. ; цюльпан - Tulipa L., дурнап`ян звычайны - Datura stramonium L.); па колькасцi i асаблiвасцях зрастання пладалiсцiкаў - сiнкарпныя, лiзiкарпныя, паракарпныя; па размяшчэнню завязi на кветаложы - верхнiя i нiжнiя; па колькасцi i замацаванню насення.

 Да аднанасенных  пладоў, што не раскрываюцца, адносяцца зярноўка, семянка, арэх (арэшак), крылатка. Яны адрознiваюцца таўшчынёй i цвёрдасцю каляплоднiка, наяўнасцю крылападобных прыдаткаў i iнш.

 Зярноўка фармiруецца з двух пладалiсцiкаў, семя цесна зрастаецца з тонкiм плевачным каляплоднiкам. Плод характэрны для ўсiх злакаў ( пшанiца - Triticum  L., авёс - Avena L., i г.д.).

         Сямянка мае кожысты каляплоднiк, якi не зрастаецца з семем. Характэрна для сям. складанакветных (сланечнiк - Helianthus L.) ,валяр`янавых, варсянкавых, крапiўных. На плодзе часта ўтвараюцца прыдаткi ў выглядзе чубка цi лятучкi (адуванчык - Taraxacum Wigg., асот- Cirsium L.), прычэпак (панiкнiца - Geum L., ваўчкi  - Вidens L.).

Арэх(арэшак) мае моцна склерыфiкаваны дравянiсты каляплоднiк (арэшнiк - Corilus L., вольха - Alnus L.) . Назву “арэшак” ужываюць толькi ў адносiнах да дробных пладоў, утвораных з апакарпнага гiнецэю (кураслеп - Ranunculus L., рагоз - Thypha L.). Блiзкi па будове да арэха жолуд, якi мае асобае ўтварэнне - плюску (дуб - Querqus L.). 

Крылаткi - плады, падобныя на сямянкi i дробныя арэхi, якiя маюць крылападобныя прыдаткi. Сустракаюцца пераважна ў драўнiнных i хмызняковых раслiн, напрыклад, у бярозы (Betula L.), ясеня (Fraxinus L.), вяза (Ulmus L.); у клёна дробная крылатка.

Сакавiтыя плады маюць  больш-менш сакавiты каляплоднiк, якi акружае  адно цi некалькi сямян. Мякаць плода звычайна ўтвараецца з мiжплоднiка i складаецца з танкасценных клетак з вялiкiмi вакуолямi. Сакавiтыя плады бываюць ярка афарбаванымi дзякуючы наяўнасцi храмапластаў з карацiнам i ксантафiлам (рабiна - Sorbus L., шыпшына - Rosa L., тамат - Lycopersicum Mill.) або антацыяну ў клетачным соку (вiшня - Cerasus Juss., слiва -Prunus L., паслён чорны -Solanum nigrum L.).

Да сакавiтых пладоў адносяцца ягады, зборная група  ягадападобных пладоў (яблык, памяранец, гарбуз) i касцянка (аднанасенны плод).

Ягада ўтвараецца з аднаго цi некалькiх пладалiсцiкаў, мае сакавiтыя унутрыплоднік i мiжплоднiк, кожысты пазаплоднiк, шмат насення. Плод ягада маюць агрэст - Grossularia Mill., вiнаград - Vitis L., парэчкi - Ribis L., тамат - Lycopersicum Mill., паслён - Solanum L., чарнiцы, бруснiцы - Vaccinium L. i г.д.

Яблык утвараецца з пяцi пладалiсцiкаў; акрамя iх у фармiраваннi плода ўдзельнiчаюць асновы чашалiсцiкаў, пялёсткаў i iншыя часткi кветкi. Эндакарпiй яблыка цвёрдакожысты (яблыня - Malus Mill., груша - Pyrus L.) цi акасцянелы (айва - Cydonia Mill.).

Гарбуз утвараецца з трох пладалiсцiкаў нiжняй завязi. Плод шматнасенны з цвёрдым пазаплоднiкам i сакавiтымі мiж- i ўнутрыплоднiкам (гарбуз, кабачок - Cucurbita L.).

Памяранец - шматнасенны плод, яго пазаплоднiк мяккакожысты, багаты на эфiрны алей; мiжплоднiк сухi, губчаты; унутрыплоднiк сакавiты. Характэрны для цытрусавых - лiмон, апельсiн, мандарын( Cytrus L.).

Касцянка ўтвараецца з аднаго пладалiсцiка, унутрыплоднiк шматслойны i адраўнелы, утварае костачку; мiжплоднiк звычайна сакавiты (вiшня -Cerasus L., слiва - Prunus L.), але можа быць i сухiм (мiндаль - Amigdalus L.), пазаплоднiк тонкi, кожысты.

Зборныя плады ўтвараюцца з кветкi з апакарпным мнагачленным гiнецэем, калi кожны песцiк ператвараецца ў асобны плодзiк (у малiны звычайнай - Rubus idaeus L. - зборная касцянка, у ворлiкаў- Аquilegia L. - зборная лiстоўка, у ружы - Rosa L. - зборны арэшак) .

Суплоддзе фармiруецца пры зрастаннi завязяў асобных кветак суквецця (ананас - Ananas L., бурак - Beta L., шаўкоўнiца - Morus L., iнжыр - Ficus L., шпiнат - Spinaceae L.)

Сучасная морфагенетычная  класiфiкацыя заснавана на тыпе гiнецэя i аб`ядноўвае разнастайныя плады аднаго эвалюцыйнага ўзроўню. Згодна з ёй адрознiваюць плады апакарпныя i цэнакарпныя - сiнкарпныя, паракарпныя, лiзiкарпныя. Пры гэтым да аднаго i таго ж генетычнага тыпу могуць быць аднесены марфалагiчна розныя плады (напрыклад, да апакарпных належаць лiстоўка, шматлiстоўка, арэшак, касцянка, боб).

Плады i насенне распаўсюджваюцца розным чынам: ветрам, вадой, жывёлiнамi, чалавекам.

З а д а н н  е. Разглядзець, зарысаваць па выбару i падпiсаць розныя сухiя плады, якiя ўскрываюцца i неўскрываюцца. Звярнуць увагу на прыстасаваннi да распаўсюджвання.

Семя. Семя пакрытанасенных з`яўляецца часткай плода. Яно фармiруецца з семязачатку. Звычайна семя складаецца з насеннай шалупiны, ці спермадэрмы, зародка і запасальных рэчываў, якiя назапашваюцца ў розных частках семя. Насенная шалупiна ўтвараецца з iнтэгументаў (покрываў) семязачатка,  зародак - з аплодненай  яйцаклеткi. Зародак двухдольных раслiн мае дзве добра развiтыя бакавыя семядолi. У аднадольных фармiруецца толькi адна семядоля . Такiм чынам, зародак двухдольных раслiн з`яўляецца монасiметрычным, а аднадольных - асiметрычным.

Запасальныя рэчывы насення  могуць назапашвацца ў спецыяльных  тканках : эндасперме, перысперме цi семядолях зародка.

Эндасперм утвараецца ў зародкавым мяшку ў вынiку дзялення аплодненых палярных ядзер цi цэнтральнай клеткi зародкавага мяшка. Эндасперм - палiплоiдная тканка.

Насенне з эндаспермам утвараецца ў злакаў (Poaceae), лiлейных (Liliaceae), у паслёнавых  (Solanaceae), парасонавых (Apiaceae).

 У некаторых раслiн  замест эндасперму развiваецца перысперм. Ён утвараецца з нуцэлуса, таму клеткi яго дыплоiдныя. Такое насенне сустракаецца ў раслiн з сям. гваздзiковых (Сaryophyllaceae), гарлачыкавых (Nymphaeaceae).

Шэраг аднадольных маюць  у насеннi i эндасперм, i перысперм (сям. бананавых, iмбiрных).

У шматлiкiх раслiн эндасперм i перысперм не развiваюцца i запасы пажыўных рэчываў знаходзяцца ў  семядолях. Такое насенне характэрна для бабовых (Fabaceae), складанакветных (Asteraceae), капусных (Вrassicaceae) i iнш.

Прыкладам будовы семя з  эндаспермам з`яўляецца насенне злакаў, абалонка якога зрастаецца з каляплоднiкам, у вынiку чаго ўтвараецца плод зярноўка. На адным з бакоў зярноўкi добра бачна падоўжная баразёнка, праз якую i паступае вада пры набуханнi. На больш вузкiм, завостраным канцы размяшчаецца зародак. Вонкавыя покрывы зярноўкi ўтвораны каляплоднiкам i насеннай шалупiнай. Найвялiкшую частку зярноўкi займае эндасперм. Яго буйныя клеткi ўтрымлiваюць крухмальныя зярняты. Слой эндасперму, якi прылягае да насеннай шалупiны, утрымлiвае бялковыя рэчывы i называецца алейронавым. Пры прарастаннi насення запасныя рэчывы эндасперму пераходзяць у растварымую форму i трацяцца на жыўленне растучага праростка.

У зародка адрознiваюць  зародкавы корань, зародкавае сцябло, пупышачку, шчыток (адзiная семядоля) i эпiбласт.

Верхавiнка кораня прыкрыта каранёвым чэхлiкам, вакол карэньчыка знаходзiццца асобая тканка - калеарыза, цi каранёвая похва. На процiлеглым ад кораня баку знаходзiцца зародкавая пупышачка, у якой памiж зачаткавымi лiсцiкамi знаходзiцца конус нарастання сцябла. Самы вонкавы лiст мае выгляд выцягнутага каўпачка  i называецца калеоптылям. Ён выконвае ахоўную функцыю. Ад зародкавага сцябла ў бок эндасперму адыходзiць шырокi выраст - шчыток. Прыгранiчныя з эндаспермам клеткi шчытка выцягнуты ў бок пажыўнай тканкi, гэта ўсмоктваючы слой, праз якi ў час прарастання насення пажыўныя рэчывы актыўна ўсмоктваюцца i перадаюцца зародку.

У зародку некаторых  злакаў (пшанiцы) на процiлеглым ад шчытка баку можна бачыць невялiкi бакавы выраст - эпiбласт. Паходжанне яго не зусiм  удакладнена.

Будову семя без эндасперму i перысперму зручна разглядзець на прыкладзе фасолi(Phaseolus L.) цi лубiну (Lupinus L.) Семя фасолi пакрыта гладкай насеннай шалупiнай. На яго паверхнi добра бачны рубчык - месца прымацавання семя да семяножкi. Побач знаходзiцца кропкавая адтулiна - семяўваход (былы пылкаўваход).

Пад насеннай шалупiнай знаходзiцца зародак, якi складаецца з зародкавага карэньчыка, зародкавага сцябла, пупышачкi i двух вялiкiх семядоляў. Менавiта ў семядолях адкладваюцца пажыўныя рэчывы, якiя паступова трацяцца пад час прарастання насення. Семядолi з`яўляюцца першымi лiсткамi раслiны,  часта яны выносяцца на паверхню глебы пры прарастаннi i становяцца зялёнымi. Аднак у адрозненне ад астатнiх зародкавых лiсткоў, якiя ўзнiкаюць на конусе нарастання сцябла, семядолi ўтвараюцца як бакавыя вырасты на недыферынцыраваным целе зародка.

З а д а н н  е . Разглядзець i зарысаваць семя фасолi i зародак семя фасолi, адзначыць усе дэталi будовы. Разглядзець падоўжны зрэз зярноўкi аднаго са злакаў, адзначыць асаблiвасцi будовы семя з эндаспермам (рыс.27).                            

 

ПРАРОСТКI АДНАДОЛЬНЫХ I ДВУХДОЛЬНЫХ РАСЛIН

 

Пераход насення ад стану  спакою да вегетатыўнага росту зародка  называецца прарастаннем. Прарастанне  пачынаецца пры аптымальным для  кожнага вiду спалучэннi вiльготнасцi, тэмпературы, кiслароду, а для некаторых  раслiн i святла. Пры гэтым адбываюцца  складаныя бiяхiмiчныя працэсы, якiя звязаны з актывацыяй ферментаў i пераходам нерастварымых пажыўных рэчываў у растварымыя.

Рост зародка пачынаецца з карэньчыка, якi прарывае покрыва  насення ў вобласцi семяўваходу (былога мiкропiле). Зародкавы карэньчык дае пачатак галоўнаму кораню. Услед за карэньчыкам пачынае расцi пупышка, якая дае надземны парастак. Мяжа пераходу кораня ў сцябло вызначаецца як каранёвая шыйка. Частка сцябла ад каранёвай шыйкi да семядоляў называецца падсемядольным каленам, цi гiпакатылем; ад семядоляў да вузла першага сапраўднага лiста - надсемядольным каленам, цi эпiкатылем.

Информация о работе Морфология растений